РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),
адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БЕЛЯ ЗАКО́Н, кампенсацыі фактараў закон,
узаемазамяняльнасці фактараў закон (эфект),
сцвярджэнне аб тым, што адсутнасць або недахоп якога-н. экалагічнага фактара можа быць кампенсаваны інш. блізкім (аналагічным) фактарам. Выяўлены амер. эколагам Э.Рубелем (1930).
Напр., недахоп святла ў парніку можа быць кампенсаваны павелічэннем канцэнтрацыі вуглекіслаты або стымулюючым дзеяннем некат. біялагічна актыўных рэчываў (гіберэлінаў або інш.); некат. малюскі пры адсутнасці або недахопе кальцыю могуць будаваць свае ракавіны са стронцыю, пры дастатковай яго колькасці ў асяроддзі. Р.з. мае адносны характар, таму што фундаментальныя экалагічныя (фізіял.) фактары (святло, вада, азот, вуглекіслата, хім. макра- і мікраэлементы і інш.) незаменныя.
т. 13, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЎЗГАРА́ННЕ,
узнікненне ачага гарэння без крыніцы запальвання. Абумоўлена рэзкім нарастаннем скорасці экзатэрмічных працэсаў у выніку саманагравання гаручых цвёрдых матэрыялаў (торф, вугаль, драўнянае пілавінне і інш.). Паводле прыроды працэсу, што выклікае саманаграванне матэрыялу, адрозніваюць С. хім. (гл. Пірафорныя рэчывы), мікрабіял. і цеплавое. Адбываецца пры пэўных умовах, калі цеплавыдзяленне ў ходзе рэакцыі большае за цеплаадвод у навакольнае асяроддзе. Механізм узнікнення гарэння пры С. падобны на механізм узнікнення цеплавога самазагарання. У адрозненне ад С., якое праяўляецца ў выглядзе тлення ці полымнага гарэння, самазагаранне ўзнікае ў выглядзе аб’ёмнага полымнага гарэння газаў і вадкасцей. Гл. таксама Узгаранне.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯДО́ЛІ,
першае лісце раслін, што развіваецца ў семі на зародку, які яшчэ не дыферэнцыраваны. Па форме, анат. будове і функцыях часта адрозніваюцца ад сапраўднага лісця, што ўтвараецца на конусе нарастання парастка. У хваёвых некалькі С. (2—15), у двухдольных — 2, у аднадольных — 1. Пры надземным прарастанні С. зелянеюць і здольныя да фотасінтэзу (напр., фасоля), пры падземным з’яўляюцца сховішчам для пажыўных рэчываў (напр., дуб), у семі з эндаспермам падаюць пажыўныя рэчывы ў надземную ч. праростка (напр., злакі). Пасля прарастання С. захоўваюцца на расліне часам на працягу некалькіх месяцаў (віды мар’янніку, падалешніку, плюшчу).
В.М.Прохараў.
т. 14, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРН (ад швед. skarn гразь, адкіды),
высокатэмпературная кантактава-метасаматычная, поўнакрышт., масіўная, светлаафарбаваная горная парода, складзеная з вапнавых, магнезіяльна-жалезістых і марганцавых сілікатаў і алюмасілікатаў. Утвараецца шляхам хім. ўзаемадзеяння кантактуючых алюмасілікатных і карбанатных парод з высокатэмпературнымі растворамі. Паводле механізму пераносу рэчыва адрозніваюць С. дыфузійны (біметасаматычны) і С. інфільтрацыйны; паводле саставу вылучаюць С.: вапнавы, магнезіяльны, марганцавы. Пры класіфікацыі С. ўлічваюць таксама глыбіні і час утварэння адносна кансалідаваных інтрузіўных сілікатных парод, характар працэсаў пры скарнаўтварэнні і інш. фактары. Са С. звязаны радовішчы многіх карысных выкапняў: жалезныя, вальфрамавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, малібдэнавыя руды, каштоўныя камяні (гранаты, у т. л. грасуляр, шпінэлі і інш.).
т. 14, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫЖАВА́ННЕ,
аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНСА́Й (яп. літар. дрэва, якое расце на падносе),
японскае мастацтва вырошчвання карлікавых дрэў (і самі дрэвы) у вазонах абмежаваннем іх росту (пры захаванні ўсіх асаблівасцяў і прапорцый).
т. 2, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІНТ,
плоскае бясколернае цісненне на кніжных пераплётах пры іх апрацоўцы. Выкарыстоўваюць як самастойны прыём афармлення кніжных пераплётаў і як падрыхтоўку іх паверхні для друку фарбай або фольгай.
т. 3, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАКА́Л (цюрк. літар. белая барада),
у цюркскіх народаў пры першабытнаабшчынным ладзе галава роду, старэйшына; з развіццём феадалізму — прадстаўнік патрыярхальна-феад. знаці. Пазней аксакал — выбарны стараста, паважаны чалавек.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЫЎНА́Я ГРА́МАТА,
дакумент аб адкліканні ўрадам свайго дыпламат. прадстаўніка ў замежнай дзяржаве. Падпісваецца кіраўніком дзяржавы, што прызначыла дыпламат. прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны.
т. 1, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)