МАНІПУЛЯ́ТАР 1) машына або прыстасаванне для дапаможных аперацый, звязаных са зменай становішча загатоўкі або вырабу. Найб. пашыраны М. пракатныя, ковачныя, зварачныя, бурыльных і пагрузачных горных машын.
2) Механізм, які выконвае пад кіраваннем аператара дзеянні (маніпуляцыі), аналагічныя дзеянням рукі чалавека. Выкарыстоўваецца пры работах у небяспечных, недаступных або цяжкіх умовах (работы з радыеактыўнымі або біялагічна небяспечнымі рэчывамі, пад вадой з выкарыстаннем батысферы і інш.). Аўтам. М., у т. л. з праграмным кіраваннем, з 1970-х г.наз.прамысл.робатамі.
3) Тэлеграфны ключ — эл.мех. рычажнае прыстасаванне для перадачы тэлеграфных сігналаў кодам Морзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РЫН (Пурынь) Павел Паўлавіч
(12.2.1911, в. Рэчыца Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.5.1977),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1932), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Ўкраіны, Малдовы, Прагі, штурму Берліна. Артыл. брыгада на чале з палк. П. вызначылася 27.1.1945, калі фарсіравала Одэр, скавала дзеянні праціўніка і дала магчымасць сапёрам аднавіць мост для пераправы сав. падраздзяленняў і баявой тэхнікі на плацдарм. Да 1956 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАХІ́Я (грэч. symmachia ад syn разам + machomai ваюю),
у Старажытнай Грэцыі ваенны саюз, які заключаўся паміж полісамі. Першыя С. ўзніклі ў 6 ст. да н.э. Полісы-саюзнікі абавязваліся разам весці ваен.дзеянні, мелі агульную казну, шэраг органаў кіравання (напр., сінод — агульнасаюзны сход, сінедрыён — савет прадстаўнікоў полісаў-саюзнікаў), вырашалі разам агульныя справы. Фармальна ўсе члены С. захоўвалі поўную аўтаномію, але фактычна больш слабыя ўдзельнікі дагавора павінны былі адмаўляцца ад самастойнай знешняй палітыкі і траплялі ў залежнасць ад поліса, які ўзначальваў С. Найб. вядомыя С.: на чале са Спартай (Пелапанескі саюз), Афінамі (Дэлоскі саюз), Фівамі (Беатыйскі саюз), Мегалопалем (Аркадскі саюз), Ахейскі саюз, Эталійскі саюз і Карынфскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБУ́НЫ НАРО́ДНЫЯ, трыбуны плебейскія (лац. tribuni plebis),
у Старажытным Рыме вышэйшыя выбарныя (з 494 да н.э.) службовыя асобы з плебеяў. Валодалі правам умяшання ў дзеянні патрыцыянскіх магістратаў (акрамя дыктатара) і сената; маглі забараніць іх пастановы (права veto). Т.н. складалі калегію з 2—10 асоб, якіх выбіралі на плебейскіх сходах на 1 год. Асоба Т.н. лічылася свяшчэннай і недатыкальнай. Т.н. выступалі ініцыятарамі агр. законаў і дэмакр. пераўтварэнняў. З дзейнасцю трыбунаў Тыберыя і Гая Гракхаў, напр., звязаны найвыш. ўздым дэмакр. руху ў Рыме. У эпоху імперыі Т.н. фармальна захаваліся, але страцілі рэальнае значэнне, паколькі носьбітамі трыбунскай улады з часоў Цэзара сталі імператары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,
сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеяннірус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.Х.Вітгенштэйна (змяніў М.І.Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс.чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс.чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРА́ЦТВА (ад грэч. peiratēs разбойнік, рабаўнік),
затрыманне, рабаванне і інш. гвалтоўныя дзеянні, учыненыя ў адкрытым моры экіпажам прыватнаўласніцкага судна (піратамі), а таксама лятальнага апарата ў адносінах да інш. судна ці лятальнага апарата, супраць асоб і маёмасці, што знаходзіцца на іх борце. Як П. разглядаюцца дзеянніваен. суднаў і дзярж. лятальных апаратаў, экіпаж якіх учыніў мяцеж. П. адносіцца да злачынстваў міжнар. характару і пытанні барацьбы з ім рэгулююцца Ніокскім пагадненнем (1937), Канвенцыяй ААН аб адкрытым моры (1958), Канвенцыяй ААН па марскім праве (1982).
П. ўзнікла ў антычнасці разам з мараходствам у прыбярэжных раёнах Паўд.Усх. Азіі. Развівалася ў вузлавых пунктах марскіх зносін. У Еўропе вядома з часоў Стараж. Грэцыі, было пашырана ў Міжземным м. (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 18 ст.н.э.; тут у старажытнасці П. займаліся грэкі, фінікійцы, егіпцяне, этрускі, карфагеняне, кілікійцы), Паўн. і Балт. морах (з пач.н.э., асабліва ў эпоху вікінгаў), Ла-Маншы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і калан. захопаў П. перамясцілася ў Карыбскае м., уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Індыйскі ак.; сярод найб. вядомых піратаў 16 ст. Ф.Дрэйк. У 18—пач. 19 ст. П. найб. пашырана ўздоўж Армузскага праліва і Перс. заліва (арабы) і ў Кіт. моры (японцы). П. ў асн. спынілася ў 2-й пал. 19 ст., але яго выпадкі вядомы і ў 20 ст. (у т. л. у раёне «Бермудскага трохвугольніка»). На морах і акіянах побач з піратамі дзейнічалі карсары, каперы (гл.Каперства), флібусцьеры, буканьеры, рэйдэры. Нягледзячы на матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія прычыняла П., яно спрыяла развіццю мараплавання.
Літ.:
Пираты и разбойники: Флибустьеры, корсары. каперы и буканьеры... Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РКАЧ (Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛСтафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна), кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.
Тв.:
Описание путешествия в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,
прыватная газета. Выдавалася штодзённа з 21.1(3.2).1916 да 12.7.1919 у Віцебску на рус. мове. Да Кастр. рэвалюцыі прытрымлівалася памяркоўна-ліберальнага кірунку, вяла палеміку з чарнасоценнымі арг-цыямі. Друкавала інфармацыю пра ваен.дзеянні на франтах 1-й сусв. вайны, пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, эканам. стан Віцебскай губ., пра сац.-эканам. і бытавыя праблемы горада. Вітала Лют. рэв. 1917, падтрымлівала Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Часовы ўрад Расіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі падтрымлівала дзейнасць органаў сав. улады. Выступала супраць абвяшчэння БНР, вітала абвяшчэнне БССР. Асвятляла тэатр., муз. і літ. жыццё горада, рэкламавала кінематограф, эстраду, аперэту. У 1917 друкавала дадатак «Вечерний бюллетень», у 1918—19 — гумарыстычную старонку «Витебский писк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЛАНДСКІ БОЙ 1915,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Готланд паміж 1-й брыгадай крэйсераў рас.Балт. флоту (каманд. контр-адм. М.К.Бахіраў) і атрадам герм.ваен. караблёў (камадор Карф) 2.7.1915 у 1-ю сусв. вайну. Атрад Бахірава (5 крэйсераў і 9 эсмінцаў) 1.7.1915 накіраваўся да порта Мемель (цяпер Клайпеда, Літва) з задачай абстраляць яго. У густым тумане ён размінуўся з ням. флотам (3 крэйсеры, 7 эсмінцаў і мінны загараджальнік), аднак у выніку радыёперахопу і дэшыфроўкі данясення Карфа быў наведзены па радыё на праціўніка. У выніку артыл. перастрэлкі 2 ліп. на У ад Готланда са строю выведзены ням. мінны загараджальнік, пашкоджана ч. караблёў абодвух бакоў; больш хуткія ням. караблі выйшлі з бою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫХА́Д (араб.літар. намаганне),
адно з асн. паняццяў у ісламе і адзін з гал.рэліг. абавязкаў мусульман-мужчын. У сярэдневякоўі азначала ўзбр. змаганне з нявернымі (немусульманамі) у імя пашырэння (захавання) мусульм. ўплыву ў свеце («свяшчэнная вайна», або газават ці фатх). Пазней Дж. стаў разглядацца як духоўнае ўдасканаленне ісламскіх вернікаў праз іх пэўныя намаганні (пераадоленне чалавечых слабасцей і шкодных звычак, пакаранне злачынцаў і парушальнікаў маральных нормаў). У гісторыі мусульм. краін ідэя Дж. выкарыстоўвалася для ўзмацнення рэліг. пачуццяў вернікаў (нярэдка ў форме фанатызму) і згуртавання насельніцтва ў час унутр. і знешніх войнаў, у т. л.нац.-вызв. паўстанняў. Часам лозунгам Дж. імкнуцца абгрунтаваць свае дзеянні тэрарысты-мусульмане.