ДЖЭРО́М ((Jerome) Джэром Клапка) (2.5.1859, г. Уолсал, Вялікабрытанія — 14.6.1927),
англійскі пісьменнік. Працаваў клеркам, акцёрам, рэпарцёрам, настаўнікам і інш. З 1892 цалкам прысвяціў сябе літ. дзейнасці. Першы зб. гумарыстычных замалёвак «На сцэне і за кулісамі» (1885). Наступная кніга «Пустыя думкі пустога чалавека» (1886). Сапраўдную папулярнасць Дж. прынесла кн. «Трое ў лодцы, не лічачы сабакі» (1889). Аўтар кніг «Дзённік аднаго паломніцтва», «Гісторыі, расказаныя пасля вячэры» (абедзве 189)), «Трое на веласіпедзе» (1900), «Назіранні Генры» (1901), аўтабіягр. рамана «Пол Келвер» (1902), рамана «Томі і К°» (1904) і інш., п’ес (найб. вядомая «Жыхар з чацвёртага паверха», 1907). Перавагу аддаваў 2 жанравым формам — гумарыстычнаму эсэ і «падарожжу», у якіх гал. герой — чалавек энергічны і непахісны аптыміст — пастаянна апынаўся ў камічна-абсурдных сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́Б ((Jacob) Макс) (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),
французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, у прыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў у фаш. канцлагеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ АЎРА́МІЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,
помнік стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Напісаны каля 1240 манахам Селішчанскага манастыра (каля Смаленска) Яфрэмам у жанры аповесці старажытнарускай. Найб. раннія спісы пач. 16 ст.
Аўтар — паплечнік Аўрамія — апісвае яго жыццё ад нараджэння ў багатай сям’і ў Смаленску і да скону. Пасля смерці бацькоў Аўрамій раздаў сваю маёмасць бедным і стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе кніжнікаў, перапісваў і пашыраў кнігі. Яго высокая адукаванасць, талент прапаведніка выклікалі зайздрасць мясц. духавенства, манахаў, гарадскіх улад. Аўрамій цярпеў здзекі. І ўсё ж стаў агульнапрызнаным.
У «Жыціі...» створаны новы тып хрысц. героя, які канфліктуе не з язычнікамі, а з адзінаверцамі, якія адмоўна ставяцца да інтэлектуальна вышэйшай за іх асобы. Паказана і грамадскае жыццё Смаленска — культ. цэнтра, звязанага з гісторыяй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛО́БІН (Сцяпан Паўлавіч) (24.11.1903, Масква — 15.9.1965),
рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Я.Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1980—81;
Бел.пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.
Літ.:
Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.
амерыканскі пісьменнік. У 1815—32 жыў у Еўропе, быў выдаўцом, дыпламата.м, амер. паслом у Мадрыдзе. І. — першы амер. пісьменнік, які заваяваў еўрап. прызнанне. Гіст. хроніка «Гісторыя Нью-Йорка» (1809) — пародыя, вострая сатыра на амерыканцаў і тагачаснае жыццё Нью-Йорка. «Кніга эскізаў» (1819—20) і «Брэйсбрыдж-хол» (1822) сталі першымі творамі амер. рамантызму, для якіх характэрна іранічная трактоўка традыц.рамант. сюжэтаў, цікавасць не так да гіст. падзей, як да іх уплыву на нар. жыццё. Стварыў новы жанр тыповага амер. «кароткага апавядання» (зб-кі «Апавяданні падарожніка», 1824; «Альгамбра», 1832). Аўтар біягр. кніг пра Калумба (1828), англ. пісьменніка О.Голдсміта (1840), Дж.Вашынгтона (1855—59).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЮКО́ЎШЧЫНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 35 2, Лясны лагер) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў ліп. 1941 каля в. Масюкоўшчына Мінскага р-на для масавага знішчэння сав. ваеннапалонных і насельніцтва; пасля вер. 1943 (выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі) сюды прывозілі італьян. салдат. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыг. станцыях Беларусі. Лагер быў абгароджаны калючым дротам, вязні размяшчаліся ў летніх бараках і паўразбураных памяшканнях. За суткі вязень атрымліваў 100—200 г эрзацхлеба і 1/3л баланды; існавала суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. Да 3.7.1944 тут загублена больш за 80 тыс.чал. На месцы масавых пахаванняў вязняў помнік-манумент з вечным агнём і ратонда, у якой зберагаецца кніга з выяўленымі прозвішчамі ахвяр (больш за 9 тыс.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.Віхерта) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСКО́Ў (Васіль Міхайлавіч) (н. 14.3.1930, с. Арлова Новаусманскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, журналіст. З 1953 на журналісцкай працы. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Нататкі фотарэпарцёра» (1960), «Крокі па расе» (1963; Ленінская прэмія 1964), «Белыя сны» (1965), «Падарожжа з маладым месяцам» (1969), «Па дарогах Амерыкі» (1973, з Б.Стрэльнікавым), «Прасёлкі» (1988) і інш.Кнігадакумент. нарысаў «Чакайце нас, зоркі!» (1963; з М.Рабровым) пра лётчыкаў-касманаўтаў В.Церашкову і В.Быкоўскага. Пра сям’ю пустэльнікаў-старавераў дакумент. аповесць «Таежны тупік» (1990). Аўтар кн. «Вайна і людзі» (1970). Самабытна піша пра прыроду (цыклы нарысаў «Акно ў прыроду», «Прасёлкі»), выступае ў яе абарону. Многія кнігі П. праілюстраваны яго фотаработамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧА́НКА Васіль Максімавіч, бел. гравёр па дрэве канца 17 — 1-й пал. 18 ст.; прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Сын М.Я.Вашчанкі. Працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні (1694—1730). Большасць твораў звязана з кніжнай графікай. Выканаў ксілаграфіі: загалоўныя лісты ў кнігах «Дыёптра» (1698); «Неба новае» І.Галятоўскага, «Перла мнагацэннае» К.Т.Стаўравецкага (абодва 1699), «Кніга жыцій святых» Дз.Растоўскага (1702, загаловачны ліст з відам на Магілёў); лісты «Іаан Дамаскін», «Нараджэнне Хрыста» для «Асмагласніка» І.Дамаскіна (1730), антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 (з Богаяўленскага манастыра ў Полацку). Яго гравюры вылучаюцца па-майстэрску пабудаванай кампазіцыяй, сялянскім тыпажам, дасканаласцю пластычнага малюнка, выразнасцю контурнай лініі.
Літ.:
Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач. XVIII ст.Мн., 1925;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968.
В.Ф.Шматаў.
В.М.Вашчанка. Ілюстрацыя да «Кнігі жыцій святых». Ксілаграфія. 1702.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».