П’Я́ЎКІ (Hirudinea),

клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.

Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.

Літ.:

Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

Ю.​Р.​Гігіняк.

П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУШЭ́РСТВА (ад франц. accoucher дапамагаць пры родах),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае фізіял. і паталаг. працэсы ў арганізме жанчыны ў час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавым перыядзе, распрацоўвае і ўкараняе ў практыку метады родадапамогі, прафілактыкі і лячэння ўскладненняў цяжарнасці і родаў, хвароб плода і нованароджанага. Разам з гінекалогіяй складае адзіную мед. дысцыпліну.

Элементы навук. акушэрства вядомы са стараж. часоў (працы Гіпакрата, 460—370 да н.э., Авіцэны, 980—1037, і інш.). У 16 ст. адкрыта першая школа павітух пры Парыжскім шпіталі, у 17—18 ст. распрацаваны аперацыі накладання акушэрскіх шчыпцоў (англ. вучоны П.​Чэмберлен), павароту плода (вучоныя франц. А.​Парэ, англ. У.​Смелі). Заснавальніку акушэрства ў Расіі Н.​М.​Амбодзік-Максімовічу належыць першы арыгінальны дапаможнік па акушэрству (1784—86). У канцы 19—пач. 20 ст. рус. акушэр В.​В.​Строганаў распрацаваў метад лячэння эклампсіі, які атрымаў сусветнае прызнанне. Значны ўклад у акушэрскую навуку і практыку зрабілі А.​Я.​Красоўскі, У.​Ф.​Снегіроў, І.​П.​Лазарэвіч, М.​М.​Фенаменаў, Д.​А.​Абуладзе.

На Беларусі навук. акушэрства пачало развівацца пасля арганізацыі Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Станаўленню сучаснага акушэрства садзейнічалі працы І.​М.​Старавойтава, М.​Л.​Выдрына (аперацыйнае акушэрства, ахова плода і нованароджанага), Л.​С.​Персіянінава (таксікозы цяжарных, гіпаксія плода і нованароджанага), Н.​Ф.​Лызікава, В.​С.​Ракуця, В.​Ц.​Камінскай (перынатальная ахова плода і нованароджанага), І.​С.​Лягенчанкі, В.​Р.​Лінкевіч (гіпаксія нованароджанага, акушэрская эмбрыялогія), Г.​І.​Герасімовіча (кесарава сячэнне), І.​У.​Дуды (фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі), Л.​Я.​Супрун (праблемы імуналогіі), Г.​А.​Лукашэвіча (пасляродавая інфекцыя). Навук. праца вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі даследаванняў: невыношванне цяжарнасці (заўчасныя роды), анамаліі родавай дзейнасці, родавы траўматызм маці і плода, пасляродавыя захворванні, перынатальная ахова плода і нованароджанага, асаблівасці генерацыйнай функцыі жанчын ва ўмовах павышанай радыяцыі ў сувязі з вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Акушэрска-гінекалагічная дапамога парадзіхам аказваецца ў радзільных дамах, жаночых кансультацыях, аддзяленнях гар., абл., раённых і інш. бальніц.

Акушэрства ветэрынарнае — галіна ветэрынарыі, якая вывучае фізіялогію і паталогію палавых працэсаў і асемянення с.-г. жывёл, цяжарнасць, роды і пасляродавы перыяд, а таксама хваробы нованароджаных, распрацоўвае метады дыягностыкі, тэрапіі і прафілактыкі бясплоднасці ў с.-г. жывёл. Праблемы акушэрства вет. даследуюць у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, бел. н.-д. ін-тах эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, ВНУ.

Літ.:

Акушерство. М., 1987;

Ветеринарное акушерство и гинекология. 5 изд. М., 1980.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАЛО́ГІЯ (ад гіста... + ...логія),

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).

Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.​Галілей, 1610, англ. Р.​Гук, 1665, галанд. А.​Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.​Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.​А.​Кёлікер, 1852, і Ф.​Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.​Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.​М.​Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.​І.​Бабухін, М.​Д.​Лаўдоўскі, А.​С.​Догель, П.​І.​Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.​А.​Заварзіна і М.​Р.​Хлопіна), нейрагісталогія (Б.​І.​Лаўрэнцьеў, М.​А.​Міслаўскі і інш.).

На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац. АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.​Н.​Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.​Я.​Карытны), органы імуннай сістэмы (А.​Ф.​Суханаў) і скуры (А.​Д.​Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.​М.​Малярэвіч, І.​А.​Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.​Г.​Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.​І.​Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).

Літ.:

Гистология. 4 изд. М., 1989;

Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТЫ́ЗМ,

форма міжвідавых антаганістычных узаемаадносін двух (часам некалькіх) арганізмаў, з якіх адзін — паразіт. Большасць шматклетачных арганізмаў маюць паразітаў. Крытэрый П. — патагеннае ўздзеянне паразіта на гаспадара і абарончая рэакцыя з боку гаспадара. Многія паразіты з’яўляюцца антыгенамі, выклікаюць утварэнне антыцел у арганізме гаспадара, што вядзе да рэакцыі імунітэту (гл. Інвазійныя хваробы, Інфекцыйныя хваробы жывёл, Інфекцыйныя хваробы раслін, Інфекцыйныя хваробы чалавека). Адносіны паміж паразітам і гаспадаром падпарадкаваны пэўным экалагічным заканамернасцям. П. звязаны з інш. формамі міжвідавых узаемаадносін; сімбіёзам, сінайкіяй і інш. Звычайна гаспадар бывае заражаны некалькімі відамі паразітаў, якія лакалізуюцца ў розных органах і тканках і ствараюць своеасаблівае супольніцтва — паразітацэноз. Шляхі пранікнення паразітаў у арганізм гаспадара розныя: актыўнае пранікненне праз покрывы цела, з кормам, пры дапамозе пераносчыкаў і інш. Геагр. пашырэнне паразітаў звязана з распаўсюджаннем іх гаспадароў і асаблівасцямі асяроддзя пражывання. Адрозніваюць таксама звышпаразітызм, або гіперпаразітызм (гаспадаром паразіта з’яўляецца паразіт), псеўдапаразітызм (адзін арганізм трапляе ў арганізм другога выпадкова).

Сярод раслін П. вядомы ў бактэрый, грыбоў, некат. водарасцей, кветкавых раслін. Адны расліны-паразіты маюць хларафіл і здольныя выпрацоўваць арган. рэчывы ў працэсе фотасінтэзу, інш. жывяцца толькі за кошт гаспадара. Большасць грыбоў і раслін-эктапаразітаў знаходзяцца па-за гаспадаром (мучністарасяныя грыбы, павітуха і інш.), а органы жыўлення (гаўсторыі) кантактуюць з жывымі клеткамі. Цела эндапаразітаў (большасць паразітычных грыбоў, у кветкавых — рафлезіевыя) апушчана ў жывую тканку гаспадара, звонку застаюцца органы размнажэння. Вял. колькасць ніжэйшых грыбоў — унутрыклетачныя паразіты. Аблігатныя (абавязковыя) і блізкія да іх паразіты (галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, мучністарасяныя грыбы) пашкоджваюць пераважна добра развітыя расліны; факультатыўныя (неабавязковыя) — іх ізаляваныя ч. (напр., агародніна і плады пры захоўванні). У жывёл многія класы і атрады цалкам складаюцца з паразітаў (спаравікі, смактуны, цэстоды, блохі і інш.). Бывае П. часовы, калі кантакт адбываецца ў час харчавання (камары, мошкі і інш.) і стацыянарны (пастаянны), калі арганізм паразітуе на інш. на працягу свайго жыцця (кровапаразітныя прасцейшыя, вошы, пер’яеды і інш.), і перыядычны, або фазавы, характэрны для пэўнага перыяду жыцця або фазы метамарфозу (напр., у падскурнага авадня і наезнікаў паразітуюць лічынкі, у некат. круглых чарвей, блох і інш. — дарослыя; смактуны, стужачныя і круглыя чэрві, паразітныя ракападобныя, якія мяняюць сваіх гаспадароў, паразітуюць у дарослым стане і на пэўных лічынкавых стадыях). У асобных выпадках паразітныя і непаразітныя пакаленні могуць чаргавацца. Вывучэннем П. і распрацоўкай метадаў барацьбы з паразітозамі займаюцца вірусалогія, мікрабіялогія, паразіталогія, фітапаталогія.

Літ.:

Догель В.А. Общая паразитология. Л., 1962;

Радкевич В.А. Животные и растения: Экол. очерки, 2 изд. Мн., 1980.

І.​В.​Чыкілеўская, С.​І.​Бельская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,

працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.

Дз.​М.​Кудзелька.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛДЭ (Velde) ван дэ, сям’я нідэрландскіх жывапісцаў 17 ст. Эсаяс (каля 1590—91, Амстэрдам — 18.11.1630). Вучыўся, верагодна, у Д.​Вінкбонса. Працаваў у Харлеме (з 1610), Гаазе (з 1618). Пісаў пейзажы, батальныя і жанравыя карціны. У каларыстычных пошуках прыйшоў да танальнага жывапісу, які ўзнаўляе мяккую святлоценявую гульню паветра («Від на Зірыкзе», 1618, «Грамада ў парку», каля 1620, «Пераправа», 1622, «Нападзенне на фургон», 1626, «Дзюнны пейзаж», 1629, і інш.). Вілем Малодшы (хрышчаны 18.12.1633, г. Лейдэн, Нідэрланды — 6.4.1707). Пляменнік Эсаяса. Вучыўся ў свайго бацькі марыніста Вілема Старэйшага і С. дэ Влігера. Працаваў у Амстэрдаме, Лондане. Аўтар парадных па кампазіцыі, гучных па колеры марскіх пейзажаў: «Караблі ў штыль» (1657), «Залп салюта» (1666) і інш. Адрыян (хрышчаны 30.11.1636, Амстэрдам — 21.1.1672). Брат Вілема. Вучыўся ў Харлеме ў Я.​Вейнантса. Працаваў у Амстэрдаме. Пісаў партрэты, жанравыя сцэны, рэліг. і алегарычныя кампазіцыі. Праславіўся пейзажамі з выявамі людзей і жывёл («Бераг у Схевенінгене», 1658, «Статак», 1663, «Ферма», 1666, «Паляванне», 1669, «Пейзаж са статкам кароў», 1671, і інш.). У яго творах рэалізм і дэмакратызм вобразаў, празрыстасць і свежасць колеравых спалучэнняў пакрысе саступаюць месца вытанчанай святочнасці і ідылічнасці адлюстравання.

В. ван дэ Велдэ. Караблі ў штыль. 1657.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬ,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд.сак., крас., май (гл. Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.

На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТА́ЦЫЯ ў біялогіі,

развіццё новых біял. уласцівасцяў арганізма, папуляцыі, віду, біяцэнозу, якія забяспечваюць іх нармальнае існаванне пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя. У эвалюцыйна-гіст. плане ўзнікае і развіваецца на базе спадчынных змен (мутацый) і камбінавання іх пад кантролем адбору. Аснову адаптацыі арганізма складае сукупнасць морфафізіял. змен, накіраваных на захаванне адноснага пастаянства яго ўнутр. асяроддзя — гамеастазу. Сярод шматлікіх формаў адаптацыі вылучаюць генатыпічную, якая ажыццяўляецца праз натуральны адбор карысных для выжывання прыкмет, і фенатыпічную (індывідуальную), што праяўляецца пераважна ў колькаснай мадыфікацыі спадчынна абумоўленых уласцівасцяў.

Адаптацыя забяспечваецца неспецыфічнымі механізмамі, што ляжаць у аснове адаптацыйнага сіндрому, а таксама кампенсатарнымі працэсамі, якія залежаць ад характару патагеннага раздражняльніка. Напр., працэсы акліматызацыі да новых кліматагеагр. умоў, да фону — ахоўная афарбоўка жывёл і інш. Паслядоўныя стадыі адаптацыі да пэўнага спосабу жыцця могуць быць звязаны генеалагічна і складаць адаптыўны рад (напр., паступовае развіццё лятальнай перапонкі ў млекакормячых). У працэсе эвалюцыі адбываецца пастаянная змена прыватных адаптацый і намнажэнне агульных (гл. таксама Адаптыўная радыяцыя). У арэале віду могуць быць адаптыўныя зоны, якія вызначаюцца спецыфічным характарам прыстасаванасці. Найб. складаныя формы мае адаптацыя сацыяльная.

Літ.:

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987;

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. Л., 1969.

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.

Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.

2) У псіхалогіі і педагогіцымех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.​Болдуін, С.​Хол, ням. К.​Бюлер і В.​Штэрн, рус. П.​П.​Блонскі і інш.). Гл. таксама Узроставая псіхалогія.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́Д (лац. Carboneum),

C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​12C (98,892%) і ​13C (1,108%). Ізатопам ​12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп ​14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10−2% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10​−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл. Біягены).

Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)