ДЭЙЛ (Dale) Генры Халет (5.6.1875, Лондан — 22.7.1968),

англійскі фізіёлаг і фармаколаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1914). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1898). З 1914 у Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане (з 1928 дырэктар), у 1940—45 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва, у 1942—46 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі (адначасова ў 1939—59 праф. фізіялогіі Лонданскага ун-та). Навук. працы па вызначэнні механізмаў перадачы нерв. імпульсу. Даследаваў хім. прыроду перадачы нерв. імпульсу праз сінапсы і ролю ў ёй ацэтылхаліну. Нобелеўская прэмія 1936 (разам з О.Лёві).

Г.Дэйл.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н БЕЗЗЯМЕ́ЛЬНЫ (John Lackland; 24.12.1167, г. Оксфард, Англія — 19.10.1216),

англійскі кароль [1199—1216]. З дынастыі Плантагенетаў. Малодшы сын Генрыха II (гл. ў арт. Генрых), брат і наследнік Рычарда I Львінае Сэрца. У 1203—08 страціў б. ч. сваіх уладанняў у Францыі, у т. л. Нармандыю і Анжу. У выніку канфлікту з царквой (1207) пазбаўлены трона рым. папам Інакенціем III (1209), у 1213 прызнаў сябе яго васалам. У 1214 беспаспяхова спрабаваў вярнуць свае б. франц. ўладанні. У выніку паўстання баронаў, якіх падтрымалі рыцары і гараджане, вымушаны падпісаць Вялікую хартыю вольнасцей.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГРЫЎ (Congreve) Уільям (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),

англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.​Свіфта, А.​Поўпа.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1977.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУКС (Crookes) Уільям (17.6.1832, Лондан — 4.4.1919),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1863). Вучыўся ў Лонданскім хім. каледжы (1848—50). У 1850—59 на выкладчыцкай рабоце, з 1860 працаваў ва ўласнай лабараторыі. У 1913—15 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па фізіцы эл. разрадаў у газах і атамнай фізіцы. Метадамі спектральнага аналізу адкрыў талій (1861), даследаваў катодныя прамяні (у трубках К.). Адкрыў сцынцыляцыі, на аснове чаго стварыў прыладу для назірання α-часціц. Выказаў ідэю эвалюцыі хім. элементаў (1886), апісаў прынцып радыёсувязі (1892).

У.Крукс.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́РЫ (Cary) Артур Джойс Люнел (7.12.1888, г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 29.3.1957),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Асн. тэмы раманаў «Містэр Джонсан» (1939), «Радасць і страх» (1949) і інш., трылогій «Сама сабе здзіўляюся» (1941), «Шляхам паломніка» (1942), «З першых рук» (1944), «З любові да бліжняга» (1952), «Акрамя Госпада» (1953), «Не палюбі я гонар вышэй за ўсё» (1954) — імкненне асобы да самарэалізацыі, сувязь індывід. лёсу з паліт., маральнымі і рэліг. аспектамі, шырокім сац. фонам. Аўтар зб-ка апавяд. «Вясенняя песня» (1960), аўтабіягр. кнігі пра дзяцінства. Пісаў вершы, кінасцэнарыі, публіцыстыку.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),

англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур ​6/8, для 2-й і 5-й — ​2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т. л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар. танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАВА́Р (Medawar) Пітэр Браян (28.2.1915, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 2.10.1987),

англійскі біёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939), працаваў у ім. З 1947 праф. Бірмінгемскага, з 1951 — Лонданскага ун-таў. У 1962—71 дырэктар Нац. ін-та мед. даследаванняў у Лондане. Навук. працы па росце і старэнні арганізма, яго рэакцыях на перасадку тканак ( у т. л. імунарэакцыях), трансплантацыйных антыгенах і антылімфацытарных сываратках. Адкрыў з’яву набытай імунаталерантнасці і ўзнавіў яе ў эксперыменце. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з Ф.М.Бёрнетам).

П.Б.Медавар.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЭЙ, Мары (Murray) Джон (3.3.1841, г. Коберг, Канада — 16.3.1914), англійскі акіянограф і прыродазнавец. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў Эдынбургскі ун-т. У 1872 удзельнічаў у англ. кругасветнай экспедыцыі на «Чэленджэры» пад кіраўніцтвам Ч.​Томсана. Рэдактар 50-томнай справаздачы экспедыцыі і аўтар агульнага апісання рэйса і марскіх донных адкладаў. У 1880 і 1882 вывучаў Фарэрскі праліў, у 1906 правёў батыметрычную здымку прэснаводных азёр Шатландыі. У 1910 разам з нарв. вучоным Ю.​Іортам арганізаваў акіянаграфічную экспедыцыю ў паўн. ч. Атлантычнага ак. і ў сааўт. з ім напісаў кнігу «Глыбіні акіяна» (1912).

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛН (Milne) Ален Александэр (18.1.1882, Лондан —31.1.1956),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1903). Вядомасць прынеслі зб-кі вершаў і кнігі для дзяцей «Віні-Пух» (1926) і «Домік Пуха» (1928) пра лялечных звяркоў Віні-Пуха, Пятачка, Кенге і Ру. Аўтар камедый, у т. л. «Містэр Пім праходзіць міма» (1919), дэтэктыўнага рамана «Тайна чырвонага дома» (1922), кн. ўспамінаў «Зараз ужо вельмі позна» (1939) і інш. У 1984 Магілёўскі абл. т-р лялек паставіў п’есу «Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе».

Тв.:

Рус. пер. — Винни-Пух и все-все-все. Мн., 1995.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗЛІ (Moseley) Генры Гвін Джэфрыс (23.9.1887, г. Уэймут, Вялікабрытанія — 10.8.1915),

англійскі фізік, адзін з заснавальнікаў рэнтгенаўскай спектраскапіі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1910—14 у Манчэстэрскім, потым у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па радыеактыўнасці, бэта-, гама- і рэнтгенаўскай спектраскапіі. Вызначыў даўжыні хваль рэнтгенаўскіх прамянёў, прадказаў рэнтгенаўскія спектры некаторых элементаў. Выявіў сувязь паміж частатой характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення і атамным нумарам хім. элемента (гл. Мозлі закон). Загінуў у час 1-й сусв. вайны.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 378—379.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)