сорт грушы народнай селекцыі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-пірамідальная, густая. Плоданашэнне пачынаецца на 5—6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (да 90 г), кароткаўсечана-канічнай формы. Скурка тонкая, гладкая, залаціста-жоўтая з інтэнсіўным румянцам чырванавата-бурага колеру амаль на ўсім плодзе. Мякаць белая, сакаўная, вельмі салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖАЛЬ,
у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЯВІ́ЦКІ (Ігнат Яўхімавіч) (жн. 1855, паводле інш. звестак восень 1856, в. Калінаўка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.3.1881),
рэвалюцыянер-нарадаволец. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1875—80). З 1879 чл. партыі «Народная воля», адзін з заснавальнікаў яе бел. фракцыі ў Пецярбургу і нарадавольскай «Рабочей газеты». Паводле рашэння выканкома «Народнай волі» ўваходзіў у групу, якая рыхтавала замах на цара. 13.3.1881 кінутай бомбай забіў цара Аляксандра II і смяротна параніў сябе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ПЕ́СНЯ,
музычна-паэтычны твор; найб. пашыраны від вак.народнай музыкі; песенны фальклор. Адзін з найб. старажытных відаў музычна-слоўнай творчасці народаў свету. Адлюстроўвае нац. характар народа, звычаі, гіст. падзеі. Адрозніваецца своеасаблівасцю жанравага зместу, муз. мовы, структуры. Існуе пераважна ў вуснай форме, перадаецца дзякуючы выканальніцкім традыцыям і майстэрству таленавітых народных спевакоў. Бел. Н.п. вядомы з глыбокай старажытнасці, ахопліваюць некалькі гіст. пластоў. Склаліся на адзінай усх.-слав. глебе і маюць шмат агульнага з рус., укр., а таксама польск. і літоўскімі Н.п. Гл. таксама Этнамузыкалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г.Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. У вер. 1920 у Бухары ў выніку нар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МАВА (Надзея Аляксандраўна) (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),
адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням.акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел.дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,
штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.—вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Мікалай Міхеевіч) (3.10.1862, Чэрыкаўскі пав. Магілёўскай губ. — 1885),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі з 1875 удзельнічаў у гуртках «самаразвіцця». З 1877 чл. гуртка Л.С.Залкінда, які ў 1880 далучыўся да «Народнай волі». Вёў агітац. работу сярод сялян на бел. мове, вывучаў і збіраў фальклор. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це стварыў «Камуну магілёўцаў». У 1882 чл. нарадавольскага гуртка У.І.Бычкова (гл. ў арт.Бычковы). У крас. 1883 арыштаваны, у 1884 высланы ва Усх. Сібір. Патануў у р. Селенга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́ЎСКІ (Яўген Міхайлавіч) (н. 26.8.1930, в. Савані Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1965). Скончыў БДУ (1954). З 1957 у БелТА, з 1962 у БДУ. Даследуе бел. дыялекталогію, стылістыку, культуру мовы, бел.-польск. моўнае ўзаемадзеянне. Аўтар прац «Беларускі правапіс» (1965), «Беларуская мова. Арфаграфія» (1972), адзін з аўтараў (з Е.С.Мяцельскай) «Слоўніка беларускай народнай фразеалогіі» (1972), вуч. дапаможнікаў «Беларуская дыялекталогія. Хрэстаматыя» (1979), «Беларуская мова» (2-е выд., 1993).
Тв.:
Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985;
Сучасная беларуская мова. 2 выд.Мн., 1995 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІРО́ЎКА, Алебастравы, Белы наліў,
раннялетні сорт яблыні народнай селекцыі. Пашыраны на Беларусі; на паўн. усходзе часта падмярзае.
Дрэва сярэднярослае з круглявай кронай. Пладаносіць пасля пасадкі на 4—5 на клонавых прышчэпах — на 2—3 год. Зімаўстойлівы. Плады сярэдняй велічыні, на маладых дрэвах буйныя, круглавата-канічныя, часам маюць шво (вострая падоўжная складка скуркі плода). Афарбоўка белавата-жоўтая з шэра-зялёнымі кропкамі. Скурка ўкрыта васковым налётам, гладкая, тонкая. Мякаць белая, рыхлая, далікатная, сакавітая, буйназярністая, кісла-салодкая, пры пераспяванні мучністая. Захоўваецца не болей як 2 тыдні.