МУЗЕ́Й ВЫЯЎЛЕ́НЧЫХ МАСТА́ЦТВАЎімя А.С.Пушкіна ў Маскве,
збор замежнага мастацтва; другі ў Расіі па значнасці (пасля Эрмітажа). Утвораны на аснове Кабінета прыгожых мастацтваў пры Маскоўскім ун-це, існаваў з сярэдзіны 19 ст., пераўтвораны па ініцыятыве праф. І.Цвятаева ў Музей злепкаў. Адкрыты ў 1912 як Музей прыгожых мастацтваў імператара Аляксандра III пры Маскоўскім ун-це; з 1917 Музей прыгожых мастацтваў, з 1937 сучасная назва. Першапачаткова ў калекцыю музея ўваходзілі злепкі з шэдэўраў ант. і зах.-еўрап. скульптуры, складзены гісторыкам У.Галянішчавым: збор помнікаў мастацтва Стараж. Егіпта, твораў еўрап. жывапісу, ант. ваз і манет. Пасля 1917 фонды музея папаўняліся творамі з Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі, Музея новага зах. мастацтва, інш. музеяў і прыватных калекцый (А.Бракара, В.Мандла, Дз.Шчукіна і інш.). Музей захоўвае помнікі мастацтва Стараж. Усходу, ант. Грэцыі і Рыма, Візантыі, краін Усх. і Зах. Еўропы. У карціннай галерэі вылучаюцца зборы палотнаў галанд. і флам. (Рэмбрант, Я. ван Ройсдал, Г.Тэрбарх, А. ван Астадэ, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс, П.П.Рубенс, А. ван Дэйк), франц. (Н.Пусэн, К.Ларэн, А.Вато, Ф.Бушэ, Ж.Л.Давід, К.Каро, Г.Курбэ) і інш. школ; адзін з лепшых у свеце збораў майстроў барбізонскай школы, франц. імпрэсіяністаў (К.Манэ, К.Пісаро, А.Рэнуар), постімпрэсіяністаў (В. ван Гог, П.Гаген, П.Сезан), а таксама творы А.Матыса і П.Пікасо. У аддзеле гравюры і малюнка каля 350 тыс. твораў еўрап., усх. і рас. графікі. З 1981 музей праводзіць муз. фестывалі, якія суправаджаюцца тэматычнымі маст. выстаўкамі. У 1985 створаны фонд маст. фотаздымкаў, у 1994 — Музей асабістых калекцый (на правах навук. аддзела).
Літ.:
Государственный музей изобразительных искусств им. АС.Пушкина: [Альбом]. М., 1989;
Государственный музей изобразительных искусств им. А.С.Пушкина: Кат. картинной галереи. Живопись. Скульптура. Миниатюра. М., 1986.
Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна.Зала антычнай скульптуры Музея выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭ́ЛЬ (франц. pastel ад італьян. pastello памянш. ад pasta цеста),
жывапіс сухімі мяккімі каляровымі алоўкамі без аправы; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Пастэльныя алоўкі (прасуюцца і фармуюцца са сцёртых у тонкі парашок рознакаляровых пігментаў з невял. дамешкам камедзей, малака, мелу, гіпсу, тальку і інш.; у залежнасці ад саставу рэчываў могуць быць мяккімі, цвёрдымі, сярэдняй мяккасці). Імі малююць на шурпатай (найчасцей каляровай) паперы, кардоне, грунтаваным палатне, замшы, пергаміне. П. наносяць штрыхамі, што набліжае яе да графікі, або расціраюць пальцамі ці растушоўкай (спец. палачка), што дае магчымасць дасягнуць найтанчэйшых нюансаў тону. Малюнак вылучаецца чысцінёй, свежасцю, мяккай прыглушанасцю колеру, далікатнай аксаміцістай паверхняй твора. З прычыны нетрываласці фарбавага слоя ў П., які лёгка разбураецца, яго замацоўваюць спец. фіксатарамі.
Тэрмін «П.» упершыню ўпамінаецца ў канцы 16 ст. Майстры 16—17 ст. выкарыстоўвалі П. пераважна для падфарбоўкі малюнкаў. выкананых цвёрдымі штыфтамі. З канца 17 ст. пашырылася ў жывапісе. Найб. росквіту дасягнула ў 18 ст., асабліва ў мастацтве ракако. У П. працавалі Р.Кар’ера (Італія), К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.Б.Шардэн (Францыя), А.Р.Менгс (Германія), Э.Ліятар (Швейцарыя) і інш. Класіцызм адмаўляў П., але з 2-й пал. 19 ст. яна адрадзілася ў творчасці франц. мастакоў Э.Дэга, Э.Дэлакруа, Э.Манэ, Ж.Ф.Міле, А.Рэнуара. У Расіі ў П. працавалі А.Арлоўскі, А.Венецыянаў, І.Левітан, В.Сяроў, у Літве — М.Чурлёніс. На Беларусі да П. звяртаўся Ф.Рушчыц. У гэтай тэхніцы працавалі і працуюць Я.Батальёнак, М.Будавей, Ю.Герасіменка, І.Давідовіч, В.Дубрава, П.Дурчын, Я.Красоўскі, Я.Кругер, Р.Кудрэвіч, У.Кудрэвіч, А.Марыкс, М.Моўчан, І.Немагай, А.Паслядовіч, Л.Ран, Л.Чурко і інш.
Л.У.Салодкіна.
Да арт.Пастэль. Э.Дэга. Блакітныя танцоўшчыцы, каля 1879.Да арт.Пастэль. Ф.Рушчыц. Залаты пакой. 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВА́НС (Provence),
гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м., пераважна ў Франц. Альпах. Уключае дэпартаменты Бушдзю-Рон, Вар, Ваклюз, Верхнія Альпы, Альпы Верхняга Праванса, Прыморскія Альпы. Пл. 31,8 тыс.км². Нас. каля 4 млн.чал. (2000), больш за 80% пражывае ў гарадах. Гал. горад Марсель, найважн.прамысл. цэнтры — Ніца, Тулон, Авіньён. Пераважае горны рэльеф. Клімат умераны (у гарах), міжземнаморскі (на ўзбярэжжы). Прамысл. раён са значнай роллю курортнай справы і турызму. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., нафтаперапр., нафтахім., тэкст., харч., чорная металургія. Здабыча баксітаў, солі з марской вады, бурага вугалю. Лесанарыхтоўкі. ГЭС на горных рэках. У горнай частцы пераважае жывёлагадоўля (авечкі і козы), на ўзбярэжжы — субтрапічнае пладаводства і вінаградарства, агародніцтва і кветкаводства, вырошчванне алівак, эфіраалейных культур, пасевы пшаніцы; дэльта р. Рона — асн. раён рысаводства ў Францыі. П. — пастаўшчык ранняй агародніны і фруктаў для інш. раёнаў краіны. На Угал. курортны раён краіны — Блакітны бераг (Рыўера).
У 6 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. заснаваны грэч. калоніі. У 2 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, якія ўтварылі тут сваю правінцыю (адсюль назва П.). У 5—6 ст.н.э. на П. нападалі вестготы, бургунды, остготы. У 536 далучаны да каралеўства франкаў. У 855—863 самастойнае каралеўства. З 879 у складзе каралеўства Ніжняя Бургундыя, з 933 — графства ў Аб’яднаным Бургундскім каралеўстве. У 1113—1246 належаў графам Барселонскім, у 1246—1481 — Анжуйскай дынастыі. У 1481 далучаны да Францыі з захаваннем правінцыяльнай аўтаноміі, якая паступова ўразалася каралеўскай уладай. У час гугеноцкіх войнаў 16 ст. насельніцтва П. (акрамя Марселя) падтрымлівала гугенотаў. У 17 ст. на тэр. правінцыі адбываліся буйныя паўстанні (у 1631 у Эксе, у 1644 у Марселі і Арлі). Пасля задушэння паўстання ў 1660 у Марселі б.ч. прывілеяў скасавана. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелены на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́Н (франц. salon, італьян. salone ад sala зала) у архітэктуры і мастацтве, 1) у 15—17 ст. вялікае параднае памяшканне ў італьян. (пазней і інш.еўрап. краін) палацах, прызначанае для прыёмаў, збораў, канцэртаў і інш. 2) Літ.-маст. гурток, які збіраецца ў прыватным доме. Вядомы ў Францыі з 17 ст. (С. маркізы дэ Рамбуе), у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. (С. княгіні З.А.Валконскай у 1-й пал. 19 ст. ў Маскве) і інш. 3) Зала, памяшканне для экспанавання і продажу твораў мастацтва (гл. таксама Мастацкая галерэя).
4) Перыядычная публічная выстаўка твораў сучаснага мастацтва. Першая афіц. выстаўка, дзе экспанаваліся творы жывых мастакоў, адбылася ў 1653 у Парыжы па ініцыятыве Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1673 С. ладзіліся пад адкрытым небам, у палацы Пале-Руаяль, з 1699 у Луўры (да 1736 у Вял. галерэі, у 1737—1848 у т.зв. Квадратным С.; адсюль назва), пазней у Вял. палацы, з 1848 у палацы Гран Пале на Елісейскіх палях. Да 1746 адбываліся штогод, пазней раз у 2 гады. Да сярэдзіны 19 ст. былі найб. прадстаўнічай афіц. выстаўкай у Францыі, дзе экспанаваліся творы пераважна чл. акадэміі і т.зв. прызначаных. Майстры, якія не займалі значнага месца ў маст. іерархіі, выстаўлялі свае творы на пл. Дафіна (т.зв. С. маладых) і інш. Арганізацыя С. паўплывала на фарміраванне выставачнай дзейнасці (з’яўленне першых каталогаў, крытычных артыкулаў, маст. журы і інш.). З пач. 19 ст. арганізатары С. падтрымлівалі руціннае акад. мастацтва, варожа ставіліся да наватарства і парушэння традыцый (гл.Салоннае мастацтва), што выклікала вострую барацьбу маст. кірункаў і іх супрацьпастаўленне С. З 1881 у веданні Т-вафранц. мастакоў, якое ладзіць штогадовыя «Веснавыя С.» (з 1903 таксама «Восеньскія С.»). З канца 19 ст. ўзнікаюць авангардысцкія выстаўкі, якія таксама маюць назву С. (напр., «С. Незалежных», 1884) і С. ў інш. краінах. У шырокім значэнні — унутр. памяшканне аўтобуса, самалёта, аўтамабіля і пад. для пасажыраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-СІМО́Н (Saint-Simon) Клод Анры дэ Руўруа
(de Rouvroy; 17.10.1760, Парыж — 19.5.1825),
французскі мысліцель, сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Са стараж. роду франц. арыстакратаў. Вучань Ж.Л.Д’Аламбера. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. У гады франц. рэвалюцыі 1789—94 далучыўся да якабінцаў, але потым адышоў ад іх. З 1797 займаўся навук. дзейнасцю. Асн. творы: «Пісьмы жэнеўскага жыхара да сучаснікаў» (1803), «Аб прамысловай сістэме» (1821), «Катэхізіс прамыслоўцаў» (1823—24), «Новае хрысціянства» (1832), «Нарыс навукі пра чалавека», «Праца пра сусветнае прыцяжэнне» (абодва 1859). Паводле С.-С., грамадства ў сваім развіцці праходзіць шэраг ступеняў — ад першабытнай праз рабства да феад.-саслоўнага ладу. Рухаючай сілай яго выступаюць ідэі (рэліг., метафіз., навук.) і «індустрыя» (эканам. дзейнасць людзей). Кожная ступень грамадства характарызуецца стваральнай («арганічнай») і разбуральнай («крытычнай») стадыямі. На «крытычнай» стадыі феад.-саслоўная сістэма замяняецца новай, т.зв. «прамысловай сістэмай», якая грунтуецца на навук. ведах, планаванні гаспадаркі, размеркаванні па здольнасцях, абавязковай для ўсіх грамадзян працы і г.д. У якасці базавых прынцыпаў функцыянавання ідэальнага грамадства С.-С. прапанаваў навук. арг-цыю працы, адмену права на спадчыну, грамадскую лесвіцу, як строгую «іерархію здольнасцей». Лічыў, што ў выніку радыкальных пераўтварэнняў у паліт. і эканам. сферах мірным шляхам будуць створаны неабходныя ўмовы для развіцця індывід. здольнасцей кожнага чалавека ў адпаведнасці з яго прыродай, будзе выключана магчымасць эксплуатацыі чалавека чалавекам, сфарміруецца адзіны клас — «індустрыялаў»; важную ролю ў пераадольванні сац. супярэчнасцей, кансалідацыі розных сац. слаёў будзе адыгрываць новая рэлігія — «новае хрысціянства».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М.;
Пг., 1923;
Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1948.
Літ.:
Плеханов Г.В. Французский утопический социализм XIX в. // Избр. филос. произв. М., 1957. Т. 3;
Волгин В.П. Сен-Симон и сен-симонизм. М., 1961;
Кучеренко Г.С. Сен-симонизм в общественной мысли XIX в. М., 1975.
французскі драматург; найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму, стваральнік жанру «высокай камедыі», якая паклала пачатак новаму этапу развіцця франц. і сусв. драматургіі. Скончыў Клермонскі калеж (1639). Адзін з заснавальнікаў «Бліскучага тэатра» (1643, Парыж). У 1645—58 з трупай вандроўных камедыянтаў раз’язджаў па франц. правінцыі. Першыя камедыі «Шалёны» (паст. 1655), «Любоўная сварка» (паст. 1656) заснаваны на традыцыях італьян.камедыі дэль артэ і франц.нар. фарса. П’еса «Цырымонлівыя паненкі» (паст. 1659) скіравана супраць прэцыёзнага, манернага і надуманага мастацтва. У блізкай да фарса камедыі «Школа мужоў» (паст. 1661) і першай «высокай камедыі» «Школа жонак» (паст. 1662) выступіў супраць сямейнага дэспатызму, у абарону натуральнага пачуцця. Свае эстэт. і грамадз. прынцыпы выклаў у п’есах «Крытыка «Школы жонак» і «Версальскі экспромт» (абедзве паст. 1663). Вяршыня яго творчасці — камедыі «Тарцюф» (паст. 1664), «Дон Жуан» (паст. 1665), «Мізантроп» (паст. 1666), «Скупы» (паст. 1668), «Мешчанін у дваранах» (паст. 1670), «Хітрыкі Скапэна» (паст. 1671), «Прытворнахворы» (паст. 1673) і інш., у якіх выкрываецца душэўная фальшывасць і рэліг. ханжаства, крывадушнасць і хцівасць, прыкрытыя ідэямі хрысціянства, патрыятызму, нар. карысці. Развіваючы традыцыі нар. тэатра, М. дасягнуў сапр. рэалізму пры стварэнні вобразаў людзей з народа (слугі Сганарэль, Маскарыль і інш.), галерэі «вечных тыпаў» (Тарцюф, Дон Жуан, Гарпагон і інш.). Аўтар камедый балетаў на музыку Ж.Б.Люлі: «Надакучлівыя» (1661), «Шлюб пад прымусам» (1664), «Спадар дэ Пурсаньяк» (1669) і інш. На Беларусі ўпершыню п’есы М. паст. ў Нясвіжскім т-ры Радзівілаў, перакладзеныя і пераробленыя для т-ра У.Радзівіл («Цырымонлівыя паненкі», 1749; «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», усе 1751; «Лекар паняволі», 1752; «Маскарыль», 1756). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Мешчанін у дваранах» (Бел.т-р імя Я.Купалы, 1924, 1967, пер. Ю.Гаўрука), «Жорж Дандэн» (т-р імя Я.Купалы, 1926; Гродзенскі абл.драм.т-р, 1979), «Цырымонлівыя паненкі» (т-р імя Я.Купалы, 1926), «Шлюб пад прымусам» (т-р імя Я.Купалы, 1926), «Тарцюф» (Бел. ТРАМ, 1934; Дзярж. рускі драм.т-р, 1935; т-р імя Я.Купалы, 1987), «Скупы» (т-р імя Я.Купалы, 1937), «Хітрыкі Скапэна» (Бел.рэсп.т-р юнага гледача, 1940; рускі драм.т-р, 1955), «Лекар паняволі» (Бел.т-р імя Я.Коласа, 1940), «Прытворнахворы» (Гомельскі абл.драм.т-р, 1973), «Школа жонак» (Гродзенскі абл.драм.т-р, 1986), «Нежанаты мнагажэнец» (т-р імя Я.Купалы, 1993, пер. Р.Барадуліна, своеасаблівая пераробка камедыі «Спадар дэ Пурсаньяк»).
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—3. М., 1985—87.
Літ.:
Бояджиев Г.Н. Мольер: Ист. пути формирования жанра высокой комедии. М., 1967;
Бордонов Ж. Мольер: Пер. с фр.М., 1983;
Булгаков М.А. Жизнь господина де Мольера. [4 изд]. М., 1991;
Барысава Т.Ц. Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,
група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.Русо, Ж.Дзюпрэ, Н.Дзіяз, Ш.Ф.Дабіньі, К.Труаён, Ш.Жак, Р.Банёр і інш.).
Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперак акад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл.Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.Констэбл і Р.Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш.еўрап. краін.
Літ.:
Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНЕ́З (ад бія... + ...генез),
утварэнне арган. злучэнняў жывымі арганізмамі. У шырокім сэнсе біягенез — эмпірычнае абагульненне, якое сцвярджае, што ўсё жывое ўзнікае толькі ад жывога ў арган. эвалюцыі Зямлі. У аснове біягенезу проціпастаўленне жывога нежывому і адхіленая навукай ідэя вечнасці жыцця. У 18—19 ст. тэорыя біягенезу проціпастаўлялася поглядам аб самазараджэнні арганізмаў (працы франц. вучонага Л.Пастэра па мікрабіялогіі). Прыхільнікі біягенезу (ням. вучоны Г.Рыхтэр, 1865, швед. С.Арэніус, 1895) меркавалі, што зародкі жывых істот у стане анабіёзу былі занесены на Зямлю з іншых, больш стараж. нябесных целаў (гіпотэза пансперміі). Лічыцца, што верагодных доказаў магчымасці касм. пераносу формаў пераджыцця няма. Самаст. ўзнікненне жыцця на Зямлі больш верагоднае, што пацверджана эксперыментальна абіягенным сінтэзам бялковападобных і інш. злучэнняў, якія аднаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Абіягенез, Паходжанне жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫ́З (франц. accise ад лац. accidere абразаць),
від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутр. вытв-сці. Аб’ектам такога абкладання, як правіла, з’яўляюцца тавары масавага ці абмежаванага выкарыстання, прадметы раскошы, а таксама пашыраныя камунальныя, трансп., культ. і інш. паслугі. Некаторыя краіны ў пратэкцыянісцкіх мэтах абкладаюць акцызам і імпартныя тавары (звыш мытных пошлін). Акцыз уключаецца ў цану тавару і ў тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца. З’яўляецца важнай крыніцай даходаў дзярж. бюджэту. У 1904 у Расіі акцыз (разам з віннай манаполіяй) даваў амаль 50% бюджэтных даходаў. У б.СССР у 1930—31 быў адменены. У Рэспубліцы Беларусь уведзены законам «Аб акцызах» ад 19.12.1991, які вызначае тавары і паслугі, што абкладаюцца акцызам. Плацельшчыкамі акцызу з’яўляюцца юрыд. і фіз. асобы, якія ажыццяўляюць вытв. і камерцыйную дзейнасць, аказваюць паслугі.