тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойна-шыракалістымі і хвойна-драбналістымі лясамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны на Пд лясной зоны Усх.-Еўрап. і Зах.-Сібірскай раўнін. На тэр. Беларусі найб. пашыраны тып глеб, размешчаны вял. масівамі ва ўсіх яе частках, пераважна на павышаных элементах рэльефу (у паніжаных пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Асн. плошча ворных зямель размешчана на супесках і пясках. Значная частка Дз.-п.г. мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю і нетрывалую структуру, невысокую насычанасць асновамі. Іх урадлівасць павышаюць паглыбленнем ворнага гарызонта і паляпшэннем яго структуры, вапнаваннем глебы, унясеннем мінер., арган. і зялёных угнаенняў, мікраэлементаў, увядзеннем правільных севазваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕ́РЦІ ((Ghiberti) Ларэнца) (каля 1378, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1455),
італьянскі скульптар і ювелір эпохі Ранняга Адраджэння. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. На пач. творчасці захоўваў гатычную арнаментальнасць і ювелірную тонкасць трактоўкі формаў. Пад уплывам Данатэла, Ф.Брунелескі і інш. стварыў рэльефы на купелі баптыстэрыя ў Сіене (1417—27), усх. (т.зв. Райскіх) дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя з шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты (1425—52). Віртуознае валоданне матэрыялам, выкарыстанне найтанчэйшых градацый рэльефу надаюць яго творам мяккую жывапіснасць, прасторавую глыбіню, вытанчанасць лінейных рытмаў. Аўтар трактата «Каментарыі» (1447—55; пра італьян. мастацтва).
Літ.:
Ghiberti e la sua arte nella Firenze... Firenze, 1979.
Л.Гіберці. Ахвяра-прынашэнне Ісаака. Рэльеф усходніх (Райскіх) дзвярэй баптыстэрыя ў Фларэнцыі. 1425— 52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ ЛУГ,
жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.Богін, А.Воўк, Ю.Грыгор’еў, І.Грышчынскі, Л.Кліцунова, П.Кракалёў, Н.Краўкова, Э.Левіна, С.Мусінскі, І.Сітнікава, Л.Сакалова, А.Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.
Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР,
у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка. Уключае 50 вадаёмаў агульнай пл. 130 км². Найб.Дрывяты, Снуды, Струста, Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы і інш. Размешчаны азёры сярод краявога ледавіковага градавага і ўзгорыстага рэльефуБраслаўскай грады з разнастайнымі формамі водна-ледавіковай акумуляцыі — камамі, озамі. Большасць з іх злучана невял. рэкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі, найб. вадаёмы дрэніруе р. Друйка. У азёрах захаваліся стараж. і рэдкія віды жывёл (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда рэліктавая) і раслін (гарлачык жоўты малы, гідрыла кальчаковая), занесеных у Чырв. кнігу Беларусі. Усе азёры маюць рыбапрамысл. значэнне, частка зарыбляецца вугром. Вакол іх зона адпачынку. Папулярнае месца турызму. Уваходзіць у нац. парк Браслаўскія азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,
інтэрферэнцыйны спосаб атрымання аб’ёмных відарысаў прадметаў з дапамогай акустычных хваляў. Спачатку рэгіструецца карціна, якая атрымліваецца ў выніку інтэрферэнцыі дзвюх гукавых хваляў — рассеянай прадметам (сігнальнай) і апорнай, потым па атрыманым запісе (акустычнай галаграме) аднаўляецца відарыс прадмета. Ва ультрагукавым дыяпазоне найб. пашыраны метад паверхневага рэльефу, у якім акустычная галаграма аднаўляецца з дапамогай кагерэнтнага святла. Акустычная галаграфія выкарыстоўваецца ў медыцыне (ультрагукавая дыягностыка), гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі і інш.Гл. таксама Галаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
прыродная расліннасць, якая характарызуе адпаведныя біёмы (тундра, тайга, стэп, пустыня і інш. прыродны паясы і зоны). Займае найб. тыповыя мясціны: роўныя, узвышаныя, добра дрэнажаваныя водападзельныя плато (плакоры). У прыродных зонах з Пн на Пд у залежнасці ад складу і будовы расліннасці вылучаюць падзоны (напр., у стэпавай зоне — лугавых, сапраўдных і апустыненых стэпаў). Мяняецца і з 3 на У (напр., яловыя лясы Еўропы ў Сібіры замяшчаюцца лістоўнічнымі). Трапляецца і за межамі асн. зоны, на асабліва спрыяльных мясцінах, утварае экстразанальную расліннасць. Неаднароднасць рэльефу і звязаныя з гэтым змены глеб і ўмоў увільгатнення выклікаюць з’яўленне інтразанальнай расліннасці. Прыродная З.р. захавалася пераважна ў запаведніках (напр., тыповыя яловыя лясы Сярэднярускага ўзвышша ў Цэнтральналясным запаведніку, кавыльныя стэпы ў Асканіі-Нова, пустыні ў Рэпетэкскім запаведніку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ А́ЛЬПЫ,
частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона ЗА. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА,
сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Wyżyna Małopolska),
пояс нагор’яў на Пд Польшчы. Цягнецца ў субшыротным напрамку ад рэк Одра і Просна на З да водападзелу паміж рэкамі Вепш і Буг на У. Пл. каля 36 тыс.км². Выш. пераважна да 200—300 м, у цэнтр. і ўсх. частках больш за 400 м, найб. 612 м (г. Лысіца ў Свентакшыскіх гарах). Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляецца на ўзвышшы Заходне-, Сярэдне- і Усходне-Малапольскае. Складзена з карбанатных парод (вапнякі, мел, апока, гіпс), сланцаў і пясчанікаў. Пашыраны карст (пячора Рай). Карысныя выкапні: каменны вугаль, руды цынку і волава, мінер. воды. Урадлівыя глебы, развітыя на лёсах, выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Участкі букавых і мяшаных лясоў. Нац. паркі: Айцоўскі, Растачанскі, Свентакшыскі. Турызм, цэнтры адпачынку і лячэння (мінер. воды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,
горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх.Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш.Пл. каля 1,6 млн.км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефувял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.