ВІ́РДУНГ, Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкімуз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́КЕЛЬ ((Haeckel) Эрнст) (16.2.1834, г. Патсдам, Германія — 9.8.1919),
нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст. Прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч.Дарвіна. Вучыўся ва ун-тах Берліна і Вюрцбурга. У 1861—1909 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па агульнай марфалогіі, антрапагеніі, гісторыі развіцця чалавека. Сфармуляваў тэорыю гастрэі: паходжанне шматклетачных жывёл ад гіпатэтычнага продка, які нагадваў двухслаёвы зародак — гаструлу. Прапанаваў першае «радаслоўнае дрэва» жывёльнага свету, сфармуляваў біягенетычны закон. Прадказаў дыскрэтнасць генаў, іх лакалізацыю ў храмасомах і ролю ў антагенезе.
Тв.:
Рус пер. — Естественная история миротворения. Т. 1—2. СПб., 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ ЛАТВІ́ЙСКІ (Heinrich von Lettland; каля 1187—1259),
нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1205 жыў у Рызе. З 1208 святар лат. прыхода (у Папендорфе). Прымаў удзел у паходах крыжакоў супраць лівонскіх плямён і Полацкага княства. Усхваляў дзейнасць хрысц. місіянераў і экспансію рыцараў у Прыбалтыцы. Аўтар «Хронікі Лівоніі» (1224—27, на лац. мове), якая з’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння барацьбы Полацка, Ноўгарада, Пскова, прыбалт. народаў супраць ням. агрэсіі ў канцы 12 — 1-й чвэрці 13 ст. Твор вылучаецца дэталёвым апісаннем фактаў, дакладнасцю імён, геагр. назваў, храналогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЫКЕ (Guericke, Gericke) Ота фон (30.11.1602, г. Магдэбург, Германія — 11.5.1686), нямецкі фізік. Вучыўся ў Лейпцыгскім, Гельмштацкім, Іенскім, Лейдэнскім ун-тах (1617—23). У 1646—78 бургамістр г. Магдэбург. Вынайшаў паветр. помпу (1641), з яе дапамогай правёў доследы (у т. л. з «магдэбургскімі паўшар’ямі») для доказу існавання атм. ціску. Пабудаваў адну з першых эл. машын (з яе дапамогай выявіў з’яву эл. адштурхоўвання), вадзяны барометр (выкарыстаў для прадказання надвор’я), паветраны тэрмометр, манометр і інш.
Літ.:
Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. 2 изд. М., 1956—1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАНСВА́ЛЬДАЎ ((Hofmannswaldau) Крысціян Гофман фон) (25.12.1616, г. Брэслаў, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 18.4.1679),
нямецкі паэт, адзін з буйных прадстаўнікоў барока; стваральнік т.зв. другой сілезскай школы паэтаў, блізкай да марынізму. Скончыў Лейдэнскі ун-т (Нідэрланды). Дэбютаваў перакладамі з італьян. паэзіі. Дыяпазон лірыкі Гофмансвальдаў (надрукавана пасмяротна) вельмі шырокі: ад галантнай любоўнай паэзіі (эратычныя оды, мадрыгалы, рандо) да трагічнай філас. лірыкі, эпітафій і эпіграм, дзе геданістычныя матывы спалучаюцца з адчуваннем марнасці, тленнасці быцця. Вядомасць Гофмансвальдаў прынеслі «Гераічныя лісты» (1679), узорам для якіх паслужылі «Гераіды» Авідзія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕ ((Grabbe) Крысціян Дзітрых) (11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),
нямецкідраматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Ганс) (19.2.1901, г. Дрэздэн, Германія — 11.9.1958),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1922—26). Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі (1929). У 1946—47 праф. і рэктар Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Аўтар твораў, якія выкрываюць фашызм (цыкл афортаў «Звяры і людзі», 1933—38; трыпціх «Тысячагадовая імперыя», 1935—38). Поўныя трагічнага пафасу яго маст. вобразы маюць характар фантаст. сімвалаў. Лаўрэат Нац. прэміі ГДР (1958).
Тв.:
Рус.пер. — Между карнавалом и великим постом: Воспоминания... М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ ((Grimm) Ганс Іахім) (н. 16.10.1932, г. Магдэбург, Германія),
нямецкі пісьменнік-перакладчык. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1955). У 1955—59 перакладчык Гандлёвага прадстаўніцтва ГДР у Маскве. З 1961 кіраўнік групы паўд.-слав. моў у Бюро перакладаў у Берліне. Перакладае з бел., рус., укр., польскай, сербахарвацкай і інш.слав. моў. На ням. мову пераклаў «Беларускія народныя казкі» (1—10 выд., 1966—80), раманы Я.Брыля «Птушкі і гнёзды» (1968), І.Шамякіна «Снежныя зімы» (1972), апавяданні В.Быкава, У.Галубка, Ц.Гартнага, У.Караткевіча, І.Мележа, А.Пальчэўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬГАЎЗ ((Dahlhaus) Карл) (10.6.1928, г. Гановер, Германія — 1989),
нямецкі музыказнавец. Праф. (1967). Прэзідэнт Т-вамуз. даследаванняў у Каселі (з 1977). Кіраваў выданнем поўнага збору твораў Р.Вагнера, супрацоўнік і кансультант 3-га (1967) і рэдактар 2 дадатковых (1972—73) тамоў муз. слоўніка Г.Рымана, аўтар-складальнік (з Г.Г.Эгебрэхтам) 2-томнага муз. слоўніка Бракгаўза-Рымана (1978—79), рэд. серыі «Новы даведнік музычнай навукі» (1980), аўтар кн. «Збор нарысаў па новай музыцы» (1978), «Музычны рэалізм» (1982), «Музычная тэорыя ў 18 і 19 ст» (1984), «Што такое музыка?» (1985, з Эгебрэхтам).