ЗЕ́ЙСКА-БУРЭІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна на Д. Усходзе, у міжрэччы рэк Зея і Бурэя, у Амурскай вобл. Расіі. Выш. 200—300 м. Складзена з рыхлых пясчана-гліністых адкладаў. У бас. р. Бурэя радовішчы вугалю (Бурэінскі вугальны басейн). Глебы лугавыя чарназёмападобныя, бура-таежныя і балотныя. Лясы на Пн мяшаныя (даурская лістоўніца, мангольскі дуб), на Пд дубовыя з амурскай ліпай сярод участкаў лугавых стэпаў («амурскія прэрыі»), б.ч. узараных. Асн. збожжавы раён Амурскай вобл. (пшаніца).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ФА,

адно з буйнейшых марскіх нафтавых радовішчаў свету, на шэльфе Персідскага зал., у тэрытарыяльных водах Саудаўскай Аравіі (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн). Адкрыта ў 1957. Распрацоўваецца з 1964. Пач. запасы 1,22 млрд. т. Паклады пластавыя скляпенневыя ў карбанатных адкладах ніжнемелавога і верхняюрскага ўзросту на глыб. 2,4—2,75 км. Шчыльн. нафты 0,88 г/см³, уключае серу 3%. Нафта з фантануючых свідравін перапампоўваецца па нафтаправодзе ў порт Рас-Танура (Персідскі зал.).

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРТА́МБЕРЛЕНД-ДА́РЭМ (Northumberland—Durham),

вугальны басейн у Вялікабрытаніі (графствы Нартамберленд і Дарэм), на зах. узбярэжжы Паўночнага м. Пл. 2 тыс. км². Агульныя запасы каля 13,5 млрд. т. Распрацоўка з 13 ст. Вугляносная тоўшча карбону (магутнасць 3,4 тыс. м) складае пакатую сінкліналь, 14—15 рабочых пластоў магутнасцю 0,48—2,82 м, глыб. распрацоўкі 60—560 м. Вуглі каменныя, сярэдне- і нізкаметамарфізаваныя. Здабыча падземным спосабам, ч. шахтаў пад дном Паўночнага мора.

т. 11, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РБАН-БУ-ХА́СА,

нафтавае радовішча ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (эмірат Абу-Дабі), за 80 км на ПдЗ ад г. Эт-Тарыф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1962. Распрацоўваецца з 1964. Паклады на глыб. 2,3—2,4 км, прымеркаваны да ніжнемелавых адкладаў (порыстыя рыфавыя вапнякі і шчыльныя вапняковыя гліны), магутнасцю 150 м. Першапачатковыя прамысл. запасы нафты 395 млн. т. Нафтаправод да порта Джэбель-Дхана і г. Рувейс.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ САЛЁНАЕ ВО́ЗЕРА (Great Salt Lake),

бяссцёкавае салёнае возера на З ЗША, у межах нагор’я Вялікі Басейн, на выш. 1282 м. Пл. значна вагаецца ў малаводныя і мнагаводныя гады (ад 2,5 да 6 тыс. км²). Сярэдняя глыб. 4,5—7,5 м. Салёнасць ад 137 да 300%. Здабыча кухоннай і глаўберавай солі. Рэзерват Бэр-Рывер. Вялікае Салёнае возера перасякае (па дамбе даўж. каля 40 км) Ціхаакіянская чыгунка. Каля ўсх. ўзбярэжжа — гарады Солт-Лейк-Сіці, Огдэн.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТУ́ХІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Залатуха. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1973, Паклады нафты пл. 15,6 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 1950—3615 м. Пароды-калектары — кавернава-трэшчынаватыя мергелі, вапнякі, даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, высокасмалістая, парафінавая, з удз. в. 0,84—0,87 г/см³.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПдЗ ад г. Светлагорск. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1984, распрацоўваецца з 1988. Паклады нафты пл. каля 2,2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаноснага гарызонта 2812 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯ-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта і распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 7,2 км² прымеркаваны да міжсалявых і ўнутрысалявых адкладаў дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2300—2780 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта сярністая, высокасмалістая, высокапарафінавая, па шчыльнасці сярэдняя і цяжкая.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТ ((Barth) Генрых) (16.2.1821, Гамбург — 25.11.1865),

нямецкі гісторык, філолаг, географ-падарожнік. Праф. Берлінскага ун-та і старшыня Геагр. т-ва ў Берліне (1863). Адзін з першых навук. даследчыкаў Афрыкі. У 1849—55 прымаў удзел у англ. навукова-гандл. экспедыцыі Дж.​Рычардсана ў Судан. Двойчы перасек Сахару, даследаваў шэраг аазісаў, плато Аір і Дамергу, басейн воз. Чад, р. Бенуэ і Сярэдні Нігер, сабраў багаты геагр., гіст., этнагр. і лінгвістычны матэрыял. Вывучаў таксама Балканскі п-аў і Малую Азію.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛДА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

ва Усх. Сібіры, у міжрэччы Алёкмы і Учура, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Пераважаюць плоскія міжрэччы, шырокія катлавіны (выш. да 1000 м), над якімі ўзнімаюцца хрыбты Зах. Янгі, Сунагын, Кет-Кап (выш. 2306 м). Складзена з моцна змятых дакембрыйскіх гнейсаў і крышт. сланцаў, перарваных інтрузіямі гранітаў і ультраасноўных парод, перакрытых вапнякамі і пясчанікамі. Радовішчы жал. і медных рудаў, вугалю (Паўд.-Якуцкі басейн), золата, слюды. На схілах да выш. 110—1300 м тайга з даурскай лістоўніцы, вышэй — камяністая тундра.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)