Такое раянаванне выконваюць па назіраемых гравітацыйных і магнітных анамальных палях або паводле комплексу геафізічных характарыстык для вырашэння тэктанічных задач. У 1937 рас. вучоны А.Дз.Архангельскі з групай геафізікаў устанавіў, што ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы, у т. л.тэр. Беларусі, распасціранне восей лінейных магнітных анамалій пераважна адпавядае напрамкам пашырэння метамарфічных тоўшчаў на ўзроўні дакембрыйскага эразійнага зрэзу, а буйныя блокі характарызуюцца аднароднай структурай магнітнага поля. Пазней таксама было высветлена, што разломы ў зямной кары прымеркаваны да ланцужкоў гравітацыйных і магнітных анамалій, да месцаў рэзкага зруху ізаліній геафізічных палёў, «зразання» аднаго поля другім, да градыентных палос і інш. Гэтыя заканамернасці выкарыстоўваюць пры геафізічным раянаванні і цяпер.
Геафізічнае раянаванне тэр. Беларусі паводле тыпаў зямной кары праведзена ў 1986 (удакладнена ў 2003) творчым калектывам у складзе Г.І.Каратаева (Інстытут геалагічных навук Нац.АН Беларусі), І.У.Данкевіча (Геафізічная экспедыцыя РУП «Белгеалогія») і І.К.Пашкевіч (Інстытут геафізікі Нац.АН Украіны). Напачатку на падставе аналізу комплексу геафізічных і геалагічных даных на тэр. Украінскага шчыта і суседніх абласцей была распрацавана паслядоўнасць тыпаў глыбіннай будовы зямной кары, якія адзначаліся пэўнымі прыкметамі геафізічных палёў; паводле комплексу гэтых прыкмет на тэр. Беларусі былі вылучаны геафізічныя тыпы глыбіннай будовы зямной кары, паводле якіх праведзена раянаванне. Паслядоўнасць геафізічных тыпаў будовы зямной кары ўключае 5 галоўных тыпаў A→B→C→D→E і 2 пазасістэмныя тыпы F і G.
Тып A характарызуецца параметрамі: магутнасць ніжняга слоя (b) значна большая за магутнасць сярэдняга (d) і верхняга (g) слаёў, b>>d, b>>g; магутнасць зямной кары большая за 55 км; паверхня Моха ўтварае вялікую ўпадзіну з амплітудай каля 15 км; высокая намагнічанасць рэчыва ніжняй часткі зямной кары больш за 4,5 А/м, шчыльнасць 2,95—3,05 г/см³. У магнітным полі назіраецца рэгіянальная інтэнсіўная дадатная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна дадатнае, насычана дробнымі анамаліямі рознай, зрэдку аднолькавай арыентацыі. Гравітацыйнае поле характарызуецца рэгіянальнымі інтэнсіўнымі дадатнымі або адмоўнымі анамаліямі, лакальнае — рознаарыентаванымі, радзей лінейнымі дадатнымі ці адмоўнымі анамаліямі. Аналагі — Гайсінскі і Вінніцкі блокі Украінскага шчыта.
Тып B: b>d, b>g; магутнасць зямной кары каля 55 км; паверхня Моха ўтварае ўпадзіну з амплітудай каля 10—12 км з горстападобнай лакальнай структурай у цэнтральнай частцы; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй частцы кары каля 4 А/м, шчыльнасць 3—3,15 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная дадатная анамалія ўмеранай інтэнсіўнасці, лакальнае поле рэзка дыферэнцыравана, пераважна дадатнае; гравітацыйнае рэгіянальнае поле расплывістае, лакальныя анамаліі рознай формы і арыентацыі дадатныя і адмоўныя. Аналаг — Наваград-Валынскі блок Украінскага шчыта.
Тып С: b≈d, b≈g; магутнасць зямной кары каля 50 км; паверхня Моха мае ступеньчаты характар з амплітудамі да 15 км; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй яе частцы каля 3 А/м, шчыльнасць 2,82—2,97 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная адмоўная анамалія сярэдняй інтэнсіўнасці, лакальнае поле выражана рэдкімі слабаінтэнсіўнымі дадатнымі і адмоўнымі анамаліямі; гравітацыйнае поле рэгіянальнае адмоўнае слабай інтэнсіўнасці, лакальныя анамаліі рознаарыентаваныя, рознай інтэнсіўнасці з пераменным знакам сілы цяжару. Аналаг — Прыдняпроўскі блок Украінскага шчыта.
Тып D: b<d, b<g; магутнасць зямной кары каля 45 км; паверхня Моха субгарызантальная, пакатая, магчымы ступені вышынёй да 5 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі ўмераная — каля 2 А/м, шчыльнасць 3—3,1 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная анамалія інтэнсіўна адмоўная (больш за 200 нТл), лакальнае поле выражана дадатнымі і адмоўнымі больш дробнымі анамаліямі слабай інтэнсіўнасці; гравітацыйнае поле — адмоўная рэгіянальная анамалія сілы цяжару, лакальнае поле — шмат адмоўных больш дробных анамалій. Аналаг — Кіраваградскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е: b<<d, b<<g; магутнасць зямной кары менш за 40 км; паверхня Моха ўтварае падняцце з амплітудай 8—10 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі слабая — да 0,5 А/м, шчыльнасць каля 3 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна адмоўныя і дадатныя больш дробныя анамаліі рознай формы, прымеркаваныя да перыферыі рэгіянальнай анамаліі; у гравітацыйным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — хаатычна раскіданыя адмоўныя анамаліі. Аналаг — Корасценскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е анамальнай кары са слоем «кора-мантыйнай сумесі». Характарызуецца блізкімі паводле значэння магутнасцямі верхняга, сярэдняга і ніжняга слаёў кары і дзвюма паверхнямі Моха, якія залягаюць на глыбінях 50—53 км (ранняга фарміравання) і 35—40 км (позняга фарміравання), Тып кары адпавядае палеарыфтавым структурам. Аналаг — Прыпяцкі прагін.
Тып G характарызуе зямную кару шыўных зон (напр., Заходне-Інгулецкай, Заходне-Прыазоўскай, Львоўскай). Магутнасць кары 40—55 км, магутнасці ніжняга і сярэдняга слаёў прыблізна аднолькавыя, ступені ў паверхні Моха з амплітудай 5—15 км; намагнічанасць яе ніжніх слаёў да 5 А/ м і больш; шчыльнасць 2,95—3,07 г/см³; рэчыўны састаў нізоў кары — базальтоідны.
Сейсмагеалагічнае раянаванне тэр. Прыпяцкага прагіну выконвалася калектывам геолагаў і геафізікаў пад кіраўніцтвам Р.Г.Гарэцкага з канца 1980-х г. на падставе расчлянення часавага сейсмічнага разрэзу на сейсмагеалагічныя комплексы, якія характарызуюцца літалагічнай аднароднасцю, пэўнымі значэннямі пластавых скарасцей сейсмічных хваль і спецыфічнай структурай хвалевай карціны. Беларускія сейсмаразведчыкі І.Дз.Кудравец і С.В.Клушын (РУП «Белгеалогія») вылучылі ў разрэзе платформавага чахла Прыпяцкага прагіну сейсмагеалагічныя комплексы: падсалявыя ніжні (тэрыгенны) і верхні, ніжнесалявы, міжсалявы, верхнесалявыя ніжні і верхні, надсалявы; даследавалі іх распасціранне на тэр. Прыпяцкага прагіну і звязаныя з імі карысныя выкапні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЫГРАФІЯ
Першыя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праведзены ў 1840-я г. ўдзельнікамі спец. экспедыцыі па Еўрапейскай Расіі на чале з англ. вучоным Р.Мурчысанам, якія выявілі адклады дэвонскай (Зах. Дзвіна і Дняпро) і мелавой (р. Сож) сістэм. Да канца 19 — пач. 20 ст.рус. і бел. вучоныя прадоўжылі даследаванні, што тычыліся ў асноўным адкладаў чацвярцічнай сістэмы (А.Э.Гедройц, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна і інш.). Зрэдку вывучаліся больш стараж. ўтварэнні кембра-сілурыйскага, дэвонскага і мелавога ўзросту, якія залягалі на паверхні сярод ледавіковых парод у выглядзе «адорвеняў» або агаляліся па берагах рэк (М.А.Антановіч, Р.П.Гельмерсен, А.Н.Карнажыцкі, А.П.Карпінскі, К.А.Мілашэвіч, Э.І.Эйхвальд і інш.). Пры вывучэнні керну свідравін былі выяўлены адклады дэвону ў Мінску (Я.У.Апокаў, П.А.Туткоўскі), юры ў Магілёве (А.М.Жырмунскі), мелу і палеагену ў Гомелі (П.Я.Армашэўскі) і інш. У 1920-я г. на падставе гэтых матэрыялаў складзены першыя стратыграфічныя схемы верхнемелавых і трацічных утварэнняў усх. часткі тэр. рэспублікі (Г.Ф.Мірчынк, Б.К.Тарлецкі і інш.). Мэтанакіраваныя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі вяліся пасля стварэння на базе геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульта Геал. ін-та (1927, першы дырэктар М.Ф.Бліадухо). Да 1941 у вывучэнні стратыграфіі актыўна ўдзельнічалі бел. даследчыкі (М.Я.Кавалёў, А.В.Красоўскі, В.І.Маеўскі, С.С.Малярэвіч, М.М.Цапенка і інш.). У сярэдзіне 1930-х г. М.Ф.Бліадухо абагульніў усе вядомыя на той час матэрыялы па стратыграфіі Беларусі.
У пасляваенныя гады пачалася дзярж. здымка тэр. рэспублікі маштабу 1:200 000. Прабурана шмат глыбокіх апорных свідравін, адноўлены пошукі карысных выкапняў (нафты, каменнай і калійных солей, вугалю, буд. матэрыялаў, мінеральных вод і інш.). Вынікі гэтых работ у пач. 1960-х г. дазволілі распрацаваць і часткова палеанталагічна абгрунтаваць стратыграфічныя схемы адкладаў амаль усіх геал. сістэм на тэр. Беларусі. У іх складзе акрамя аддзелаў, ярусаў і пад’ярусаў па некаторых сістэмах (дэвонскай і інш.) вылучаны і больш дробныя стратоны — гарызонты, світы. Стратыграфічныя схемы падзелу ўтварэнняў архейскага і пратэразойскага ўзросту (крышт. фундамент) склалі Я.М.Махлін, А.С.Махнач, А.М.Пап, адкладаў верхняга пратэразою — А.П.Брунс, А.С.Махнач і інш., кембрыю — А.С.Махнач, ардовіку і сілуру — Т.М.Аліхава, А.С.Махнач і інш., дэвону — В.К.Галубцоў, Р.М.Пістрак, А.В.Фурсенка і інш., карбону — В.К.Галубцоў, Г.І.Кеда і інш., пярмі і трыясу — В.К.Галубцоў, Ф.Я.Лапчык, З.М.Неўмяржыцкая і інш., юры — І.В.Міцяніна, мелу — В.С.Акімец, палеагену і неагену — С.С.Маныкін, чацвярцічнай сістэмы — Л.М.Вазнячук, Н.А.Махнач, М.М.Цапенка і інш.
У 1970 — пач. 1980-х г. створаны новыя рэгіянальныя стратыграфічныя схемы платформавага чахла і крышт. фундаменту Беларусі, прынятыя на Бел. міжведамаснай стратыграфічнай нарадзе (Гомель, 1981) і зацверджаныя Міжведамасным стратыграфічным камітэтам (МСК) СССР (Ленінград, 1982). Яны былі больш літа- і біястратыграфічна абгрунтаваныя і больш дэталёвыя за папярэднія. У рэгіянальнай частцы схем былі вылучаны гарызонты, падгарызонты і слаі з геагр. назвамі, біястратыграфічныя зоны, а ў мясц. частцы схем — світы, падсвіты, серыі. У распрацоўку гэтых схем і далейшае іх удасканаленне (2003) з улікам даных вывучэння рэчыўнага складу, радыялагічных датаванняў (калій-аргонавым, уран-свінцовым і інш. метадамі) і геафіз. асаблівасцей значны ўклад зрабілі В.І.Абраменка, Т.Г.Абухоўская, Л.Ф.Ажгірэвіч, В.С.Акімец, М.В.Аксаментава, Я.І.Аношка, А.А.Архіпава, В.І.Аўхімовіч, Г.А.Белавусава, А.Ф.Бурлак, В.Я.Бяссонава, Ф.Ю.Велічкевіч, М.В.Вераценнікаў, В.К.Галубцоў, Б.М.Гурскі, К.І.Давыдзік, Э.К.Дземідзенка, Л.Ц.Дубініна, Р.А.Зінава, Г.У.Зінавенка, В.П.Зярніцкая, Г.І.Ількевіч, П.Ф.Каліноўскі, Л.А.Карымава, З.М.Кліменка, С.А.Кручак, А.Г.Лапцэвіч, Л.С.Ліннік, Г.І.Літвінюк, Л.П.Логінава, Э.А.Ляўкоў, Т.І.Майсеева, К.М.Манкевіч, Л.І.Матрунчык, А.М.Матузка, А.С.Махнач, М.А.Махнач, А.В.Мацвееў, М.Дз.Міхайлаў, В.М.Мотуз, Л.І.Мурашка, У.І.Назараў, І.В.Найдзянкоў, Н.С.Некрата, Л.У.Піскун, В.І.Пушкін, Т.Б.Рылова, А.Ф.Санько, У.І.Таўсташэеў, Г.К.Хурсевіч, У.І.Шкуратаў, Я.К.Яловічава, Т.В.Якубоўская і інш. Вынікі гэтых прац з’яўляюцца стратыграфічнай асновай для геал. карціравання, пошукавых і разведачных работ на розныя карысныя выкапні. Стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі, Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це РУП «Белгеалогія», Бел.дзярж. і Мінскім пед. ун-тах. Для каардынацыі стратыграфічных даследаванняў пры Бел.геал. т-ве дзейнічае Стратыграфічны камітэт. У галіне стратыграфіі навукова-даследчыя і вытв. арганізацыі Беларусі супрацоўнічаюць з геал. арганізацыямі Расіі, Украіны, Польшчы і інш. краін.
Літ.:
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;
Материалы по стратиграфии Белоруссии. М., 1981;
Геология Беларуси. Мн., 2001;
Стратиграфия и палеонтология геологических формаций Беларуси. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОРЫ ГОДА, феналагічныя змены ў прыродзе.
Вясна. Пачаткам ранняй вясны і цёплага перыяду (з 15 сак. на ПдЗ і з 30 сак. на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння. У асобныя гады (1 раз у 10 гадоў) вясна можа наступаць на 15—17 дзён раней ці пазней сярэдніх дат. За апошняе дзесяцігоддзе 20 ст. ў выніку пацяплення клімату сярэдняя дата пераходу т-ры праз 0 °C адзначаецца на 25—28 дзён раней за шматгадовыя даты. У перыяд ранняй вясны днём сонечна, растае снег (адліга), адтайвае глеба, з’яўляюцца першыя праталіны. Назіраецца набраканне кветкавых пупышак у асобных відаў хмызнякоў (ваўчаягада, брэднік), адрастанне шматгадовых ягаднікаў і зацвітанне першацветаў (падбелу). Прылятаюць шпакі, жаваранкі, прачынаюцца мурашкі, асобныя віды мух, дробныя матылі. У паніжэннях рэльефу і на цяжкіх сугліністых глебах, асабліва ў паўн.-зах. раёнах, узнікаюць ачагі пашкоджання азімых ад вымакання. Пачаткам ажыўлення вясны (з 5 на ПдЗ і з 20 красавіка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра вышэй за 5 °C; супадае з поўным раставаннем снегу і адтаваннем глебы. Пачынаецца рух сокаў у лісцевых дрэў. Памяншаецца воблачнасць, больш становіцца ясных дзён. Пачынаюць пыліць ляшчына звычайная, вольха, зацвітае ваўчаягада, прарастае трава, адрастаюць парасткі ў хмызняку. Прылятаюць дразды, заранкі, пеначкі. Павышаецца актыўнасць пчол, чмялёў, матылёў. Настае мяккапластычны стан глебы, які вызначае пачатак веснавых палявых работ і апрацоўкі глебы; верхні пласт глебы (10 см) праграецца да 5 °C, складваюцца аптымальныя запасы вільгаці ў глебе, што вызначае пачатак сяўбы ранніх яравых культур. Пачаткам разгару вясны або актыўнай вегетацыі с.-г. раслін (з 25 крас. на ПдЗ і з 5 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C у бок павышэння. Супадае з разгортваннем лісця ў большасці дрэў, хмызнякоў. Заканчваецца цвіценне першацветаў, аднаўляецца актыўная жыццядзейнасць раслін і жывёл. Пачынаюць пыліць таполі, цвітуць пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. У лесе інтэнсіўны спеў птушак. Павелічэнне сонечнай радыяцыі спрыяе с.-г. работам, ідзе пасадка бульбы, гародніны, дэкар. раслін.
Лета. Пачаткам лета (з 10 мая на Пд і з 18 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок павышэння. Супадае з зацвітаннем хвоі і рабіны звычайнай, дрэвы поўнасцю ўкрыты лісцем. У лесе заканчваецца цвіценне елкі еўрапейскай і дуба звычайнага. Выспявае і рассейваецца насенне кісліцы, квітнеюць травяністыя расліны ў дубровах, хвойніках, цвіце большасць збожжавых, шыпшына, маліна. Пара расплоджвання жывёл, актыўнасці камароў, выкормлівання птушанят. Поўным летам (з 23 мая па 1 верасня на Пд і з 7 чэрвеня па 24 жніўня на Пн) лічаць перыяд з устойлівай сярэднясутачнай т-рай паветра вышэй за 15 °C (самы цёплы перыяд года). Пачатак супадае з выспяваннем пладоў лясных суніц. Перыяд вегетацыі, плоданашэння. Пара сенакосу, нарыхтоўкі кармоў, збору ягад і грыбоў, уборкі збожжавых. Насякомыя вельмі актыўныя. У канцы паяўляюцца першыя пажоўклыя лісты. Пачаткам спаду лета (з 2 верасня на Пд і з 25 жніўня на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры ніжэй за 15 °C. Супадае з выспяваннем брусніц, пажаўценнем бярозы павіслай. Выспявае насенне елкі, дуба звычайнага. ляшчыны, другасна цвітуць лугавыя травы. Ночы больш доўгія і халодныя, раніцы халаднаватыя. Паяўляюцца першыя замаразкі на глебе. Птушкі збіраюцца ў вырай, вядуцца ўборачныя работы, высяваюцца азімыя, збор брусніц і грыбоў.
Восень. Пачаткам восені (з 20 вер. на Пд і з 11 вер. на Пн — залатая восень) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок паніжэння. Супадае з выспяваннем журавін. Канец вегетацыі ў большасці раслін, акрамя шматгадовых. У паветры замаразкі. Масавая ўборка бульбы. Птушкі адлятаюць у вырай. Разгар грыбнога сезона. У ласёў шлюбны перыяд. Амаль штогод «бабіна лета». Пачаткам глыбокай восені (з 3 кастрычніка на ПдЗ і з 21 верасня на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра ніжэй за 10 °C. Супадае з лістападам лісцевых дрэў, з поўным пажаўценнем лістоўніцы і лісця ў клёна. Ападае і рассейваецца насенне ў дрэў і хмызнякоў, заканчваецца цвіценне восеньскіх кветак, узыходзіць рунь. Адлятаюць вадаплаўныя птушкі. З Пн прылятаюць снегіры. Жывёльны і расл. свет рыхтуецца да зімы. Часцей замаразкі, імжыць дождж, выпадае першы снег. Пачаткам зазімку (з 30 на ПдЗ і з 20 кастрычніка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачных т-р паветра праз 5 °C у бок паніжэння. Супадае з канцом лістападу ў вольхі, лістоўніцы, клёна, рабіны лясной. Дрэвы амаль поўнасцю агаляюцца. Частыя і інтэнсіўныя замаразкі.
Зіма. Пачаткам зімы (з 30 на ПдЗ і з 15 лістапада на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу праз 0 °C да адмоўных сярэднясутачных т-р. Супадае з масавым ападаннем пладоў ліпы і глогу. Частыя адлігі. Паяўляюцца першыя льдзінкі на вадаёмах. Падсезон глыбокай зімы (перыяд з 25 снежня па 20 лютага на ПдЗ і з 13 снежня па 4 сакавіка на ПнУ) лічаць перыяд з сярэднясутачнай т-рай паветра ніжэй за -5 °C. Самы халодны і доўгі з падсезонаў. Супадае з глыбокім прамярзаннем глебы, макс. намнажэннем снегу. У цёплыя зімы, калі бываюць частыя і інтэнсіўныя адлігі, устойлівае снегавое покрыва на Пд Беларусі не ўстанаўліваецца. У перыяды рэзкай змены т-ра паветра (ад адліг да моцных маразоў) церпяць азімыя і пладова-ягадныя культуры. У маласнежныя зімы і ў спалучэнні з нізкімі адмоўнымі т-рамі (-15 °C і ніжэй) зрэджваюцца азімыя культуры і шматгадовыя травы. Пры вельмі нізкіх т-рах (ніжэй за -30 °C) магчыма іх вымярзанне. Пачаткам прадвесня — канец зімы (з 20 лютага на ПдЗ і з 5 сакавіка на ПнУ) лічаць устойлівы пераход сярэднясутачных т-р праз -5 °C у бок павышэння. Расце сонечная радыяцыя. часцей адлігі, днём капеж. Зрэдку ствараюцца ўмовы для выправання азімых культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСЫ.
Агульная плошча ляснога фонду Беларусі ў 2001 складала 9247,5 млн.га. Лясы на тэр. краіны размешчаны нераўнамерна: у Брэсцкай вобл. 1118 тыс.га (14% ад агульнай плошчы лясоў), у Віцебскай — 1495 тыс.га (19%), Гомельскай — 1822 тыс.га (24%), Гродзенскай — 861 тыс.га (11%), Мінскай — 1502 тыс.га (19%), Магілёўскай — 1047 тыс.га (13%).
Агульная лясістасць (працэнт лясоў ад агульнай тэр. Беларусі) складае 37,8%, у т. л. ў Брэсцкай вобл. — 34,1%, Віцебскай — 37,4%, Гомельскай — 45,1%, Гродзенскай — 34,3%, Мінскай — 37,4%, Магілёўскай — 36%. Найбольшая лясістасць у Расонскім (65,5%) і Лельчыцкім (65,9%) раёнах, найменшая — у Нясвіжскім (10,1%) і Бераставіцкім (14,8%) раёнах. Найбольшыя лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. У мінулым лясістасць Беларусі складала: у 1600—60%, у 1900—37%, 1913—33%, 1922—22%, 1940—30%, 1944—18%, 1955—31%, 1992—34%.
Паводле прызначэння вылучаюць лясы, якія выконваюць выключна экалагічныя функцыі, напр., водаахоўныя лясы (1433 тыс.га), глебаахоўныя (1202 тыс.га), зялёныя зоны вакол гарадоў (1326 тыс.га), запаведнікі і нацыянальныя паркі (586 тыс.га); таксама лясы, асноўнае прызначэнне якіх — забеспячэнне нар. гаспадаркі драўнінай.
Землекарыстальнікамі дзярж. ляснога фонду з’яўляюцца лясгасы Камітэта па лясной гаспадарцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (больш за 85,9%), Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (каля 7%), міністэрствы абароны (3,7%) і па надзвычайных сітуацыях (больш за 2,3%) і інш.
У лясах Беларусі сустракаюцца 28 дрэвавых парод і каля 70 відаў кустоў. Асноўныя лесаўтваральныя пароды: хвоя (займае 50,2% ад агульнай плошчы лясоў), бяроза (20,8%), елка (10%), вольха чорная (8,2%), дуб (3,3%), вольха шэрая (2,3%), асіна (2,1%). На долю інш. дрэвавых відаў прыпадае 3,1%, сярод якіх ясень (0,4%), граб (0,2%), клён вастралісты, ліпа драбналістая. У дамешку да гал. лесаўтваральнікаў растуць вяз, бераст, груша, яблыня, рабіна; ёсць насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — лістоўніц сібірскай і еўрапейскай, буку паўночнага і інш.
Паводле лесарасліннага раянавання лясы Беларусі падзяляюцца ў шыротным напрамку (з поўначы на поўдзень) на падзоны: дубова-цемнахвойных лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў, шыракаліста-хваёвых лясоў. Тыповыя лясы: хвойныя (хваёвыя і яловыя), цвердалістыя (дубовыя), мяккалістыя (бярозавыя, асінавыя, чорнаальховыя).
Хваёвыя лясы размешчаны адносна раўнамерна, пераважаюць на водна-ледавіковых раўнінах і нізінах. Умовы іх росту разнастайныя — ад сухіх пясчаных дзюн да вярховых балот. Для бедных падзолістых і дзярнова-падзолістых пясчаных глеб характэрны бары (хваёвыя лясы, часта з дамешкам бярозы); на больш багатых глебах фарміруюцца субары (хвойнікі з дамешкамі елкі або дубу). Асноўныя тыпы хваёвых лясоў: імшыстыя, чарнічныя, верасовыя, арляковыя, даўгамошныя, сфагнавыя, якія разам складаюць амаль 85% ад агульнай плошчы хваёвых лясоў. Спелымі лічацца ў 81 год.
Яловыя лясы сканцэнтраваны ў паўн. і паўн.-ўсх. частках краіны (Бел. Паазер’е, Мінскае і Аршанскае ўзвышшы, Аршанска-Магілёўскае плато). Яны займаюць пераважна ўрадлівыя сугліністыя і супясчаныя глебы. Елка часта расце ў сумесі з бярозай і асінай, у цэнтр. частцы — з дубам. Асноўныя тыпы яловых лясоў (86% агульнай плошчы): кіслічны, чарнічны, імшысты. Спелымі лічацца ў 81 год.
Бярозавыя лясы пашыраны адносна раўнамерна на ўсёй тэр. Беларусі. Часта маюць дамешкі інш. парод: асіны, вольхі, хвоі і інш. Найчасцей трапляюцца бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, сніткавыя, імшыстыя і інш. Спелымі лічацца ў 61 год.
Дубовыя і інш. цвердалістыя лясы пашыраны пераважна на поўдні краіны. Яны займаюць урадлівыя глебы і ў сваім складзе звычайна маюць дамешак з мяккалістых і хвойных парод. Спелымі лічацца ў 101 год.
Асінавыя лясы займаюць найб. плошчы на поўначы і ўсходзе краіны пераважна на багатых глебах у сумесі з інш. пародамі. Асноўныя тыпы асіннікаў (92%): кіслічныя, сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, імшыстыя. Спеласці дасягаюць у 41 год.
Чорнаальховыя лясы, ці алешнікі, пашыраны на нізінах, асабліва на Палессі і Верхнебярэзінскай нізіне. На ўзвышаных месцах сустракаюцца дамешкі бярозы, ясеню і інш. Асноўныя іх тыпы (70%): вятроўнікавыя, сніткавыя, крапіўныя, кіслічныя, асаковыя, папарацевыя. Спеласці дасягаюць у 51 год.
Запас драўніны ў лясах Беларусі складае каля 1340 млн.м³, з іх хвоі — 738 млн.м³, дубу — 43 млн.м³, бярозы — 233 млн.м³, чорнай вольхі — 98 млн.м³. Драўніны, прыдатнай на высечкі галоўнага карыстання (у спелых і перастойных дрэвастоях) — 137 млн.м³, у т. л. хвойных — 63 млн.м³, цвердалістых — 9 млн.м³, бярозы — 24 млн.м³, чорнай вольхі — 24 млн.м³, асіны — 14 млн.м³. Маецца вялікі запас прыспяваючых дрэвастояў — 104 млн.м³, цвердалістых — 9 млн.м³.
Агульны сярэдні прырост лясоў складае больш за 28 млн.м³, у т. л. хвойных — 17 млн.м³, мяккалістых — 10 млн.м³, цвердалістых — 1 млн.м³. Сярэдні ўзрост лясоў складае 48 гадоў (хвойных — 54, цвердалістых — 64, мяккалістых — 37).
Лясы Беларусі — не толькі рэсурс драўніны, але і крыніца каштоўнай лекавай, прамысловай і харчовай сыравіны: ягад, грыбоў, арэхаў, пладоў і інш. Сярэднегадавы запас ягад у лясах Беларусі — 50 тыс.т (экалагічна бяспечных — 21 тыс.т). Лясы таксама з’яўляюцца адным з вызначальных фактараў у стабілізацыі экалагічнай сітуацыі. Штогод лясы Беларусі звязваюць больш за 100 млн.т вуглякіслага газу і выдзяляюць больш за 80 млн.т атамарнага кіслароду. Лясы рэгулююць паверхневы сцёк, тым самым ачышчаюць ваду, ахоўваюць глебы ад воднай і ветравой эрозіі.
Літ.:
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;
Багинский В.Ф., Есимчик Л.Д. Лесопользование в Беларуси. Мн., 1996;
Багинский В.Ф. Рациональное использование лесных ресурсов и повышение их экологического потенциала // Стратегия устойчивого развития Беларуси: преемственность и обоснование. Мн., 2003.
У.Ф.Багінскі.
Бярозавыя насаджэнні.Грабавы лес.Яловы лес.Спелы хваёвы лес.Спелы дубовы лес.Лесапасадкі на забруджаных тэрыторыях у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА-ГЕАГРАФІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Сучаснае фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі адпавядае адзінай еўрапейскай дзесятковай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання сушы. Тэр. Беларусі ўваходзіць у краіну Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Еўрапейскую вобласць мяшаных лясоў; падзяляецца на 5 правінцый, 14 акруг, 49 раёнаў (паводле раянавання Н.К.Кліцуновай, Г.І.Марцінкевіч, І.І.Пірожніка, І.І.Шчаснай, В.П.Якушкі, 2001). Правінцыі вылучаны паводле араграфічных ступеней, якія адлюстроўваюць розны генезіс рэльефу, асаблівасці клімату, глебава-расліннага покрыва, накіраванасць фізіка-геаграфічных працэсаў.
Паазерская правінцыя размешчана на Пн краіны, у зоне сучлянення буйных тэктанічных структур: Латвійскай седлавіны, Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, на Пд яна заканчваецца мяжой паазерскага ледавіка, займае 18,7% тэр. Беларусі. Даантрапагенавыя адклады прадстаўлены пародамі дэвону, мелу, сілуру і ардовіку. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў каля 100, месцамі 250—290 м.
Паверхня паступова паніжаецца да Полацкай азёрна-ледавіковай нізіны, акаймаванай краявымі марэннымі ўзвышшамі: Браслаўскім, Асвейскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім, Ушацка-Лепельскім, Свянцянскім, паміж якімі размяшчаюцца марэнныя раўніны (Чашніцкая і інш.). Абсалютныя вышыні ад 102 (урэз р.Зах. Дзвіна) да 130—160 на нізінах і раўнінах і 170—200 і да 295 м на ўзвышшах. Паазерскія краявыя ўтварэнні складзены з валунных суглінкаў, супескаў, пяскоў, жвірова-галечных матэрыялаў, з гляцыядыслакацыямі і адорвенямі. У межах узвышшаў сустракаюцца озавыя грады, лімнакамы, камавыя палі. Нізіны азёрна-ледавіковага паходжання (Полацкая, Суражская, Лучоская) утвораны асадкамі прыледавіковых вадаёмаў — пясчанымі, гліністымі, у т. л. стужачнымі глінамі. Рэльеф характарызуецца маладосцю і непапсаванасцю форм, наяўнасцю мноства азёр. У некаторых раёнах (Браслаўскі, Ушацкі, Мядзельскі) азёры займаюць да 10% плошчы. У будове рачных далін праяўляецца глыбокі ўрэз, дакладны выгляд у плане, наяўнасць парогаў, скразных участкаў і эразійных тэрас.
Клімат умерана цёплы вільготны, больш халаднаваты ў параўнанні з інш. правінцыямі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 да -8 °C, ліпеня 17,5—18 °C. Вегетацыйны перыяд 180—190 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2000—2200 °. Ападкаў 600—750 мм за год. Структура глеб вызначаецца разнастайнасцю і драбнаконтурнасцю. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, менш пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя; на долю тарфяна-балотных глеб прыпадае каля 11% плошчы. Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя, дзярнова-карбанатныя і алювіяльныя глебы. Больш за 60% плошчы займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. З натуральнай расліннасці лясы да 33%, пераважаюць хваёвыя (58%) і драбналістыя вытворныя (19%) фармацыі; пашыраны яловыя і шыракаліста-яловыя лясы, зрэдку сустракаюцца дубровы. Драбналістыя карэнныя лясы складаюць 8,5%. Сярод балот пераважаюць вярховыя, сярод лугоў — сухадольныя. Для Паазер’я найбольш тыповымі ландшафтамі з’яўляюцца сярэдневышынныя і нізінныя, радзей узвышаныя. Своеасаблівасць ландшафтнай структуры вызначаюць азёрна-ледавіковыя, марэнна-азёрныя і ўзгоркава-марэнна-азёрныя ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Заходне-Беларуская правінцыя цягнецца ад зах. мяжы Беларусі на ПнУ, выкліньваецца ў раёне гарадоў Лепель і Новалукомль. Займае 20,4% тэр. краіны. Прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Фундамент перакрыты асадкавымі пародамі дэвону, мелу, палеагену, неагену. Для антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 100—180 м (зрэдку 300 м) характэрны марэнныя адклады — супясчаныя, сугліністыя, пясчана-жвірова-галечныя. Сучасны рэльеф правінцыі сфарміраваны сожскім ледавіком, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Цэнтр. частку правінцыі займае Беларуская града, якая складаецца з узвышшаў (Мінскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага). Пераважаюць вышыні 180—300 м. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты Беларусі — горы Дзяржынская (345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м). У межах Беларускай грады вылучаюць 3 ярусы рэльефу. Верхні (больш за 260 м) з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град. Другі ярус (220—260 м) прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорыстым рэльефам, марэна часта перакрыта лёсападобнымі пародамі. У рэльефе наступнай ступені (да 200 м) пераважаюць зандравыя раўніны дзюнна-ўзгорыстай формы, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Для Беларускай грады характэрна густая сетка яроў і лагчын. На Пд правінцыі працягваецца дэнудаваная марэнная Капыльская града (180—200 м) з хвалістай, месцамі дробнаўзгорыстай паверхняй. Паміж Ашмянскім і Мінскім узвышшамі размешчана Вілейская нізіна (160—180 м), на крайнім 3 — Нёманская нізіна (100—160 м). Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт краіны з вышынёй каля 85 м. Узвышшы і нізіны раздзелены Лідскай і Стаўбцоўскай марэннымі раўнінамі (150—180 м). Клімат правінцыі цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4,9° да -7,2 °C, ліпеня 17°—18 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2000—2300°, працягласць вегетацыйнага перыяду 180—200 сут. Ападкаў выпадае 600—700 мм за год (на Навагрудскім узвышшы больш за 750 мм). У межах правінцыі пралягае водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў.
Найб. тыповыя для рэгіёна дзярнова-падзолістыя (74%) і дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць толькі 6%. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Лясістасць каля 30%. У складзе лясоў хвойнікі (58%), вытворныя драбналістыя фармацыі (19,5%), яловыя і шыракаліста-хваёвыя (13,5%). Каля 3% тэрыторыі займаюць лугі, 6% — балоты. Для правінцыі характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў.
Перадпалеская правінцыя распасціраецца вузкай, крыху пашыранай у цэнтры паласой ад зах. да ўсх. мяжы краіны і займае 22% тэрыторыі. Прымеркавана да паўд. часткі Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Асадкавыя пароды — дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (40—80 м) складзена з водна-ледавіковых і марэнных утварэнняў. Сучасны рэльеф утвораны пераважна сожскім ледавіком, у далейшым значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна выраўнаваная паверхня з абсалютнымі вышынямі 150—180 м. Большая частка правінцыі занята Цэнтральнабярэзінскай водна-ледавіковай раўнінай, якая паступова паніжаецца ў бок Пд. Яна складзена з водна-ледавіковых адкладаў з выступамі асноўнай марэны. На З і ПдЗ раўніны трапляюцца кароткія дэнудаваныя (180—190 м) марэнныя грады — Салігорская і Любанская. На З ляжаць Баранавіцкая (160—180 м) і Прыбугская (170—200 м) раўніны, на У — Чачэрская раўніна (150—180 м). Тыповымі з’яўляюцца дзюнна-ўзгорыстыя формы, суфазійныя западзіны, лагчыны сцёку з азёрападобнымі пашырэннямі; сустракаюцца яры і лагчыны. Рачныя даліны, выцягнутыя з Пн на Пд, урэзаныя на глыбіню 15—25 м, даволі шырокія. Самая глыбокая даліна р. Дняпро.
Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 °C да -6,8 °C, ліпеня 18—18,5 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2200—2400 °, вегетацыйны перыяд — 185—200 сут. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм. Рэкі правінцыі звязаны ў асноўным з сістэмай р. Дняпро і яго прытокаў. Шмат вадасховішчаў, найбольшыя — Любанскае, Чыгірынскае, Асіповіцкае, Салігорскае.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, якія займаюць каля пал. тэрыторыі. На долю дзярнова-падзолістых забалочаных глеб прыпадае 20%, тарфяна-балотных — 13%, алювіяльных — 11%. С.-г. ўгоддзі ў асн. пад ворывам (больш за 50%). Лясістасць каля 40%. Лясы хваёвыя (64%), драбналістыя — карэнныя (12%) і вытворныя (10%), шыракаліста-хваёвыя (9%). Доля лугоў і адкрытых балот не перавышае 10%. Для правінцыі тыповыя сярэдневышынныя (водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя) і нізінныя (азёрна-балотныя) ландшафты.
Усходне-Беларуская правінцыя прымеркавана да крайняга ўсходу краіны і працягваецца ад мяжы Беларусі з Расіяй на З да лініі Талачын — Быхаў. Займае каля 11%тэр. краіны. Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Варонежскай антэклізы. У даантрапагенавых адкладах пароды мелу, радзей — дэвону і юры. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100 м, на У менш за 50 м. Пашыраны марэнныя, сустракаюцца і флювіягляцыяльныя адклады сожскага зледзянення; покрыўныя адклады складзены з лёсаў і лёсападобных суглінкаў. Большая частка правінцыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паверхня ўскладнена моцна дэнудаванымі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, ярамі, у месцах блізкага залягання карэнных парод — карставымі лейкамі. На крайняй Пн размешчана Аршанскае ўзвышша, якое змыкаецца на ПнУ з адгор’ямі Смаленска-Маскоўскага ўзвышша. Тут самыя высокія адзнакі (200—236 м) над узроўнем мора.
Клімат цёплы ўмерана вільготны, больш кантынентальны ў параўнанні з інш. рэгіёнамі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -7,5 да -8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Вегетацыйны перыяд 183—187 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C — 2200—2400 °. Ападкаў выпадае 600—650 мм. Найбольшыя рэкі (Дняпро, Сож) цякуць у глыбока ўрэзаных (да 30, месцамі да 50 м) распрацаваных далінах з асіметрычнымі схіламі. Рачныя тэрасы найб. выразныя ў даліне Дняпра.
У структуры глебавага покрыва пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (57%). Доля дзярнова-падзолістых забалочаных глеб складае 20%, алювіяльных — 10%, тарфяна-балотных — 7%. Каля 2/3 плошчы ўсіх глеб правінцыі займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. На глебы с.-г. угоддзяў уздзейнічае водная эрозія. Характэрная асаблівасць расліннага покрыва рэгіёна — нізкая лясістасць (25%). Лясы пашыраны невялікімі масівамі плошчай 10—15 км². Адзначаецца нізкая доля хваёвых насаджэнняў (35,5%) і высокая — шыракаліста-хваёвых (26,5%), доля вытворных драбналістых лясоў 19%. Удзельная вага карэнных драбналістых лясоў самая нізкая (3,5%) у параўнанні з астатнімі правінцыямі. У ландшафтнай будове правінцыі пераважаюць сярэдневышынныя (другасна-марэнныя) і ўзвышаныя (лёсавыя) ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Палеская правінцыя ахоплівае паўд. частку краіны і займае каля 28% плошчы Беларусі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Прыпяцкага прагіну з глыбінёй апускання крышталічнага фундаменту ад 1000 да 6000 м, да Палескай седлавіны і Падляска-Брэсцкай упадзіны, дзе фундамент залягае на глыбіні 250—500 і 500—1000 м адпаведна. У даантрапагенавых адкладах пароды палеагену і неагену, радзей — мелу. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100, на Пд і У менш за 50 м. Пашыраны флювіягляцыяльныя, алювіяльныя, азёрна-алювіяльныя пяскі і супескі, месцамі марэнныя і балотныя адклады.
Паверхня Палесся — плоскаўвагнутая са слабым нахілам на ПдУ пясчаная нізіна з высокім узроўнем грунтавых вод. Цэнтральную найб. паніжаную частку тэрыторыі (105—140 м) уздоўж Прыпяці і Дняпра займаюць Палеская і Прыдняпроўская нізіны з пласкахвалістым і плоскім рэльефам, ускладненым дзюнна-ўзгорыстымі формамі, лагчынамі сцёку, затарфаванымі катлавінамі. З З і У да іх далучаюцца хвалістыя водна-ледавіковыя, месцамі марэнныя раўніны — Прыбугская, Загароддзе, Церахоўская і Хойніцка-Брагінская (140—150 м). Тут жа трапляюцца дэнудаваныя марэнныя грады — Лагішынская. Вятчынска-Чалюшчавіцкая, Камянецкая з дробнаўзгорыстым рэльефам (160—170 м). Сярэднеўзгорыста-градавы канцова-марэнны рэльеф прадстаўлены Мазырскай градой (221 м) і Юравіцкім (170 м) узвышшам.
Клімат цёплы, няўстойліва вільготны, больш мяккі ў параўнанні з інш. рэгіёнамі краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 да -7 °C, ліпеня ад 18,5 да 19 °C. Вегетацыйны перыяд 193—208 сут. Сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2400 °. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 500 да 650 мм, што набліжае клімат правінцыі да лесастэпавага. Большая частка тэрыторыі дрэніруецца р. Прыпяць і яе шматлікімі прытокамі. Вярхоўі рэк розных басейнаў злучаны каналамі — Дняпроўска-Бугскім, Дняпроўска-Нёманскім (Агінскім). У выніку асушэння забалочаных зямель створана густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў, а таксама невялікіх вадасховішчаў. У поймах рэк шмат дробных азёр.
Пашыраны забалочаныя глебы, сярод якіх пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28%) і тарфяна-балотныя (17%). Значная частка тарфяна-балотных глеб асушана. У поймах рэк вялікая доля поймавых (алювіяльных) глеб (17%). Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя і дзярновыя карбанатныя забалочаныя глебы. Занальныя дзярнова-падзолістыя глебы займаюць 34% тэрыторыі. На долю с.-г. угоддзяў з перавагай раллі прыпадае каля 46% плошчы. Правінцыя характарызуецца высокай лясістасцю (каля 40%). У структуры лясоў дамінуюць хваёвыя (54%), у т. л. шыракаліста-хваёвыя, характэрныя для Палесся, і драбналістыя карэнныя (22%) фармацыі. Сярод іншых вылучаюцца дубровы, сярод якіх унікальныя поймавыя дубровы. Лугі займаюць каля 8% тэрыторыі, столькі ж прыпадае на долю адкрытых балот. Найбуйнейшыя з іх — Выганашчанскае, Вялікі Лес, Хольча, Грычын і інш. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца для вырошчвання шматгадовых траў, часткова — збожжавых культур, здабычы торфу. У правінцыі пашыраны палескія (суббарэальныя) ландшафты з перавагай нізінных — азёрна-алювіяльных, алювіяльных тэрасаваных, азёрна-балотных. На іх долю прыпадае да 60% плошчы рэгіёна. Радзей трапляюцца сярэдневышынныя марэнна-зандравыя і водна-ледавіковыя ландшафты.
Літ.:
Теоретические проблемы и результаты комплексного географического районирования территории Беларуси // Выбр.навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7.
Г.І.Марцінкевіч.
На Браслаўскай градзе.Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафту Нешчарда-Гарадоцкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-ледавіковы ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне Пераходнае балота ў Расонскім раёне.Узгорыста-марэнна-эразійны ландшафт у Мінскім фізіка-геаграфічным раёне.Водна-ледавіковы ландшафт у Вілейскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Аршанска-Магілёўскім фізіка-геаграфічным раёне. Вярховае хваёва-сфагнавае балота ў заказніку Астравы Дулебы (Бялыніцкі раён).Азёрна-балотны ландшафт у Сярэдняпрыпяцкім фізіка-геаграфічным раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТЫМЕНТАЛІ́ЗМ (франц. sentimentalisme ад англ. sentimental пачуццёвы),
плынь у еўрапейскаймаст. культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Сфарміравалася ў л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах пад уплывам ідэалогіі эпохі Асветніцтва і ранняга рамантызму як альтэрнатыва рацыяналістычнай зададзенасці і нарматыўнасці класіцызму. Узнікла пад уплывам дэмакратызацыі грамадскага жыцця, пераадольвання яго саслоўнай ізаляванасці, пераходу ад феад. да бурж. грамадскіх адносін, барацьбы за свабоду асобы і свабоднага выяўлення яе гуманных пачуццяў.
У літаратуры С. зарадзіўся ў Англіі ў канцы 1720-х г., сфарміраваўся там у 1740—50-я г. (С.Рычардсан, Дж.Томсан, Э.Юнг, Т.Грэй, Л.Стэрн і інш.), тэарэт. абгрунтаванне атрымаў у сац.-філас. і літ. творах Ж.Ж.Русо і ў грамадска-літ. руху «Бура і націск» (Германія). У рус. л-ры быў дваранскім гуманістычна-асветніцкім кірункам (М.Карамзін, І.Дзмітрыеў, В.Капніст, ранні В.Жукоўскі). Асаблівасць С. як літ.-маст. і эстэт. плыні — яго недастатковая храналагічная акрэсленасць: сентыментальныя рэмінісцэнцыі і рэпрызы, характэрныя для большасці посткласіцысцкіх маст. метадаў і кірункаў — рамантызму, крытычнага рэалізму, натуралізму, сацыялістычнага рэалізму, некат. мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх плыняў.
У бел. л-ры С. — адна з плыняў бел.-польскага рамантызму 1-й пал. 19 ст.Найб. поўна выявіўся ў творчасці Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, часткова ў паэзіі У.Сыракомлі, ранняй паэзіі і драматургіі В.Дуніна-Марцінкевіча. Пры гэтым рамантычныя ідэалы дамінуюць у іх польскамоўнай паэзіі, а сентыментальная арыентацыя на маральнае асветніцтва, гармонію паміж класамі і саслоўямі грамадства, дыдактыку і зварот да простага народа — у бел. творах, разлічаных на сялянства і фальварковую шляхту (вершы Чачота «Да мілых мужыкоў», «Як добра, калі мужык...», «Плакала бяроза ды гаварыла...», «Паночкі, нашы кветачкі...», «Ой, чаму ж ты, зязюлечка...»; вершы Баршчэўскага «Дзеванька», «Да Юліі», балада «Дзве бярозы»), Класічнымі ўзорамі С. ў бел. л-ры з’яўляюцца лібрэта камічнай оперы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1844, апубл. 1846), яго вершаваная аповесць «Гапон» (1855), вершы «Літвінка», «Галубкі», «Смутак на чужыне», прасякнутыя ідэяй гармоніі грамадскіх адносін, акцэнтацыяй маральных крытэрыяў ацэнкі людскіх учынкаў, ідэалізацыяй натуральнай культуры і вясковага побыту, культам пачуццёвасці. Лепшыя здабыткі С. ўвайшлі ў бел. класічную і сучасную л-ру.
У выяўленчым мастацтве і архітэктуры С. набыў некат. агульныя стылявыя прыкметы: пяшчотнасць, мяккасць мадэліроўкі і каларыстычных адценняў, паветранасць дэталей, вытанчанасць збудаванняў, прадметаў, фігур, лёгкасць, прастату і высакародства. Культ прыроды, натуральнага пачуцця, прыроджанай несапсаванасці людзей і маральнай чысціні нараджалі асаблівую духоўную атмасферу, у якой узнікалі маст. вобразы, поўныя шчырасці, душэўнай высакароднасці, прыроднай грацыі. Элегічныя і пастаральныя настроі, ідэалізацыя патрыярхальнага побыту, захаплення натуральнай прыродай наклалі адбітак на архітэктуру пейзажных паркаў і размешчаных у іх палацаў, павільёнаў, будынкаў, якія пераймалі сельскія і экзатычныя ўзоры (архітэктары У.Кент, У.Чэймберс у Вялікабрытаніі, Ж.А.Габрыэль, Р.Мік у Францыі, Ф.В.Эрдмансдорф у Германіі, Ч.Камерон, П.Г.Ганзага, В.Няелаў у Расіі). Для С. ўласцівы пяшчотныя, замілавальныя жаночыя, юнацкія і дзіцячыя вобразы (у скульптуры — Э.М.Фальканэ ў Францыі, М.Казлоўскі ў Расіі; у жывапісе — партрэты Т.Гейнсбара ў Вялікабрытаніі, Ж.Л.Вуаля, Э.-Л.Віжэ-Лебрэн у Францыі, У.Баравікоўскага ў Расіі), велічыня і меланхалічныя пейзажы з ант. руінамі і паркавымі пабудовамі (Ю.Рабер у Францыі, С.Шчадрын у Расіі). Папулярнасцю карысталіся творы Ж.Гроза, А.Каўфман, Ж.А.Фраганара, В.Гісландзі, Ф.Гвардзі і інш. У бел. мастацтве рысы С. найб. праявіліся ў творах І.Аляшкевіча, С.Богуша-Сестранцэвіча, Н.Сілівановіча.
У тэатрытэарэт. абгрунтаванне С. далі Ж.Ж.Русо («Ліст да Д’Аламбера аб відовішчах», 1758), Л.С.Мерсье («Аб тэатры, ці Новы вопыт пра драматургічнае мастацтва», 1773), Я.Ленц («Заўвагі пра тэатр», 1774). Пад уплывам С. ўзніклі жанры «слёзнай камедыі», мяшчанскай драмы. Прыёмы С. выкарыстаны ў драматургіі «Буры і націску», п’есах П.Бамаршэ, у ранніх творах Ф.Шылера, у меладрамах. У акцёрскім мастацтве ўвага звярталася на ўнутраны свет герояў, іх пачуцці (у супрацьпастаўленні з рацыяналістычным класіцызмам з яго пафаснасцю, дэкламацыйнай рыторыкай). Маўленне акцёраў набліжалася да побытавых інтанацый. Сярод прадстаўнікоў С. акцёры Д.Гарык (Вялікабрытанія), А.Каратыгіна, Я.Шушэрын (Расія). У сцэнаграфіі замест традыц. «палацавых» залаў для трагедый і нейтральных статычных інтэр’ераў для камедый з’явіліся маляўнічыя пейзажы, прадметы побыту простага люду.
У бел. драматургіі і тэатры С. у самаст. кірунак не склаўся. Існаваў сумесна з інш. плынямі ў асобных прыёмах і матывах і меў выразна дэмакр. акрэсленасць (спагада да бедных, замілаванне роднай прыродай). На сумежжы класіцызму і С. напісана лібрэта М.Радзівіла да оперы Я.Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784); матывы і элементы С. сустракаюцца ў «Сялянцы» Дуніна-Марцінкевіча, у жанрах драмы і меладрамы пач. 20 ст. («У іншым шчасці няшчасце схавана» К.Каганца, «Блуднікі» Л.Родзевіча, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «Апошняе спатканне» і «Ганка» У.Галубка, «На Купалле» М.Чарота, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча і інш.). У сцэн. мастацтве найб. выразна рысы С. выявіліся ў спектаклях Бел. вандроўнага т-ра ў 1-й пал. 1920-х г.
У музыцы быў звязаны з аднайменным літ. кірункам. Тэарэтыкі С. (К.Ф.Э.Бах, Ж.Ж.Русо, Д.Шубарт і інш.) лічылі музыку «мовай пачуццяў», здольнай «закрануць сэрцы слухачоў», адметная рыса якой — выразнасць мелодыі. Пад уздзеяннем С. ўзбагацілася вобразна-жанравая палітра музыкі, у оперы пашырылася супрацьлеглая класіцыстычнай эстэтыцы тэндэнцыя змешвання жанраў, у камічнай оперы, у т. л. ў Расіі — элементы драматызму, якія набліжалі яе да «слёзнай камедыі» («Добрая дачка» Н.Пічыні і інш.). Узнік новы муз.-драм. жанр — меладрама. У інстр. музыцы С. часткова праявіўся ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы. С. спрыяў росквіту сольнай песні з інстр. суправаджэннем любоўнага зместу: песні кампазітараў берлінскай школы, «расійская песня» (Ф.Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.Цяплоў).
Літ.:
Маркус С.А. История музыкальной эстетики. Т. 1. М., 1959;
Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;
Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX — пачатку XX ст.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЧНАЯ ОПТЫКА
Найбольшае развіццё на Беларусі атрымалі такія раздзелы фізічнай оптыкі, як крышталяоптыка, распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях, галаграфія.
Крышталяоптыка развіваецца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі і БДУ. На аснове каварыянтнага бескаардынатнага метаду Ф.І.Фёдаравым створана тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль у празрыстых і паглынальных крышталях, прадказаны бакавы зрух светлавога пучка пры поўным адбіцці (зрух Фёдарава). Ф.І.Фёдаравым разам з супрацоўнікамі пабудавана паслядоўная тэорыя аптычна актыўных асяроддзяў (Б.В.Бокуць, А.М.Сердзюкоў); дадзена класіфікацыя паглынальных крышталёў, даследаваны паверхні рэфракцыі і абсорбцыі, пабудавана тэорыя аптычных хваляводаў (А.М.Ганчарэнка); абагульнены закон адбіцця і пераламлення незвычайных прамянёў у крышталях (В.В.Філіпаў); распрацаваны аператарны метад апісання аптычных палёў у складаных асяроддзях (Л.М.Баркоўскі), тэорыя хваль у магнітных крышталях (Л.М.Тамільчык), малекулярная тэорыя поўнага адбіцця святла і выяўлена сувязь кагерэнтнасці з энтрапіяй выпрамянення (Б.А.Соцкі); выяўлены новы тып неаднародных хваль у крышталях (М.С.Пятроў). Распрацаваны палярызацыйна-аптычны метад даследавання цячэння вязкіх асяроддзяў пры дэфармацыі (Б.Б.Бойка), асновы электрааптычнага кіравання светлавымі пучкамі (М.А.Гусак і інш.). Даследавана структура лазернага выпрамянення ў розных асяроддзях (А.П.Хапалюк). Тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль абагульнена на пругкія хвалі ў крышталях (Ф.І.Фёдараў); вызначаны асаблівыя напрамкі распаўсюджвання папярочных хваль у крышталях і акустычныя восі, асаблівасці канічнай рэфракцыі, на аснове чаго дадзена класіфікацыя крышталёў паводле акустычных уласцівасцей (Ф.І.Фёдараў, А.Р.Хаткевіч). Адкрыты адзін з тыпаў сінхранізму, эфектыўны для пераўтварэння частаты светлавых хваль у нелінейных крышталях (Б.В.Бокуць, А.Р.Хаткевіч). Прапанаваны вектарны сінхранізм аптымальнага пераўтварэння пучкоў святла, распрацаваны і рэалізаваны высокаэфектыўныя метады і ўстройствы нелінейнага аптычнага і акустааптычнага пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення (М.С.Казак і інш.). Адкрыта магчымасць бездыфракцыйнага распаўсюджвання і факусіроўкі святла ў гіратропных крышталях (А.М.Ганчарэнка і інш.). Даследаваны асаблівасці распаўсюджвання і пераўтварэння частаты беселевых пучкоў (У.М.Белы, М.С.Казак і інш.).
Распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях. Даследаванні ў гэтым кірунку пачаты ў 1950-я г. працамі Б.І.Сцяпанава разам з А.П.Прышывалкам і Ю.І.Чакалінскай па спектраскапіі дысперсных асяроддзяў і распрацоўкамі М.А.Барысевіча разам з вучнямі па стварэнні дысперсійных святлафільтраў. З 1959 пад кіраўніцтвам А.П.Іванова вядуцца даследаванні распаўсюджвання святла ў розных рассейвальных аб’ектах: атмасферы, водных асяроддзях, фатаграфічных матэрыялах, люмінесцыруючых экранах, біялагічных тканках і інш. Развіта тэорыя і распрацаваны метады лабараторнага мадэліравання прыродных працэсаў, павышэння далёкасці і якасці бачання ў замутненай атмасферы і акіянскіх водах, апрацоўкі спадарожнікавых спектральных відарысаў наземных аб’ектаў, вызначэння мікраструктурных характарыстык асяроддзяў і аб’ектаў, лазернага зандзіравання атмасферы і гідрасферы. У Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі створана серыя празрыстамераў, пры дапамозе якіх выкананы даследаванні забруджанасці вод шэрагу акваторый мораў і акіянаў, а таксама азёр Беларусі; у рамках праграм Дзяржкамгідрамета СССР была арганізавана сетка лідарных лазерных станцый кантролю за забруджанасцю паветра ў розных рэгіёнах СССР; у наш час у каардынацыі з Еўрапейскай лідарнай сеткай вядзецца лазерны маніторынг аэразолю ў атмасферы. Створаныя ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ спектрометры выкарыстоўваліся на сав. касмічных апаратах. Рэспубліканскі навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя праводзіць рэгіянальны маніторынг і картаграфаванне для вырашэння праблем экалогіі і рэсурснага аналізу. Вырашаны шэраг важных задач па тэорыі ўзнікнення і распаўсюджвання інфрачырвонага выпрамянення ў ракетных струменях (Ін-т фізікі Нац.АН Беларусі) і радыяцыйнага цеплаабмену (Ін-т цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі). Навук. вынікі бел. вучоных у галіне рассеяння і пераносу выпрамянення прыведзены ў больш як 20 манаграфіях і адзначаны 2 Дзярж. прэміямі СССР (М.А.Барысевіч, В.Р.Верашчагін; Б.І.Бяляеў, Л.І.Кісялеўскі, А.А.Каляда, В.В.Равінскі, А.Ф.Чарняўскі) і Дзярж. прэміяй Беларусі (А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, У.Я.Плюта, А.П.Чайкоўскі).
Галаграфія. Даследаванні на Беларусі вядуцца з канца 1960-х г. У Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі закладзены асновы дынамічнай галаграфіі і оптыкі фазавага спалучэння. Адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту лазернага выпрамянення пры чатыроххвалевых узаемадзеяннях (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў); вывучаны ўласцівасці дынамічных галаграм у рэзанансных асяроддзях і на іх аснове распрацаваны метады пераўтварэння прасторава-часавай структуры лазерных пучкоў; развіты метады выкарыстання дынамічнай галаграфіі ў адаптыўнай оптыцы, сістэмах апрацоўкі інфармацыі, лазернай тэхніцы, спектраскапіі (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, У.В.Кабанаў, А.М.Лазарук, І.П.Пятровіч, А.С.Рубанаў, А.Л.Тоўсцік, А.В.Чалей). За цыкл работ у гэтым кірунку П.А.Апанасевічу, Я.В.Івакіну, А.С.Рубанаву, Б.І.Сцяпанаву прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1982. Распрацаваныя метады святлоіндуцыраваных дынамічных рашотак (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў) выкарыстоўваюцца для вымярэння фіз. уласцівасцей матэрыялаў. У галіне статыстычнай галаграфіі распрацаваны метады даследавання дэфармацый і вібрацый розных аб’ектаў і рэльефу паверхняў, створаны сістэмы аптычнай памяці і кадзіравання інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч, Л.В.Танін, Б.М.Цюшкевіч; Ін-т электронікі Нац.АН Беларусі), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (М.А.Вількоцкі, А.С.Ключнікаў, П.Дз.Кухарчык; НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ). Наладжана серыйная вытворчасць мастацкіх і ідэнтыфікавальных адбівальных галаграм (Л.В.Танін). У наш час даследаванні і распрацоўкі вядуцца ў ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, БДУ, навукова-вытворчай фірме «Галаграфічная індустрыя».
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;
Барковский Л.М., Фурс А.Н. Операторные методы описания оптических полей в сложных средах. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРАФІЯ
Першыя картаграфічныя творы з пазначэннем тэр. Беларусі вядомы з 2 ст.н.э. (карты Еўрапейскай Сарматыі Пталамея). Першыя рэгіянальныя карты з адлюстраваннем бел. зямель надрукаваны ў 16—17 ст. Гарады Менск і Гродна пазначаны ў атласе «Гарады свету» (Амстэрдам, 1577), Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) — у атласе Г.Меркатара (1600). У пачатку 17 ст. ў Нясвіжы пры двары Радзівілаў працаваў вядомы картограф і гравёр Тадэвуш Макоўскі, які па заказе Мікалая Радзівіла выгравіраваў першую карту ВКЛ (надрукавана ў 1613 у Амстэрдаме на лац. мове), ім створаны і панарамныя гравюры Нясвіжа і Клецка. У 18 ст. Беларусь адлюстравана на многіх картах Рэчы Паспалітай: подпісы Wit Rusland на карце І.Цырыёна (1733), Russia Alba на карце Т.Маера (1750), White Russia на карце Польшчы, Літвы і Прусіі (1750). Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Рас. імперыі ў перыяд генеральнага межавання (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) складзены першыя карты і атласы бел. губерняў, генеральныя планы паветаў. У 19 ст. праведзена картаграфаванне ўсёй тэр. Беларусі. Бел. геадэзіст І.І.Ходзька правёў трыянгуляцыйныя работы на тэр. Гродзенскай і Мінскай губ., якія паслужылі матэматычнай асновай для складання буйнамаштабных карт. Вялікая работа па стварэнні геадэзічнай асновы, тапаграфічных здымкаў і карт зроблена корпусам ваенных тапографаў, у выніку чаго ў 1865—71 складзены карты ўсёй тэр. Беларусі маштабу 1:126 000 і 1:420 000, значнай часткі яе тэрыторыі на картах маштабу 1:84 000, 1:42 000 і 1:21 000, якія паслужылі топаасновай для складання тэматычных карт. У 2-й пал. 19 ст. праводзіліся геалагічныя, глебавыя і гідралагічныя здымкі. На падставе дзейнасці Зах. экспедыцыі па асушэнні балот былі створаны агульнагеаграфічныя і тэматычныя карты Еўрап. Расіі, у т. л. і Беларусі. Падрабязнае адлюстраванне рэльефу Беларусі ўпершыню зроблена рас. картографам А.А.Ціло на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі маштабу 1:2 520 000 (1889). Характарыстыка найважнейшых кліматычных элементаў Беларусі адлюстравана ў «Кліматычным атласе Расійскай імперыі» (1900).
У савецкі час на працягу 1918—30 ва ўсх. частцы Беларусі пад кіраўніцтвам А.М.Жырмунскага, Г.Ф.Мірчынка, П.А.Туткоўскага і інш. выкананы геалагічныя і геамарфалагічныя здымкі, на падставе якіх складзены адпаведныя карты маштабу 1: 840 000. У 1936 С.С.Малярэвіч і М.М.Цапенка склалі карту чацвярцічных адкладаў усіх абласцей Беларусі маштабу 1: 1 500 000 (перапрацавана і дапоўнена М.М.Цапенка ў 1941). Выдаваліся таксама гіпсаметрычныя карты: вучэбная фіз. карта БССР маштабу 1: 500 000 (1928), Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 500 000 (1939) і інш. Вяліся работы па тэматычным картаграфаванні. На аснове гідралагічных і метэаралагічных даследаванняў складзены гідралагічныя карты. А.І.Кайгарадаў склаў «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). Даследаванні расліннасці тэр.БССР адлюстраваны на Геабатанічнай карце Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 050 000 (1927—32). У 1933 складзена фізічная карта БССР маштабу 1: 600 000, якая не раз перавыдавалася. Вялікі ўплыў на развіццё тэматычнага картаграфавання зрабіла адкрыццё Навабеліцкай картаграфічнай фабрыкі (1934), якая ў 1936 пераведзена ў Мінск.
У выніку комплексных геалагічных і гідралагічных здымак у пасляваенны час складзены сярэднемаштабныя карты: геолага-літалагічныя, гідрагеалагічныя, геамарфалагічныя, карысных выкапняў, чацвярцічных адкладаў. У 1948 выдадзена глебавая карта маштабу 1: 2 000 000 і на яе аснове — карта маштабу 1: 1 200 000. У 1957 М.М.Цапенка склала карту чацвярцічных адкладаў Беларусі маштабу 1:1 000 000, В.А.Дзяменцьеў — геамарфалагічную карту маштабу 1: 2 500 000. У гэты перыяд вяліся глебавыя даследаванні гаспадарак Беларусі, адначасова складаліся буйнамаштабныя глебавыя карты і аграхім. картаграмы калгасаў і саўгасаў, на іх аснове — глебавыя карты асобных абласцей. Былі выдадзены эканам. карты прам-сці і сельскай гаспадаркі. У 1958 выдадзены комплексны «Атлас БССР», у якім адлюстравана прырода, эканоміка, адукацыя, навука, культура, ахова здароўя, гал.гіст. падзеі, серыя карт прысвечана комплекснай характарыстыцы абласцей. У 1963 Ін-т мовазнаўства АН Беларусі выдаў «Дыялектычны атлас беларускай мовы», у 1969 — атлас «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак». У 1970-я г. выдаваліся карты для сярэдняй школы, шырокага кола чытачоў, у т. л. «Атлас аўтамабільных дарог Беларускай ССР» (першы выпуск у 1971), турысцкія карты Беларусі (1973, 1974 і інш.), «Ахоўныя аб’екты прыроды Беларускай ССР» (1973, 1975). У 1970—80 выйшла серыя карт прыроды Беларусі ў сярэдніх маштабах: у 1974 пад рэд. Р.Г.Гарэцкага выдадзена тэктанічная карта маштабу 1: 500 000, у 1979 пад рэд. Т.Н.Кулакоўскай і П.П.Рагавога — глебавая карта маштабу 1: 600 000, у 1979 пад рэд. І.Д.Юркевіча — карта расліннасці маштабу 1: 1 000 000, у 1983 — геалагічныя карты маштабу 1: 500 000 дачацвярцічных адкладаў пад рэд. А.С.Махнача і чацвярцічных адкладаў пад рэд. Г.І.Гарэцкага, у 1984 — ландшафтная карта маштабу 1: 600 000 пад рэд. Г.І.Марцінкевіч, у 1990 — геамарфалагічная карта маштабу 1: 500 000 пад рэд. Б.М.Гурскага. У 1960—70 у традыцыйную картаграфію Беларусі пры падрыхтоўцы карт да выдання пачало ўкараняцца чарчэнне і гравіраванне на пластыках, з пачатку 1980-х г. выкарыстоўваюцца новыя камп’ютэрныя тэхналогіі (нетрадыцыйная картаграфія) — карты, сумешчаныя з касм. адлюстраваннем мясцовасці.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС падрыхтаваны і выдадзены карты радыяцыйнага забруджання тэр. Беларусі маштабу 1:1 000 000 і 1: 500 000 (1993, 1995) і маштабу 1:100 000 для асобных раёнаў (Валожынскі, Рагачоўскі і інш.). У 1996 выдадзены атлас Беларусі пад рэд. С.А.Польскага, у якім адлюстравана развіццё бел. этнасу, з часу перапісу насельніцтва 1897 і да 1995; у 1990 — «Атлас Рэспублікі Беларусь» (2-е выд. 1998) пад рэд. Р.А.Жмойдзяка (навуч. дапаможнік па геаграфіі для агульнаадукацыйнай школы). У 2002 выдадзены «Нацыянальны атлас Беларусі», які адлюстроўвае сукупнасць сучасных ведаў аб тэрыторыі, прыродзе, экалогіі, эканоміцы, адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, знешніх адносінах, гісторыі Беларусі. Рэспубліканскае прадпрыемства «Белкартаграфія», выд-вы «Трывіум», «Еўраферлаг», «Квадрограф» выдаюць разнастайную картаграфічную прадукцыю: навуч. карты і атласы, атласы аўтамаб. дарог, турысцка-экскурсійныя, даведачныя карты і планы абласцей, раёнаў, гарадоў Беларусі і інш.
Літ.:
Жмойдяк Р.А., Явид П.П. Развитие тематического картографирования в Беларуси // Вестн. БГУ. Сер. 2. 2002. № 1;
Атоян Л.В. Беларусь на картах разных эпох // Земля Беларуси. 2003. №1;
Развитие комплексного картографирования в Беларуси // География в XXI в.: проблемы и перспективы. Мн., 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭЙШАЯ АДУКАЦЫЯ.
У часы ВКЛ вышэйшую адукацыю атрымлівалі ў Віленскай акадэміі, Ягелонскім (Кракаўскім) ун-це і замежных ун-тах. Першая вышэйшая навуч. ўстанова на тэр. Беларусі — Гродзенская мед. акадэмія (1775—81), якая дала пачатак развіццю мед. адукацыі на Беларусі. У 1812—20 дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т — першая ў Расіі вышэйшая агранамічная навуч. ўстанова У 1911 у Віцебску створана аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (з 1918 Віцебскі археал.ін-т, існаваў да 1923). У 1910 заснаваны Віцебскі (з 1995 Віцебскі ун-т), у 1913 Магілёўскі (з 1997 Магілёўскі ун-т), настаўніцкія ін-ты, пераўтвораныя ў 1918 у пед. ін-ты. У 1920 засн.Бел.політэхн.ін-т(з 1991 Бел політэхн. акадэмія, з 2002 Бел.нац.тэхн.ун-т). У 1921 у Мінску засн.БДУ. У 1922 засн.Бел.ін-т сельскай гаспадаркі, які ў 1925 далучаны да Горы-Горацкага земляробчага ін-та, і створана Бел.с.-г. акадэмія. У 1920—30-я г. адчынены Віцебскі вет.ін-т (1924; з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны), лесатэхн. ін-т у Гомелі (1930; з 1945 у Мінску; з 1961 Бел.тэхнал.ін-т; з 1993 Бел.тэхнал.ун-т), мінскія энергетычны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы (1930), харч. прам-сці, тарфяны (1931) ін-ты, якія ў 1933 увайшлі ў склад Бел.політэхн. ін-та, Мінскі мед.ін-т (1930; з 2002 Бел.мед.ун-т), Мінскі пед.ін-т (1931; з 1993 Бел.пед.ун-т), Бел. кансерваторыя (1932; з 1992 Бел. акадэмія музыкі), Гомельскі пед.ін-т (1933; з 1988 Гомельскі ун-т), Віцебскі мед.ін-т (1934; з 2002 Віцебскі мед.ун-т), Бел.ін-тфіз. культуры (1937; з 1993 Акадэмія фіз. выхавання і спорту) і інш.
У 1932 на Беларусі былі 32 ВНУ (10,1 тыс. студэнтаў), у т. л. 9 тэхн.ВНУ; дзейнічаў 51 рабфак. У 1940/41 навуч.г. працавала 25 ВНУ (21,5 тыс. студэнтаў). На 10 тыс. насельніцтва прыпадалі 24 студэнты. У гады Вял Айч вайны ВНУ Беларусі спынілі работу. У 1944/45 навуч.г. працавалі 12 ВНУ (5,1 тыс. студэнтаў), у 1945/46—24 (12,8 тыс. студэнтаў). Створаны Гродзенскі пед.ін-т (1944; з 1978 Гродзенскі ун-т), Бел. тэатральны ін-т (з 1945; з 1953 тэатральна-мастацкі ін-т, з 1991 Бел. акадэмія мастацтваў), Мінскі пед.ін-т замежных моў (1948; з 1993 Мінскі лінгвістычны ун-т), Брэсцкі пед.ін-т (1950; з 1995 Брэсцкі ун-т), Гродзенскі с.-г.ін-т (1951; з 1997 Гродзенскі агр.ун-т), Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953; Гомель; з 1993 Бел.ун-т транспарту), Бел.ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1954; з 1992 Бел.агр.тэхн.ун-т), Мінскі радыётэхн. ін-т (1964; з 1993 Бел.ун-т інфарматыкі і радыёэлектронікі), Віцебскі тэхнал.ін-т лёгкай прам-сці (1965; з 1995 Віцебскі тэхнал.ун-т), Наваполацкі політэхн.ін-т (1974; з 1993 Полацкі ун-т) і інш. У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел.тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (з 1993 Бел ун-т культуры).
У 1995/96 навуч.г.навуч. і навук. работу па 200 спецыяльнасцях праводзілі 39 дзярж.ВНУ (ун-таў, акадэмій, ін-таў, вышэйшых каледжаў), у якіх навучалася 174,2 тыс. студэнтаў, і 20 недзярж. ВНУ — 23,2 тыс. студэнтаў (гл.табл. 4). Вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па новых спецыяльнасцях: класічныя мовы і л-ра (лац., грэч.), японская і кітайская мовы, камерц. дзейнасць на рынку тавараў і паслуг, метралогія, перспектыўныя кірункі псіхалогіі (паліт. псіхалогія, этнапсіхалогія і інш.), стандартызацыя і сертыфікацыя, тэхналогія і паліграф.вытв-сць і інш. Рэфармаванне вышэйшай школы ідзе ў кірунку паступовага пераходу да шматузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі: 1-ы ўзровень — падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (4—5 гадоў), 2-і — паглыбленая падрыхтоўка (1—2 гады). Першы ўзровень прадугледжвае магчымасць атрымання адначасова з вышэйшай адукацыяй акад. ступені бакалаўра; другі — паглыбленую падрыхтоўку спецыялістаў у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці і атрыманне пры дадатковым навучанні акад. ступені магістра. Вядзецца распрацоўка стандартаў адукацыі, якія з’яўляюцца базай для атэстацыі і акрэдытацыі навуч. устаноў, статуса дыплома аб адукацыі, яго эквівалентнасці за межамі Беларусі. Вядучая навук. ўстанова Беларусі па псіхал.-пед. і сацыяльна-эканам. даследаваннях — Нацыянальны інстытут адукацыі, на базе якога з мэтай каардынацыі навук. даследаванняў створаны Каардынацыйны савет па навук. даследаваннях у сферы адукацыі (1993).
У 2003 атрыманне вышэйшай адукацыі забяспечвалі 43 ВНУдзярж. формы ўласнасці (279,2 тыс. студэнтаў) і 16 ВНУ недзярж. формы ўласнасці (58,6 тыс. студэнтаў; на 10 000 насельніцтва прыпадалі 343 студэнты). З 43 дзярж.ВНУ 28 з’яўляюцца ун-тамі, 8 — акадэміямі, 2 — ін-тамі, 5 — вышэйшымі каледжамі.
Новая структура вышэйшай адукацыі замацоўваецца ў сістэме ступеней, уключаючы бакалаўрыят і магістратуру. Пры гэтым захоўваецца сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Развіваюцца інтэнсіўныя метады навучання, сістэма рэйтынгавай ацэнкі і атэстацыі студэнтаў, заснаваныя на выкарыстанні інфарм. тэхналогій, дыстанцыйнага навучання. Пераход да 12-гадовай поўнай сярэдняй адукацыі стварае перадумовы паступовага пераходу да 2-ступеньчатай вышэйшай адукацыі, дзе 1-я ступень будзе мець 4-гадовы тэрмін навучання на базе 12-гадовай школы (сёння 11 школьных плюс 5 гадоў вышэйшай школы, заўтра — 12 школьных плюс 4 гады вышэйшай школы). Гэта адпавядае плануемаму пераходу еўрапейскай вышэйшай школы да 4-гадовай вышэйшай адукацыі да 2008—2010 на базе 12—13-гадовай школы.
Інтэграцыя вышэйшай адукацыі з фундаментальнай і прыкладной навукай, стварэнне адзінай інфарм. прасторы адукацыі і навукі забяспечваюць далейшае развіццё н.-д. дзейнасці ў ВНУ, яе арыентацыю на эканам. і сац. прагрэс, укараненне найноўшых інфарм. тэхналогій. Прадугледжана далейшае развіццё сістэмы падрыхтоўкі навуковых і навук.-пед. кадраў: школа — ВНУ — магістратура — аспірантура — дактарантура, укараненне новых форм конкурснага фінансавання н.-д. работы студэнтаў, аспірантаў і дактарантаў.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Антология педагогической мысли Белорусской ССР. Мн., 1986;
На пути к реформе школы: структура и содержание образования. Мн., 1997;
Снапкоўская С.В. Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі. Мн., 1995;
Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пач. XX ст.Мн., 1998;
Латыш М.И. Образование на рубеже веков. 2 изд. Мн., 2000;
Кабуш В.Т. Гуманистическая воспитательная система. теория и практика. Мн., 2001;
Основные положения теории профессионального образования. Мн., 2003.
В.У.Чэчат.
Табліца 4 Установы, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі (на пачатак навуч. года)
1995/96
2000/01
2003/04
Колькасць навучальных устаноў — усяго
59
57
59
дзяржаўных
39
43
43
прыватных
20
14
16
Колькасць студэнтаў — усяго, тыс. чалавек
197,4
281,7
337,8
у т. л. ў навуч. установах:
дзяржаўных
174,2
245,1
279,2
з іх навучаюцца на аддзяленнях:
дзённых
115,6
153,9
164,7
завочных
56,5
88,9
112,7
прыватных
23,2
36,6
58,6
На 10 000 насельніцтва прыпадала студэнтаў
194
282
343
у т. л. ў дзяржаўных навуч. установах
171
245
283
Колькасць прафесарска-выкладчыцкага персаналу (штатны персанал)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg), Вялікае Герцагства Люксембург (люксембургскае Groussherzogtum Lëtzebuerg, франц. Grand-Duché de Luxembourg, ням. Grossherzogtum Luxemburg),
дзяржава ў Зах. Еўропе, паміж Бельгіяй, Германіяй, Францыяй. Пл. 2586 км². Нас. 425 тыс.чал. (1998). Афіц. мовы — люксембургская, нямецкая і французская.
Сталіца — г.Люксембург. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — 23 ліп. (дзень нараджэння вял. герцага Жана).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзеючая канстытуцыя прынята ў 1868. Кіраўнік дзяржавы — Вял. герцаг Люксембургскі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Палаце дэпутатаў (60 дэпутатаў), якая выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы кансультатыўны орган пры герцагу па пытаннях заканадаўства і права — Дзярж. савет (21 саветнік), які пажыццёва назначаецца герцагам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. — узвышаная і ўзгорыстая краіна, пераважна на выш. ад 300 да 500 м над узр. м. Паўночная яе частка занята схіламі Ардэнаў (найвыш. пункт 559 м), паўд. — узгорыстае ўзвышша, парэзанае далінамі рэк. Карысныя выкапні: жал. руда (каля 240 млн.т), буд. матэрыялы, гаручыя сланцы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пд 3 °C, у Ардэнах каля 0 °C, ліп. 18 і 14 °C адпаведна. Рачная сетка густая, рэкі адносяцца да бас.р. Мозель. Лясы і хмызнякі займаюць 21% тэрыторыі. Лясы з дубу, грабу, буку і пасаджаныя з хвоі, елкі пераважна ва ўзвышаных раёнах. Некалькі рэзерватаў, частка прыроднага парку (уваходзіць і ў межы Германіі).
Насельніцтва. 71% складаюць люксембуржцы, 29% — выхадцы з краін Еўропы, у т. л. партугальцы — 10%, італьянцы — 5%, французы, бельгійцы, немцы і інш. 97% вернікаў католікі. Сярэднегадавы прырост 1,16% (1997). Сярэдняя шчыльн. 164,3 чал. на 1 км². У прамысл. раёне на Пдшчыльн. дасягае 1000 чал., у Ардэнах падае да 30—40 чал. на 1 км². У гарадах жыве 90% насельніцтва краіны. Найб. гарады Люксембург, Эш, Дыкірх, Дыферданж, Петанж. У прам-сці занята 16% працоўных, у буд-ве — 11%, у транспарце, сувязі, складской справе — 8%, у сельскай гаспадарцы і лясной справе 1%, у абслуговых галінах — 61%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена чалавекам у эпоху мезаліту (каля 7 тыс. гадоў назад), у старажытнасці — кельтамі, з 1 ст. да н.э. — рымлянамі, у раннім сярэдневякоўі — франкамі (іх вобл. Аўстразія). У выніку Вердэнскага дагавора 843 уладанне Лотара I (унук Карла Вялікага), з 959 у складзе герцагства Латарынгія. У 963—1083 самаст. графства Л. (да 19 ст.наз. Лютцэльбург), з 1354 герцагства (тэрытарыяльна было большае за сучасны Л., правіла дынастыя Люксембургаў). З 1441 у складзе Бургундыі, з 1477 пад уладай Габсбургаў (з 1555 іх ісп. лініі), частка гіст.Нідэрландаў. З 1659 паўд. частка, у 1684—94 і 1795—1814 увесь Л. пад уладай Францыі, у 1697—1794 — зноў Габсбургаў (у 1714—95 іх аўстр. лініі). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 утворана Вял. герцагства Л. (у 1815—66 у складзе Герм. саюза, у 1842—1919 таксама ў мытным саюзе з Германіяй) у персанальнай уніі (спынена ў 1890) з Нідэрландскім каралеўствам. Паводле бельг.-нідэрл. дагавора 1839 устаноўлены сучасныя межы Л. (да Бельгіі адышла валонская частка Л. — цяпер бельг. правінцыя Л.). 11.5.1867 на міжнар. канферэнцыі прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Прусіі, Францыі і Расіі ў Лондане вырашана т.зв. Люксембургскае пытанне (спрэчкі за ўплыў у Л. і прэтэнзіі на яго тэр. Прусіі і Францыі) і Л. абвешчаны «вечна нейтральнай» дзяржавай. У 1921 Л. заключыў мытны і эканам. саюз з Бельгіяй. У парушэнне нейтралітэту Л. ў 1-ю і 2-ю сусв. войны яго акупіравалі герм. войскі (1914—18, 1940—45; у 1940—45 вял. герцагіня Шарлота, якая правіла ў 1919—64, і ўрад Л. знаходзіліся ў эміграцыі ў Лондане). У лют. 1945 краіна вызвалена англа-амер. войскамі. У 1948 з канстытуцыі Л. выключаны артыкул аб яго нейтралітэце.
Пасля 1945 Л. актыўна ўключыўся ў працэс еўрап. інтэграцыі (у 1948 далучыўся да Брусельскага пакта, у 1951 — Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, у 1955 — Заходнееўрапейскага саюза, у 1957 — Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі, ратыфікаваў Маастрыхцкі дагавор 1992); у г. Люксембург размясціўся шэраг устаноў аб’яднанай Еўропы. З 1964 кіраўнік дзяржавы — вял. герцаг Жан (сын Шарлоты). У 1984—95 прэм’ер-міністрам Л. быў Ж.Сантэр. Л. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Бенілюкса (з 1960), Еўрапейскага саюза (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з ліп. 1992.
Дзейнічаюць Хрысц.-сац. партыя, Люксембургская сацыяліст. рабочая партыя, Дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Л., экалагічная партыя «Зялёная альтэрнатыва», Ген. канфедэрацыя працы Л. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. Л. — высокаразвітая індустр. дзяржава, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у свеце. Штогадовы даход на 1 чал. — 24,5 тыс.дол. (1995). У прам-сці ствараецца 21% валавога ўнутр. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 74%. Аснова прам-сці — чорная металургія, дае 29,3% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці. Развіваецца ў асн. на прывазной сыравіне. Здабыча жал. руды (каля 4—5 млн.т штогод) задавальняе 30% патрэб чорнай металургіі. Штогод выплаўляецца каля 4 млн.т высакаякаснай сталі (1-е месца ў свеце на душу насельніцтва). Металургічныя прадпрыемствы сканцэнтраваны на ПдЗ, дзе здаўна вядзецца здабыча жал. руды; асн. цэнтры Эш, Шыфланж, Дыферданж, Дзюдэланж, Раданж. Прадпрыемствы кантралююцца пераважна бельгійска-герм. канцэрнам «Арбед». Хім.прам-сць дае 21,3% усёй прамысл. прадукцыі: вытв-сцьаўтамаб. шын (г. Калмар-Берг), сінт. валакна (г. Эхтэрнах), поліэфірнай плёнкі (г. Кантэрн) і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуе гідраакумуляцыйная электрастанцыя на р. Ур каля г. Віяндэн (выпрацоўвае 40% электраэнергіі краіны), некалькі буйных ЦЭС. Каля 6 млрд.кВтгадз электраэнергіі імпартуецца з суседніх краін. Развіты гарбарна-абутковая, цэм., фаянсавая, дрэваапр., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, галіны. Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 116 тыс.га (45% тэр. краіны), у т. л. пад ворывам 62 тыс.га, пад пашай 54 тыс.га. Сельская гаспадарка забяспечвае палавіну патрэб насельніцтва краіны ў харч. прадуктах. Пераважае мяса-малочная жывёлагадоўля (каля 80% кошту с.-г. вытв-сці). Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 250, свіней — каля 80. Развіты таксама птушкаводства, трусагадоўля, пчалярства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, бульбу, кармавыя культуры. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, вішні). Вінаградарства ў даліне р. Мозель. Кветкаводства. Л. — буйны міжнар. фінансавы цэнтр; банкаўскія аперацыі адыгрываюць значную ролю ў даходах краіны (да 16%). У краіне 193 банкі, сканцэнтравана 10% актываў усяго еўравалютнага рынку. Л. — краіна развітога турызму (каля 500 тыс. замежных турыстаў штогод, даход каля 300 млн.дол.). Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 275 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,1 тыс.км. 75% грузаабароту прыпадае на міжнар. перавозкі. Суднаходства па р. Мозель. Л. мае марскі гандл. флот грузападымальнасцю 860 тыс. дэдвейт т, базіруецца ў партах Бельгіі і Нідэрландаў. Міжнар. аэрапорт каля г. Люксембург — вузел унутрыеўрап. паветр. ліній. У 1995 экспарт склаў 7,3 млрд.дол., імпарт — 9,1 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць сталь, пракат, хім. прадукты, цэмент, кераміка, віны, у імпарце — сыравіна для чорнай металургіі, нафта, электраэнергія, машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, тканіны, харч. тавары і інш.Гал.гандл. партнёры: Германія (28% экспарту, 25% імпарту), Бельгія (адпаведна 15 і 38%), Францыя (18 і 11%), Нідэрланды (5 і 4%). З 1921 Л. знаходзіцца ў эканам., у т. л. мытным, саюзе з Бельгіяй. Грашовая адзінка — люксембургскі франк.
Літ.:
Килль Ж. Тысячелетний Люксембург: Пер. с нем. М., 1965;
Шнеерсон Л.М. В преддверии франко-прусской войны: Франко-германский конфликт из-за Люксембурга в 1867 г.Мн., 1969;
Дробков В.А. На перекрестке дорог, культур, истории: Очерки о Бельгии и Люксембурге. М., 1989.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Люксембурга.Да арт.Люксембург. Частка ўрадавага квартала ў г. Люксембург.