КАНСЕ́РВЫ (франц. conserves ад лац. conservo захоўваю),
харчовыя прадукты расліннага або жывёльнага паходжання, якія прайшлі адпаведную апрацоўку і змешчаны ў герметычную тару для працяглага захоўвання.
Бываюць мясныя (натуральныя, кулінарна апрацаваныя, у выглядзе паштэтаў, фаршаў, каўбас, субпрадуктаў), мяса-раслінныя (мяса з гарохам, фасоляй і інш.), рыбныя (у т. л. прэсервы), малочныя, агароднінныя (закусачныя, для першых і другіх страў і інш.) і фруктовыя; агульнага прызначэння, спецыяльныя, для дзіцячага і дыетычнага харчавання. У працэсе вырабу К. з прадуктаў выдаляюць неядомыя часткі, дадаюць тлушч, цукар, прыправы, вітаміны, апрацоўваюць цяплом або хім. рэчывамі (гл.Кансерваванне). К. расфасоўваюць і герметычна закрываюць (закрутачнай машынай) у бляшаную, алюмініевую, шкляную або палімерную тару. Захоўваюць у сухім месцы пры т-ры 0—20 °C. Шмат відаў К. вырабляюць прадпрыемствы Беларусі (гл.Кансервавая прамысловасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТО́НЫ,
клас арган. злучэнняў, малекулы якіх маюць карбанільную групу >C=O, звязаную з двума вуглевадароднымі радыкаламі. Адрозніваюць К. сіметрычныя (група >C=O звязана з аднолькавымі радыкаламі; напр., CH3COCH3ацэтон), несіметрычныя (з рознымі радыкаламі; напр., CH3COC2H5 метылэтылкетон ці 2-бутанон), цыклічныя (з карбанільнай групай у кальцы; напр., цыклагексанон). Асобны клас складаюць цыклічныя ненасычаныя дыкетоны — хіноны.
Ніжэйшыя аліфатычныя К. — вадкасці з характэрным пахам, вышэйшыя (у малекуле больш за 11 атамаў вугляроду) — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках, ніжэйшыя — і ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей аналагічныя альдэгідам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем алканаў і алефінаў кіслародам, дэгідрыраваннем ці акісленнем другасных спіртоў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, экстрагенты; для сінтэзу палімераў, пестыцыдаў, фотаматэрыялаў, лек. і пахучых рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНА-ШЧО́ЛАЧНАЯ РАЎНАВА́ГА,
адноснае пастаянства вадароднага паказчыка (pH) унутр. асяроддзя арганізма. У жывёл рэгулюецца фізіка-хім. (буферныя сістэмы крыві і тканак) і фізіял. (дыханне, выдзяленне) механізмамі. Абумоўлівае нармальны ход працэсаў жыццядзейнасці (гл.Гамеастаз). У норме pH крыві чалавека 7,37—7,45, тканкавых вадкасцей 7,1—7,4. Памяншэнне pH крыві ніжэй за 7 (ацыдоз) ці павелічэнне больш за 7,8 (алкалоз) прыводзяць да смерці. У раслін рэгуляцыя К.-ш. р. ажыццяўляецца функцыянаваннем пратоннай помпы, што выпампоўвае з клеткі лішак H+-іонаў праз плазмалему з затратай энергіі АТФ, а таксама балансам карбаксіліруючых (падкісляючых) і дэкарбаксіліруючых (падшчалочваючых) ферментаў і сістэмай буфераў (арган. кіслоты, бялкі, карбанаты, фасфаты). pH цытаплазмы 6—7,5; pH вакуолі 5—6.
Літ.:
Робинсон Дж. Р. Основы регуляции кислотно-щелочного равновесия: Пер. с англ.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. classis разрад, клас + facio раблю, раскладваю),
сістэма супадпарадкаваных паняццяў (класаў аб’ектаў) якой-н. галіны ведаў або дзейнасці чалавека, якая выкарыстоўваецца як сродак для ўстанаўлення сувязей паміж гэтымі паняццямі і арыентацыі ў іх разнастайнасці; разбіванне мноства (класа) аб’ектаў на падмноствы (падкласы) па вызначаных адзнаках. Адрозніваюць К. натуральныя (у якасці асновы выкарыстоўваюць істотныя адзнакі, з якіх вынікае максімум вытворных, напр., перыядычная сістэма хім. элементаў) і штучныя, або дапаможныя (выкарыстоўваюць неістотныя адзнакі, напр., алфавітна-прадметныя паказальнікі, імянныя каталогі ў бібліятэках), універсальныя, спецыяльныя, вузкага кола аднародных з’яў і інш. К. — важны сродак захавання і пошуку інфармацыі, садзейнічае руху навукі ад эмпірычнага назапашвання ведаў да тэарэт. абагульненняў, дазваляе рабіць прагнозы адносна яшчэ невядомых фактаў і заканамернасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНТРЫ (Coventry),
горад у цэнтр.ч. Вялікабрытаніі. Каля 320 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: аўта-, авія-, рухавіка- і станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію і бронзы), хім. (штучны шоўк). Ун-т. Тэхн. каледж. Руіны гатычнага сабора (14 ст.; разбураны ў час 2-й сусв. вайны, захоўваюцца як сведчанне фаш. варварства), побач новы сабор (20 ст.). Пасля разбурэнняў у 2-ю сусв. вайну К. адбудаваны нанава.
Сфарміраваўся вакол заснаванага ў 1043 кляштара бенедыкцінцаў. У 1153 атрымаў гар. правы. У 13—17 ст. цэнтр гандлю і вытв-сці воўны. З пач. 20 ст. развіваецца вытв-сць аўтамабіляў, электраапаратуры, авіяматораў, самалётаў, штучных тканін. У 2-ю сусв. вайну бамбардзіроўкамі герм. авіяцыі знішчаны гіст. цэнтр К. з арх. помнікамі 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАКРЫ (Conakry),
горад, сталіца Гвінеі. Размешчаны на в-ве Тамбо (злучаны з мацерыком дамбай) і п-ве Калум. Адм. ц. вобласці Конакры. 1558 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Порт на Атлантычным ак.Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр краіны, дзе засяроджана большасць прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці (харч., тэкст., хім., металаапр., дрэваапр.). Праз порт ідзе б.ч. знешняга гандлю Гвінеі (вываз гліназёму, бананаў, кавы, ананасаў і інш.). Політэхн.ін-т. Нац. музей. У прыгарадзе — Бат. сад.
Засн. французамі ў 1884 на месцы вёскі, якая належала народу сусу. З 1891 сталіца пратэктарата, з 1893 — калоніі франц. Гвінея. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр нац.-вызв. руху. У 1950-я г. пачала развівацца прам-сць. З 1958 сталіца Гвінейскай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНО́Н (лац. Xenon),
Xe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 54, ат. м. 131,29; адносіцца да інертных газаў. Прыродны К. (вылучаны з паветра) складаецца з 9 ізатопаў, найб. колькасць (у % па аб’ёме): 129Хе (26,44%), 131Xe (21,18%), 132Хе (26,89%). У атмасферы 0,8610−5% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 (гл.Крыптон), названы ад грэч. xenos — чужы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп-108,1 °C, шчыльн. 5,85 кг/м³ (0 °C). Першае злучэнне інертных газаў XePtF6 атрымаў амер. хімік Н.Бартлет (1962). Непасрэдна К. узаемадзейнічае толькі з фторам, утварае фтарыды XeF2, XeF4, XeF6, з якіх атрымліваюць інш.хім. злучэнні. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, магутных газаразрадных і імпульсных крыніц святла; фтарыды — як моцныя акісляльнікі і для фтарыравання ў неарган. і арган. сінтэзах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУА́ЛА-ЛУ́МПУР (Kuala Lumpur),
горад, сталіца Малайзіі, на п-ве Малака. Адм. ц. Федэральнай сталічнай тэрыторыі. 1236 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны паліт., прамысл. (каля 40% прамысл. прадукцыі краіны) і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн. і радыётэхн., тэкст., маш.-буд., харч., хім., папяровая, аўтазборачная, лесапільная, цэментная. Перапрацоўка каўчуку і алавянай руды. Нац. і Малайскі ун-ты. Нац. музей Малайзіі. Кітайскія дамы і храмы; мячэці (20 ст.).
Засн. ў 1857 горнарабочымі-кітайцамі. У 1880—1974 сталіца Селангара (княства, потым штата). У 1946—57 адм. ц.брыт. калоніі Малайскі саюз (у 1948—57 Малайская Федэрацыя). З 1957 сталіца Малайзіі; з 1974 горад мае статус Федэральнай тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЦЫО (Lazio),
адміністрацыйная вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі: Вітэрба, Лаціна, Рыеты, Рым, Фразіноне. Пл. 17,2 тыс.км². Нас. больш за 5,3 млн.чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр г.Рым. Большая ч. тэрыторыі перадгор’і Цэнтр. Апенін (выш. да 2247 м), у сярэдняй — нізіна (Рым. Кампанія). Клімат міжземнаморскі. Ападкаў 500—1000 мм за год.
Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. і радыёэлектронная), харч., паліграф., папяровая, буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейная, тэкст., галантарэйная, хім., нафтаперапр., гумавая. Вытв-сць сувеніраў, муз. інструментаў, цацак. Кінапрамысловасць. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 65%, пад лугамі і пашай 16%, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі насаджэннямі 15%. Вырошчваюць вінаград, пшаніцу, аліўкі, агародніну. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Міжнар. турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУ́РЫЯ (Liguria),
вобласць на Пн Італіі, на ўзбярэжжы Генуэзскага зал. Лігурыйскага мора. Пл. 5,4 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (1995). Уключае правінцыі Генуя, Імперыя, Савона, Спецыя. Адм. ц. і прамысл. вузел — Генуя. Большую ч. тэрыторыі займаюць Лігурыйскія Апеніны (выш. да 1803 м) і Прыморскія Альпы. Па ўзбярэжжы вузкая перарывістая раўніна з міжземнаморскім кліматам. Ападкаў 500—1000 мм за год. Буйны прамысл. раён. Развіты чорная і каляровая металургія, суднабудаванне, вытв-сць цеплавозаў, гідратурбін, дызель-матораў, катлоў, электраабсталявання, нафтаперапрацоўка, хім., цэм., тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая прам-сць. У прыбярэжнай зоне высокатаварнае вінаградарства, пладаводства, вырошчванне аліў, ранняй агародніны, кветак. У гарах — пашавая жывёлагадоўля. Узбярэжжа — важны курортны раён. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі. Важнейшыя парты: Генуя, Савона, Спецыя.