БЛО́ЖА ((Blože) Вітаўтас) (н. 9.2.1930, в. Байсагале Радвілішкскага р-на, Літва),

літоўскі паэт. Друкуецца з 1949. Аўтар паэтычных зб-каў «Сем касцоў» (1961), «З маўклівай зямлі» (1966), «Кветкі зямлі» (1971), «Поліфаніі» (1981), «Людзі» (1984), «Накцюрны» (1990) і інш. Галоўная тэматыка — дэфармацыя свету 2-й пал. 20 ст. і драматызм жыцця чалавека. На літ. мову пераклаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Глебкі, А.​Куляшова, А.​Зарыцкага і інш. бел. пісьменнікаў (у кн. «З беларускай паэзіі», 1952, і «Па Нёману песня плыве», 1958). На бел. мову творы Бложа пераклаў Р.​Барадулін (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. 2, 1977).

А.​Лапінскене.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГЕ́Р (Маргарыта Іосіфаўна) (7.10.1915, г. Адэса — 1.8.1992),

рус. паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя Горкага (1934—37). Першы зб. «Год нараджэння» (1938). Вершы і паэмы часоў Вял. Айч. вайны склалі кнігі «Памяці храбрых» (1942), «Лірыка» (1943), «Вершы і паэмы» (1944); за паэму «Зоя» Дзярж. прэмія СССР 1943. Аўтар зб-каў «Ленінскія горы» (1953), «Сіні час» (1970), «Чвэрць стагоддзя» (1981), кніг нарысаў «Вяртанне ў Чылі» (1966); успамінаў «Сцяжынка ў жыце. Пра паэзію і паэтаў» (1980). Асаблівасці паэзіі Алігер: строгасць верша і думкі, увага да духоўнага свету чалавека, жывыя размоўныя інтанацыі. Выдала кн. перакладаў «Вялізны свет» (1968).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́З НЕСІ́Н (Aziz Nesin; сапр. Нусрэт Махмуд; н. 20.12.1915, г. Стамбул),

турэцкі пісьменнік. Заснавальнік жанру паліт. сатыры ў тур. л-ры. Аўтар зб-каў апавяданняў «Слон па мянушцы Хамдзі» (1955), «Вар’яты на волі» (1957), «Няхай жыве Айчына» (1975), «Вітаю цябе, маё сямідзесяцігоддзе» (1984), раманаў «Кароль футбола» (1957), «Зюбюк» (1961), зб. казак «У некаторым царстве» (1958), п’ес з філас.-этычнай праблематыкай «Ідзіце сюды!» (1962), «Дуэт адной жанчыны» (1979) і інш. Творы адметныя вострай сац.-паліт. праблематыкай; спалучаюць іншасказанні, супастаўленні, камічнае пераасэнсаванне з гіпербалізацыяй і гратэскам. Шырокую вядомасць набыў пасля прысуджэння італьян. літ. прэміі «Залатая пальмавая галіна» (1956, 1957).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1985.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАШЫ́ДЗЕ (Іраклій Вісарыёнавіч) (23.11.1909, г. Хоні, Грузія — 13.1. 1992),

грузінскі паэт. Акад. АН Грузіі (1960). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Тбіліскі ун-т (1931). У 1966—92 гал. рэдактар Груз. Энцыклапедыі. Асн. тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зб-каў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш.​Руставелі 1966), літ.-крыт. артыкулаў (зб. «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кн. «Па дарогах Індыі» Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1972.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЧКАВІЧ ((Бећковић) Мація) (н. 29.11.1939, г. Сента, Сербія),

сербскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1985). Адзін з самых прыкметных майстроў слова пасляваен. пакалення. Аўтар паэт. зб-каў «Вера Паўладольска» (1962), «Аблудная куля» (1963), «Так казаў Мація» (1965), «Кажа мне адзін чалавек» (1970), «Мяжа Вука Шалёнага» (1976), «Вой і куку» (1978), «Два светы» (1980), «Паэмы» (1983), «Богаяўленне» (1985), кн. публіцыстыкі «Пра міжчассе» (1969). На бел. мову яго вершы перакладалі Н.​Гілевіч, М.​Мятліцкі, І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — у кн.: Поэзия современной Югославии. М., 1981.

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БАР ((Gábor) Андар) (24.1.1884, в. Уйнеп, Венгрыя — 20.1.1953),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. У 1920—50 у эміграцыі, у 1933—45 у СССР. Літ. дзейнасць пачаў у 1900. Аўтар зб-каў вершаў «Арговань» (1920), «Таму што ганьба жыць і не заклікаць» (1923), рамана «Доктар Ніхто» (т. 1—2, 1946), сатыр. п’есак і фельетонаў («Пешцкія рыданні. Кніга пра вялікі горад», 1912) і інш. Пераклаў на венг. мову бел. нар. песні «Маё жаданне», «З-за лесу сонца ўсходзіць...», вершы Я.​Купалы «Абвілася краіна...», «А хто там ідзе?», «Выйдзі...», «Выпраўляла маці сына», «Хвалююцца морскія хвалі...», «Гэй наперад!» і інш. Аўтар арт. «Янка Купала, беларускі паэт» (1941).

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАРА́ ((Gamarra) П’ер) (н. 10.7.1919, г. Тулуза, Францыя),

французскі пісьменнік. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам час. «Europe» («Еўропа»). Аўтар зб-каў вершаў «Спроба заклеймаваць» (1944), «Песня любові» (1959) і апавяданняў «Людскія рукі» (1953), «Любоў ганчара» (1957), «Сады Алаха» (1961), раманаў «Вогненны дом» (1948), «Дзеці галечы» (1950), «Школьны настаўнік» (1955), «Забойцу — Ганкураўская прэмія», «Капітан Вясна» (абодва 1963), «Таямніцы Тулузы» (1967), «Золата і кроў» (1971), «Дванаццаць тон дыяментаў» (1978) і інш., маст. біяграфіі «Віктор Гюго» (1974). На бел. мову творы Гамара перакладаў Л.​Казыра.

Тв.:

Бел. пер. — Любоў ганчара // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Читая и перечитывая. М., 1985;

Убийце — Гонкуровская премия. М., 1992.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМДЗІ́НАЎ (Мікалай Гармаевіч) (н. 6.1.1932, улус Угнасай, Бурація, Рас. Федэрацыя),

бурацкі пісьменнік. Нар. паэт Бураціі (1973). Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1957). Аўтар паэт. зб-каў «Баргузін» (1955), «Чатыры небы» (1963), «Красавік» (1973, за 2 апошнія Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Горкага 1975), «На гэтай планеце» (1979), п’ес «Даўняя справа» (1967—68), «Даржы Банзараў» (1969), «Кавалі перамогі» (1971), «Кальцо дзекабрыста» (1979 у вершах), кінааповесці «Пара таежнай пралескі» (1958), кніг літ.-крытычных артыкулаў. Паэзіі Д. ўласцівы эмацыянальная адкрытасць, інтэлектуальнасць, гуманізм і гіст. аптымізм.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981.

Літ.:

Очирова Т.Н. Николай Дамдинов: Лит. портрет. М., 1980.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІНА́ (Наталля Іосіфаўна) (19.5.1914, г. С.-Пецярбург — 19 1.1994),

руская пісьменніца. У 1920 з бацькамі эмігрыравала, з 1936 у Шанхаі. У 1947 рэпатрыіравалася ў СССР. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага (1953). Аўтар кн. фельетонаў «Іншымі вачыма. Нарысы шанхайскага жыцця» (1946), зб-каў літ. фельетонаў і пародый «Увага: небяспека!» (1960), «Не трэба авацый!» (1964), «Нешта тут не клеіцца» (1968), «Табло, што свеціцца» (1974), аўтабіягр. рамана «Вяртанне» (кн. 1—2, 1957—65; пра лёс рус. эмігрантаў у Кітаі), кніг успамінаў «Лёсы. З даўніх сустрэч» (1980), «Дарогі: Аўтабіяграфічная проза» (1983), «Сустрэчы» (1987) і інш.

Тв.:

Белогорская крепость: Сатирическая проза, 1955—1985. М. 1989.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЫ́ГІ ((lõgi) Олеў Адавіч) (9.1.1919, в. Веске на в-ве Саарэмаа, Эстонія — 27.1.1989),

эстонскі літ.-знавец, перакладчык. Засл. пісьменнік Эстоніі (1978). Скончыў Тартускі ун-т (1956). Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Літаратурныя каардынаты» (1963), «Зыб на вадзе» (1973), «Барозны і цені» (1975, Літ. прэмія імя Ю.​Смуула 1976). Перакладаў з бел., рус. і польск. моў. Удзельнічаў у выданні на эст. мове выбр. вершаў Я.​Купалы (1966), Я.​Коласа (1968). Пераклаў на эст. мову зб. апавяданняў «Сірочы хлеб», аповесць «Апошняя сустрэча» Я.​Брыля, аповесць «Трэцяя ракета» В.​Быкава, раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І.​Мележа, трылогію «На ростанях» Я.​Коласа. Літ. прэмія Эстоніі 1971.

т. 7, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)