Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,
носьбіт інфармацыі ў выглядзе дыска, прызначаны для высакаякаснага запісу і ўзнаўлення гуку, відарыса, тэксту і інш. з дапамогай лазернага выпрамянення. Аснова аптычнага дыска — празрысты матэрыял (шкло, пластмаса і інш.), на які наносіцца рабочы слой, дзе пры лічбавым аптычным запісе ўтвараюцца мікраскапічныя паглыбленні (піты), што ў сукупнасці складаюць кальцавыя або спіральныя дарожкі. У параўнанні з традыц. спосабамі запісу і ўзнаўлення інфармацыі (мех., магн.) аптычныя дыскі маюць больш высокую шчыльнасць запісу (да 108 9> біт/см²), большую даўгавечнасць носьбіта з-за адсутнасці мех. кантакту паміж ім і счытвальным прыстасаваннем, меншы час доступу да інфармацыі (да 0,1 с).
Рабочы слой аптычнага дыска для аднаразовага запісу і шматразовага ўзнаўлення — лёгкаплаўкая плёнка таўшч. да 0,03 мкм. Пад уздзеяннем лазернага выпрамянення ў працэсе запісу адбываецца лакальнае расплаўленне або выпарэнне рабочага слоя. З такіх дыскаў з больш тоўстай плёнкай (да 0,15 мкм) робяць метал. матрыцу для стварэння дыскаў-копій (уласна аптычны дыск) метадам прасавання або ліцця пад ціскам. Напр., на дыск дыяметрам 356 мм можна запісаць ТВ-праграму працягласцю да 2 гадз. або стварыць пастаянную вонкавую памяць для ЭВМ аб’ёмам да 4 Гбайт, лічбавыя аптычныя грампласцінкі дыяметрам 120 мм (кампакт-дыскі) маюць працягласць гучання да 1 гадз. Кампакт-дыскі для пастаяннай вонкавай памяці ЭВМ змяшчаюць да 500 Мбайт інфармацыі. У рэверсіўных аптычных дысках, дзе шматразова (да 107 цыклаў) ажыццяўляецца запіс — узнаўленне — сціранне інфармацыі, рабочы слой з паўправадніковых або магнітааптычных матэрыялаў. Маюць дыяметр да 305 мм, аб’ём памяці да 2 Гбайт. Могуць замяняць стацыянарныя накапляльнікі ЭВМ вінчэстэрскага тыпу.
Асноўныя стадыі вырабу аптычнага дыска (арыгінала) і копіі з пастаяннай (несціральнай) сігналаграмай: а — зыходная дыскавая падложка; б — пасля нанясення на падложку слоя фотарэзісту 1; в — экспанаванне вярчальнага дыска факусіраваным лазерным выпрамяненнем 2; г — пасля праяўлення экспанаванага фотарэзісту; д — пасля металізацыі слоем серабра 3; е — пасля вырабу першага арыгінала металічнага дыска (звычайна нікелевага); ж — зыходная падложка дыска-копіі са штампам 4, вырабленым з металічнага дыска-арыгінала; з — пасля штампоўкі і наступнага пакрыцця падложкі дыска-копіі слоем металу 5 (звычайна алюмінію); і — пасля нанясення ахоўнага слоя 6 на металічны слой (гатовы дыск-копія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
работы па наданні ворывапрыдатнага стану паверхні с.-г. угоддзяў. Уключаюць расчыстку зямель ад дрэвава-хмызняковай расліннасці, выдаленне пнёў, ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны, знішчэнне купін, выдаленне імховага пачасся, камянёў з паверхні і ворнага гарызонту, планіроўку паверхні, першасную апрацоўку глебы. Выконваюцца на асушальных тарфяна-балотных, забалочаных і залішне ўвільготненых мінер. глебах, а таксама на цалінных, абложных, зарослых хмызняком, засмечаных камянямі, драбнаконтурных землях.
Пры расчыстцы зямель звальваюць дрэвы бульдозераміабо дрэваваламі; зразаюць дрэвава-хмызняковую расліннасць кустарэзамі ці бульдозерамі; карчуюць дрэвы, пні і хмызняк карчавальнікамі. экскаватарамі, трактарамі з тросамі і інш.карчавальнымі машынамі; зграбаюць дрэвава-хмызняковую масу спец. граблямі, падборшчыкамі, валкавальнікамі, пагрузчыкамі ў валы і кучы і знішчаюць іх; фрэзеруюць дрэвава-хмызняковую расліннасць (дыяметрам да 12 см) машынамі глыбокага фрэзеравання з наступным заворваннем рэшткаў драўніны; заворваюць хмызняк балотнымі плугамі; апрацоўваюць расліннасць арбарыцыдамі і выдаляюць драўніну пасля дастатковага згнівання. Ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны робяць узорваннем на глыбіню да 50 см балотнымі плугамі або карчавальнікамі з наступным збіраннем і знішчэннем выдаленай драўніны; знішчэнне купін — фрэзераваннем, прыкочваннем гладкімі або нажавымі каткамі, зразаннем; выдаленне імховага пачасся — заворваннем абомех. разрыхленнем і зграбаннем у валы і кучы, а таксама абпальваннем; выдаленне камянёў — каменяўборачнымі машынаміабо карчавальнікамі-пагрузчыкамі; планіроўку паверхні — планіроўшчыкамі, грэйдэрамі, бульдозерамі і інш.; першасную апрацоўку глебы (для разбурэння драўніны і стварэння ворнага гарызонту) — узворваннем, дыскаваннем, фрэзераваннем. Пасля К.р. вядуць работы па акультурванні глебы (вапнаванне, унясенне ўгнаенняў, паглыбленне ворнага слоя і г.д.).
П.М.Багаслаўчык.
Да арт.Культуртэхнічныя работы. Машыны для першаснай апрацоўкі глебы: а — навясны хмызнякова-балотны плуг для ўзорвання балот і сухадольных зямель (1 — чаранковы нож, 2 — корпус з адвалам і лемяшом, 3 — механізм рэгулёўкі); б — машына для глыбокага суцэльнага фрэзеравання зямель, якія зараслі хмызняком (1 — адвал, 2 — апорны каток, 3 — пліта для здрабнення драўніны, 4 — фрэза, 5 — ушчыльніковы каток). Некаторыя аперацыі па расчыстцы тэрыторыі і першаснай апрацоўцы глебы: 1—2 — валка дрэў; 3 — карчаванне хмызняку карчавальнікам; 4 — культурнае ўзорванне, 5 — раздзелка пласта (дыскаванне) цяжкай дыскавай бараной; 6 — апрацоўка цяжкай зубавай бараной з вычэсваннем каранёў і пнёў; 7 — фрэзераванне балотнай фрэзай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Зах. Палесся. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. ў Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Івацэвіцкім, Пінскім р-нах Брэсцкай вобл. Яму ўласцівы серабрыста-белая каларыстычная гама, стрыманае аздабленне натыканнем, вышыўкай і карункамі, якія падкрэслівалі чысціню тонкага накрухмаленага палатна. Жаночы летні гарнітур існаваў у 2 варыянтах: кашуля, спадніца-андарак, фартух, кабат (неабавязковая частка гарнітура), намітка; спадніца-палатнянік, кашуля (потым блуза), фартух, чапец з хусткай. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з адкладным або стаячым каўняром. Арнамент — гладкія пункцірныя ў выглядзе шахматнага поля вузкія пасачкі чырвонага, чырвона-чорнага натыкання на рукавах, грудзях і плечавых устаўках. Фартух шылі з 1 полкі, кроенай на ўтку або з 3(4) полак, кроеных па аснове, аздаблялі паліхромнай расліннай арнаментыкай, карункамі. Гладкія пункцірныя лініі арнаменту размяшчаліся паралельна лініі нізу або краёў бакавіц, утвараючы малюнак палос ці клетак з буйным рапортам. Андарак кроілі з 4 полак аднатоннай ці ў паскі баваўнянай тканіны чырв., фіялетава-сіняга колераў; спадніцу — з белага палатна, падол яе аздаблялі чырвонымі вузкімі паскамі натыкання. Кабат выраблялі з даматканага цёмна-карычневага (радзей сівога) прываленага сукна; кроілі без рукавоў (накшталт гарсэта) і з рукавамі (накшталт курты). Галаўныя ўборы жанчын — намітка, аздобленая жывымі або штучнымі кветкамі, чапец, ажурна выплецены з ільняных ці баваўняных белых нітак (завязваўся на саламяную каробачку ці тканку), белая хустка з паліхромнай вышыўкай на адным рагу.
Мужчынскую кашулю кроілі з плечавымі ўстаўкамі, падпяразвалі шырокім плеценым поясам-ручніком чырвона-бурачковага колеру з мноствам дробных кутасікаў на канцах. Летам насілі саламяныя брылі, абвязаныя паверху ўзорыстай тасьмой, зімой — круглыя шапкі з шэрага ці блакітнага сукна і з чорным аўчынным аколышам. Дапаўнялася мужчынскае адзенне скураною кайстрачкай-калітой (насілі на раменьчыку цераз плячо або падвешвалі да пояса), скураным чэхлікам для ножыка.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Пінска-Івацэвіцкі строй. Жанчыны ў традыцыйным адзенні з чапцамі. Вёска Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫЛЕ́ННЕ,
перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТРА́Ж МІЖНАРО́ДНЫ,
міжнародны орган па мірным вырашэнні спрэчак паміж дзяржавамі. Прадугледжаны многімі міжнародна-прававымі актамі, у т. л. Статутам ААН. Парадак фарміравання арбітражу міжнароднага і яго працэдура рэгулююцца Гаагскай канвенцыяй аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў 1907 і Узорнымі правіламі арбітражнага працэсу 1958. Ствараецца для разгляду адной або некалькіх спраў ці на пастаяннай аснове. Арбітраў выбіраюць самі дзяржавы — удзельніцы спрэчкі ў складзе 1 прадстаўніка ад кожнай з іх і прадстаўнікоў ад трэціх дзяржаў. Пастаянны міжнар. арбітражны орган — Пастаянная палата трацейскага суда, заснаваная ў Гаазе ў 1899. Бакамі ў арбітражным працэсе звычайна выступаюць дзяржавы, але могуць быць міжнар. арг-цыі або прыватныя фірмы, карпарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТО́ТРЫХУМ (Orthotrichum),
род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (O. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (O. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.
Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 смдаўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.
Артотрыхум Лаеля: а — вывадковыя цельцы; б — ліст; в — верхняя частка сцябла з каробачкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Т (ад грэч. orchis яечка),
запаленне яечка. Адзначаецца ў чалавека і млекакормячых, часта спалучаецца з эпідыдымітамі. Неспецыфічныя архіты выклікаюцца бактэрыямі, вірусамі, часцей маюць другаснае паходжанне, спецыфічныя — узбуджальнікі туберкулёзу, бруцэлёзу, сіфілісу, актынамікозу. Ганарэйныя, трыхаманозныя, хламідыёзныя, мікаплазмавыя архіты перадаюцца палавым шляхам. Прычынай архіта могуць быць перакруты яечка і гідатыдаў, яго траўматычныя пашкоджанні. Пры вострых архітах павышаная балючасць пры хадзе, дотыку адзення, змена паходкі. Архіты могуць прывесці да атрафіі аднаго або абодвух яечак, што тоіць у сабе бясплоддзе і зніжэнне патэнцыі. Лечаць востры архіт ў стацыянары, хірург. ускрыццём гнайнікоў або выдаленнем яечка. Хранічныя архіты трэба дыферэнцыраваць ад злаякасных пухлін. Палавыя здольнасці, як правіла, захоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),
1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.
2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ, седыментацыя,
прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш.Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.