АМВРО́СІЙ (1426 або каля 1430 — каля 1494),
рускі разьбяр і ювелір. Працаваў у Троіцка-Сергіевай лаўры. Створаны ім разьбяны абразок-складзень з выявай Тройцы (1456) — выдатны помнік стараж.-рус. мініяцюры. У гэтым творы, а таксама ў работах інш. майстроў, што працавалі з Амвросіем, прыкметны ўплыў А.Рублёва.
А.К.Лявонава.
т. 1, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРА́ЦЫЯ (ад лац. administratio кіраўніцтва),
1) сукупнасць органаў выканаўчай улады, што ажыццяўляе мерапрыемствы па кіраванні краінай, рэгіёнам, горадам, прадпрыемствам і г.д. (раённая адміністрацыя, абл. адміністрацыя, адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
2) Службовыя асобы, кіраўнікі, персанал установы, прадпрыемства ці яго структурнай часткі (адміністрацыя завода, адміністрацыя цэха).
т. 1, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІСА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
асадкі, што намнажаюцца ў зоне абісалі мораў і акіянаў. Займаюць каля 90% пл. дна Сусв. акіяна. Абісальныя адклады — арганагенныя мулы са шкілетных частак планктонных арганізмаў (глабігерынаў, дыятамей, радыялярый, фарамініфер і інш.), найдрабнейшых тэрыгенных часцінак, вулканічнага попелу, чырвоных глыбакаводных глін з уключэннямі жалеза-марганцавых канкрэцый і інш.
т. 1, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,
сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НУ,
у егіпецкай міфалогіі бог у выглядзе чаплі, якога шанавалі ў г. Геліопаль. Паводле міфа, Бену з’явіўся з воднага хаосу на камені-абеліску «Бенбен», што азнаменавала пачатак стварэння свету. Бену лічыўся ба (душой) Ра, пазней — Асірыса, і такім чынам, звязаны з культам мёртвых. Стараж. грэкі наз. Бену феніксам.
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗНАЧЭ́ННЕ СУДА́,
рашэнне суда 1-й інстанцыі па асобных працэсуальных пытаннях, а таксама любое рашэнне касацыйнай або наглядальнай інстанцый (апрача прэзідыума ці пленума суда) па цывільных і крымін. справах. Рашэнне суда, якое звяртае ўвагу адпаведных арг-цый або службовых асоб на абставіны, што садзейнічалі правапарушэнню, называецца прыватным вызначэннем суда.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙ (Gaius),
рымскі юрыст, пісьменнік 2 ст. Біяграфічных звестак не захавалася. Дакладна вядома, што ў часы імператара Адрыяна ён выкладаў права, сістэматызаваў рым. рабаўладальніцкае права і распрацоўваў каментарыі. Яго гал. твор «Інстытуцыі» (настаўленні; каля 161) атрымаў паводле рым. закону 426 абавязковую юрыд. сілу і ўвайшоў у Кодэкс Юстыніяна.
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХВУ́СНАЎКІ,
устарэлая назва плоскіх чарвей класа трэматод, напр., Д. пячоначная (Fasciola hepatica), Д. крывяная (Schistosoma haematobium), Д. кашэчая, або сібірская (Opistorchis felineus), і інш. Селяцца ў органах чалавека і жывёл, выклікаюць цяжкія хваробы. Назва Д. звязана з тым, што прысоскі ў трэматод раней прымалі за 2 ротавыя адтуліны.
т. 6, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́ЛА, Даліда,
у біблейскай міфалогіі філістымлянка, каханка стараж.-яўр. героя Самсона. Выведаўшы, што неадольная сіла Самсона ў яго валасах, усыпіла юнака, загадала астрыгчы яму валасы, а пасля выдала Самсона ворагам-філістымлянам. На міф пра Д. і Самсона напісаны карціны А.Мантэнья, А.Джэнтылескі, опера К.Сен-Санса і інш.
т. 6, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІ́Н,
бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).
т. 5, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)