ГІД у астраноміі,
дапаможная візуальная аптычная труба. Замацаваны на тэлескопе так, што аптычныя восі яго і тэлескопа строга паралельныя. Выкарыстоўваецца пры фатаграфаванні нябесных свяціл — для перамяшчэння трубы тэлескопа ці інш. астр. прылады згодна з сутачным вярчэннем нябеснай сферы. Фотагіды аўтаматычна ўтрымліваюць відарыс нябеснага цела на фіксаваным месцы фотапласцінкі.
т. 5, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЙ СКО́РАСЦІ ПАКАЗА́ЛЬНІК,
прылада для вымярэння скорасці палёту лятальнага апарата адносна паветр. асяроддзя. Мае анероідную (гл. Анероід) і манаметрычную (гл. Манометр) каробкі, спалучаныя трубаправодам з прыёмнікам поўнага ціску і перадатачным механізмам — са стрэлкамі. У паказанні прылады аўтаматычна ўводзяцца папраўкі на змены параметраў паветр. асяроддзя ў залежнасці ад вышыні палёту.
т. 11, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1954 у г. Лепель Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 237 м², больш за 14,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). У 6 залах экспазіцыі адлюстравана гісторыя Лепельшчыны. Сярод экспанатаў прылады працы, упрыгожанні 8 ст. да н.э. — 12 ст. н.э. з раскопак стараж. паселішчаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., грамадз. вайну, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу і інш. Значнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне (абарончыя баі, Лепельскі контрудар 1941, дзейнасць падполля і партыз. руху, вызваленчыя баі, у т. л. асабістыя рэчы і баявая зброя Герояў Сав. Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, У.Е.Лабанка). Дэманструюцца прылады працы і рэчы побыту 19—20 ст., ганчарныя вырабы, нац. адзенне лепельскага строю, нар. муз. інструменты. У раздзеле прыроды — чучалы жывёл і птушак Бярэзінскага запаведніка.
В.Я.Ланікіна.
т. 9, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
А.А.Шымбалёў.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІІ́К-КАБА́,
рэшткі палеалітычнай стаянкі ў пячоры Кіік-Каба (Крым), за 25 км на У ад Сімферопаля. Даследавана ў 1923—24 Г.А.Бонч-Асмалоўскім. Мае 2 напластаванні: ніжні — канца ашэльскага — пач. мусцьерскага часу і верхні — сярэдняга мусцье. Знойдзены пахаванні неандэртальцаў (дарослага чалавека і дзіцяці), крамянёвыя прылады працы і косці дзікіх жывёл.
т. 8, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛІ́,
гарадзішча каля в. Кісялі Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Датуецца 4—5—13 ст. Пры даследаванні выяўлены рэшткі шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, ляпная (штрыхаванай, днепра-дзвінскай і банцараўскай культур) і ганчарная кераміка; жал. прылады працы, касцяныя гарпуны, гліняныя, шыферныя і бурштынавыя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бранзалеты і інш. рэчы.
т. 8, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ПІНА,
пячорная стаянка эпохі ніжняга палеаліту ў басейне р. Сава (Харватыя). Адкрыта і даследавана ў 1899—1905. Знойдзена шмат касцей чалавека неандэртальскага тыпу, крамянёвыя і яшмавыя прылады працы мусцьерскіх абрысаў, рэшткі агнішча, косці пячорнага мядзведзя, насарога, першабытнага быка. Частка чалавечых касцей расколата і абпалена. Некат. даследчыкі бачаць у гэтым прыкметы канібалізму.
т. 8, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЧА,
стаянка позняга бронзавага веку каля в. Нача Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. Знаходзіцца сярод затарфаванага левабярэжнага поплаву р. Нача на дзюне. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і заштрыхаваная пласкадонная кераміка. Датуецца 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. У пач. 20 ст. тут быў раскапаны і могільнік жал. веку.
т. 11, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, іберамаўрская культура,
археалагічная культура плямёнаў канца верхняга палеаліту, якія 12—10 тыс. г. таму назад насялялі ўзбярэжныя раёны Марока, Алжыра і Туніса. Назва ад стаянкі каля г. Аран (Алжыр). Для аранскай культуры характэрны крамянёвыя пласціны з прытупленым краем і прылады з адшчэпаў, сустракаюцца касцяныя шылы, долаты, каменныя падвескі, прасвідраваныя ракавіны і інш. вырабы.
т. 1, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІТУ́ДА (ад лац. amplitudo велічыня),
1) найбольшае (па абс. значэнні) адхіленне ад нуля перыядычна зменнай фіз. велічыні (напр., найб. зрушэнне маятніка ад стану раўнавагі).
2) Рознасць паказанняў на шкале вымяральнай прылады (барометра, тэрмометра і інш.).
3) У матэматыцы — адна з характарыстык перыяд. функцый (сінуса, косінуса і інш.).
4) У пераносным сэнсе — размах, шырыня.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)