ПАМЕРА́НІЯ (лац. Pomerania, ням. Pommern ад скажонага польскага Pomorze Памор’е),
сярэдневяковае герцагства (1170—1648) у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі», створанае на месцы германізаванага слав. княства памаран. Займала ўзбярэжжа Балтыйскага м. на У і на З ад р. Одэр (Одра). Паводле Вестфальскага міру 1648зах.ч. П. адышла да Швецыі, усх. — да Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўстваПрусія), якая ў 1679, 1720 і 1815 авалодала ўсёй П. Былое герцагства склала асн.ч. прускай прав. П. з цэнтрам у г. Штэцін (цяпер Шчэцін у Польшчы). Паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945б.ч. П. з г. Шчэцін адышла да Польшчы (гл.Памор’е), астатняя, на З ад р. Одэр, засталася ў складзе Германіі (цяпер ч. зямлі Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШТА́ЦКІ МІР 1714,
мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч.ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ СМЕ́ЛЫ (Charles le Téméraire; 10.11.1433, г. Дыжон, Францыя — 5.1.1477),
герцаг Бургундыі [1467—77]. Сын бургундскага герцага Філіпа III Добрага (правіў у 1419—67). Выступаў супраць цэнтралізатарскай палітыкі франц. караля Людовіка XI, дамогся ад яго вяртання пад сваю ўладу гарадоў па р. Сома (1465), імкнуўся стварыць самаст. бургундска-нідэрл.каралеўства, дзеля чаго заваяваў Латарынгію (1475) і інш. землі. Жанаты з Маргарытай Йоркскай (з 1468), дапамог Эдуарду IV вярнуць англ. прастол (1471). Цэнтралізаваў фінансы і войска, ваяваў з Францыяй (1470—75, з перапынкамі), кёльнскім епіскапствам (аблога г. Нейс у 1474—75) і створанай Людовікам XI аўстра-латарынгска-швейц. кааліцыяй (т. Ж бургундскія войны 1476—77): загінуў у час аблогі г. Нансі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ ((Lenski) Юльян) (сапр. Ляшчынскі; 8.1.1889, г. Плоцк, Польшча — 20.8.1939),
дзеяч польскага і міжнар. рабочага руху. Вучыўся ў Ягелонскім (Кракаўскім) ун-це (1909—12). З 1905 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар ВРК, пазней камісар па польскіх справах у Наркамнацы. Са снеж. 1918 у Мінску, адзін з арганізатараў і рэдактар газ. «Młot» («Молат»). У 1919 нар. камісар асветы Літ.-Бел. ССР, чл.ЦК КП(б) Літвы і Беларусі. У 1920 чл. Польскага бюро пры ЦК РКП(б). З 1925 чл.ЦК і Палітбюро ЦК Кампартыі Польшчы (КПП). Удзельнік I (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ. У 1929—37 ген. сакратар КПП, чл. Прэзідыума Выканкома Камінтэрна. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЛОТ»
(«Młot», «Молат»),
масава-палітычная газета, орган ЦК КП(б) Беларусі. Выдавалася з 18.12.1918 да 7.3.1926 на польск. мове, напачатку ў Мінску, з № 41 1919 у Вільні, з № 84 1919 у Мінску, а № 150 1919—20 у Смаленску; з 25.2.1920 да 20.2.1921 не выходзіла. Спачатку «М.» — орган ЦВК груп Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), з 30.12.1918 — орган ЦВК груп Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП) у Расіі, з 23.2.1919 — орган ЦВК КПРП і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, з 9.3.1921 — орган Польск. бюро пры Цэнтр. бюро КП(б) Беларусі, з лют. 1924 — орган Польск. бюро пры Часовым Бел. бюро ЦК РКП(б), з 3.4.1924 да 17.5.1924 — орган Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), Асвятляла пытанні грамадска-паліт. жыцця Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ППС-ЛЯВІ́ЦА, Польская сацыялістычная партыя-лявіца (PPS-Lewica, Polska Partia Socjalistyczna-Lewica),
рабочая партыя ў Каралеўстве Польскім у 1906—18. Утворана на 9-м з’ездзе (ліст. 1906) Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) у выніку разрыву левай большасці (М.Бялецкі, В.Костшэва, Ф.Кон і інш.) з прыхільнікамі Ю.Пілсудскага. У 1908—10 дзейнічала гал. чынам праз легальныя прафсаюзныя, культ.-асв. і інш. арг-цыі. У 1-ю сусв. вайну стаяла на пазіцыях рэв. інтэрнацыяналізму, прымала ўдзел у Цымервальдскай канферэнцыі (1915) і Кінтальскай канферэнцыі (1916), вітала Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. 16.12.1918 аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы у Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы).
Літ.:
Краткая история Польши. М., 1993. С. 202—204, 238, 246—248.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1387,
першы агульназемскі заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Ягайлам у Вільні 20.2.1387 пасля заключэння Крэўскай уніі 1385. Зацвярджаў феад. правы баяр, якія прынялі і прымалі хрышчэнне паводле каталіцкага абраду ў час хрысціянізацыі язычніцкай Літвы. П. гарантаваў такім баярам поўную ўласнасць на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі. Правы баяр-католікаў прыраўноўваліся да правоў шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы. Маёнткі і насельніцтва баяр вызваляліся ад розных работ на карысць дзяржавы, за выключэннем буд-ва і рамонту дзярж. замкаў. П. захаваў феад. павіннасць баяр выходзіць у вайсковы паход за свой кошт. Паліт. мэтай П. было з’яднаць вакол вял. князя літ. баяр у барацьбе з незалежніцкімі тэндэнцыямі літ. і бел. феадалаў ВКЛ. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦ II (Rákóczi Ferenc; 27.3.1676, г. Борша, Румынія — 8.4.1735),
князь Трансільваніі [1704—11], рэгент Венгрыі [1705—11], кіраўнік вызв. антыгабсбургскага Ракацы Ферэнца II руху 1703—11. Сын князя Трансільваніі Ферэнца I Ракацы [1652—76], пасынак І.Цёкёя. У 1688—97 змушаны Габсбургамі жыць у Чэхіі і Германіі, вучыўся ў Пражскім ун-це і ў Італіі. З 1701 зняволены Габсбургамі ў крэпасці пад Венай. У 1703 уцёк у Польшчу і ўзначаліў ваен.-паліт. рух за вызваленне Венг.каралеўства ад габсбургскага панавання. У ліп. 1704 выбраны трансільванскім князем. У 1705 скліканы ім Дзярж. сход абвясціў Р. «правячым князем» Венгрыі. Пасля паражэння вызв. вайны не прызнаў Сатмарскі мір 1711 і эмігрыраваў у Францыю, потым у Турцыю, дзе і памёр. Аўтар успамінаў пра вызв. вайну 1703—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НЬЯ (Romagna),
гістарычная вобласць на Пн Італіі. Як Р. вядома з 6 ст., калі так называлі візант. ўладанні ў Італіі. З 8 ст. пад уладай лангабардаў, потым рым. пап. З 962 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1278 імператары прызналі сюзерэнітэт папства над Р., аднак папская ўлада ўмацавалася тут толькі ў 16 ст. У 1796 акупіравана франц. войскамі, уваходзіла ў Цыспаданскую, з 1797 у Цызальпінскую рэспублікі, потым у інш.дзярж. ўтварэнні часоў франц. ўладарання ў Італіі. У 1815—59 зноў у Папскай дзяржаве (апрача 1831, калі Р. ўваходзіла ў Аб’яднаныя італьян. правінцыі). У 1860 у выніку рэферэндуму 1859 увайшла ў склад Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. Паводле канстытуцыі Італьян. рэспублікі 1947 тэр. Р. ўключана ў адм. вобласць Эмілія-Раманья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв.Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.