ФЕТЫШЫ́ЗМ (франц. fétichisme ад партуг. feitięo амулет),
вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных або вырабленых чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і іх ушанаванне. Узнік у перыяд першабытнага грамадства; быў пашыраны ва ўсіх першабытных народаў. Характэрны, хоць і не ў аднолькавай ступені, для ўсіх рэлігій (напр., шанаванне крыжа, мошчаў, абразоў у хрысціянстве, «чорнага каменя» ў г. Мекка ў ісламе і інш.). Своеасаблівымі рэшткамі Ф. з’яўляецца вера ў амулеты, абярэгі, талісманы.
Тэрмін «фетыш» уведзены ў навуку галандскім падарожнікам В.Босманам у пач. 18 ст. Франц. асветнікі разглядалі Ф. як архаічную форму рэлігіі, звязаную з неадукаванасцю.
Г.Гегель бачыў у Ф. форму чараўніцтва, імкненне чалавека ажыццяўляць ускосную ўладу над прыродай пры дапамозе фетыша. К.Маркс лічыў Ф. з’явай не толькі рэлігійнай і ўвёў паняцце «таварнага фетышызму», пад якім разумеў грамадскі працэс надзялення прадуктаў працы звышнатуральнымі ўласцівасцямі, абумоўлены «арэчаўленнем» сац. адносін. Э.Б.Тайлар, Г.Спенсер разглядалі Ф. як адну з форм анімізму.
На бел. землях Ф. адлюстраваны ў стараж. павер’ях пра здольнасці асобных камянёў вылечваць ад цяжкіх хвароб, даваць людзям вял. энергію і магічную сілу. Паводле старадаўніх уяўленняў беларусаў, у глыбокай старажытнасці камяні былі жывымі істотамі: маглі расці, размнажацца, гаварыць, есці і піць, перамяшчацца ў прасторы і інш. Асобныя «свяшчэнныя камяні» мелі ўласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень і інш. Культ камянёў быў даволі пашыраны на Беларусі: камяні ўшаноўвалі, маліліся ім, прасілі ў іх дапамогі ў паўсядзённым жыцці, рабілі ім ахвярапрынашэнні (грошы, палатно, зрэдку хатніх жывёл); рэшткі гэтага культу назіраюцца ў некат. бел. вёсках да нашага часу. Гл. таксама Прошча.
Літ.:
Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу: Опыт сравнит. изучения славян. преданий и верований в связи с мифич. сказаниями других родственных народов. Т. 1—3. М., 1995;
Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;
Тайлор Э.Б. Миф и обряд в первобытной культуре: Пер. с англ. Смоленск, 2000;
Шамякіна Т. Міфалогія: Вытокі нашай самасвядомасці // Роднае слова. 1993. № 8.
Э.С.Дубянецкі.
т. 16, с. 362