МЯЦЕ́Ж,

узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНКО́НІ ((Ronconi) Джорджа) (6.8.1810, г. Мілан, Італія — 8.1.1890),

італьянскі спявак (барытон), адзін з буйнейшых спевакоў 19 ст. Спяваць вучыўся ў бацькі Д.​Ранконі. На опернай сцэне дэбютаваў у 1830. Выступаў у Італіі і інш. краінах, у т. л. ў Расіі (1851—55, 1858—59). Яго выкананне вылучалася віртуозным вак. майстэрствам, выразнай фразіроўкай, тэмпераментам. Сярод партый: Рыгалета, Навухаданосар (у аднайм. операх Дж.​Вердзі), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур») і Дулькамара («Любоўны напітак», абедзве Г.​Даніцэці), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні).

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙСЕІ́ТАВА (Куляш) (Гульбахрам) Жасымаўна (2.5.1912, г. Алматы — 6.6.1957),

казахская артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1936). Адна з заснавальніц каз. опернага мастацтва. У 1934—57 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Стварыла яркія муз.-сцэн. вобразы ў нац. операх: Кыз-Жыбек, Акжунус («Кыз-Жыбек», «Ер-Таргын» Я.​Брусілоўскага), Сары («Біржан і Сара» М.​Тулебаева, Дзярж. прэмія СССР 1949). З класічных партый: Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан у аднайм. оперы Дж.​Пучыні. Выступала як канцэртная спявачка. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАСЛАВІ́ЗМ,

палітычная праграма перабудовы Аўстрыйскай імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыі), прапанаваная чэш. лібераламі ў 1840-я г. Прадугледжваў пераўтварэнне імперыі Габсбургаў у федэратыўную канстытуцыйную манархію, у межах якой чэхі і іншыя падуладныя аўстр. кароне слав. народы атрымалі б аўтаномію і роўныя нац. правы. Аўстраславізм узнік як рэакцыя на ням. нацыяналізм і спробы ўключыць слав. землі ў Германскі саюз. Абгрунтаванне, асн. прынцыпы і ідэі аўстраславізму распрацавалі публіцыст К.​Гаўлічак-Бораўскі (1846) і гісторык Ф.​Палацкі (1848). Як паліт. канцэпцыя большасці чэш. паліт. партый аўстраславізм існаваў да пач. 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ТНІКАЎ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.7.1937, пас. Глыбокае Усх.-Казахстанскай вобл.),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1964). З 1971 саліст Марыінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу імя П.​І.​Чайкоўскага (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.​Віньяса (Гран-пры; Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАЗІ́НСКІ (Бжэскі) Адам

(1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.

Г.​І.​Барышаў.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТКЕ́ВІЧ (Красцьян Ягоравіч) (?, каля Шклова, Магілёўская вобл. — 14.10.1846),

бел. і рус. артыст балета. Прыгонны, у 1822 адпушчаны на волю. Вучыўся, відаць, у П.​Барцанці, Марыядзіні, М.Пранчынскага. У 1780—90-я г. вядучы танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў вывезены ў Пецярбург, да 1825 артыст Пецярбургскага імператарскага т-ра. Выконваў цэнтр. пантамімныя ролі, меў неардынарныя драм. здольнасці. Сярод партый: Сцяпан («Вызваленне маладой сялянкі, ці Храбрасць рускага салдата»), Анкундзін («Млынар—чараўнік, падманшчык і сват»; абодва 1822), Гірэй («Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.​Каваса паводле А.​Пушкіна, 1823).

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́ННІК (Пётр Сяргеевіч) (н. 14.10.1906, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1954). У 1933—36 вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі. У 1936—40 саліст Вял. т-ра ў Маскве, у 1942—64 — Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Ляўко, Пятро («Тапельніца», «Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Ёнтэк («Галька» С.​Манюшкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера). Выступае як канцэртны спявак, выконвае ўкр. і рус. нар. песні і рамансы.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕКІ́ЛАВА (Лейла Махат кызы) (н. 29.1.1927, Баку),

азербайджанская балерына. Нар. арт. СССР (1967). Скончыла Бакінскае харэагр. вучылішча (1943), з 1953 выкладала ў ім. У 1943—76 салістка Азерб. т-ра оперы і балета імя М.​Ф.​Ахундава. Сярод партый у нац. балетах: Гюльянак («Дзявочая вежа» А.​Бадалбейлі), Айша («Сем прыгажуняў» К.​Караева), Гюльшэн («Гюльшэн» С.​Гаджыбекава); у класічных — Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева). З 1976 кіраўнік Ансамбля танца Азербайджана.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТЭС ((Voites) Маргарыта) (н. 30.10.1936, Масква),

эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1979). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1964). З 1964 салістка т-ра «Ванемуйне», з 1969 — т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый у операх: Канстанца («Выкраданне з сераля» В.​А.​Моцарта), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Нарына, Лючыя («Дон Паскуале», «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Альцына («Альцына» Г.​Ф.​Гендэля); у аперэтах: Віялета («Фіялка Манмартра» І.​Кальмана), Адэль («Лятучая мыш» І.​Штрауса). Выступае як камерная спявачка.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)