САСНО́ВЫ БОР,

рабочы пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл. За 16 км на ПдЗ ад Светлагорска, 126 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Жэрдзь на лініі Жлобін—Калінкавічы, на аўтадарозе, якая злучае С.Б. са Светлагорскам. 2,5 тыс. ж. (2001).

Узнік як пасёлак у 1955 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства «Васілевічы 2-я» (з 1959 «Светлагорскае»). 3.7.1959 пераўтвораны ў рабочы пасёлак.

Працуюць з-д «Светлагорсккорммаш» (філіял ВА «Гомсельмаш»), сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Сасновы Бор», акц. т-ва «Светлбытсервіс»; сярэдняя і дзіцячая муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, спарт. комплекс, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГАРМАНІ́ЗМ (ад грэч. syn разам + гармонія) у мовазнаўстве, марфаналагічная з’ява, якая заключаецца ў прыпадабненні галосных гукаў (прагрэсіўная асіміляцыя), што ўваходзяць у склад афіксаў, да галосных кораня па прыкмеце месца ўтварэння, лабіялізацыі і інш. На С. уплывае і характар апошняга зычнага кораня (пярэдне- ці заднеязычны). Напр., турэцкі суфікс мн. л. набывае розную фанетычную будову ў залежнасці ад фанетычнай структуры кораня (параўн.: ev дом — evler дамы, але ok стрэл — oklar стрэлы). С. уласцівы пераважна аглюцінатыўным мовам, у якіх ён забяспечвае функцыянальна (як націск у індаеўрап. мовах) цэласнасць і адасобленасць словаформы.

Літ.:

Черкасский М.А. Тюркский вокализм и сингармонизм. М., 1965;

Виноградов В.А. Типология сингармонических тенденций в языках Африки и Евразии // Проблемы африканского языкознания. М., 1972.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТЛЯ́НЫ,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПдУ ад г. Узда, 63 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Рудзенск. 160 ж., 57 двароў (2002). Племянны свінагадоўчы саўгас-камбінат. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (2-Я пал. 19 ст.). Курганны могільнік.

Вядомы з 1652, уласнасць кн. Галоўчынскіх, Быхаўцаў, Заранкаў, Завішаў, Грабоўскіх. У 1895 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1886 сяло ў Шацкай вол. Ігуменскага пав., 585 ж., 58 двароў, царк. прыход; у 1909—1150 ж., 168 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Шацкага, у 1927—60 і з 1996 Уздзенскага р-наў.

т. 16, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭКАНА́ЎСКАС (Čekanauskas) Вітаўтас (н. 13.5.1930, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1975). Акад. АМ СССР (1988). Скончыў Літ. маст. ін-т (1955). Працаваў у Ін-це праектавання гар. буд-ва ў Вільнюсе. Ў аўтарскім калектыве выканаў праекты планіроўкі і забудовы грамадскага цэнтра на правым беразе р. Нярыс (1964), жылога раёна Лаздзінай (1967—74; Ленінская прэмія 1974), помніка А.​Міцкевічу (1983). Паводле яго праектаў пабудаваны грамадскі будынак і жылы квартал Саюза літ. кампазітараў (1966), Выставачны палац (1967), Ін-т эканомікі сельскай гаспадаркі (1979), будынак ЦК КПЛ (1982, цяпер Дом урада). Работы Ч. адметныя рацыянальнай выразнасцю планаў і аб’ёмных структур, гарманічнай сувяззю з прыродным ландшафтам. Дзярж. прэмія Літвы 1971. Іл. гл. да арт. Вільнюс.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЙПАЛ (Naipaul) Відзьядхар Сураджпрасад (н. 17.8.1932, каля г. Порт-оф-Спейн),

трынідадскі пісьменнік індыйскага паходжання. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1950 жыве ў Англіі. Піша на англ. мове. У раманах «Таямнічы масажыст» (1957), «Дом для містэра Бісваса» (1961), «Несапраўдныя» (1967), «У свабоднай краіне» (1971), «Герылья» (1975), «Загадка прыбыцця» (1987) і інш. праблемы асіміляцыі імігранта з былой калоніі, культ. маргінала з посткалан. краіны. Яго раманы — сумесь маст. прозы, аўтабіяграфіі, сац. даследавання і рэпартажу; у іх атмасфера элегічнай меланхоліі, адзіноты, песімізму, страхаў і комплексаў, мужнасці і іроніі. Аўтар аўтабіягр. кніг «Дарога ў свет» (1994), «Палова жыцця» (2001), зборнікаў аповесцей і апавяданняў, эсэ, дарожных нататак. Нобелеўская прэмія 2001.

В.С.Найпал.

т. 18, кн. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЎНЫ Сяргей Іосіфавіч (н. 26.6.1928, с. Агульцы Валкаўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1989). Скончыў Харкаўскі інж.-буд. ін-т (1953). Працаваў у праектных арганізацыях Севастопаля, Харкава. З 1962 гал. архітэктар праектаў у ін-це «Гомельграмадзянпраект». Асн. работы: у Гомелі — комплекс кінатэатра імя Калініна і кафэ «Маладзёжнае» (1963—75, цяпер Забаўляльны цэнтр), карпусы галоўны і фіз. факультэта дзярж. ун-та (1973—85), лабараторны Цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі (1984), 5—12-павярховы жылы дом з убудаванай выставачнай залай (1985), новы корпус політэхн. ін-та (1988, цяпер тэхн. ун-т), будынак «Прыёрбанка» (2001); у г. Светлагорск — 9—16-павярховы комплекс жылых дамоў, касцёл.

т. 18, кн. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЧАК (Korczak) Януш [сапр. Гольдшміт Генрых; 22.7.1878

(1879?),

Варшава — жн. 1942], польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Скончыў мед. ф-т Варшаўскага ун-та (1905). Працаваў урачом у дзіцячай бальніцы ў Варшаве, выхавальнікам у дзіцячых летніх калоніях (уражанні адлюстраваны ў кн. «Моські, Ёські і Срулі», 1910, «Юзькі, Яські і Франкі», 1911). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля яе заканчэння кіраваў у Варшаве дзіцячымі прытулкамі («Дом сірот» і «Наш дом»), выкладаў у Ін-це спец. педагогікі, Свабодным польск. ун-це, выступаў як эксперт у судзе па справах непаўналетніх і інш. Аўтар кніг пра выхаванне: «Выхаваўчыя моманты» (1919), «Правілы жыцця» (1930), «Жартаўлівая педагогіка» (1939); мастацкіх твораў для дзяцей і пра дзяцей: «Кароль Мацюсь Першы» (1923), «Калі я зноў стану маленькім» (1925) і інш. Захаваўся «Дзённік» К., які ён вёў у 1942 у гета (надрук. 1958). К. выпрацаваў уласную педканцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кн. «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самаст., адносна незалежная ад інш. волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чалавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення. Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і ўсім персаналам «Дома сірот» загінуў у канцлагеры Трэблінка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.​Бяганская, У.​Васілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Кароль Мацюсь Першы Мн., 1970;

Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избр. пед. произв. М., 1979;

Педагогическое наследие. М., 1990.

Літ.:

Шлензакова А.Я. Януш Корчак: Пер. с пол. Варшава, 1978;

Педагогическое наследие Януша Корчака: Библиогр. указ. М., 1978.

Я.Корчак.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІР,

гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст. наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл. Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.

Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Мірская кераміка).

Літ.:

Гурин М.Ф. Мир: Ист.-экон. очерк. Мн., 1985.

М.​Ф.​Гурын.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПСА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на ўсх. беразе воз. Опса, на аўтадарозе Браслаў—Відзы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 53 км ад чыг. ст. Друя. 777 ж., 253 двары (2000). Пагранічная камендатура. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Курган Бессмяротнасці на магіле ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл св. Яна Хрысціцеля (пач. 20 ст.), сядзіба (1904). За 3 км ад вёскі курганны могільнік балта-слав. насельніцтва 8—11 ст.

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1500 як уладанне смаленскага кн. Глазыні. У 1-й пал. 16 ст. велікакняжацкі двор і цэнтр воласці, з 2-й пал. 16 ст. мястэчка, цэнтр староства, якое, паводле інвентара 1779, падзялялася на 5 войтаўстваў. У мястэчку былі парафіяльная школа (з 1777), касцёл, 2 вадзяныя млыны, карчма, вінакурны завод, панскі двор з сядзібным домам і гасп. пабудовамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) О. ў складзе Рас. імперыі. З 1823 уладанне Плятэраў. У сярэдзіне 19 ст. цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., у 1859—163 ж. У 1864 (паводле інш. звестак у 1866) заснавана нар. вучылішча. У 1916 з Друі ў О. пракладзена вузкакалейка. З 1921 О. ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Навагрудскага ваяв. Дзейнічалі школа, дом для сірот, касцёл, сінагога, пошта, крамы, млын, каап. малачарня. У 1931 у О 907 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў О. больш за 200 жыхароў. 22.4.1944 партызаны брыгады «Спартак» разграмілі ў О. гарнізон ворага.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка (утвараюць р. Рыбчанку), на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. На аўтадарозе Мінск—Маладзечна. За 32 км ад Маладзечна, за 41 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Радашковічы. Вузел аўтадарог на Аляхновічы, Пралескі, Рагаву. 5,7 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1447, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. З 1499 уласнасць кн. В.​М.​Вярэйскага, Гаштольдаў, Боны Сфорца, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 да сярэдзіны 19 ст. штогод праводзіліся кірмашы. У 1549 горад, 150 двароў, 18 корчмаў, майстэрні, Радашковіцкі замак. У 1569 Р. атрымалі магдэбургскае права, у 1792 — герб: на сярэбраным полі паясная выява св. Стафана, пабітага камянямі. З 1793 у Рас. імперыі, заштатны горад Вілейскага пав. Мінскай губ., з 1842 цэнтр воласці Віленскай губ. У 1897—2615 ж., гар. і рэальнае вучылішчы, бровар. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад Віленскага ваяв. У 1922—28 працавала Радашковіцкая беларуская гімназія. З канца 1939 у БССР. З 1940 гар. пасёлак і да 1960 цэнтр Радашковіцкага раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 6433 чал.; у 1941 у абарончых баях каля Р. вызначыліся экіпажы самалётаў Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэлы, Героя Рас. Федэрацыі А.С.Маслава і інш. З 1960 у Маладзечанскім р-не.

Працуюць Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка», хлебазавод, міжгасп. прадпрыемства керамічных вырабаў, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, М.​Ф.​Гастэлу, яго экіпажу, сав. лётчыкам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, Я.​Купалу, Ядвігіну Ш. Помнікі архітэктуры: Радашковіцкі касцёл, царква пач. 20 ст. Археал. помнік — гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)