НЕК (англ. neck літар. шыя),
слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.
т. 11, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПУ́ШКІ,
у беларусаў пульхныя мучныя аладкі, спечаныя з дражджавога цеста або з замешанага на содзе і кіслым малацэ. Пяклі таксама з цеста, прыгатаванага з тоўчанай варанай бульбы і мукі. Пашыраны на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне. На Навагрудчыне, Тураўшчыне П. называюць булачкі, пернікі, коржыкі. Іх пякуць на вяселле, Дабравешчанне і інш. святы.
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
магчымасць фіз. або юрыд. асобы своечасова выконваць свае фін. абавязацельствы па меры іх надыходу. Абумоўліваецца наяўнасцю ўласных або пазыковых сродкаў, дастатковых для выплаты даўгоў, аплаты паступіўшай або набытай прадукцыі, аказаных паслуг, выкананых работ. Адлюстроўвае фін. стан суб’екта гаспадарання, яго пакупныя здольнасці і залежыць ад поспеху і стабільнасці яго гасп. дзейнасці.
т. 12, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАНІЗА́ТАР,
механізм ці прыстасаванне, што забяспечвае сінхранізацыю некалькіх машын, механізмаў, сістэм. У радыёлакатарах, тэлевізійнай і інш. апаратуры сувязі С. — электроннае прыстасаванне, што забяспечвае ўзгодненую па часе і фазе работу некалькіх прылад шляхам падачы на іх спец. кіравальных сінхрасігналаў. С. аўтамабільны — прыстасаванне для бясшумнага і безударнага ўключэння каробкі перадач.
В.І.Вараб’ёў.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДНАПАДЫМА́ЛЬНІК,
падымальнае збудаванне для перамяшчэння суднаў з аднаго б’ефа ў другі. У адрозненне ад шлюзавання (гл. Шлюз) судна перамяшчаюць разам з камерай, у якую яно ўвайшло. С. наз. таксама суднарамонтныя сліпы — нахіленыя берагавыя пляцоўкі для спуску суднаў на ваду або пад’ёму іх з вады. Для верт. пад’ёму суднаў выкарыстоўваюцца плывучыя докі.
т. 15, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ФНА-КВАЛІФІКАЦЫ́ЙНЫ ДАВЕ́ДНІК,
нарматыўны дакумент, які змяшчае сістэматызаваны пералік работ у залежнасці ад іх кваліфікацыйных характарыстык (ступені дакладнасці, складанасці і адказнасці) і патрабаванняў да выканаўцаў гэтых работ у ведах, вытв. прыёмах, звычках і інш. Бываюць адзіныя для рабочых скразных прафесій і галіновыя (для рабочых, прафесія якіх уласцівая толькі пэўнай галіне).
т. 15, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ЛІ,
у германаскандынаўскай міфалогіі волаты, якія жывуць унутры гор, дзе захоўваюць свае скарбы. Яны неверагодна моцныя, але выродлівыя і дурныя. У адрозненне ад міфалагічных праціўнікаў багоў — ётунаў Т. шкодзяць людзям, крадуць іх жывёлу, нават займаюцца людаедствам. У больш позніх міфах Т. асацыіраваліся з рознымі дэманічнымі істотамі, у т. л. з гномамі.
т. 15, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫПСІ́Н,
стрававальны фермент пазваночных жывёл і чалавека. Сінтэзуецца клеткамі падстраўнікавай залозы ў форме неактыўнага папярэдніка — трыпсінагену. Удзельнічае ў расшчапленні бялкоў і прадуктаў іх частковага гідролізу.
Поліпептыд (складаецца з 223 амінакіслотных астаткаў). валодае процізапаленчым дзеяннем, паскарае зажыўленне гнойных ран, актывуе згусальнасць крыві, разбурае амярцвелыя тканкі. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАС (ад франц. face твар),
1) пярэдні (правы) бок чаго-небудзь.
2) У фартыфікацыі — прамалінейны ўчастак траншэі, ходу зносін, неўзрыўных процітанкавых і проціпяхотных загарод. Раней Ф. наз. павернуты да праціўніка бок палявога або доўгатэрміновага ўмацавання (напр., флешы) і крапаснога фартыфікацыйнага збудавання (напр., гал. вала крапасной агароджы. бастыёна) незалежна ад іх канфігурацыі.
т. 16, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛА́ТЭР (англ. flutter дрыжанне),
самаадвольныя незатухальныя пругкія ваганні (вібрацыя) крыла, апярэння, інш. элементаў лятальных апаратаў з хутка ўзрастаючай амплітудай. Адносяцца да аўтаваганняў, адбываюцца за кошт энергіі набягаючага патоку паветра. Могуць прывесці да разбурэння лятальнага апарата. Ф. прадухіляюць рацыянальным размеркаваннем масы ў канструкцыйных элементах самалётаў, верталётаў і інш., павышэннем іх жорсткасці.
т. 16, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)