БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БНСП),
арганізацыя бел. фашыстаў у 1930—40-я г. Пачала стварацца ў 1933 у Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных бел. дзеячаў. З 1934 працаваў прэзідыум Бел. нацыянал-сацыяліст. актыву (старшыня Ф.Акінчыц), які ў 1936 ператвораны ў БНСП. Друкаваны орган — час. «Новы шлях». Партыя была забаронена ўладамі Польшчы. БНСП не мела падтрымкі сярод бел. насельніцтва і ням.-фаш. улад. Распалася, відаць, пасля смерці Акінчыца (сак. 1943).
А.М.Літвін.
т. 2, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К (Фёдар Васілевіч) (1.1.1923, в. Кашалі Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 19.1.1991),
бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1953). Праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1950). З 1953 у БДУ. У 1959—61 нам. дырэктара Бел. ін-та нар. гаспадаркі, у 1961—69 у Мінскім пед. ін-це. З 1969 рэктар Бел. ін-та нар. гаспадаркі. Навук. даследаванні па праблемах палітэканоміі і эфектыўнасці грамадскай вытв-сці.
т. 2, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НЕНКА (Васіль Аляксеевіч) (н. 29.6.1950, Магілёў),
бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т. л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.Чачота, Я.Купалы і інш.
т. 9, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСАК (Юрый Фёдаравіч) (н. 18.5.1941, в. Вілейка Мінскай вобл.),
бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), з 1964 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Яго выкананне вызначаецца змястоўнасцю і артыстызмам, багаццем гукавой палітры, тонкім густам. У рэпертуары творы сусв. класічнай і сучаснай музыкі, бел. кампазітараў. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў трыо з Г.Клачко і Б.Скабло. Сярод яго вучняў В.Раінчык, І.Шуміліна, С.Мікулік.
т. 8, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША СЛО́ВА»,
грамадска-асветная газета. Выдавалася з сак. 1990 на бел. мове Т-вам бел. мовы імя Ф.Скарыны ў Мінску як штомесячны бюлетэнь, са студз. 1991 да крас. 1997 — штотыднёвая газета. Змяшчала інфарм., публіцыстычныя, гіст., палемічныя, агітац. і мовазнаўчыя матэрыялы па праблемах бел. мовы і культуры. З ліст. 1997 выходзіць у Лідзе на бел. мове як прыватная штотыднёвая газета для дзяцей старэйшага ўзросту. Друкуе пераважна агітац., інфарм. і мовазнаўчыя матэрыялы.
У.У.Панада.
т. 11, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БІЧ (Ільдэфонс) (1890, в. Дзедзіна Мёрскага р-на Віцебскай вобл. — 28.4.1944),
бел. рэлігійны і культ. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме (1911—13). Дамогся папскага блаславення на выданне першай бел. каталіцкай газ. «Беларус», у якой супрацоўнічаў пад псеўданімам Пётра Просты. 27.7.1915 пасвячоны ў ксяндзы. Служыў у розных прыходах, быў настаўнікам у Віленскай бел. гімназіі, карыстаўся бел. мовай у пропаведзях. Аўтар працы на бел. мове «Нядзелішнія эванэліі і навукі» (т. 1—3, 1921—22), артыкулаў па рэліг. і культ. пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў «Роднае слова ў касцёле» і «Навучайце ўсе народы» (у рукапісах).
І.І.Трацяк.
т. 3, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З (БСС),
бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.Ц.Рагуляй і Ф.Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.Більдзюкевіч, Б.Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.
У.Ф.Ладысеў.
т. 2, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Ларыса Канстанцінаўна) (н. 20.1.1913, Мінск),
бел. танцоўшчыца, балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Дачка К.А.Алексютовіча. Вучылася ў балетнай студыі пры БДТ-1 (1921—28), адначасова працавала ў балетнай трупе т-ра. З 1928 артыстка Бел. аб’яднання муз., эстрадных і цыркавых работнікаў, у 1937—41 — Ансамбля бел. нар. песні і танца Бел. філармоніі. У 1950—73 балетмайстар ансамбля танца БДУ, выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Ставіла танцы ў драм. спектаклях. Стварыла шэраг сцэнічных танцаў на традыц. аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» (1978), кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях» (1984).
т. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКАВЫ́ЦКІ (Георгій Фёдаравіч) (н. 13.3.1923, мяст. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. журналіст, публіцыст, паэт, мемуарыст. Скончыў Літ. ін-т у Маскве (1954). У 1956—87 рэдактар бел. штотыднёвіка «Ніва» (Беласток), дзе выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі, вершамі (з 1961, пад псеўд. Юрка Зубрыцкі) і інш. З 1958 быў старшынёй літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», прычыніўся да выдавецкай справы «белавежцаў» (зб. «Рунь», 1959, «Мой родны кут», 1963, альманахі «Белавежа», 1965, 1971, 1980, 1988, бел. календары, кніжкі аўтараў). Аўтар кн. мемуараў «Віры» (1991, Беласток), у якой на багатым фактычным матэрыяле раскрывае жыццё бел. дыяспары ў Польшчы, работу Бел. грамадска-культ. т-ва, праблемы грамадскай, выдавецкай і журналісцкай работы.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯГЦЯ́РЫК (Яўген Рыгоравіч) (н. 2.12.1924, г. Пржавальск, Кыргызстан),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас А.Багатырова), з 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. жанры творчасці камерна-інстр. і камерна-вакальныя. Сярод твораў: кантата «Радзіма» на словы Я.Коласа (1954), «Карнавальная сюіта» (1959), паэмы «Мора», «Світанне» (1960), «Палессе» (1962) для сімф. арк.; рапсодыя на тэмы бел. нар. песень для цымбалаў з арк. (1962), уверцюра (1964), «Беларуская сюіта» (1964); п’есы для аркестра бел. нар. інструментаў; камерна-інстр. ансамблі і п’есы; вак. цыклы на словы М.Багдановіча, Ш.Пецёфі, А.Міцкевіча, М.Хведаровіча; хар. цыкл «Ляцяць песні над Белай Руссю» на словы нар. і Я.Купалы.
Р.М.Аладава.
т. 6, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)