КАНЦО́НА (італьян. canzone літар. спевы, песня),

1) лірычны верш пра рыцарскае каханне ў сярэдневяковай паэзіі 13—17 ст., першапачаткова ў правансальскіх трубадураў. Вытокі ў італьян. і старафранц. песеннай паэзіі. Складаецца з 3—5 строф; апошняя страфа пакарочана і змяшчае зварот да асобы, якой прысвечана К. Класічныя ўзоры стварылі Дантэ і Ф.​Петрарка. Тэксты К. выкарыстоўвалі ў муз. мадрыгалах.

2) У 16 ст. ў Італіі — шматгалосая песня ў нар. духу ці яе інстр. пералажэнне. У канцы 16—18 ст. п’еса тыпу рычэркара, фугі (Дж.​Фрэскабальдзі, Дз.​Букстэхудэ, І.​С.​Бах). У 19 ст. тэрмін «К.» часта абазначаў вак. ці інстр. твор лірычнага характару.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПРСКАЕ ПІСЬМО́,

складовае пісьмо в-ва Кіпр у 6—2 ст. да н.э. Першапачаткова створана для ўласна кіпрскай мовы, потым прыстасавана да грэч. мовы каланістаў. К.п. — вытворнае ад кіпра-мінойскага пісьма (разнавіднасць крыцкага пісьма). Мае 56 знакаў (галосны ці спалучэнне галоснага з зычным). Кожны знак — адкрыты склад, адсутнічае размежаванне доўгіх і кароткіх галосных, глухіх і звонкіх зычных. Кірунак справа налева, часам чаргаваўся ад радка да радка. Стараж. кіпрскія надпісы датуюцца 2400—2100 да н.э. Першыя дэшыфроўкі К.п. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. на грэч. мове. Тэксты на ўласна кіпрскай мове не прачытаны.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

т. 8, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙНІНГЕ́НСКІ ТЭА́ТР,

нямецкі драм. т-р 19 ст. ў г. Майнінген. Будынак т-ра ўзведзены ў 1831. Першапачаткова працавалі оперная і драм. трупы, з 1861 — драматычная. З 1860 прыдворны т-р, з 1871 — гарадскі. Перыяд найвышэйшага творчага ўздыму звязаны з дзейнасцю герцага Георга II і рэж. Л.​Кронека (1871—91). У рэпертуары т-ра п’есы ням. і замежных драматургаў: Ф.​Шылера, Г.​Лесінга, У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, Мальера, Г.​Ібсена і інш. Развіваў традыцыі т.зв. маляўнічай рэжысуры Ф.Дзінгельштэта і Л.Дэўрыента. Пастаноўкі вызначаліся зладжанасцю ўсіх элементаў спектакля, гіст. дакладнасцю вобразаў, дэкарацый, касцюмаў. З сярэдзіны 1890-х г. т-р страціў сваю значнасць.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,

помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.

М.​А.​Ткачоў.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНЫ ПРЫКА́З,

адзін з цэнтр. дзярж. органаў Расіі ў сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. Першапачаткова наз. Памеснай ізбой. Узначальваўся баярынам або акольнічым. Функцыі П.п. пашыраліся на цэнтр. і паўд. паветы з развітым феад. землеўладаннем. Ён надзяляў служылых людзей (дваран) памесцямі паводле акладаў, якія вызначаў Разрадны прыказ, загадваў фондам «пустых» памесных зямель, рэгістраваў і кантраляваў змены ў феад. землеўладанні (памесным, вотчынным, царкоўным), праводзіў агульныя і прыватныя апісанні зямель і перапісы насельніцтва, у 17 ст. загадваў і вышукам збеглых сялян. Быў гал. суд. інстанцыяй па зямельных справах, а ў пач. 18 ст. займаўся зборам датачных людзей у войска і на буд. работы па ўсёй тэр. дзяржавы. Скасаваны ў 1720.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́Д,

1) гандлёва-рамесніцкая частка феад. горада ў 10—18 ст. (наз. таксама перадграддзе, прадмесце) у Кіеўскай Русі, Рас. дзяржаве і ВКЛ. З часоў Кіеўскай Русі многія П. падзяляліся на канцы 1 сотні, пазней у іх складзе з’явіліся гар. слабоды. Першапачаткова П. былі неўмацаванымі, пазней іх умацаваная частка, размешчаная каля дзядзінца (замка, крамля) наз. вакольным горадам. П. мелі ўсе гарады Беларусі. Напр., у Полацку ў 16 ст. было 6 П.

2) У Расіі ў 17—18 ст. гандл.-прамысл. цэнтр, які з моманту заснавання не меў крэпасці. Як і гандл.-рамеснае насельніцтва гарадоў, жыхары такіх П. адносіліся да пасадскіх людзей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТЭТЫ́ЧНЫХ ФАРБАВА́ЛЬНІКАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. фарбавальнікаў і прамежкавых прадуктаў для іх вытв-сці. Узнікла ў 1856, калі У.​Г.​Перкін атрымаў мавеін (анілінавы фарбавальнік) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Першапачаткова наз. анілінафарбавай. Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Японіі, Вялікабрытаніі.

Асн. сыравіна для вытв-сці фарбавальнікаў — араматычныя вуглевадароды, што атрымліваюць з каменнага вугалю і нафты — бензол, талуол, ксілолы, нафталін, антрацэн і інш., таксама неарган. злучэнні — кіслоты, шчолачы, солі і інш. Сінт. фарбавальнікі выкарыстоўваюцца для розных матэрыялаў (бавоўны, лёну, хім. валокнаў, скуры, футра і інш.), а таксама ў кіна-, фотапрам-сці, медыцыне, аналітычнай хіміі, лазернай тэхніцы і інш.

В.​П.​Сідоранка.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЭ́НТ, Тарант (лац. Tarentum, грэч. Taras),

старажытнагрэчаская калонія ў Італіі на беразе Тарэнцкага заліва (цяпер г. Таранта). Засн. каля 700 да н.э. дарыйцамі. Першапачаткова ў Т. кіравалі цары, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. тут усталявалася тыранія, з пач. 5 ст. да н.э. — рабаўладальніцкая дэмакратыя. Росквіту дасягнуў у 1-й пал. 4 ст. да н.э., быў буйным гандл.-рамесным цэнтрам. У вайне з Рымам 282—272 да н.э. пацярпеў паражэнне. У 2-ю Пунічную вайну быў на баку Ганібала. У 209 да н.э. зноў падпарадкаваны Рыму. Каля 125 да н.э. на тэр. Т. заснавана рым. калонія Нептунія.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭА́ТР СТАРЫ́» імя Г.Маджаеўскай, адзін з найстарэйшых т-раў Польшчы. Адкрыты ў Кракаве па ініцыятыве Я.​Клюшэўскага. Будынак існуе з 1799, неаднаразова перабудоўваўся. Першапачаткова ў будынку т-ра выступала нямецкая трупа, зрэдку ставіліся польскія спектаклі. Высокага маст. ўзроўню т-р дасягнуў у 1865—85 пад кіраўніцтвам А.​Скарупкі і С.​Козьмяна. У 1894—1943 не дзейнічаў. Аднавіў дзейнасць у 1945 (у 1946—54 аб’яднаны з Тэатрам імя Ю.​Славацкага), з 1956 сучасная назва. У рэпертуары тэатра польская і замежная класічная і сучасная драматургія (пастаноўкі рэжысёраў З.​Хюбнера, К.​Свінарскага, А.​Вайды і інш.).

Літ.:

Orzechowski E. Stary Teatr w Krakowie 1945—1985. Wrocław etc., 1987.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРУАСА́Р (Froissart) Жан (каля 1337, г. Валансьен, Францыя — пасля 1404),

французскі храніст і паэт. Служыў пры двары англ. караля, потым франц. знаці. Гісторык франц. і англ. рыцарства, у «Хроніках» апісаў ваен. і паліт. падзеі 1327—1400 (гал. ч. Стогадовай вайны 1337—1453), мяняў паліт. арыентацыю адпаведна інтарэсам сваіх апекуноў (першапачаткова англічан, потым французаў). Для збору матэрыялу падарожнічаў па Англіі, Францыі, Іспаніі, Італіі, таксама выкарыстаў працы льежскага храніста Ж.​Лебеля. З канца 15 ст. «Хронікі» шмат разоў выдаваліся, аказалі ўплыў на хранаграфію (асабліва англ.) 15—16 ст. Вершы і паэмы Ф. напісаны ў духу куртуазнай літаратуры.

Тв.:

Рус. пер. — Любовный плен. М., 1994.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)