надсямейства акарыформных кляшчоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць на пер’і, скуры (німфы часам пранікаюць пад скуру) дзікіх і свойскіх птушак. Выклікаюць выпадзенне пер’я ў птушак-гаспадароў; узбуджальнікі кнемідакаптозаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.к.: вераб’іны (Analgopsis passerius), качыны (Freyana anatina), курыны (Knemidocoptes gallinae), нажны кароставы (K. mutans) і інш.
Даўж. да 0,6 мм. Цела падзелена на пратэрасому (з 2 парамі пярэдніх ног) і гістэрасому (з 2 парамі задніх ног). Ротавы апарат грызучы. Кормяцца тлушчавай змазкай пёраў, часцінкамі эпідэрмісу і пер’я. Выражаны палавы дымарфізм. У развіцці праходзяць стадыі: яйцо—лічынка—пранімфа—тэлеанімфа—імага. Іл. гл, да арт.Кляшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛЬКО́ (Уладзімір Антонавіч) (н. 30.7.1922, в. Падарэссе Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гаспадарчы і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1976). У 1950—92 старшыня калгаса «Аснежыцкі» Пінскага р-на. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—63, дэп., нам. Старшыні Вярх. Савета БССР у 1985—90. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1966—70 і 1974—89. Пад яго кіраўніцтвам у калгасе «Аснежыцкі» дасягнуты высокія паказчыкі ў развіцці земляробства і жывёлагадоўлі, шырока выкарыстоўваліся інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.
Тв.:
Всего достигнешь, если любишь труд. Мн., 1966;
Оснежицкий поиск. Мн., 1979.
Літ.:
Владимир Ралько / Авт. текста С.В.Бородовский. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
натуральнае забруджванне навакольнага асяроддзя, выкліканае ўтварэннем небяспечных забруджвальнікаў пры фіз.-хім. працэсах або катастрафічных прыродных з’явах (вывяржэнне вулканаў, ураганы, паводкі, селевыя патокі і інш.), якія адбываюцца без прамога ўдзелу чалавека. Напр., з нетаксічных кампанентаў у прыродзе ўтвараецца ядавіты газ — фасген, з фрэонаў пры фотахім. рэакцыях у стратасферы — іон хлору, які разбурае азонавы слой. У вадаёмах за кошт адмірання расл. і жывёльных арганізмаў колькасць вуглекіслаты павялічваецца, растворанага кіслароду памяншаецца, утвараюцца ядавітыя для чалавека і жывёл рэчывы. Найб. прыкметна гэта выяўляецца ў перыяд ледаставу, а таксама ноччу летам пры моцным развіцці і адміранні мікраскапічных водарасцей. С. выклікае заморы рыб, гідрабіёнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМІ́ТЫ (ад грэч. sōma цела),
першасныя сегменты цела, парныя метамерныя ўтварэнні, на якія ў працэсе зародкавага развіцця падзяляецца мезадэрма (у большасці беспазваночных) або яе дарсальная ч., што прылягае да нерв. трубкі і хорды (у хордавых). Як правіла, С. паступова пашыраюцца ад пярэдняга канца цела да задняга. У хордавых кожны С. пры развіцці падзяляецца на дэрматом, міятом і склератом; з іх утвараюцца адпаведна злучальнатканкавая ч. скуры разам з яе вытворнымі, тулаўная мускулатура і восевы шкілет (у рыб і шкілет плаўнікоў). С. вызначаюць метамерыю зачаткаў эктадэрмальнага паходжання або тых, што ўтвараюцца пры ўдзеле эктадэрмы (спінальных нерв. вузлоў у пазваночных, канечнасцей у беспазваночных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАНІ́Я (ад грэч. synchronos адначасовы),
1) стан мовы на пэўным этапе яе гіст. развіцця як цэласнай, унутрана ўстойлівай сістэмы фанетычных, лексічных і граматычных элементаў (гл.Сістэма мовы); перыяд у развіцці мовы, вылучаны ўмоўна паводле прыкметы адсутнасці ў ім змен ці іх неістотнасці.
2) Вывучэнне мовы як сістэмы адносін, што функцыянуе ў пэўны момант яе гіст. развіцця. Паслядоўнае размежаванне С. і дыяхраніі (а таксама самі гэтыя тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам.
Літ.:
[Климов Г.А.] Проблема разграничения синхронии и диахронии // Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,
паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д.Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГЕЛАН ((Vigeland) Адольф Густаў) (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫ́П (ад ген + тып),
генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв.фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́ЙНА (Станіслаў) (?—1573),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Служыў пры кіеўскім ваяводзе А.Неміровічу, удзельнічаў у войнах з татарамі і Маскоўскай дзяржавай. З 1528 каморнік каралевы Боны, з 1530 каралеўскі дваранін, з 1542 полацкі ваявода. Клапаціўся аб ваен. умацаванні горада, гасп.развіцці Полаччыны. У 1553 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла на 2 гады перамір’е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Калі ў час Лівонскай вайны 1558—83 у студз. 1563 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV Грозным аблажыла Полацк, Давойна кіраваў двухтыднёвай абаронай горада, урэшце мусіў здаць яго. Да ліп. 1567 знаходзіўся ў палоне. Пасля вяртання ў ВКЛ удзельнічаў у рабоце Люблінскага сейма 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (2.7.1841, г. Казань, Татарстан — 1.9.1910),
рускі хімік-арганік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Скончыў Казанскі ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865. Вучань А.М.Бутлерава. Навук. працы па арган. сінтэзе і развіцці тэорыі хім, будовы Бутлерава. Адкрыў рэакцыю атрымання другасных і трацічных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні (альдэгіды, кетоны і інш.) цынку і алкілгалагенідаў (1875, рэакцыя З.), новы клас арган. злучэнняў — лактоны (1873). Устанавіў правіла адшчаплення галагенавадародаў ад другасных і трацічных галагенідаў і вады ад спіртоў (правіла З.) і далучэння пратонных кіслот да несім. ненасычаных вуглевадародаў (правіла З. — Вагнера). Сінтэзаваў дыэтылкарбінол, шэраг ненасычаных і мнагаатамных спіртоў, арган. аксідаў, аксікіслот.
Літ.:
Ключевич А.С., Быков Г.В. А.М.Зайцев, 1841—1910. М., 1980.