ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Вінцэнт Антонавіч) (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),
дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час.«Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫЛЯ́НСКАЯ (Вольга Юльянаўна) (27.11.1863, г. Гура-Гумарулуй, Румынія —21.3.1942),
украінская пісьменніца. Скончыла 4-класную ням. школу, займалася самаадукацыяй. Раннія творы (на ням. мове) прысвечаны эмансіпацыі жанчын. У сац.-псіхал. аповесцях «Чалавек» (1894), «Царэўна» (1896), «Зямля» (1902), «У нядзелю рана зелле капала...» (1909), апавяданнях «Ён і Яна» і інш. выкрывала мяшчанства, прыстасавальніцтва, сац. прычыны збяднення і бяспраўя сялянства Букавіны, узнімала пытанні чалавечай годнасці. Падзеі 1-й сусв. вайны адлюстравала ў апавяданнях «Ліст засуджанага салдата да свае жонкі», «Юда», «Насустрач долі», «Сніцца», «Звар’яцеў». Выступала пераважна як рэаліст, у асобных творах праявіліся рысы мадэрнізму. Аповесці «Ніёба», «Цераз кладку» (абедзве 1905), «За сітуацыямі» (1913), раман «Апостал чэрні» (1926) пра жыццё інтэлігентаў-жанчын і духавенства, іх барацьбу за сац. і нац.вызваленне. Асобныя творы К. экранізаваны і інсцэніраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́Л ВО́ІНСКАЙ СЛА́ВЫна Лудчыцкай вышыні.
Адкрыты ў 1984 за 1,5 км ад в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. на месцы жорсткіх баёў за вызваленне Беларусі ў 1943 і 1944. Аўтары: скульпт. П.Белавусаў і У.Лятун, арх. В.Бялянкін і М.Мызнікаў, інж. Б.Шчарбакоў (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Дамінанта мемарыяла — сімвалічная фігура Баяна (выш. 10 м), які апявае подзвіг воінаў-герояў. Каля падножжа ўзгорка пляцоўка, па краі яе на авальнай сцяне змешчаны гарэльефныя партрэты Герояў Сав. Саюза, якім прысвоена гэта званне за баі на Быхаўшчыне: І.А.Барысевіча, П.Дз.Вінічэнкі, С.Іскаліева, У.К.Мартынава, Г.С.Размадзе, Г.Якубава (выш. каля 3,5 м); пад партрэтамі на абліцаванай чорным гранітам ч. сцяны імёны і воінскія званні герояў. На пляцоўцы — абліцаваная гранітам стэла (выш. каля 3 м) з інфарм. надпісам, гранітная пліта з бронзавай пяціканцовай зоркай і чашай для запальвання рытуальнага агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ХВЕР (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 5.12.1931, г. Ананьеў Адэскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Муж Л.М.Мягковай. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (у 1966—73 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творам уласцівы эксперыментаванне з тэхналогіяй шкла, высокая культура формаўтварэння, вобразны дэкаратывізм, гарманічныя і лаканічныя прыёмы дэкарыравання. Аўтар ваз «Зубры» (1960), «Юнацтва» (1966), «Вогнішчы» (1972), блюд «Біцюг» (1960), «Шкловыдзімальшчык» (1963), пластоў «Гутнікі» (1982), «Лікі» (1990), кампазіцый «Гарадзішча» (1971), «Віхор», «Сіла зямная» (абедзве 1979), «Восеньская сюіта» (1980), «Вызваленне» (1984), «Памяці настаўніка» (1988), «Мір таму, хто ўваходзіць», «Пакутныя», «Пад каўпаком» (усе 1989), «Іншапланецяне» (1990), «Тэатр», «Пераадоленне» (абодва 1992), «Егіпецкі матыў» (1993), «Натоўп» (1995), «Чудзікі» (1999), бутляў «Гута» (1971), «Волаты» (1975), «Лікі» (1992), скульптур «Дуэт» (1992), «Ефрасіння» (1993), «Муза» (1996); набору «Белавежская пушча» (1967) і інш. Залаты медаль на выстаўцы шкла і фарфору ў г. Ябланец (Чэхія, 1979), сярэбраны медаль АМСССР (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
бой падраздзяленняў 415-й стралк. дывізіі (палк. П.І.Машчалкоў) 61-й арміі Бел. фронту і 27-й Нараўлянскай партыз. брыгады імя Кірава (камандзір У.П.Яромаў) супраць ням.-фаш. захопнікаў за вызваленнег.п. Нароўля 28—30 ліст. ў Вял.Айч. вайну. У пасёлку знаходзілася каля 500 гітлераўцаў з 13 танкамі, 2 штурмавымі гарматамі «фердынанд», 2 бронемашынамі. 28 ліст.сав. дывізія фарсіравала р. Прыпяць і з Пд наблізілася да Нароўлі. Партызаны разведалі ўмацаванні праціўніка, наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых кропак і разам з камандаваннем дывізіі распрацавалі план вызвалення Нароўлі. У ноч на 30 ліст. партызаны (камандзір П.І.Літоўскі) і падраздзяленні стралк. палка абышлі пасёлак з 3 і Пн і пачалі наступленне. Баючыся акружэння, праціўнік адступіў. Нароўля была вызвалена, захоплены ваен. склады праціўніка. Партызаны і часці Чырв. Арміі вызвалілі таксама в. Верхні і Ніжні Млынок, з дапамогай насельніцтва пабудавалі мост цераз Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Казімір) (3.1.1738, б. маёнтак Яшнец, цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.3.1807),
асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, Любяшоўскім навіцыяце, піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у Вільні і Рыме. З 1764 праф. і прэфект піярскага калегіума ў Дубровіцы, потым запрошаны ў Вільню. З 1773 у Германіі і Францыі. Працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя; лічыў, што чалавек здольны спасцігнуць ісціну, але для яе ўстанаўлення неабходны ўсебаковы і разнастайны падыход пры даследаванні з’яў. Адстойваў ідэю неабходнасці шырокай свецкай адукацыі, фарміравання развітой асобы, цесна звязанай з практычнымі патрэбамі грамадства і часу. У 1769 выдаў у Вільні першы падручнік логікі на польск. мове. Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лац. мове. У 1773 разам з вучнямі выдаў «Выбраныя суджэнні з філасофіі».
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 4-я ўдарная, 6-я гв., 43-я, 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Ім процістаялі злучэнні 16-й арміі групы армій «Поўнач» і частка сіл 3-й танк. арміі групы армій «Цэнтр», што ператварылі Полацк у магутны вузел абароны. Мэта аперацыі — разгром полацкай групоўкі праціўніка, вызваленне Полацка. У ходзе аперацыі групоўка ворага была ліквідавана, вызвалены 29 чэрв.г.п. Ушачы і в. Ветрына, 1 ліп.г.п. Шаркаўшчына, 2 ліп.г. Докшыцы і в. Пліса, 3 ліп.г. Глыбокае, 4 ліп. Полацк і г. Дзісна; у вызваленні Глыбокага і Докшыц удзельнічалі партызаны. У выніку аперацыі войскі фронту ізалявалі адну ад адной групы армій «Поўнач» і «Цэнтр», забяспечылі наступленне з Пнгал.стратэг. групоўкі сав. войск на тэр. Беларусі. 31 злучэнню і часці нададзены ганаровыя найменні «Полацкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял.Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.Раманава і М.Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Георгі Стойкаў) (крас. 1821, г. Коцел, Балгарыя — 9.10.1867),
балгарскі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст; адзін з арганізатараў нац.-вызв. руху балг. народа супраць тур. няволі. Вучыўся ў грэч. вучылішчы ў Стамбуле. У 1841 засн. тайнае т-ва па арганізацыі вызв. антытур. паўстання ў Балгарыі і Грэцыі, у тым жа годзе ўзначаліў антытур. выступленне ў рум.г. Брэіла. У 1853 спрабаваў арганізаваць антытур. паўстанне ў Балгарыі; у 1854 кіраваў там партыз. атрадам у гарах Стара-Планіна. З 1855 у эміграцыі ў Румыніі, Сербіі, Расіі. У 1861—62 засн. у Бялградзе 1-ю Балг. легію (легіён) для барацьбы з туркамі, у канцы 1866 у Бухарэсце аб’яднаў ваявод партыз. чэт (атрадаў) для планамерных дзеянняў у мэтах вызвалення Балгарыі. У 1867 склаў «Часовы закон народных атрадаў». Выдаваў газ. «Българска дневница» («Балгарскі дзённік»), «Дунавски лебед» («Дунайскі лебедзь»), час. «Бъдушност» («Будучыня»), у якіх прапагандаваў ідэю братэрства балканскіх народаў у барацьбе за вызваленне. У паэме «Лясны падарожны» (1857) апяваў барацьбу балг.гайдукоў супраць тур. прыгнёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАМА́ЯНА»
(санскр. «Сказанне пра Раму»),
старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст.н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.