ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРМІ́СТРАЎСКА-РАДЗЕ́ЦКІ СУД,

мясцовы суд для гараджан у ВКЛ у 14—18 ст. Дзейнічаў адначасова з войтаўска-лаўніцкім судом у гарадах, якія атрымалі прывілей на магдэбургскае права. У склад суда ўваходзілі бурмістры і радцы, колькасць якіх залежала ад памераў горада. Суд разглядаў пераважна нязначныя правапарушэнні мяшчан, цяжбы купцоў і рамеснікаў.

Т.​І.​Доўнар.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЗАРЭ БЕ́РАГ (Banzare Coast),

частка ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда), паміж 122° і 130° усх. даўгаты. Ледавіковы схіл з рэдкімі выхадамі скальных пародаў. Антарктычныя аазісы Бангера і Грырсана. Вывадныя ледавікі (у сярэдняй частцы шэльфавы ледавік Ваейкава). Вял. колькасць айсбергаў. Адкрыты ў 1931 Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай даследчай экспедыцыяй, у гонар якой (у скарачэнні) названы.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБІ́ЙСКІ АЛТА́Й,

горы на Пд Манголіі, паўд.-ўсх. працяг Мангольскага Алтая. Даўж. каля 500 км. Вял. колькасць ізаляваных хрыбтоў і масіваў выш. 1500—2500 м (найвыш. 3957 м, г. Іхбагда-Ула). Складзены з гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Катастрафічныя землетрасенні ў 1957 і 1958. Горны стэп, паўпустыні і пустыні. Рэзерват Елын-ам (хр. Гурван-Сайхан).

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЕ́РАНАЯ АСО́БА,

у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД, асоба якая ў перыяд выбараў у прадстаўнічыя органы ўлады ці кіраўніка дзяржавы знаёміць выбаршчыкаў з кандыдатам на выбарную пасаду і агітуе за яго выбранне. Колькасць давераных асоб ад кандыдатаў на выбарныя пасады вызначаецца заканадаўствам аб выбарах. Давераная асоба не можа ўваходзіць у склад выбарчай камісіі.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ТАЧНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

асобы, якія пажыццёва выконвалі ваенную дзярж. павіннасць на Русі ў канцы 15—17 ст. Выстаўляліся ад гар. і сельскага цяглага насельніцтва. Колькасць Д.л. у арміі была значная (у час паходу на Полацк 1563 іх было 80 тыс.). У сярэдзіне 17 ст. Д.л. ў складзе палкоў новага строю. З 1705 заменены рэкрутамі.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НЦЫ (саманазва італьяні),

народ, асн. насельніцтва Італіі (54,35 млн. чал.). Агульная колькасць 66,5 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў ЗША (8,5 млн. чал.), Аргенціне (1,35 млн. чал.), Францыі (1,1 млн. чал.), Канадзе, Аўстраліі, Бразіліі і інш. Этнаграфічныя групы: венецыянцы, п’емонтцы, тасканцы, ламбардцы, лігурыйцы, калабрыйцы, сіцылійцы і інш. Гавораць на італьянскай мове. Вернікі пераважна католікі.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЦЭНО́З (ад грэч. kata уніз + koinos агульны),

заключная стадыя дыгрэсіі біятычнага згуртавання, пасля якой настае яго поўнае знікненне (напр., пасля працяглага затаплення, засалення і інш.). Для К. характэрна малая колькасць відаў, што захаваліся ў пэўным згуртаванні, і дэградацыя біятычнага асяроддзя (напр., дэградацыя пашы пры парушэннях пашазвароту, якія могуць прывесці да яе поўнага знішчэння).

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРГІ́ЗЫ (саманазва кыргыз),

народ, асн. насельніцтва Кыргызстана (2,23 млн. чал.). Агульная колькасць 2,7 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (175 тыс. чал.), у Кітаі (150 тыс. чал.), Таджыкістане (64 тыс. чал.), Расіі (42 тыс. чал.), Афганістане (20 тыс. чал.), Казахстане (14 тыс. чал.; 1987). Гавораць на кіргізскай мове. Вернікі мусульмане-суніты.

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)