аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў і інш.), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах; адна са стылістычных фігур. У некат. сваіх формах П. бывае блізкі да параўнання, але ў адрозненне ад яго не толькі супастаўляе з’явы, а выконвае і кампазіц. функцыю. Здаўна пашыраны ў вуснай нар. творчасці (быліны, песні, прымаўкі, прыказкі), засвоены пісьмовай л-рай (на ім у многім заснаваны паэт. стыль Бібліі).
Выдзяляюць П.: псіхалагічны (суаднясенне з’яў чалавечага жыцця са з’явамі прыроды): «Над ракою ў спакою // Зацвітала каліна; // У сяле за ракою // Вырастала дзяўчына; // Да зялёнай каліны // Прылятала зязюля; // Да дзяўчыны-каліны // Удаваўся Януля» (Я.Купала. «Над ракою ў спакою...»); сінтаксічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх радкоў); страфічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх строф); адмоўны (адмаўленне падкрэслівае не розніцу, а блізкасць асн. адзінак супастаўляемых з’яў, прадметаў): «Не лясы шумяць, // Не дубравы гамоняць, // Плача бацька, маці: // На паход, бач, звоняць» (М.Чарот «Атаман»). Па аналогіі са славесна-вобразным, або сінтакс., П. гавораць пра славесна-гукавы (алітэрацыя, рыфма), рытмічны (страфа і антыстрафа ў стараж.-грэч. лірыцы), кампазіцыйным (паралельныя сюжэтныя лініі ў рамане) П. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1791—93 паводле праекта арх. М.Львова. У ансамбль з царквой уваходзяць: 2-ярусная званіца з невял. вежачкай у завяршэнні, 2 гасп. пабудовы, будынак царк.-прыходскай школы. З паўд. боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. Царква — цагляны цэнтрычны крыжова-купальны храм. Асн. аб’ём у выглядзе роўнаканцовага крыжа, накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — сферычны гранёны купал на 8-гранным светлавым барабане, грані якога Прарэзаны вял. аконнымі праёмамі-люнетамі. Паміж канцамі крыжа нізкія аб’ёмы (у плане чвэрць круга), перакрытыя сегментамі купала. Фасады маюць сім. кампазіцыю, вырашаны аднолькава, завершаны развітымі антаблементамі. Уваходны партал вылучаны 2 паўкруглымі калонамі тасканскага ордэра і акном-люнетай. На сценах і скляпеннях захаваліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле маст. У.Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найб. цікавыя з іх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе), «Цябе Бога хвалім» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793—94 устаноўлены іканастас (не захаваўся). У 1980-я г. царква адрэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДАРАЎ (Аляксей Ануфрыевіч) (н. 6.6.1950, в. Кляны Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, драматург. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў акцёрам, заг.літ. часткі Бел.рэсп. тэатра юнага гледача (1976—79). З 1991 гал. рэдактар час. «Мастацтва». Друкуецца з 1973. Выдаў зб. апавяданняў «Святая птушка» (1979, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982). Па сцэнарыях Д. пастаўлены кароткаметражныя і маст. фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэн. варыяцыя па матывах паэмы М.Гусоўскага. Гіст. асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя. Пераклаў на бел. мову хроніку У.Шэкспіра «Рычард III». З 1992 старшыня Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі.
Тв.:
Дыялог: П’есы. Мн., 1987.
Літ.:
Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984. С. 59—64;
Сямёнава А. Слова сапраўднага лад. Мн., 1986. С. 116—131;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЗМ (ад грэч. patris айчына),
маральны і паліт. прынцып, змест якога — любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці. дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. У паліт. сэнсе — адданасць усяму, што звязана з суверэнітэтам сваёй дзяржавы, яе незалежнасцю і самастойнасцю, бездакорным выкананнем грамадзянскага абавязку. Паняцце «П.» вядома з глыбокай старажытнасці, сфармулявана ў антычныя часы. У бел. духоўнай культуры існуе з пачатку яе гісторыі і выяўлялася пераважна ў маст.-эстэтычнай форме, напр., у дзейнасці Ефрасінні Полацкай, творах Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Міколы Гусоўскага. Выразны характар П. маюць прадмовы і пасляслоўі Ф.Скарыны да яго перакладаў Бібліі. Патрыят. настроі найб. абуджаліся з нарастаннем нац.вызв. і адраджэнцкага руху на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., што асабліва выявілася ў маст. л-ры і публіцыстыцы (Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Асабліва яскрава П. праявіўся ў перыяд Вял.Айч. вайны, калі бел. народ паказваў масавы гераізм і самаахвярнасць пры абароне сваёй Радзімы. У СССР праводзілася ідэалогія агульнасав. П. з устаноўкай на росквіт і ўзаемнае ўзбагачэнне нац. культур. З распадам СССР, усталяваннем незалежнасці і дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала задача далейшага развіцця бел.нац. культуры і нац. самасвядомасці, адной з гал. частак якой з’яўляецца П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЛІ́ЧКА,
жанр фальклору, кароткае вуснае апавяданне пра незвычайныя падзеі, якія быццам адбыліся ў сапраўднасці. Звычайна расказвае пра сустрэчы (герой часта на падпітку або ў нейкім замарачэнні) з чортам, русалкамі, ваўкалакам, мерцвяком, чалавекам-пярэваратнем, ведзьмаю, зачараванымі скарбамі. Жанравыя вытокі былічкі — у міфал. уяўленнях, павер’ях, пашыраных ва ўмовах патрыярхальнага сял. побыту ўсх. славян і інш. народаў. Па стылі былічкі блізкія да казак, паданняў, легендаў. Былічка, якая часта не мае цэласнай сюжэтнай формы, часам трансфармуецца ў бывальшчыну. У выніку згасання традыц.нар. вераванняў былічкі ператвараюцца ў займальныя вусныя аповяды, блізкія да казак, анекдотаў, жартаў і гумарэсак. Шмат былічак сабралі М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі. Матывы былічак выкарыстоўвалі ў сваіх творах Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Ф.Багушэвіч («Палясоўшчык», «Дзядзіна»), Я.Колас («Страшнае спатканне»), Я.Купала, З.Бядуля і інш.бел. пісьменнікі.
Публ.:Federowski M. Lud białoruski. Т. 1—3. Kraków, 1897—1903; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.
Літ.:
Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;
Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;
Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973;
Зиновьев В.П. Быличка как жанр фольклора и ее современные судьбы // Мифологические рассказы русского населения Восточной Сибири. Новосибирск, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НЧЫК (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 1.8.1923, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1957—70 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1970 заг. кафедры бел. л-ры Гомельскага ун-та, з 1980 — Мінскага ун-та культуры. Даследуе праблемы народнасці л-ры, узаемадзеянне л-ры і фальклору, асновы бел. вершаскладання, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Глебкі і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў для студэнтаў пед. ін-таў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917—1940» (т. 1, 1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX — пачатак XX ст.» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985). У 1973—85 гал. рэдактар рэсп.навук.зб. «Беларуская літаратура».
Тв.:
Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;
Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969;
Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
«Сымон-музыка» Якуба Коласа і традыцыі фінскага эпасу // Бел. літаратура. Мн., 1982;
Вып. 10;
Классики белорусской литературы Янка Купала и Якуб Колас в контексте славянских культур // Славянские культуры и мировой культурный процесс. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),
польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.Абуховіч, Г.Леўчык, Я.Купала, Т.Гардзялкоўская, З.Верас, Я.Дыла, А.Вялюгін, С.Дзяргай і інш., прозу — Я.Брыль, В.Каваль.
Тв.:
Бел.пер. — Дым. Вільня, 1908;
Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;
Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;
Рус.пер. — Соч.Т. 1-4 Мн., 1959.
Літ.:
Пиотровская АГ. Творческий путь М.Конопницкой. М., 1962;
Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.