Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛАВЕ́Ц (Вячаслаў Генадзевіч) (н. 1.10.1959, г. Бійск Алтайскага краю, Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1982). З 1984 маст. рэдактар час. «Мастацтва». Працуе пераважна ў тэхніках акварэлі, пастэлі. Творам уласцівы лірызм, філас. падыход да адлюстравання рэчаіснасці, разнастайнасць выкарыстання тэхн. сродкаў і форм выяўлення ў спалучэнні з рэаліст. манерай выканання. Сярод твораў: серыі акварэляў «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (1982), «Бацькаўшчына» (1984—86), «Уражанні» (1991), «Дрэвы» (1992), «Матэрыя часу», «Рэальнасць нерэальнасці», «Рух падсвядомасці» (усе 1993), «Стварэнне літары» (1994), «Геаметрыя краявіду» (1997—99). «Мроі і ўспаміны» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАХО́ДНЯ»,
гісторыка-культурнае таварыства ў г. Гродна. Засн. 12.3.1986 як клуб па ініцыятыве супрацоўнікаў Ін-та біяхіміі АНБССР, з пач. 1991 — т-ва. Асн. задачы: вывучэнне гіст. падзей, жыцця і творчасці выдатных прадстаўнікоў мінулага Гродзеншчыны, помнікаў архітэктуры краю, удзел у паходах па выдатных мясцінах Беларусі, арганізацыя сустрэч са знакамітымі суайчыннікамі, прапаганда бел. звычаяў і традыцый, музыкі, л-ры, фальклору, бел. мовы. Члены т-ва ўдзельнічаюць у археал. раскопках, суботніках па аднаўленні і добраўпарадкаванні гіст. мясцін горада і вобласці і інш. У 1990 пры «П.» створана скаўцкая суполка, у 1991 — хор царк. песні «Бацькаўшчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХАРЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (16.7.1938, с. Шадрына Казульскага р-на Краснаярскага краю, Расія — 5.2.1992),
бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-ртэхн.н. (1979), праф. (1980). Скончыў Артыл. радыётэхн. акадэмію ў Харкаве (1960). З 1963 у Мінскім вышэйшым ваенным інж. вучылішчы (з 1976 нач. кафедры). Навук. працы па тэарэт. асновах кіравання надзейнасцю і якасцю складаных радыётэхн. сістэм, распрацоўцы фізіка-стат. мадэлей парушэння ў работаздольнасці элементаў электроннай тэхнікі.
Тв.:
Учет априорной информации при оценке надежности. Мн., 1979 (разам з У.Ф.Голікавым);
Обеспечение безотказности микроэлектронной радиоаппаратуры на этапе производства. Мн., 1989 (разам з І.Я.Ліцвінскім, А.М.Смірновым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́НЦЫП (Гаўрыла) (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),
удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл.Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛЯКО́Ў (Васіль Пятровіч) (17.3.1921, г. Будзёнаўск Стаўрапольскага краю, Расія — 6.12.1991),
рускі пісьменнік. Канд.філал.н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1950. Трылогія «Апошняя вайна» («Адзін з нас», 1962; «Апошняя вайна», кн. 1—2, 1972—73; «Раніца», 1985) пра пакаленне моладзі Вял.Айч. вайны. Аповесць «Звычайная гісторыя» (1962), раман «Віцечка» (1981) пра сучасную моладзь. Аўтар раманаў «Ад вясны да вясны» (1966), «З чырвонага радка» (1979), апавяданняў, кн. нарысаў «Пра жыццё на зямлі» (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ННЕ,
жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.Міровіча «Машэка» Р.Пукст напісаў оперу «Машэка».
Публ.:
Легенды і паданні. Мн., 1983;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.
Літ.:
Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;
Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЭ́ЙЦ (Станіслаў Станіслававіч) (літ. псеўданім Арліцкі; 25.8.1836, г. Арол ?, Расія — пасля 1918),
бел. і рус. журналіст, мемуарыст, белетрыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1856), быў вольным слухачом Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Служыў у Магілёве ў палаце дзярж. маёмасцяў, уваходзіў у гурток перадавой моладзі. Дасылаў заметкі ў пецярб.час. «Искра» і «Экономический указатель». Рэдакцыя «Современника» ўхваліла яго праект выдання ў Магілёве час. «Белорусский вестник» (не выходзіў). Удзельнік паўстання 1863—64. З 1868 у Пецярбургу. Выдаваў час. «Дешевая библиотека», «Всемирный труд», «Луч» і інш. У рамане «Апошнія язычнікі» (1871—72), кн. «Старасвецкія памешчыкі. Нарысы Заходняга краю» (1885), мемуарах расказвае пра Беларусь 1850—60-х г., паўстанне 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́Ф’ЕЎ (Віктар Пятровіч) (н.1.5.1924, г.п. Аўсянка Краснаярскага краю, Расія),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1989). Друкуецца з 1951. У псіхал. аповесцях пра вайну і сучасную сібірскую вёску «Крадзеж» (1966), «Пастух і пастушка» (1971), у цыкле аўтабіягр. апавяданняў і аповесцяў «Недзе грыміць вайна» (1967), «Апошні паклон» (кн. 1—2, 1968—78), узнімае тэму процістаяння духоўнаму і маральнаму распаду. Раман «Цар-рыба» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978) пра пагрозу знішчэння рус. прыроды. У рамане «Сумны дэтэктыў» (1986) аналізуе духоўны і сацыяльны стан сучаснага грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.