ГАРЫБАЛЬДЗІ́ЙСКІЯ БРЫГА́ДЫ,
італьянскія партыз. атрады руху Супраціўлення ў 1943—45 у 2-ю сусв. вайну. Названы ў гонар Дж.Гарыбальдзі. Пачалі стварацца ў ліст. 1943; па стане на крас. 1945 дзейнічала 575 атрадаў. Значную ч. іх байцоў складалі камуністы. Галоўнакамандуючы — Л.Лонга. Летам і восенню 1944 Гарыбальдзійскія брыгады (каля палавіны партыз. узбр. сіл) узначальвалі наступленне партыз. арміі ў Цэнтр. і Паўн. Італіі.
т. 5, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНЕ́Й,
у грэчаскай і рымскай міфалогіі бог шлюбу, сын Дыяніса і Афрадыты (ці Апалона і адной з муз). Яго ўяўлялі прыгожым юнаком з гірляндамі кветак і факелам у руцэ. Гіменей — спявак і музыкант, раптоўна памёр (ці страціў голас) на вяселлі Дыяніса. Каб увекавечыць Гіменея, яго імя абвяшчалі на вяселлях, а ўрачыстую песню ў гонар маладых наз. гіменей. У пераносным сэнсе вузы Гіменея — шлюб.
т. 5, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЖНЁВА МЫС,
паўднёва-ўсходні край мацерыка Еўразія на Чукоцкім п-ве, у Берынгавым праліве (66°05′ паўн. ш., 169°40′ зах. д.). Ізаляваны плоскавяршынны горны масіў выш. да 741 м, які строма абрываецца да мора. Названы ў 1879 Н.А.Э.Нордэншэльдам у гонар рус. землепраходца С.І.Дзяжнёва, які ўпершыню абагнуў з Паповым (Ф.Аляксеевым) мыс у 1648. Маяк-помнік Дзяжнёву. На Дз.м. населены пункт Уэлен.
т. 6, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НГРЫД КРЫ́СТЭНСЕН БЕ́РАГ (Ingrid Christensen Coast),
частка ўзбярэжжа Зямлі Прынцэсы Елізаветы (Усх. Антарктыда) паміж 72 і 81° усх. д. Паверхня ўкрыта лёдам; у сярэдняй частцы антарктычны аазіс Вестфаль з аўстрал. навук. станцыяй Дэйвіс (дзейнічала ў 1957—64). Адкрыты брыт.-аўстрала-новазеландскай экспедыцыяй у 1930—31. Названы капітанам судна «Торсхаўн» нарвежскай антарктычнай экспедыцыі К.Мікельсанам у гонар жонкі ўладальніка судна (1935).
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КА ГАРА́ (Cook Mount; мясц. назва Аарангі, на мове маоры — вял. белае воблака),
найбольшая вяршыня ў Новай Зеландыі, на в-ве Паўднёвы. Выш. 3764 м. Складзена з крышт. парод. Вяршыня мае форму сядла з вельмі стромкімі схіламі. Снежнікі, ледавікі, у т. л. ледавік Тасмана (даўж. 29 км). Нац. парк Маўнт-Кук (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). Названа ў гонар Дж.Кука.
т. 8, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́Н,
1) адзінка зараду электрычнага (колькасці электрычнасці) у Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Ш.А.Кулона. Абазначаецца Кл. 1 Кл роўны эл. зараду, які працякае праз папярочнае сячэнне правадніка за 1 с пры сіле пастаяннага току 1 А, 1 Кл = 1 А∙с. 2) Адзінка патоку электрычнага зрушэння (патоку эл. індукцыі) праз адвольную замкнёную паверхню, у сярэдзіне якой знаходзіцца свабодны зарад 1 Кл.
т. 9, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЧАТО́ВІЙ (лац. Kurchatovium),
Ku, штучны радыеактыўны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 104. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы 10 ізатопаў з масавымі лікамі 253—262; найб. устойлівы — 261Ku (перыяд паўраспаду 70 с). Атрыманы ў 1964 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Назва «К.» (у гонар І.В.Курчатава) прапанавана ў СССР, у ЗША гэты элемент наз. рэзерфордзій (сімвал Rf); назва 104-га элемента канчаткова не прынята.
т. 9, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭ́НСІЙ (лац. Lawrencium),
Lr, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 103, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 253—260; найб. устойлівы — 260Lr (перыяд паўраспаду 180 с). Першыя надзейныя звесткі пра элемент 103 атрыманы ў СССР Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі (1965—67). Назва элемента ў гонар амер. фізіка Э.А.Лоўрэнса канчаткова не прынята.
т. 9, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВІНГСТАН (Livingstone),
Марамба, горад на Пд Замбіі, на р. Замбезі, каля вадаспада Вікторыя. Адм. ц. Паўднёвай правінцыі. Засн. ў 1905, названы ў гонар даследчыка Афрыкі Д.Лівінгстана. Каля 100 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., аўтазборачная, харчасмакавая, швейная, паліграфічная. На р. Замбезі — ГЭС Вікторыя-Фолс. Нац. музей Замбіі. Культ. цэнтр Марамба. Аддзяленне Нац. ун-та. Турызм.
т. 9, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЕ́ЛІЙ (лац. Nobelium),
No, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 102, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 9 ізатопаў з масавымі лікамі 251—259. Першыя надзейныя звесткі пра ізатопы 251No — 256No атрыманы ў 1963—67 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Найб. устойлівы ізатоп 259No (перыяд паўраспаду 60 мін) сінтэзаваны ў 1970 у ЗША. Названы ў гонар А.Л.Нобеля.
т. 11, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)