ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,

грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв. эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.

В.​А.​Драздоў.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАТКЕ́ВІЦКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада «Чырвоны кастрычнік» А.​І.​Далідовіча супраць ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Капаткевічы 17.1.1942 у Вял. Айч. вайну. Кіраваў боем камісар атрада С.​В.​Маханько. Раніцай у гэты дзень партызаны акружылі Капаткевічы, дзе размяшчаўся варожы гарнізон (каля 100 гітлераўцаў), бясшумна знялі вартавых і адрэзалі шлях да адступлення. Невял. групамі па 3—5 чал. партызаны знянацку напалі і закідалі гранатамі хаты, у якіх размяшчаліся гітлераўцы. Праціўнік спрабаваў прабіцца на паўд. ўскраіну пасёлка да чыгункі Жыткавічы—Калінкавічы, але трапіў пад агонь партызан. За 4 гадз бою загінула больш за 60 гітлераўцаў, партызаны захапілі 18 вінтовак, станковы кулямёт, 1 тыс. т збожжа, якое прызначалася да адпраўкі ў Германію. Большую частку яго партызаны раздалі насельніцтву. Капаткевічы былі першым раённым цэнтрам, які вызвалілі бел. партызаны ў 1942.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІБО́ЦКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1830 як рудня каля мяст. Налібакі Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). У 1846 працавалі 93 гутнікі і 100 руднікоў. У 1852 пабудаваны і далі прадукцыю Руднянскі чыгунаплавільны і Клецішчанскі жалезаапрацоўчы з-ды, якія склалі Н.м.к. У 1852 на камбінаце былі 3 домны, 7 паравых машын, 8 пудлінгавых печаў, 4 ліцейні, стопудовы молат і 2 пракатныя станы. Выпускаў чыгуначныя рэйкі, паласавое, шыннае, чатырохграннае і круглае жалеза. У 1858 працаваў 561 рабочы, здабыта 2 млн. пудоў руды, выпушчана 80 тыс. пудоў жалеза. У 1871—77 Клецішчанскі з-д пераўтвораны ў машынабудаўнічы, у гэты перыяд з-ды былі здадзены ў арэнду і наз. машынабудаўнічым вагонарэйкавым з-дам. У 1895 атрымана 50 тыс. пудоў паласавога і сартавога жалеза.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІ́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (13.10. 1852, г. Іркуцк, Расія — 25.11.1897),

расійскі гісторык архітэктуры, архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879). Акад. архітэктуры (1882). Чл. Маскоўскага археал. т-ва (1885). З 1888 заг. аддзела Аружэйнай палаты ў Маскве. Даследаваў помнікі архітэктуры і выяўл. мастацтва Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, рабіў іх навук. апісанні і замалёўкі. На 9-м археал. з’ездзе ў Вільні (1893) выступіў з дакладамі пра стараж. помнікі мураванага і драўлянага дойлідства Віцебска і Полацка. Вызначыў, што зах. апсіды Полацкага Сафійскага сабора прыбудаваны пазней, падрабязна апісаў муроўку Віцебскай Благавешчанскай царквы і датаваў гэты помнік 12 ст. Аўтар манаграфіі «Гісторыя рускай архітэктуры» (1894). Праектаваў грамадскія будынкі ў Маскве.

Тв.:

Древние храмы Витебска и Полацка в г. Витебске // Тр. девятого Археол. съезда в Вільне, 1893. М., 1895. Т. 1.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ННЕ,

адлёт з вулля маткі з часткай пчол для ўтварэння новай сям’і; прыроднае размнажэнне пчаліных сем’яў. Бывае ў 1-й пал. лета (на Беларусі ў 1-й пал. чэрв.), калі пчаліная сям’я мае вял. колькасць расплоду і лішак рабочых пчол.

Перад Р. пчаліная сям’я будуе матачнікі для маладых матак, пчолы-разведчыкі знаходзяць новае жыллё. У гэты час яйцаноскасць і маса маткі значна зніжаецца, памяншаецца аб’ём яе яечнікаў, выпростваюцца паветраныя мяшкі ў брушку. і яна набывае здольнасць да палёту. Пры Р. з вулля вылятаюць пчолы з маткай, «прышчэпліваюцца» (збіваюцца ў кучу) на галінцы дрэва, потым пералятаюць і робяць новае гняздо. Ад адной пчалінай сям’і можа аддзяліцца некалькі раёў. У штучных умовах аддзяляюць ч. пчалінай сям’і і падсаджваюць да іх плодную матку.

В.​І.​Сапега.

Да арт. Раенне. Пчаліны рой на галіне дрэва.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA​0 − pA)/pA​0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA​0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.​Томасам і палякам Ф.​Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі).

2) У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».

3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУК (Fagus),

род кветкавых раслін сям. букавых. 10 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі ў дзікарослым стане ў час кліматычнага оптымуму галацэну трапляўся бук лясны, або еўрапейскі (F. sylvatica). У наш час гэты від, а таксама бук буйналісты (F. grandifolia) і ўсходні (F. orientale) вырошчваюць як інтрадукаваныя расліны ў бат. садах, парках і некат. лясгасах.

Аднадомныя лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметрам ствала да 2—2,5 м, з густой амаль цыліндрычнай кронай і шэрай гладкай карой. Жывуць да 500 гадоў. Лісце эліптычнае, бліскучае. Кветкі дробныя, аднаполыя. Плады — 3-гранныя арэхі. Лесаўтваральныя (пераважна ў гарах), меліярац., дэкар. (некат. віды маюць садовыя формы), тэхн. (з драўніны вырабляюць мэблю, муз. інструменты, фанеру і інш., атрымліваюць метылавы спірт, воцат), лек., алейныя (плады даюць харч. і тэхн. алей), кармавыя і ядавітыя (плады маюць алкалоід фагін) расліны.

Бук лясны.

т. 3, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1492—94.

вайна Маскоўскай дзяржавы за ўсх.-слав. землі, што былі ў складзе ВКЛ. Ваенныя дзеянні пачаліся пасля смерці вял. кн. ВКЛ Казіміра IV. Рус. войскі ў жн. 1492 занялі Любуцк і Мцэнск, а восенню Хлепень і Рагачоў. У гэты час да Масквы «ад’ехалі» вярхоўскія князі з парубежных раёнаў ВКЛ, што дазволіла Івану III без цяжкасці заняць землі ў вярхоўях Акі. Рыхтуючыся пашырыць ваен. дзеянні, ён пачаў ствараць ваен. кааліцыю супраць ВКЛ. Каб спыніць ваен. дзеянні, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену Іванаўну замуж за вял. кн. ВКЛ Аляксандра; праведзены перагаворы аб сватанні, заручынах і вяселлі Аляксандра і Алены. У выніку пагаднення да Маскоўскай дзяржавы адышлі землі ў бас. Верхняй Акі і Вяземскае княства. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛІЙ II (Basileios) Балгарабойца

(958, Канстанцінопаль — 15.12.1025),

візантыйскі імператар [976—1025]. З Македонскай дынастыі. Узмацніў паліт., эканам. і ваен. магутнасць Візантыі; абмежаваў уплыў знатных родаў, задушыў іх паўстанні ў 976—79 і 987—89. Меў добрасуседскія адносіны з кіеўскім князем Уладзімірам, за якога выдаў замуж сваю сястру Ганну. Гэты шлюб паспрыяў прыняццю на Русі хрысціянства. У 995 здзейсніў паспяховы паход у Сірыю супраць Фатымідаў; захапіў частку груз. і арм. зямель. Пасля працяглай вайны ў 1018 пакарыў Зах.-Балг. царства і падпарадкаваў яго Візантыі; за жорсткасць, якую праявіў у гэтай вайне (у 1014 загадаў асляпіць 14 тыс. балг. палонных), празваны Балгарабойцам. Значна пашырыў тэр. сваёй імперыі: яна ўключыла ўвесь Балканскі п-аў і М. Азію, распасціралася да Каўказскага хрыбта і Месапатаміі на У і Італіі на З.

Літ.:

Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)