ПОЛІМЕТАКРЫЛА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў метакрылавай к-ты (метакрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2——C(CH3)(COOR)—]n; найважн. поліалкілметакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.).

Аморфныя шклопадобныя (R — алкіл з 1—3 атамамі вугляроду), эластычныя (2—14 атамамі) ці воскападобныя крышт. рэчывы. Маюць больш высокія т-ры шклавання і цвёрдасць, чым поліакрылаты з тым ж R (напр., т-ра шклавання поліметылакрылату 8 °C, поліметылметакрылату 105—110 ​oC). Раствараюцца ў складаных эфірах, у т. л. ва ўласных манамерах, хлараваных і араматычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння вады, разбаўленых раствораў кіслот і шчолачаў, святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць П., а таксама супалімеры метакрылатаў з метакрылавай к-той для вытв-сці безасколачнага шкла (гл. Шкло арганічнае), вырабу пратэзаў (хірургія, стаматалогія), як аснову лакаў і кляёў (гл. Акрылавыя клеі).

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛЕ́ ((Berthollet) Клод Луі) (9.12.1748, Талуар, гіст. вобл. Савоя, Францыя — 6.11.1822),

французскі хімік, заснавальнік вучэння аб хім. раўнавазе. Чл. Парыжскай АН (1780). Скончыў Турынскі ун-т (1768). У 1770—83 урач і аптэкар. З 1794 праф. Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы. Навук. кансультант Напалеона Банапарта ў Егіпецкай экспедыцыі 1798—99. Асн. навук. даследаванні па неарган. хіміі, хіміі раствораў і сплаваў. Устанавіў састаў аміяку, балотнага газу, сінільнай кіслаты, серавадароду. Распрацаваў спосаб бялення палатна хлорам. Адкрыў солі хларнавацістай і хларнаватай (берталетава соль) кіслот, нітрыд серабра (грымучае серабро), залежнасць напрамку рэакцыі і саставу злучэнняў ад масы рэагентаў і ўмоў рэакцый. Разам з А.​Л.​Лавуазье распрацаваў хім. наменклатуру і класіфікацыю целаў, заснаваў час. «Annales de chimie» («Аналы хіміі»).

Літ.:

Фигуровский Н.А. Очерк общей истории химии: От древнейших времен до начала XIX ст, М., 1969.

К.Л.Бертале.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЙНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ,

сукупнасць фізіка-хім. працэсаў, якія прыводзяць да ачысткі паверхні розных рэчаў (звычайна валокнаў, тканіны) ад забруджванняў (тлушчу, пылу, сажы, бялковых і інш. рэчываў). Характэрнае для міцэлярных водных раствораў мылаў і сінт. мыйных сродкаў, абумоўленае іх высокай паверхневай актыўнасцю і здольнасцю стабілізаваць часцінкі забруджванняў у аб’ёме мыйнага раствору.

Уключае 2 асн. стадыі: поўнае змочванне забруджанай паверхні мыючай вадкасцю, што ажыццяўляецца пад уздзеяннем любых паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) і прыводзіць да пераходу часцінак забруджванняў у мыючы раствор, і стабілізацыя часцінак, якія ўтварыліся ў выніку адсорбцыі на іх ПАР і ўтварэння адсарбцыйна-сальватных слаёў, што прадухіляюць узбуйненне часцінак і іх паўторнае наліпанне на ачышчаную паверхню. Стабілізацыя абумоўлена міцэлаўтварэннем. Утварэнне міцэл ПАР у мыйным растворы прыводзіць да паглынання забруджванняў у працэсе салюбілізацыі (калоіднага растварэння). М.д. ўзмацняецца мех. уздзеяннем на паверхні рэчаў, якія адмываюцца.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТЭТРАФТОРЭТЫЛЕ́Н,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі тэтрафторэтылену, [—CF2—CF2—]n, мал. м. 5 10​4—10​7. Асн. гандл. назвы: фтарапласт-4, фтарлон-4, тэфлон.

Цвёрдае крышт. рэчыва белага колеру, шчыльн. 2150—2240 кг/м³, tпл 270—327 °C, пры t > 415 °C раскладаецца. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Устойлівы да ўздзеяння кіслот, раствораў шчолачаў, моцных акісляльнікаў і інш. хім. рэагентаў; атмасфера-, каразійна- і радыяцыйнаўстойлівы. Не гарыць. Выдатны дыэлектрык. Выкарыстоўваюць для вырабу плёнак, валокнаў, радыё- і электратэхн. дэталей, ізаляцыі для правадоў і кабеляў, хім. рэактараў і лабараторнага посуду, пратэзаў розных органаў чалавека, труб, шлангаў, мембран і інш., нізкамалекулярны П. (мал. м. 20—30 тыс.) — як сухую змазку, кампанент антыфрыкцыйных матэрыялаў, напаўняльнік для пластмас і каўчукоў, суспензіі — для нанясення ахоўных пакрыццяў на металы, прамочвання тканін, прызначаных для працы ў агрэсіўным асяроддзі.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, якія фармуюць са складаных поліэфіраў, у асн. з расплаву поліэтылентэрэфталату. Гандл. назвы: лаўсан, дакрон, тэрылен, тэтэрон, тэргаль, элан і інш. Атрымліваюць таксама П.в. на аснове хімічна мадыфікаванага поліэтылентэрэфталату (т.зв. суполіэфірныя валокны) і ў значна меншай колькасці — з полікарбанатаў, поліэтыленоксібензаату, полібутылентэрэфталату, вадкакрышт. поліэфіраў і інш.

Для П.в. характэрны высокія трываласць, тэрма-, святло-, атмасфера- і зносаўстойлівасць. Устойлівыя да ўздзеяння кіслот (акрамя канцэнтраваных азотнай і сернай) і раствораў шчолачаў, многіх арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць пры хім. чыстцы. Інтэрвал рабочых т-р ад -60 да 170 °C. Суполіэфірныя валокны пазбаўлены асн. недахопаў П.в. (цяжкасць фарбавання, гідрафобнасць, моцная наэлектрызаванасць і калянасць вырабаў). Выкарыстоўваюць у вытв-сці разнастайных тканін, трыкатажу, дываноў, штучнага футра, шыннага корду, тканін для гумава-тэхн. вырабаў, электра- і фільтравальных матэрыялаў і інш.

На Беларусі П.в. выпускае Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно».

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́НАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.4.1939, г. Магілёў),

бел. фізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1984). Д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1961). З 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (у 1987—98 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, спектраскапіі складаных арган. злучэнняў. Распрацаваў спектраскапічныя метады даследавання ўзбуджаных станаў лазерных асяроддзяў, лазеры на растворах арган. злучэнняў. Даследаваў залежнасць спектра флуарэсцэнцыі раствораў ад частаты ўзбуджальнага святла (з’ява батахромнай люмінесцэнцыі). Развіў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Дзярж. прэмія СССР 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);

Оптические квантовые генераторы на красителях и их применение (разам з У.​І.​Томіным) // Радиотехника. М., 1976. Т. 9;

Лазеры на растворах красителей // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.М.Рубінаў.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб. пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт. алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.

Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш. Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць жалеза, пераважна ў ступені акіслення +2 і +3. Найб. пашыраны неарган. Ж.з. — жалеза аксіды, гідраксіды, карбіды (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы), сульфіды, сульфаты, карбанілы (гл. Карбанілы металаў), цыяністыя комплексныя солі (гексацыянафераты, гл. Калію злучэнні), а таксама жалезаарган. злучэнні (гл. Ферацэн).

Жалеза (II) гідраксід Fe(OH)2 — бледна-зялёнае аморфнае ці крышт. рэчыва. Узаемадзейнічае з к-тамі, акісляецца на паветры да гідраксіду Fe (III). Жалеза (III) гідраксід Fe2O3nH2O — бурае аморфнае рэчыва, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў к-тах. У прыродзе — буры жалязняк. Асаджэннем шчолаччу з раствораў солей Fe (III) атрымліваюць Fe(OH)3 — слабая аснова, амфатэрны (пры сплаўленні са шчолачамі ўтварае ферыты). Выкарыстоўваюць як кампанент жоўтага пігменту для фарбаў і эмалей. Жалеза сульфаты, солі сернай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе. Утвараюць крышталегідраты: гептагідрат FeSO4∙7H2O — жалезны купарвас (мінерал мелантэрыт), блакітнавата-зялёныя крышталі, tпл 64 °C. З сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтвараюць двайныя сульфаты: FeSO4∙(NH4)2SO4∙6H2O (соль Мора) — сіне-зялёныя крышталі, устойлівыя на паветры; NH4Fe(SO4)212H2O (жалеза-амоніевы галын). Выкарыстоўваюць як кампанент электраліту ў гальванатэхніцы; FeSO4 — кансервант драўніны, фунгіцыд, антыанемічны сродак і інш.; Fe2(SO4)3 — растваральнік у гідраметалургіі медзі, каагулянт пры ачыстцы вады, пратрава пры фарбаванні. Жалеза сульфіды — злучэнні жалеза з серай. Монасульфід жалеза FeS, рудыя ці чорныя крышталі, tпл 1193 °C. Не раствараецца ў вадзе, раскладаецца к-тамі. У прыродзе — мінералы пірацін (гл. Калчаданы) і траіліт. Выкарыстоўваюць для атрымання серавадароду. Дысульфід FeS2, залаціста-жоўтыя крышталі, мінералы пірыт і марказіт. Выкарыстоўваюць прыродны як сыравіну для атрымання серы, сернай к-ты, сульфату Fe2(SO4)3, сінт. — каталізатар у арган. сінтэзе. Жалеза хларыды — злучэнні жалеза з хлорам, солі салянай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе, этаноле, ацэтоне. Дыхларыд жалеза FeCl2 утвараецца пры ўзаемадзеянні жалеза з салянай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання трыхларыду. Трыхларыд FeCl3, цёмна-рудыя крышталі. 309 °C. Выкарыстоўваюць як каагулянт пры ачыстцы вады, кампанент раствораў для электрахіміі, траўлення пячатных плат і інш.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),

раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл. Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.

Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.

На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;

Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;

Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.

Ю.​П.​Давыдаў.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)