ВЕЙЛЬ, Вайль (Weill) Курт (2.3.1900, г. Дэсаў, Германія — 3.4.1950), нямецкі кампазітар. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Берліне (1918), у 1921—24 у Ф.Бузоні. У 1919—20 у т-рах Дэсаў і Людэншайда. З канца 1920-х г. супрацоўнічаў з Б.Брэхтам. З 1933 у Вялікабрытаніі, з 1935 у ЗША. Вядомасць яму прынесла «Трохграшовая опера» з вершамі Брэхта (1928). Пісаў музыку для «брадвейскіх т-раў», надаў сацыяльнае гучанне жанру мюзікла. Стварыў новы тып сатыр. драмы з музыкай, выкарыстаўшы падкрэслена банальныя формы сучаснай лёгкай музыкі, элементы джаза і інш. Аўтар 19 муз.-сцэн. твораў, у т. л. опер «Шчаслівы канец» (1929), «Узнясенне і падзенне горада Махагоні» (1930), «Згублены ў зорках» (1949), мюзіклаў («Вулічнае здарэнне», 1947, і інш.), балета са спевамі «Сем смяротных грахоў» (1933), кантаты «Новы Арфей» (1925), Берлінскага рэквіема (1928), 2 сімфоній (1921, 1933), музыкі да кінафільмаў і інш. Зрабіў уплыў на творчасць П.Хіндэміта, Дж.Гершвіна, Б.Брытэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),
бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДЫ́ГІНА (Арыядна Барысаўна) (н. 2.3.1927, Мінск),
бел. вучоны-эстэтык, музычны крытык і педагог. Дачка Б.І.Ладыгіна. Д-рфілас.н. (1976). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950). Выкладала ў Саратаўскім муз. вучылішчы, Маскоўскай і Казанскай кансерваторыях. З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1963 у Бел. акадэміі музыкі (з 1978 праф.). Даследуе праблемы народнасці мастацтва, пераемнасць культур (пераважна на матэрыяле бел.музыкі), гісторыю бел.муз.т-ра. Выступае як муз.-тэатр. крытык.
Тв.:
Народнасць савецкага мастацтва і беларуская музыка. Мн., 1961;
Искусство и современность. Мн., 1964;
Искусство: Диалектика преемственности. Мн., 1979 (разам з В.В.Грыніным);
О преемственности в искусстве. М., 1982 (з ім жа);
Книга по эстетике для музыкантов. М.;
София, 1983 (у сааўт.);
Искусство в системе духовных ценностей общества. М., 1986 (разам з В.В.Грыніным);
Le caractére populaire de l’art socialiste // Actes du VIIe congrés International d’esthétique. Bucarest, 1977. T. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ Створаны ў 1932 як секстэт домраў з артыстаў аркестра рус.нар. інструментаў Бел. радыёкамітэта. У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, апрацоўкі фальклору народаў б.СССР. У 1935 удзельнічаў у першых запісах бел.музыкі на грампласцінкі (інстр. і вак. творы бел. кампазітараў, апрацоўкі бел.нар. песень у выкананні Л.Александроўскай, І.Балоціна, М.Дзянісава, Р.Млодак, В.Несцярэнкі, М.Пігулеўскага). Выступаў таксама з хорам Бел. радыё. У 1941—44 не працаваў. З 1971, пасля ўключэння ў ансамбль арфы, баяна, цымбалаў і ўдарных інструментаў, сучасная назва. Рэпертуар узбагачаецца за кошт пералажэнняў сусв. папулярнай музыкі розных кірункаў. Кіраўнікі: Г.Лабанок (з 1938), Г.Жыхараў (з 1946), Л.Смялкоўскі (з 1960), А.Халшчанкоў (1976—79), Я.Валасюк (1983—91), А.Арабей (з 1995). Сярод салістаў (1998): Г.Радзько, Т.Пячынская. В.Кучынскі, А.Золатава.
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1982.
Н.Я.Бунцэвіч.
Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭ́ТНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка, заснаваная на тэхн. апрацоўцы запісаных на стужку «натуральных», немузычных гукаў (гул цягніка, розныя шумы, шапаценне, крыкі, галасы птушак і інш.). Можа спалучацца з гукамі муз. інструментаў і пеўчых галасоў. Блізкая да электроннай музыкі, крайніх форм санарыстыкі (гл.Санорыка). У працэсе стварэння К.м. і яе запісу кампазітар з дапамогай сучасных тэхн. сродкаў (магнітафоны, сінтэзатары) здзяйсняе шматлікія аперацыі, якія забяспечваюць разнастайныя акустычныя эфекты. К.м. ўзнікла ў канцы 1940-х г. у Францыі. Яе стваральнік — П.Шэфер («Канцэрт шумоў», «Сюіта для 14 інструментаў», «Канцэрт двухсэнсавасцей»), паслядоўнікі — прадстаўнікі найб. радыкальнага крыла муз.авангарда П.Анры, П.Булез, А.Месіян, К.Штокгаўзен. Найб. пашырана пры муз. афармленні драм. спектакляў і кінафільмаў. Для дасягнення каларыстычнага эфекту часта выкарыстоўваецца ўключэнне «натуральных», «канкрэтных» гукаў у кантэкст тонавай музыкі (напр., запіс спеваў салаўя ў «Пініях Рыма» А.Рэспігі).
Літ.:
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБА́РА (Генадзь Іванавіч) (н. 18.5.1952, саўгас імя Леніна, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл.),
бел. кларнетыст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1970, клас У.Скараходава; у 1975—80 выкладаў у ім), Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975), асістэнтуру-стажыроўку пры ім (1981). З 1975 саліст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, з 1986 саліст-інструменталіст Бел. філармоніі, з 1991 артыст ансамбля салістаў «Класік-Авангард». З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1988). У сольных канцэртах выканаў анталогію камернай музыкі для кларнета з твораў класікі і сучасных кампазітараў, у т. л.бел., прысвечаных менавіта З. (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дамарацкага, К.Цесакова і інш.). Аўтар пералажэнняў для кларнета твораў Л.Бетховена, І.Брамса, К.Вебера, Р.Шумана, Ф.Шуберта і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў (1979, Мінск), міжнар. конкурсу «Пражская вясна» (1981). Сярод яго вучняў П.Навуменка, Г.Казадой, Я.Ягудзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРА́С,
расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.
Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар.арт. Расіі (1963). Нар.арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар.арт.СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф.арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІВО́ДА (Ігар Ігаравіч) (16.5.1950, г. Стэрлітамак, Башкортастан — 28.2.1996),
бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1974, клас Р.Шаршэўскага) і кампазіцыі (1988, клас Дз. Смольскага). У 1976—84 у вак.-інстр. ансамблі «Песняры», з 1988 у Дзярж. аркестры сімф. і эстр.музыкі Рэспублікі Беларусь. Працаваў пераважна ў галіне вак.-інстр.музыкі, дзе стварыў арыгінальны песенны стыль. Сярод твораў: кантата «Слова» на вершы сав. паэтаў (1987); Музыка для струнных і фп. (1984), Канцэрт для фп. з арк. (1986), Прэлюдыя і фуга для стр.арк. (1995); камерна-інстр.: 12 прэлюдый і Варыяцыі для фп. (1983), Саната для фп.; Таката для віяланчэлі і фп.; фантазія для ансамбля цымбал (1985), Скерца для актэта драўляных духавых (1995); поп-опера «Максім» на вершы М.Багдановіча (1991), опера-песня «Беларушчына» на вершы Я.Купалы (1992), цыклы песень «Матчын спеў» на вершы А.Куляшова (1993), «Нёман» на нар. словы (1995), песні на вершы Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Л.Пранчака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́ТАЎ (Велі) (Велімухамед; н. 5.5.1916, аул Багір, Туркменістан),
туркменскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў туркм.прафес.музыкі. Нар.арт.СССР (1965). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1951). У 1954—59 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Туркменістана. З 1972 выкладаў у Туркм.пед. ін-це (з 1982 праф.). Аўтар музыкіДзярж. гімна Туркменіі (1946). Значны яго ўклад у развіццё нац. опернага і сімф. жанраў. Сярод твораў: оперы «Паэт і суддзя» (паст. 1947), «Захрэ і Тахір» (паст. 1953, абедзве з А.Шапашнікавым), «Канец крывавага водападзелу» (паст. 1967), балет «Белая бавоўна» (паст. 1945; з А.Зноска-Бароўскім), араторыя «Мой Ашхабад» (1981); вак.-сімф. паэма (1970), кантаты, оды для салістаў, хору і арк. (1979, 1982, 1985); 3 сімфоніі (1974—85), «Туркменская сюіта» (1950), сімф. паэма «Мая Радзіма» (1951); 3 паэмы для арк.нар. інструментаў (1965—82), хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ФЕСТЫВА́ЛЬ БЕЛАРУ́СКАЙ ПЕ́СНІ І ПАЭ́ЗІІ рэспубліканскі фестываль бел.эстр. песні і паэзіі. Праводзіцца з 1993 штогод у г. Маладзечна Мінскай вобл.
(у 1995 адбыўся ў Мінску). Мае на мэце выяўленне таленавітых маладых спевакоў і інструменталістаў, кампазітараў і паэтаў. У праграмах фестывалю конкурсы маладых выканаўцаў, канцэрты сучаснай бел. песні, джаза, поп- і рок-музыкі. Сярод удзельнікаў: Дзярж. аркестр сімф. і эстр.музыкі (дырыжор М.Фінберг),
вак.-інстр., вак. і фальклорныя ансамблі «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Камерата», «Карусель-2», «Бяседа», «Раство», рок-гурты «Крама», «Мроя», «Новае неба», «Палац», «Уліс» і інш., вядучыя выканаўцы Беларусі, у т. л. В.Вуячыч, В.Дайнэка, Т.Раеўская, А.Ярмоленка і інш. У рамках фестывалю праводзяцца творчыя вечары бел. кампазітараў, сольныя канцэрты бел. спевакоў, аўтарскія вечары і творчыя сустрэчы з бел. пісьменнікамі. Прайшлі прэм’еры опер-песень І.Паліводы «Беларушчына» (на словы Я.Купалы) і «Матчын спеў» (паводле твораў А.Куляшова), канцэрты дзярж. акадэмічных нар. аркестра і нар. хору Беларусі.