СЛАНО́ВАЯ ПА́ЛЬМА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Юбея.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́БІЛІС (Mirabilis),

род кветкавых раслін сям. ніктагінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. ялапа, або начная прыгажуня (M. jalapa).

М. ялапа — кустападобная расліна выш. да 1 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі невял., лейкападобныя, белыя, жоўтыя, чырв., распускаюцца пад вечар і цвітуць да раніцы (адсюль другая назва). Дэкар. расліна.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЫСО́Н (Cucurbita pepo var. patisson),

разнавіднасць гарбуза цвёрдакорага. Радзіма — Паўд. і Цэнтр. Амерыка. Культывуецца ўсюды.

Аднагадовая травяністая расліна кустовай формы. Сцябло і чаранкі лісця граністыя, апушаныя. Лісце буйное, востравугольнае, рассечанае. Кветкі жоўтыя, званочкападобныя, аднаполыя. Плады пляскатыя, талеркападобныя, белыя або жоўтыя. Ужываюцца ў ежу недаспелыя (4—8-дзённыя завязі), перарослыя ідуць на корм жывёле. Харч., кармавая расліна.

Патысон.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯЎЧЫ́НА Ў ЗЕ́ЛЕНІ»,

кветкавая расліна. Гл. ў арт. Чарнушка.

т. 6, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н-ды-МА́Р’Я,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Братаўка.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎТАЯ ВАДЗЯНА́Я ЛІЛЕ́Я,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Гарлачык жоўты.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́Н (Bergenia),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Азіі. На Беларусі 1 інтрадукаваны від — бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia). Радзіма Сібір, Алтай, Д.​Усход. Выкарыстоўваецца як дэкар. расліна — для рабатак, камяністых участкаў і групавых пасадак.

Шматгадовая травяністая расліна з пакарочаным сцяблом выш. да 50 см і тоўстым наземным паўзучым карэнішчам. Лісце буйное, скурыстае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках, захоўваецца зімой. Кветкі чырвоныя або белыя, сабраныя па 20—40 у мяцёлчата-шчыткападобныя суквецці. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек., харч. і тэхн. расліна. Мае дубільныя (6—30%) і фарбавальныя рэчывы; адна з крыніц атрымання таніну, гідрахінону, галавай к-ты, арбуціну. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю — т.зв. «мангольскі чай».

Бадан таўсталісты.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЕ́Л (Tussilago),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 1 від — П. звычайны, або камчужная трава, ці маташнік (T. farfara). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы (заноснае). На Беларусі трапляецца па берагах канаў, рэк, ручаёў, на пустках.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 20 см з паўзучым карэнішчам, якое паглыбляецца ў глебу больш як на 1 м. Адзіночныя кветаносныя сцёблы шчыльна ўсаджаны чырванавата-бураватым лускападобным лісцем. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, з верхняга боку — гладкае, з ніжняга — лямцавае, бялявае [адсюль назва — под(ніз)белы]; адрастае пасля цвіцення. Жоўтыя кветкі ў кошыках дыям. 2—3 см, цвітуць ранняй вясной. Плод — сямянка. Піянерная расліна — хутка асвойвае свабодныя плошчы, але потым выцясняецца інш. раслінамі. Лек. расліна, ранні меданос.

Падбел звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),

кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.

Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮШАНЕ́Я (Duchesnea). манатыпны род кветкавых раслін сям. ружавых. 1 від — Дз. індыйская (D. indica). Пашыраны ва Усх. Азіі, інтрадукаваны ў многія краіны, у т. л. на Беларусь.

Шматгадовая апушаная травяністая расліна з паўзучым аблісцелым сцяблом даўж. да 1 м. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, трайчастае, сцябловае — кароткачаранковае, адваротнаяйцападобнае або рамбічнае. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх тонкіх кветаножках. Плод — жоўтая несапраўдная ягада. Лек., харч. і дэкар. расліна.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)