КІЛЬЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 17.8.1955, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі, селекцыі і біятэхналогіі раслін. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996), д-рбіял.н. (1994), праф. (1995). Скончыў БСГА (1977) і працуе ў ёй (з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па генетыцы колькасных адзнак і гетэрозісу, узаемадзеянні генатыпу і асяроддзя, выкарыстанні метадаў біятэхналогіі ў селекцыі і насенняводстве.
Тв.:
Биометрия в генетике и селекции растений. М., 1992 (разам з А.У.Сміраевым, С.П.Мартынавым);
Экологическая селекция растений. Мн., 1997 (разам з Л.У.Хатылёвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛІ́ЦА (Oxalis),
род кветкавых раслінсям. кіслічных. Больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі К. звычайная (O. acetosella), нар. назвы квасок, заечая капуста, баршчоўка. Трапляецца ў хвойных і шыракалістых лясах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, часам паўкусты. Лісце трайчастае ці пальчатаскладанае, прыгоднае ў ежу, але ядавітае для жывёлы. Кветкі рознага колеру, адзіночныя ці ў парасонавых або гронкавых суквеццях. Плод — каробачка. Некат. амер. і афр. віды культывуюць дзеля ядомых клубняў або як лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),
род кветкавых раслінсям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).
Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШЫ́НА (Frangula),
род кветкавых раслінсям. крушынавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Паўн. Амерыкі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. ломкая, або вольхападобная (F. alnus), і 4 інтрадукаваныя: К. скальная (F. rupestris), Пурша (F. purshiana), вызубленалістая (F. crenata), каралінская (F. caroliniana).
Лістападныя, зрэдку вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце чаргаванае, простае. Кветкі дробныя, двухполыя ў пазушных паўпарасоніках або пучках. Плод касцянкападобны, сакаўны. Характэрна наяўнасць на адной галінцы кветак, завязі і спелых пладоў. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Дэкар., лек., меданосныя і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́ЎНІК (Achillea),
род кветкавых раслінсям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб. вядомы лек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.
Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕ́НА, саламонава пячатка (Polygonatum),
род кветкавых раслінсям. спаржавых. Больш за 30 відаў (па інш. звестках, каля 50). Пашырана ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды: К. духмяная (P. odoratum, нар. назвы зязюліны ручнікі, пупнік, грыжнік) і К. шматкветная (P. multiflorum). Трапляецца ў хваёвых, мяшаных лясах, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым мясістым карэнішчам, на якім застаюцца круглыя ўціснутыя сляды леташніх парасткаў («пячаткі»). Лісце падоўжана-эліптычнае. Кветкі зеленавата-белыя, часам ружовыя, на звіслых кветаножках, адзіночныя ці ў гронках. Плод — ягада. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДДЗЯ́Н (Corallorhiza),
род кветкавых раслінсям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз.Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНО́С (Phytolacca),
род кветкавых раслінсям. лаканосавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Усх. Азіі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана 6 відаў. Найб. вядомыя Л. амерыканскі (Ph. americana), які з 18 ст. культываваўся ў вінаробчых раёнах Еўропы (цёмна-чырв. сок ужываўся для падфарбоўкі віна, адсюль назва роду), і ягадны (Ph. acinosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны, зрэдку кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя, у гронкападобных суквеццях. Плод сакаўны, ягадападобны. Лек., харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСНЯ́К (Liparis),
род кветкавых раслінсям. ятрышнікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Еўразіі, Афрыкі, Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі — Л. Лёзеля (L. loeselii), сустракаецца пераважна ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. Расце на тарфяных балотах, забалочаных лугах. Занесены ў Чырв. кнігу. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 8—20 см з кароткім карэнішчам. Сцябло баразнаватае, каля асновы ўздутае. Лісце (2) супраціўнае, эліпса-ланцэтнае, прадаўгаватае. Кветкі жаўтавата-зялёныя, па 2—10 у гронцы. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),
млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т. л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.
Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.