БУРГА́Н, Эль-Буркан,

цэнтр распрацовак багатага нафтагазавага радовішча на У Кувейта. Трубаправоды да прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты і звадкаванага газу і да нафтавага порта ў Міна-Эль-Ахмады.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫ ПРО́МЫСЕЛ,

тэхналагічны комплекс для здабычы і збору прыроднага газу з плошчы радовішча, апрацоўкі газу і кандэнсату для падрыхтоўкі іх да транспарціроўкі. Камунікацыі і збудаванні газавага промыслу падзяляюць на асноўныя (эксплуатацыйныя, назіральныя і разведачныя свідравіны, газазборныя калектары, кампрэсарныя станцыі і інш.) і дапаможныя (энергет. гаспадарка, водазабеспячэнне, сувязь, майстэрні і інш.). Колькасць, характар і магутнасць збудаванняў газавага промыслу залежаць ад геолага-эксплуатацыйнай характарыстыкі радовішча. На Беларусі газавы промысел (на тэр. Гомельскай вобл.) прызначаны для спадарожнай здабычы і транспарціроўкі газу; створана закрытая (герметызаваная) сістэма нафтагазазбору (мінімізуе страты і забруджванне навакольнага асяроддзя). Перапрацоўку газу ажыццяўляе Беларускі газаперапрацоўчы завод у г. Рэчыца.

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

здабытыя карысныя выкапні, якія выкарыстоўваюцца ў натуральным выглядзе або пасля тэхнал. перапрацоўкі ў якасці буд. матэрыялаў; разнавіднасць мінеральнай сыравіны. На Беларусі здабываюць М.б.м.: цэментную сыравіну (мел, мергель, гліна), гліны і суглінкі для вытв-сці цэглы, керамікі і лёгкіх запаўняльнікаў, пяскі буд. і шкловыя, пясчана-гравійныя матэрыялы, камень буд. і абліцовачны і інш. Буйнейшымі вытворцамі М.б.м. з’яўляюцца Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», распрацоўвае Мікашэвіцкае радовішча буд. каменю, Віцебскае акцыянернае таварыства «Даламіт» працуе на радовішчы даламіту Гралева, прадпрыемства «Беларускі цэментны завод» (пас. Камунары Магілёўскай вобл.) распрацоўвае Камунарскае радовішча мергелю для цэментнай сыравіны, кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (пас. Гайдукоўка Мінскай вобл.) вядзе распрацоўку глін на аднайм. радовішчы.

П.​З.​Хоміч.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́МУ (Bomu),

нафтавае радовішча ў Нігерыі. Уваходзіць у Гвінейскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1958. Пачатковыя запасы нафты каля 75 млн. т. Паклады на глыб. 2—2,2 км. Нафтаправод у порт Боні.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая займаецца здабычай і апрацоўкай кухоннай (каменнай) солі. Здабыча марской і азёрнай солі пачалася развівацца задоўга да н.э. ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. У Расіі солеварэнне вядома з пач. 12 ст. Найб. развіта ў ЗША, Кітаі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіне і інш. На Беларусі С.п. пачала развівацца ў 2-й пал. 20 ст. з распрацовак адкладаў Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (дзейнічае вытв. аб’яднанне «Беларуськалій») і Мазырскага радовішча каменнай солі (працуе Мазырскі солевыварны камбінат). Асн. прадукцыя: кухонная соль «Палессе» і інш. з дабаўкамі ёду і фтору, соль прафілакт. з дабаўкамі мікраэлементаў, соль без дабавак. Гадавая здабыча солі (тыс. т) — 192,7 (1985), 356 (1990), 343,2 (1999).

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЫ́Р,

найбуйнейшае нафтавае радовішча ў Лівіі. Уваходзіць у Сахара-Лівійскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1961, распрацоўваецца з 1966. Паклады ніжнемелавога ўзросту на глыб. 2,5—2,7 км. Пач. запасы 2826 млн. т. Шчыльн. нафты 0,84 г/см³.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАГРА́ФСКІ КА́МЕНЬ,

гліністы даламіт або тонказярністы, шчыльны, светлы вапняк. Складаецца пераважна з CaCO3 (95—99%) і невял. колькасці SiO2, Al2O3 і інш. прымесей. Матэрыял, з якога вырабляюцца друкарскія формы ў літаграфіі. Найб. вядомае радовішча Л.к. Золенгофен у Германіі.

т. 9, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДА́,

прыроднае мінеральнае ўтварэнне, што мае ў сабе металы або іх злучэнні ў канцэнтрацыях, эканамічна выгадных для іх прамысл. здабычы. Р. наз. таксама некат. неметалічныя карысныя выкапні, напр., азбеставая, барытавая, графітавая, серная, агранамічная. Вылучаюцца Р.: прыродна багатыя, бедныя (патрабуюць абагачэння), монамінеральныя (складаюцца з аднаго мінералу), полімінеральныя (некалькі каштоўных і інш. мінералаў), комплексныя (пры наяўнасці ў Р. спадарожных каштоўных кампанентаў). Паводле хім. саставу адрозніваюць Р. сілікатныя, крамяністыя, аксідныя, сульфідныя, карбанатныя і мяшаныя. Найб. пашыраны Р. жалезныя, поліметалічныя, медныя. На Беларусі існуюць ільменіт-магнетытавыя Р. (Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд), жалезістыя кварцыты (Аколаўскае радовішча жалезных руд), праяўленні даўсаніту — Р. на алюміній і соду (на Заазёрнай і Асташкавіцкай плошчах Прыпяцкага прагіну); з агранамічных Р. найб. значэнне маюць калійныя солі, даламіты, мел, фасфарыты.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХТАРА́Н (да 1985 Керманшах),

горад на З Ірана. Адм. ц. астана (адм. адзінка) Бахтаран. 561 тыс. ж. (1986). Гандлёва-трансп. цэнтр. Аэрапорт. Перапрацоўка нафты (з радовішча Нефтшах). Харч. (у т. л. цукровая), тэкст., гарбарная, цэм. прам-сць. Ткацтва дываноў. Ун-т.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́НДА (Brenda),

буйное медна-малібдэнавае радовішча ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія). Адкрыта ў 1947, эксплуатуецца з 1969. Запасы руды больш за 128 млн. т з колькасцю медзі 0,14%, малібдэну 0,03%. Вытв-сць малібдэнавага канцэнтрату. Экспарт у краіны Еўропы, Паўд. Амерыкі, Японіі.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)