ХАЛЬКАГЕ́НЫ (ад грэч. chalkos медзь + ...ген),

хімічныя элементы VI гр. перыяд. сістэмы: кісларод, сера, селен, тэлур, палоній. Існуе шмат іх алатропных мадыфікацый. Акісляльнікі (найб. актыўны кісларод). З вадародам даюць халькагенавадароды (H2X). Утвараюць іонна-кавалентныя, кавалентна-метал. і кавалентна-іонныя злучэнні (халькагеніды) разнастайнага саставу, многія з якіх маюць паўправадніковыя ўласцівасці (селеніды, тэлурыды).

т. 16, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСО́ВЫ РАБО́ТНІК,

асоба, прынятая на работу на пэўны тэрмін. Тэрмін не павінен перавышаць 2 мес, а для замяшчэння часова адсутных работнікаў, за якімі захоўваецца іх месца работы, — да 4 мес. Адрозніваюць Ч.р. і сезонных, што прыняты на пэўны сезон года, які не перавышае 6 мес (напр., перапрацоўка агародніны і садавіны).

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́СТКІ СВЕ́ТУ,

умоўны падзел буйных тэрыторый сушы з размешчанымі каля іх астравамі. Вылучаюць 6 асноўных Ч.с.: Антарктыда, Аўстралія, Афрыка (супадаюць з мацерыкамі), Еўропа і Азія (уваходзяць у склад мацерыка Еўразія, Амерыка (уключае 2 мацерыкі — Паўн. і Паўд. Амерыку). Часам, акрамя пералічаных, вылучаюць 7-ю Ч.с. — Акіянію, як сукупнасць мноства ціхаакіянскіх астравоў.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад экс... + лац. territorialis тэрытарыяльны),

падпарадкаванне грамадзян, дыпламат. прадстаўнікоў на тэр. інш. дзяржавы законам сваёй дзяржавы і іх поўны імунітэт ад юрысдыкцыі дзяржавы знаходжання. Выкарыстоўваўся для абазначэння статусу грамадзян і юрыд. асоб метраполіі ў залежных краінах (гл. таксама Сетльмент). У сучасным міжнар. праве тэрмін «Э.» практычна не ўжываецца.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАКЦІРО́ЎКА [ад лац. ab ад + lac (lactis) малако],

спосаб прышчэплівання, пры якім 2 парасткі злучаюцца без аддзялення іх ад мацярынскіх раслін. Праводзіцца ў перыяд вегетацыі кустоў, лепш з мая да пачатку выспявання парасткаў. Пасля поўнага зрошчвання прышчэпак аддзяляецца ад мацярынскай расліны, застаючыся на прышчэпе. Адзін з асн. спосабаў размнажэння культ. сартоў у пладова-ягадных гадавальніках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РНЫ МАНІТО́РЫНГ,

сістэма доўгатэрміновых назіранняў за прыроднымі з’явамі на ўзроўні біясферы. Дапамагае вывучаць прыродныя працэсы біясферы і яе кампанентаў, улічваць іх змены ад уплыву антрапагенных фактараў, вызначаць глабальна-фонавыя змены ў прыродзе. Ажыццяўляецца праз біясферныя запаведнікі, з дапамогай метадаў сачэння за станам біясферы з касм. апаратаў і інш. Гл. таксама Глабальны маніторынг.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРГО́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-пачвары. Вызначаліся жахлівым выглядам: крылатыя, укрытыя луской, са змеямі замест валасоў, з ікламі, з поглядам, які ператварае ўсё жывое ў камень. Іх тры, старэйшыя бессмяротныя, малодшая, Медуза, смяротная. Персей адсек ёй галаву, з крыві забітай нарадзіўся крылаты конь Пегас.

Да арт. Гаргоны. Галава Медузы. Мастак Караваджа. Каля 1600.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ПАСЕ́ЛІШЧАЎ,

геаграфія населеных пунктаў, раздзел геаграфіі насельніцтва, які вывучае рассяленне насельніцтва па першасных адзінках (населеных пунктах) і па асобных тэр. сукупнасцях паселішчаў. Вывучае тыпалогію паселішчаў, геагр. асаблівасці іх развіцця, групавыя формы рассялення, разглядае сістэмна-структурныя сукупнасці паселішчаў асобных краін і раёнаў. У складзе геаграфіі паселішчаў вылучаюць геаграфію гарадоў і геаграфію сельскіх населеных пунктаў.

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ПРАЦО́ЎНЫХ РЭСУ́РСАЎ,

раздзел геаграфіі насельніцтва, вывучае тэр. структуру працоўных рэсурсаў, у т. л. тэр. адрозненні ў іх складзе, умовах узнаўлення і выкарыстання. Даследуюцца таксама адрозненні ва ўзростава-палавым і прафесійным складзе, узроўні кваліфікацыі, ступені выкарыстання прац. рэсурсаў у нар. Гаспадарцы, размеркаванні занятых па галінах гаспадаркі, гадавую загрузку працоўных (у сезонных ваганнях занятасці).

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)