разнастайныя моўныя працэсы, якія прыводзяць да адрозненняў пэўнай мовы ад яе самой у папярэднія часы. Знешнія З.м. ахопліваюць змены ў адносінах грамадства да мовы (напр., пашырэнне ці звужэнне грамадскіх функцый мовы, распаўсюджванне пэўнай мовы на іншамоўных тэрыторыях, наданне мове статусу дзярж. або рабочай мовы і інш.). Унутраныя З.м. аб’ядноўваюць змены ў самой моўнай сістэме: у фанетыцы і фаналогіі (напр., развіццё дзекання і цекання ў бел. мове, змена тыпаў націску ў гісторыі слав. моў), у граматыцы (напр., выпрацоўка ў індаеўрап. мовах мадэлей складаназалежных сказаў, страта скланення назоўнікаў у балг., франц. і англ. мовах), у лексіцы і фразеалогіі (напр., станаўленне тэрміналогій), стылістыцы (напр., фарміраванне канцылярска-юрыд. стылю старабел. мовы ў справаводстве, дзелавых актах і Статутах ВКЛ). У канкрэтных мовах асобныя З.м. падпарадкоўваюцца заканамернасцям моўнай дыяхраніі і могуць прыводзіць да моўнай дывергенцыі або канвергенцыі, а таксама да змен тыпалагічнага характару (гл.Тыпалогія моўная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст.н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст.н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫТАТЫ́ЎНАЯ ЛІ́РЫКА,
жанр лірычнай паэзіі, у якім перадаецца роздум над праблемамі жыцця і смерці, дружбы і кахання, чалавека і прыроды і інш. Асаблівае пашырэнне атрымала ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў. Да М.л. звярталіся А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Блок, М.Рыльскі, Т.С.Эліят, Р.М.Рыльке і інш. У бел. л-ры заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча («... Шмат у нашым жыцці ёсць дарог», «Мяжы», «...Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы»), які разважаў пра сутнасць жыцця і смерці, класавы падзел грамадства, пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Творы М.л. ёсць у Я.Купалы («...Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Мая навука»), А.Куляшова (цыкл «Маналог»), М.Танка («Мне здаецца», «...Божа паэзіі»), С.Дзяргая («Сапраўднае», «Мысль і слова»), А.Вярцінскага («Дзівак чалавек», «...Абрастаем»), П.Макаля («...Век з рэактыўнай хуткасцю імкне»). Жанравую актуальнасць сучаснай М.л. вызначае спалучэнне філас. і грамадз. аспектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІД ((Mead) Джордж Герберт) (27.2.1863, г. Саўт-Хадлі, ЗША — 26.4.1931),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг і сац. псіхолаг; прадстаўнік прагматызму і натуралізму. Скончыў Гарвардскі ун-т, вывучаў філасофію і псіхалогію ў Германіі. З 1894 праф. Чыкагскага ун-та. Стварыў тэорыю «сімвалічнага інтэракцыянізму», асн. ідэі якой выкладзены ў кн. «Розум, я і грамадства» (выд. 1934). Распрацаваў канцэпцыю «міжіндывідуальнага ўзаемадзеяння». Паводле М., паводзіны чалавека і станаўленне яго сац. якасцей абумоўлены структурай асобы, яго роляй і ўспрыманнем установак «абагульненага іншага» — усёй супольнасці. Дзейнасць індывіда ўяўляў сабе як сукупнасць сац. роляў, што выяўляюцца пры дапамозе сродкаў-сімвалаў (жэст, мова), міжасобасныя адносіны — як працэс «пераманьвання роляў», капіравання дзеянняў інш.сац. партнёраў, у выніку чаго адбываецца перадача канкрэтнай сацыяльна значнай інфармацыі ад аднаго чалавека да другога, пазнанне індывідам мноства роляў, значэнняў і каштоўнасцей, якімі валодаюць інш. людзі. Ідэі М. атрымалі пашырэнне ў педагогіцы, псіхалогіі, сац. этыцы, сац. фенаменалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ЛІТАРАТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1-й пал. 1880-х г. ў Мінску. Арганізатар А.Сакалоў, старшыня К.Дзіберг. Аб’ядноўвала аматараў музыкі і л-ры. Статут (зацверджаны 24.9.1880) прадугледжваў пашырэннемуз. адукацыі, адкрыццё муз. школ, развіццё муз. мастацтва, падтрымку кампазітараў і выканаўцаў і інш.Т-ва ўключала літ., хар., арк. і драм. секцыі. Наладжвала канцэрты, у якіх сімф. аркестр выконваў творы І.Гайдна, Л.Бетховена, Дж.Расіні, Ф.Абера і інш., муз. вечарыны, лекцыі. Грашовыя сродкі складаліся з узносаў правадзейных членаў т-ва і членаў-наведвальнікаў. У рабоце т-ва ўдзельнічалі музыканты: скрыпачы М.Ельскі, В.Нядзведскі, Л.Ступель, піяністы А.Марбург, К.Пелегрыні і інш. Дзейнасць т-ва асвятлялася ў «Минских губернских ведомостях», у польскім перыяд. друку, у т. л. ў час. «Echo Muzyczne» («Музычнае рэха»).
Літ.:
Капілаў А.Л. Музычнае таварыства ў Мінску // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),
вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.
Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).
На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д. партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.Уэб, О.Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэннедэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л.С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн.чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКА-МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЎЗВЫ́ШАНАЯ РАЎНІ́НА,
у Горацкім, Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл. і паўд.ч. Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Займае найб. высокую ч.Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай р. Сож і яе прытокам р. Проня. Уваходзіць ва Усх.-Бел. (Прыдняпроўскую) фіз.-геагр. правінцыю. Найб.выш. 239 м.
Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская ўпадзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глін і вапнякоў. Асадкі антрапагену прадстаўлены невял. магутнасці марэнай сожскага ўзросту. Асаблівасць геал. будовы — пашырэнне лёсавых і лёсападобных карбанатных суглінкаў і супескаў магутнасцю да 10 м, якія займаюць водападзелы рэк і ствараюць плоскахвалістую платопадобную паверхню раўніны з суфазійнымі западзінамі. Схілы рачных далін парэзаны ярамі і лагчынамі глыб. да 20—30 м. На дне некат. з іх цякуць пастаянныя ручаі. Глебы ўрадлівыя, дзярнова-палева-падзолістыя, часам дзярнова-карбанатныя з наяўнасцю гумусу ў ворным слоі да 2,5%. Частка глеб моцна эрадзіравана. Пад ворывам 60%, прыроднай расліннасцю (рэшткі ялова-дубовых лясоў і лугава-балотная) 10% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў познім палеаліце і раннім мезаліце (12—8 тыс.г. назад) жылі ў Верхнім Падняпроўі. Назва ад стаянкі Грэнск. Мае 2 этапы: фінальна-палеалітычны (ранні) і раннемезалітычны (позні). Пасяленні грэнскай культуры прадстаўлены сезоннымі стаянкамі паляўнічых па берагах рэк, часцей на пясчаных дзюнах. Па меры раставання апошняга ледавіковага покрыва ў гарах Скандынавіі плямёны грэнскай культуры разам з плямёнамі свідэрскай культуры прасоўваліся на Пн. Асаблівасцю культуры з’яўляецца пашырэнне крамянёвых асіметрычных наканечнікаў стрэл (грэнскі тып), апрацаваных з аднаго краю. Самыя стараж. помнікі грэнскай культуры Бароўка, Каромка, Хвойна (Магілёўскі р-н), другога этапа развіцця — Грэнск, Дальняе Ляда (Быхаўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі р-н). На рубяжы ранняга і позняга мезаліту Грэнская культура змянілася сожскай культурай. Вылучыў грэнскую культуру ў 1960-я г. У.Дз.Будзько, даследавалі А.Г.Калечыц, В.Ф.Капыцін, У.П.Ксяндзоў.
В.Ф.Капыцін.
Крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскай культуры з паселішча Бароўка Быхаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1413,
заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял.кн.ВКЛВітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ.
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.