ГРЫ́ЎДА,
рака ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. і Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы праток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Варонічы Слонімскага р-на, цячэ па Слонімскім узв. Асн. прытокі: Була, Булянка, Руднянка, Бусяж (злева), Любішчанскі канал (справа).
Даліна выразная, шыр. ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На ўскраіне г. Івацэвічы зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ Уладзімір Андрэевіч (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).
т. 6, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЁМА (ад грэч. idiōma своеасаблівы выраз) у мовазнаўстве, складанае па структуры моўнае адзінства з цэласным семантычным зместам. У вузкім сэнсе — фразеалагічнае зрашчэнне (гл. Фразеалагізм). Састаўныя ідыяматычных адзінстваў наз. кампанентамі, у І. яны страчваюць сваё звычайнае значэнне (напр., «сабаку з’есці» — мець вял. навык, вопыт у чым-н.).
Вылучаюцца марфалагічныя І. — словы, значэнне якіх не абумоўлена сукупнасцю значэнняў іх марфем; лексічныя І. — спалучэнні двух і больш слоў пастаяннага лексіка-грамат. складу, злітнае значэнне якіх не вынікае са зместу асобных кампанентаў; сінтаксічныя І. — простыя або складаныя канструкцыі, агульнае значэнне якіх не вынікае з сумы значэнняў форм і ўласцівых ім сінтакс. адносін. І. — сродак выразнасці і вобразнасці мовы. Вывучае І. ідыяматыка.
І.Р.Шкраба.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,
сістэма адліку, у якой не выконваецца інерцыі закон. Практычна ўсе рэальныя сістэмы адліку — неінерцыяльныя, яны рухаюцца з паскарэннем (напр., верцяцца) адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай с Сонцам (т.зв. сістэма Каперніка), і ў іх дзейнічаюць сілы інерцыі.
У адрозненне ад інерцыяльных сістэм адліку, якія не адрозніваюцца адна ад адной, кожная Н.с.а. мае свае асаблівасці, што вызначаюцца характарам руху самой сістэмы, выбарам цела адліку і наяўнасцю сіл прыцягнення (гравітацыйнага ўзаемадзеяння). Напр., у некаторых Н.с.а. можна выявіць часткі прасторы, дзе сілы інерцыі практычна не дзейнічаюць. Гэтыя асаблівасці ўлічваюцца пры разліках руху цел (касм. апаратаў, камет, астэроідаў і інш.) адносна Н.с.а., звязаных з Зямлёй ці інш. аб’ектам Сонечнай сістэмы.
А.І.Болсун.
т. 11, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ЦЦАЦЬ ДРУГІ́ З’ЕЗД КПБ,
аб’яднаўчы з Партыяй камуністаў беларускай (ПКБ). Адбыўся ў Мінску 25.4.1993 (прысутнічалі 283 дэлегаты; дакладная колькасць членаў КПБ на гэты перыяд не падлічана) і 29—30.5.1993 (прысутнічалі 534 дэлегаты). З’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне ў адзіную камуніст. арг-цыю шляхам далучэння КПБ да ПКБ, якая з’яўлялася ідэйна роднаснай па праграмных мэтах і задачах, мела паўнакроўную арганізац. структуру. КПБ спыніла сваё існаванне. ПКБ абвясціла сябе яе юрыд. і паліт. пераемніцай. У склад новага ЦК КПБ ЦК ПКБ не быў абраны ні адзін з лідэраў былой КПБ. Эклектычныя рашэнні з’езда, у якіх спалучаліся ідэі пабудовы новага «сапраўднага сацыялізму» з патрабаваннямі няўхільнага курсу на пабудову камунізму, не здолелі забяспечыць ідэйнае адзінства камуністаў.
В.Ф.Кушнер.
т. 16, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,
адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРЭ́ЛІК»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але не менш за 11—13 чал.) дзеляцца на пары. Хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам». Пары перабягаюць ад дрэва да дрэва (ад аднаго драўлянага прадмета да другога). «Гарэлік» іх ловіць. Калі каго зловіць, забірае сабе ў пару, хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам», і гульня працягваецца.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗІ́ВА,
рака ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. і ў Оўруцкім р-не Жытомірскай вобл. (Украіна), правы прыток р. Славечна (бас. Прыпяці). Даўж. 28,6 км, у т. л. 9 км на Беларусі (каналізаваная), 3,6 км на мяжы з Украінай. Пачынаецца за 1 км на З ад в. Гразіва Оўруцкага р-на. Цячэ па забалочанай лясістай мясцовасці. Жывіць вадасх. Свяча.
т. 5, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,
басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫ́ЦА,
рака ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл. і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 250 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Старое Заліцвінне Кіраўскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна трапецападобная. Пойма асушаная. Рэчышча каналізавана на ўсім працягу. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
т. 5, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)