старажытная мова, з дыялектаў якой шляхам паступовага развіцця ўзнікае група т.зв. роднасных моў або моўных сем’яў. Некат. П. добра вядомыя з прычыны захавання пісьмовых помнікаў, напр., лацінская мова як П. раманскіх моў. У інш. выпадках П. рэканструююцца (напр., праславянская, праіндаеўрапейская і інш.) метадамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Рэканструкцыя П. як сістэм заканамерных фанет., марфал., сінтакс. і семантычных суадпаведнасцей — магчымасць лепей зразумець шляхі эвалюцыі асобных моў, вызначыць адносіны роднасці паміж імі, выйсці за часавыя межы самых старых зафіксаваных тэкстаў.
Літ.:
Трубецкой Н.С. Мысли об индоевропейской проблеме // Трубецкой Н.С. Избр. тр. по филологии. М., 1987;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т]. 1—2. Тбилиси, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
сукупнасць сродкаў сацыяліст. вытворчасці, якія ўдзельнічаюць у вытв. цыклах і паступова, часткамі, па меры зношвання, пераносяць сваю вартасць на створаны прадукт; аснова матэрыяльна-тэхн. базы краіны. Уключаюць будынкі, збудаванні, абсталяванне, машыны, інструмент, вытв., гасп. інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, шматгадовыя пасадкі і інш.асн. фонды. У залежнасці ад ролі ў вытв. працэсе падзяляюцца на актыўныя (рабочыя машыны і абсталяванне, прылады, інструменты і інш.) і пасіўныя (будынкі, збудаванні, перадатачныя механізмы і гэтак далей). Суадносіны актыўных і пасіўных элементаў з агульнай вартасці асноўных вытворчых фондаў характарызуюць іх відавую (тэхнал.) структуру. Асноўныя вытворчыя фонды ўлічваюць у натуральным і вартасным (грашовым) выражэнні; ацэньваюць па першапачатковай, адноўленай і рэшткавай вартасці. У рыначнай эканоміцы Асноўныя вытворчыя фонды — асноўны капітал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; асновахімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́ЛІЯ (Puglia),
вобласць на ПдУ Італіі. Пл. 19,4 тыс.км², нас. 4,1 млн.чал. (1990). Уключае правінцыі: Бары, Брындызі, Лечэ, Таранта, Фоджа. Адм. ц. — г. Бары. Буйныя гарады: Брындызі, Таранта, Фоджа. Адгор’і Апенін на З (1151 м, г. Даўнія); масіў Гаргана (да 1056 м) і плато Ле-Мурджэ акаймаваны вузкай прыбярэжнай нізінай каля Адрыятычнага м., паўд.ч. п-ва Саленціна раўнінная. Клімат міжземнаморскі, ападкаў 400—500 мм за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць вінаград, масліны, садавіну, лён, тытунь, збожжа, бавоўнік, цукр. буракі, агародніну. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі — вінаробчая, мукамольная, тытунёвая прам-сць, выраб аліўкавага алею. Нафтаперапрацоўка, нафтахім., металургічная, с.-г. машынабудаванне, суднабудаванне, швейная, тэкст., гумавая прам-сць. Здабыча баксітаў, прыроднага газу, каменнай солі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо кансанантнага тыпу. Узнікла на пач. 1-га тыс. да н. э. на аснове фінікійскага пісьма; фармальна — спрошчаная (курсіўная) яго форма. Алфавіт складаецца з 22 знакаў, кожны абазначае склад — «зычны + галосны (або нулявы галосны)», — да якога потым дадаюцца т.зв. matres lectionis (знакі для абазначэння доўгіх і канцавых галосных). Кірунак пісьма — справа налева. Першыя пісьмовыя помнікі армейскага пісьма датуюцца 9—8 ст. да н. э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н. э. было пашырана ў Пярэдняй Азіі (дзелавое пісьмо Асірыі і Персіі), у 4 ст.н. э. знікла. Аснова большасці пісьмовых сістэм Пярэдняй і Цэнтр. Азіі.
А.А.Кожынава.
Арамейскае пісьмо. Надпіс з аазіса Тэйма (Паўн. Аравія). Сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДЗЕ́ВІЧ (Іосіф Міхайлавіч) (н. 28.8.1937, в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны-аграхімік. Акад.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1992). Д-рс.-г.н., праф. (1992). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1960). З 1966 у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1980 дырэктар. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці глебаў і прадукцыйнасці аграцэнозаў, рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў і меліярантаў, прадухіленні негатыўных вынікаў хімізацыі і радыеактыўнага забруджвання глебаў. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны аптымальныя параметры аграхім. якасцяў глебаў, інтэграваныя мадэлі іх урадлівасці з зададзеным узроўнем прадукцыйнасці севазваротаў і экалагічнымі абмежаваннямі на выкарыстанне сродкаў хімізацыі, нарматыўна-метадычная аснова аўтаматызаванага кіравання ўрадлівасцю глебаў.
Тв.:
Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989 (у сааўт.);
Калийные удобрения. Базель, 1994 (разам з У.В.Пракошавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСФУ́НКЦЫЯ (ад дыс... + функцыя),
парушэнне функцыі сістэмы, органа або тканкі арганізма, якое выражаецца неадэкватнасцю рэакцыі на ўздзеянне раздражняльнікаў. Аснова Д. — парушэнні абмену рэчываў і энергіі, якія выяўляюцца на ўзроўні клеткі, тканкі, органа. сістэмы або цэласнага арганізма і выражаюцца ў зменах росту, размнажэння, развіцця, харчавання, дыхання, руху. Праяўляецца ў форме дыстрафій, звязаных з назапашваннем у клетках і тканках змененых прадуктаў абмену, дысплазій і дыстапій — змен развіцця або стану органаў у выніку дысэмбрыягенезу, дыскінезій — расстройстваў каардынаваных рухальных актаў, дыспепсій — расстройстваў стрававання. Прыклады асобных форм Д.: дысгенезія ганад, дысбазія (расстройства хады), дысгідроз (расстройства потавыдзялення), дыскальцынацыя эмалі, дыскапатыі (пашкоджанне міжпазваночных дыскаў), дысфагія (расстройства глытання), дысфазія (парушэнне мовы), дысфанія (расстройства голасаўтварэння), дысменарэя (расстройства менструальнага цыкла), дысфарыя (расстройства настрою), дыссалюцыі (расстройства псіхічнай дзейнасці) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХА́ННЕ ШТУ́ЧНАЕ,
прыёмы штучнай вентыляцыі паветра ў лёгкіх. Неабходнасць Д.ш. ўзнікае пры адсутнасці дыхання або яго парушэннях, якія пагражаюць жыццю хворага. Д.ш. — неабходная мера першай дапамогі тапельцам, пры ўдушэнні, паражэнні эл. токам, цеплавым і сонечным ударах, некат. атручэннях. У выпадку клінічнай смерці або пры адсутнасці самаст. дыхання і сэрцабіцця Д.ш. праводзяць адначасова з масажам сэрца. Д.ш. робіцца спосабам з рота ў рот або з рота ў нос. Перад пачаткам Д.ш. рот і нос пацярпелага ачышчаюцца ад сліны, слізі, ірвотных мас, зямлі, цела вызваляюць ад усяго, што перашкаджае рухам. Аснова метаду Д.ш. — рытмічнае ўдзіманне паветра ў дыхальныя шляхі пацярпелага. Для Д.ш. выкарыстоўваюць таксама спец. апараты. Д.ш. робяць да аднаўлення самаст. дыхання; пры паяўленні прыкмет смерці (трупныя плямы, скарчанеласць) спыняюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́СТА-ГЕМАТЫ́ЧНЫ БАР’Е́Р,
комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш.спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш.Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава (каля 928—722 да н.э.) у Паўн. Палесціне. Узнікла пасля распаду адзінага Ізраільска-Іудзейскага царства і аб’ядноўвала 10 з 12 ізраільска-іудзейскіх плямён. Першы цар — Іераваам I [928—907 да н.э.]. Сталіцы — г. Сіхем (сучасны Наблус), пасля 876 да н.э. — Самарыя. Аснова эканомікі — земляробства, рамёствы і гандаль (праз Палесціну праходзілі шляхі міжнар. гандлю). Падтрымлівала эканам. і культ. сувязі з Фінікіяй, Егіптам і інш. краінамі. Бесперапынныя войны з суседзямі, у т. л. з Іудзейскім царствам, аслаблялі дзяржаву. Найб. трывалае становішча І.ц. было пры цару Омры [882—871 да н.э.] і яго пераемніках у 871—842 да н.э. Цар Йеху [841—814 да н.э.] быў вымушаны плаціць даніну Асірыі. У 722 да н.э. заваявана асірыйскім царом Сарганам II.