баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Ну тэхніцы,
1) агараджальная, пераважна жалезабетонная, канструкцыя для ўтварэння пад вадой або ў воданасычаным грунце рабочай прасторы, свабоднай ад вады. Складаецца з кесоннай камеры і надкесоннага збудавання, для зносін з паверхняй мае шлюзавы апарат. Выкарыстоўваецца пры збудаванні масіўных фундаментаў, апор і інш. 2) Драўляная або метал. скрыня для частковага асушэння падводнай ч. судна з мэтай рамонту ці агляду. Унутр.бок скрыні мае выраз па форме абводу ўчастка на корпусе судна, які асушаецца.
3) Стальныя скрынкі, якія выкарыстоўваюцца ў шахтавых металург. печах і ў газавых каналах мартэнаўскіх печаў; ахаладжаюцца цыркулюючай у іх вадой або метадам выпаральнага ахаладжэння.
4) Полы каробчаты ланжэрон, які ўспрымае намаганні, што дзейнічаюць на крыло самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮСТЭ́РКА»,
«Люстра», бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́МАНТ (ад лац. momentum рухаючая сіла, штуршок) у філасофіі, вельмі кароткі прамежак часу, міг, імгненне, калі наступае, здзяйсняецца што-н.; істотныя абставіны, састаўная частка, асобны бок якой-н. з’явы (напр., станоўчы М.). Г.Гегель увёў паняцце для абазначэння састаўной часткі вял. цэлага, якая вылучана паводле якаснага ці дынамічнага, але не прасторавага ці мех. прынцыпу (напр., М. светапогляду ў сац. рэвалюцыі). У псіхалогіі М. наз. розныя пачуцці валявога дзеяння. Да іх адносяцца М. вобраза, формы, структуры (гештальта) пры аналізе цэласнай структуры псіхічных працэсаў, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю асобных частак (распазнаванне мелодыі ў розных танальнасцях яе выканання і інш.), а не іх сумай. Гл. таксама Момант у тэорыі імавернасцей, Момант імпульсу, Момант інерцыі, Момант сілы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,
прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЦЭ́ЦІС (Іаакім Іаакімавіч) (23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),
савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на боксав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.—вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен.навук.прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́МБАРТАН-ОКС КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1944,
папярэдняя нарада прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая па пытаннях стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Склікана па прапанове СССР у адпаведнасці з дэкларацыяй 4 дзяржаў аб усеагульнай бяспецы, прынятай у 1943 у Маскве (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945). Праходзіла на віле Думбартан-Окс (прыгарад Вашынгтона) у 2 этапы: перагаворы прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі (21.8—28.9.1944) і прадстаўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая (28.9—7.10.1944). На канферэнцыі ўзгоднены асн. палажэнні праекта Статута ААН, аднак з-за рознагалоссяў бакоў засталіся нявырашанымі пытанні аб першапачатковых членах будучай арг-цыі (сав.бок, які прадстаўляў ураджэнец Беларусі А.А.Грамыка, прапаноўваў уключыць у лік дзяржаў-заснавальніц ААН усе 16 саюзных рэспублік) і аб парадку галасавання ў Савеце Бяспекі.
Літ.:
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВЫЯ (Turdidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 50—55 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і халодных раёнаў Арктыкі. Жыхары лясоў, зараснікаў, кустоў, абрываў і скал. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды і 8 падвідаў. На Беларусі 14 відаў з 6 родаў: гарыхвосткі, дразды (Turdus), заранкі (Erithacus), каменкі (Oenanthe), салаўі (Luscinia), чаканы (Saxicola).
Даўж. 12—40 см, маса 13—200 г. Вонкавы выгляд і афарбоўка дарослых птушак разнастайныя Птушаняты плямістыя. Ногі ў большасці моцныя, пярэдні бок цэўкі ўкрыты 1 шчытком Дзюба моцная, але тонкая. Хвост у большасці прамы. Ва ўмераных шыротах Д. — пералётныя птушкі. Гняздуюцца на дрэвах, кустах, зямлі, у дуплах і інш. Нясуць 2—6 яец. Гадуюць за год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі, восенню і зімой — ягадамі, насеннем. Многія Д. добра спяваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬ-РАДЗІЁНАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (18.7.1906, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 14.5.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). З 1941 на фронце, нач. штаба стралк. дывізіі. Паранены трапіў у палон, з 1942 быў камандзірам «дружыны», палка, брыгады «Рускай нац.нар. арміі», сфарміраванай гітлераўцамі з ваеннапалонных. Падрыхтаваў і арганізаваў 16.8.1943 пераход гэтага фарміравання ў поўным складзе на бок партызан, якое атрымала назву 1-я Антыфаш. партыз. брыгада. Фарміраванне правяло Вілейскі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынскую аперацыю 1943 і інш. 16.9.1943 Гіль-Радзіёнаў узнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі, атрымаў званне палкоўніка. У цяжкіх баях у час карнай аперацыі «Веснавое свята» ў ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 брыгада панесла вял. страты, Гіль-Радзіёнаў быў смяротна паранены.