АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА І РАЗВІЦЦЯ́ (Organization for Ekonomic Cooperation and Development; АЭСР),
міждзяржаўная арг-цыя. Створана ў 1961 у Парыжы. Уваходзяць 18 еўрап. краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Турцыя (1994). Асн. мэты арг-цыі — імкненне да эканам. росту, павышэння ўзроўню жыцця і занятасці насельніцтва, падтрыманне фін. стабільнасці праз лібералізацыю міжнар. гандлю і руху капіталу, праз каардынацыю эканам. дапамогі менш развітым краінам. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўлена пастаяннай дэлегацыяй у Савеце АЭСР. Штаб-кватэра ў Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НДЭРБУНД (ням. Sonderbung асобы саюз),
саюз 7 кансерватыўна-каталіцкіх кантонаў Швейцарскага саюза (Люцэрн, Фрыбур, Цуг, Уры, Швіц, Унтэрвальдэн, Вале) у 1845—48. Супрацьстаяў імкненню пратэстанцкіх кантонаў да цэнтралізацыі і правядзення ліберальных рэформ, дамагаўся вяртання ў Швейцарыю езуітаў і адкрыцця іх кляштараў, шукаў падтрымкі ў Аўстрыі. Рашэнне федэральнага парламента аб роспуску З. прывяло да грамадз. вайны (пачалася 4.11.1847), у выніку якой З. пацярпеў паражэнне. 12.9.1848 уведзена новая ліберальная канстытуцыя, паводле якой Швейцарыя ператварылася ў адзіную саюзную дзяржаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1762,
мірны дагавор паміж Расіяй і Прусіяй (5.5.1762, С.-Пецярбург), які спыніў стан вайны паміж гэтымі дзяржавамі (гл.Сямігадовая вайна 1756—63). Заключаны па ініцыятыве рас. імператара Пятра III. Расія вяртала Прусіі ўсе занятыя рас. войскамі прускія землі, абавязвалася спрыяць заключэнню міру паміж Прусіяй і Швецыяй. Незадаволенасць патрыятычна настроеных колаў рас. арміі і грамадства П.м.д. і саюзным трактатам з Прусіяй (19.6.1762) паспрыяла звяржэнню Пятра III (9.7.1762), аднак новая імператрыца Кацярына II пакінула П.м.д. у сіле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАЧЭ́НКА (Леанід Аляксандравіч) (н. 9.3.1950, г. Магілёў),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1995), праф. (1996). Акад.Бел. інжынернай акадэміі (2000). Скончыў Магілёўскі маш.-буд.ін-т (1977). З 1974 у Магілёўскім тэхн. ун-це (у 1996—99 заг. кафедры). Навук. даследаванні па распрацоўцы тэхнал. абсталявання для комплекснай перапрацоўкі сыравіны і тэхнагенных матэрыялаў.
Тв.:
Новая концепция развития помольной техники // Обогащение руд. 1994. №1;
Винтовые аппараты и их энерготехнологическая эффективность // Хим. промышленность. 1994. №12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж.Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.А.Булкін (1979), С.В.Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Літ.:
Гл. пры арт.Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт.Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах. сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новаядаўж. будынка 34 м), над паўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́МЕНАЎ (Юрый) (Георгій) Іванавіч (26.11.1903, Масква — 6.9.1977),
расійскі жывапісец і графік. Нар.маст.СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1962). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1925). Выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінамастацтва ў Маскве (1945—72; з 1947 праф.). Чл.-заснавальнік Т-ва мастакоў-станкавістаў (з 1925). Раннія творы вызначаюцца манументальнасцю, дынамічнасцю кампазіцыі, аскетызмам каларыту («Даеш цяжкую індустрыю!», 1927, і інш.). З пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў жанравым жывапісе. Творам уласціва паэтызацыя паўсядзённага жыцця, своеасаблівая манера пісьма дробнымі, паўпразрыстымі мазкамі, якія ствараюць эфект вібрыруючай жывапіснай паверхні: «Новая Масква» (1937), «Сляды шын» (1944), «Маруся, пара абедаць!» (1951—56), серыя «Новыя кварталы» (1962—67) і інш. Пісаў партрэты, нацюрморты (серыя «Рэчы кожнага дня», 1959, і інш.). Аформіў спектаклі «За тых, хто ў моры!» Б.Лаўранёва ў Малым т-ры (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Стэп шырокі» М.Віннікава ў Цэнтр. т-ры Сав. Арміі (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) і інш. Ленінская прэмія 1967.
Тв.:
Искусство жизни или искусство «ничего». 2 изд. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЮ́Б ХАН (Мухамед) (14.5.1907, г. Хазара, Зах. Пакістан — 19.4.1974),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Пакістана. Фельдмаршал (1959). З 1928 на ваен. службе. Галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі (1951—54 і 1956—58). Пасля дзярж. перавароту 1958 прэзідэнт Пакістана да 1969. Прыхільнік захавання цэласнасці краіны, заснаваў т.зв. пачатковую дэмакратыю. У 1962 па яго ініцыятыве адменена ваен. становішча, уведзена новая канстытуцыя, абраны парламент, адноўлена дзейнасць паліт. партый, пачаліся агр. рэформы. Лідэр правячай партыі Мусульманская ліга ў 1963—69. У 1969 адышоў ад паліт. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),
швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).
Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
беларускае кніжнае выдавецтва ў Германіі. Існавала ў 1952—66 пры газ.«Бацькаўшчына». Адміністрацыя выд-ва знаходзілася ў Мюнхене, мела прадстаўніцтвы ў розных краінах. Выдала творы Я.Купалы («Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо», зб. «Спадчына»), Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы»), М.Багдановіча («Вянок»), Л.Калюгі («Нядоля Заблоцкіх»), А.Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя»), Р.Крушыны («Выбраныя творы»), Ю.Віцьбіча («Плыве з-пад святой гары Нёман»), В.Ластоўскага (зб. «Творы»), альманах «Ля чужых берагоў», зб. «Беларускія казкі» і інш.