КО́САЎСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.​П.​Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.​В.​Пранягін) і імя Варашылава (І.​С.​Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на З жн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш. адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.​Ф.​Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́ГАЛЬСКІ БОЙ 1943,

бой паміж 2-м батальёнам Смаленскага партыз. палка і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. 25 крас. ў Вял. Айч. вайну. Партыз. полк пасля жорсткіх баёў з намнога большымі сіламі карнікаў перамяшчаўся на новую базу; на шляху перадыслакацыі, у в. Латыгаль, знаходзіўся варожы гарнізон, знішчыць які было даручана 2-му батальёну. Партызаны ноччу асн. сіламі атакавалі гарнізон, гранатамі падавілі яго дзоты, і пасля 3-гадзіннага бою разграмілі ворага. Падмацаванне ворагу з г. Сянно было спынена партыз. засадай. У выніку бою ў сістэме ням.-фаш. гарнізонаў утварыўся разрыў, што дало магчымасць партыз. дыверсійным групам больш кароткім шляхам выходзіць да чыг. Орша—Віцебск.

т. 9, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ДАЎБНІ,

процітанкавыя, процітрансп., процідэсантныя загароды з бярвён (дыяметрам не менш за 25 см), метал., жалезабетонных бэлек або камянёў, укапаных у грунт вертыкальна або з нахілам 60—75° у бок праціўніка; выступаюць над паверхняй зямлі на 0,5—1,2 м. Устанаўліваюць Н. ў 3—5 радоў у шахматным парадку; аплеценыя калючым дротам, адначасова служаць і проціпяхотнай загародай. Н. выкарыстоўваліся са стараж. часоў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны ўстанаўліваліся ва ўмацаваных раёнах, пры абароне буйных гарадоў і інш. Н. часам ставілі партызаны Беларусі, але больш шырока выкарыстоўвалі засекі. У сучасных умовах Н. ўстанаўліваюць супраць дэсантаў у прыбярэжных раёнах мора, на берагах рэк і інш.

Надаўбні: 1 — з бярвён; 2 — з камянёў.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАНКА Мікалай Пятровіч (н. 9.5.1927, г.п. Сямёнаўка Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). У 1963—76 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1978—88 у БПІ. Працуе ў розных жанрах жывапісу ў рэаліст. манеры. Сярод твораў: «На вызваленай зямлі» (1967); гіст. карціны «Партызаны» (1968), «Вайной апаленыя» (1975), «3 ліпеня» (1981), «Памяць» (1982), «Вясна 45 года» (1985), «Рабіна чырвоная» (1987); пейзажы «Зямля» (1969), «Цішыня» (1976), «Магілёўшчына» (1977), «Лагойшчына» (1979), «Бярэзіна», «Родная зямля» (абодва 1980), «Мірны вечар» (1984), «На дачы», «Бэз», «Сядзіба Верашчакі», «Мінск. Дом Ванюшкі» (усе 1990-я г.); партрэты «Аўтапартрэт» (1966), «М.​Багдановіч» (1976), «Наташа» (1989), «Жаночы партрэт» (1996) і інш.

Г.​Л.​Фатыхава.

М.Назаранка Аўтапартрэт. 1966.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

падрыў моста цераз р. Нача на чыг. лініі Барысаў — Крупкі Мінскай вобл. 277-м партыз. атрадам 9 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мост за 8 км на З ад ст. Крупкі меў стратэгічнае значэнне для акупантаў і знаходзіўся пад аховай гарнізона (70 гітлераўцаў). На бліжэйшых ст. Крупкі, Барысаў, Бобр і ў в. Нача размяшчаліся буйныя ням. гарнізоны. У ноч на 9 вер. партызаны атакавалі і знішчылі ахову моста, падарвалі мост. У ходзе аперацыі пусцілі пад адхон састаў з падмацаваннем ахове моста, разграмілі ў в. Нача атрад карнікаў, адбілі ням. падмацаванне з Крупак. У выніку аперацыі рух на магістралі Мінск—Орша быў спынены на 6 сутак.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФ’Я́НАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партызан брыгады «Жалязняк» па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. на лініі Маладзечна — Полацк 18 лют. ў Вял. Айч. вайну. На станцыі да пач. лютага акупанты сабралі вял. колькасць сена, збожжа, лесаматэрыялаў. Памяшканні гарнізона (каля 130 гітлераўцаў маршавых падраздзяленняў вермахта) былі агароджаны дротам, подступы ахоўвалі 3 агнявыя кропкі. У ноч на 18 лют. партыз. атрады, каб адцягнуць увагу ворага, абстралялі казармы і ўмацаванні суседняга гарнізона ў г. Докшыцы, потым нанеслі ўдары па станцыі. У выніку бою партызаны разбурылі будынак вакзала, станцыйную гаспадарку, спалілі 3 склады са збожжам і сенам, лесапільны з-д, пашкодзілі вадакачку і 5 км тэлефонна-тэлегр. сувязі.

У.​С.​Пасэ.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́БРАНЫ Іосіф Аляксандравіч (25.4.1907, г. Гарадня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.8.1979),

расійскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1977). Чл.-кар. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Ленінградскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1927—31). Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948—51 і з 1954). Аўтар твораў, прысвечаных Вял. Айч. вайне («Партызаны-лесгафтаўцы», 1942; «Канцэрт Ленінградскай філармоніі ў 1942 годзе», 1957), партрэтаў («Партызан В.​С.​Цімачоў», 1943), плакатаў («А ну, узялі!...», 1944). У партрэтах 1960—70-х г. псіхалагічнасць вобраза спалучаецца з манум. значнасцю кампазіцыі: «Партрэт кампазітара Дз.​Шастаковіча» (1964), «Хірург П.​Купрыяновіч» (1965), «С.​Рыхтэр» (1972).

Літ.:

Никифоровская И.В. И.​А.​Серебряный. Л., 1976.

І.Сярэбраны. Партрэт кампазітара Дз.​Шастаковіча. 1964.

т. 15, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРА́ЦІШКІ,

гарадскі пасёлак у Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. За 16 км на ПнУ ад г. Іўе, 174 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Юрацішкі на лініі Ліда—Маладзечна; аўтадарогамі злучаны з Іўем, Валожынам, Ашмянамі. 1,7 тыс. ж. (2003). Агароднінасушыльны з-д, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і актывістаў; помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (1532).

У пач. 16 ст. прыватнае мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. Каля 1520 новагародскі, потым троцкі ваявода М.​Гаштольд пабудаваў тут царкву. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ю. спалены. У канцы 17 ст. мястэчка і маёнтак належалі Гераніму Няміру, каля 1703—04 перайшло ва ўладанне Копацяў. У Паўн. вайну 1700—21 Ю. захоплены шведамі (у 1708). З 1795 у складзе Рас. імперыі, належалі Касцялоўскім, потым Радкевічам. У сярэдзіне 19 ст. Ю. — цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. Жыхары Ю. актыўна падтрымалі Іўеўскае выступленне сялян 1861. З пабудовай чыгункі Маладзечна—Ліда за 4 км ад мястэчка ўзнікла чыг. ст. Ю. Ў 1862 заснавана нар. вучылішча. У 1897 у мястэчку 311 ж., 41 двор, нар. вучылішча. царква, капліца. крама, 2 піцейныя дамы. З 1905 сяло, 310 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Юрацішкаўскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 29.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ю. і раёне 1415 чалавек. 20.4.1944 партызаны брыгады «Няўлоўныя» разграмілі ў Ю. фаш. гарнізон. У канцы чэрв. 1944 партызаны брыгады «Уперад» захапілі чыг. ст. Ю., разбурылі пуцявую гаспадарку, спалілі варожы эшалон. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Гродзенскай абл. З 23.12.1957 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Іўеўскім р-не.

У.​У.​Бянько (гісторыя).

т. 18, кн. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦКАЯ АБАРО́НА 1943—44,

баі партыз. брыгад Сенненскай (камандзір В.​С.​Лявонаў) і 1-й імя К.​Заслонава (камандзір Л.​І.​Сяліцкі) па абароне аэрадрома ў саўгасе Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праз аэрадром ішло забеспячэнне з сав. тылу партызанаў, што дзейнічалі ў Сенненскім і суседніх раёнах. Для яго ліквідацыі акупанты накіроўвалі ў снеж. 1943 карны батальён (каля 300 салдат), у лютым карны батальён (каля 600 салдат), артыл. батарэю і ў сак. 1944 мотастралк. дывізію, зводны полк з паліцэйскіх гарнізонаў Сенненскага, Багушэўскага і Бешанковіцкага р-наў. Пасля апошняга бою партызаны, якіх фашысты адцяснілі на З ад аэрадрома, стварылі новую паласу абароны на зах. беразе р. Усвейка і ўтрымлівалі яе да мая 1944.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)