РУ́СКІЯ,

нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс. чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.

Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст. Асн. этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пд яшчэ застаецца. Традыц. рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст. традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.

Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж. улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл. Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст. доля рус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс. чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВК БССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац. рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял. Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс. чал., у 1970—939 тыс. чал., у 1979—1134 тыс. чал., у 1989—1342 тыс. чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар. т-ва рус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт. Расійская Федэрацыя.

Літ.:

Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;

Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;

Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст. Мн., 1997.

Г.​І.​Каспяровіч, П.​У.​Церашковіч.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ КАТАСТРО́ФА 1986,

адна з найбуйнейшых у свеце аварый на атамных электрастанцыях. Адбылася 26.4.1986 на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС, Украіна, каля мяжы з Беларуссю) у ходзе праектных выпрабаванняў сістэм бяспекі. У выніку 2 магутных выбухаў разбураны рэактар 4-га энергаблока, рэактарны блок і машынная зала. Пры гэтым верхняя накрыўка рэактара масай каля 2000 т апынулася на верхняй частцы шахты рэактара пад вуглом 15° да вертыкалі. Распаленыя абломкі бетону і графіту выкідваліся вонкі праз адтуліны ў даху будынка, адначасова ў навакольнае асяроддзе выкідваліся радыенукліды. У выніку вакол суседняга рэактара (3-га блока) і турбінных блокаў узнікла каля 30 ачагоў пажару. З адкрытай актыўнай зоны рэактара і асабліва ў выніку пажару графітавай муроўкі на працягу 10 дзён у атмасферу выкідвалася вял. колькасць радыеактыўных рэчываў у выглядзе газаў, аэразоляў і макрачасціц. На працягу першых 10 сут выкінуты ў атмасферу матэрыял у выглядзе струменя мяняў свае напрамкі ў адпаведнасці з напрамкам ветру, шырока распаўсюджваўся над тэр. большай ч. Еўропы. Найб. інтэнсіўнымі былі яго выпадзенні над тэр. Беларусі, Украіны і Расіі. Выпадзенні мелі месца таксама ў большасці краін Еўропы, але ў цэлым там узроўні забруджвання былі малыя. Пэўная колькасць радыенуклідаў рассеялася па ўсім Паўн. паўшар’і, у невялікай колькасці яны зафіксаваны нават у Японіі і ЗША. Для ізаляцыі разбуранага рэактара і прадухілення паступлення радыеактыўнага матэрыялу ў навакольнае асяроддзе ў ліст. 1986 над 4-м энергаблокам узведзена ахоўнае збудаванне — аб’ект «Укрыццё» (саркафаг). Каля 70% радыеактыўных рэчываў, што ў выніку Ч.к. трапілі ў атмасферу еўрап. часткі б. СССР, выпала на тэр. Беларусі; 23% яе тэрыторыі (46,5 тыс. км²) было забруджана цэзіем-137 больш за 37 кБк/м²; на Украіне з такой жа шчыльнасцю забруджвання 28,5 тыс. км² — 4,8% яе тэрыторыі; у Расіі 35,2 тыс. км² — 0,5% яе тэрыторыі. На забруджанай тэр. Беларусі пражывала 2,2 млн. чал. (каля 20% насельніцтва). З больш як 18 тыс. км² сельгасугоддзяў (22%) з гасп. абарачэння з-за забруджвання выключана 2,64 тыс. км². У бел. сектары 30-кіламетровай зоны ад ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Кіраўніцтва СССР і БССР доўгі час замоўчвала і ўтойвала ад грамадскасці памеры радыеактыўнага заражэння на тэр. Беларусі ў выніку Ч.к., што стварыла рэальную пагрозу жыццю і здароўю вял. колькасці насельніцтва. У сувязі з адсутнасцю пэўны час належных захадаў па ліквідацыі наступстваў Ч.к. ў шэрагу населеных пунктаў Гомельскай вобл. адбыліся мітынгі і забастоўкі (гл. Гомельская забастоўка 1990). Экалагічнае ўздзеянне Ч.к. паставіла б. СССР перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычылі практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытв-сці, культуры і маралі. У ліп. 1989 Вярх. Савет БССР прызнаў усю тэр. Беларусі зонай экалагічнага бедства і, выкарыстоўваючы навук. патэнцыял вядучых устаноў і ведамстваў, прыняў Дзярж. праграму пераадолення наступстваў Ч.к. на 1990—95 і на перыяд да 2000, у 1991 — законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1998 — Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». З улікам глабальнага характару катастрофы, пагрозы яе вынікаў здароўю насельніцтва (у радыусе 30 км ад ЧАЭС) да 1.1.1987 з 188 нас. пунктаў эвакуіравана 115 174 чал., у т. л. на Беларусі 23,6 тыс., на Украіне 91,4 тыс., у Расіі 174 чал. За 15 гадоў пасля аварыі з зон забруджвання на Беларусі выселена больш за 135 тыс. чал., поўнасцю адселена 415 нас. пунктаў. Адсяленне жыхароў у асн. завершана. З больш як 5 тыс. чал., што пражывалі ў зоне наступнага адсялення, жаданне выехаць выказалі каля 2 тыс. Для перасяленцаў з 1986 пабудавана 64 836 кватэр, або 4519,4 тыс. м² жылля. Адначасова вырашалася задача ўзвядзення пасёлкаў, у іх пабудавана агульнаадук. школ на 44 072 месцы, дзіцячых дашкольных устаноў на 18 470 месцаў, амбулаторна-паліклінічных устаноў на 20 922 наведванні за змену, бальніц на 4160 ложкаў. З мэтай забеспячэння чыстым палівам насельніцтва забруджаных радыенуклідамі раёнаў пракладзена больш за 1898 км сетак газаправодаў, пабудавана 1847 км сетак водазабеспячэння, праведзена добраўпарадкаванне нас. пунктаў, жывёлагадоўчых ферм, механізаваных двароў і інш. аб’ектаў.

Ва ўсёй зоне забруджвання назіраецца рост сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішэчных, нервова-псіхічных захворванняў, хвароб апорна-рухальнага апарату і органаў дыхання. Растуць захворванні на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей (у 1966—85 іх было 21). Менавіта рак шчытападобнай залозы разглядаецца яе непасрэдны вынік Ч.к. З 1993 вядзецца Бел. дзярж. рэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з прычыны катастрофы на ЧАЭС. У яго занесены даныя пра больш як 250 тыс. чал.

На пач. 2001 на Беларусі налічвалася 9985 інвалідаў, у якіх устаноўлена прычынная сувязь захворванняў з вынікамі Ч.к., з іх 1835 дзяцей і падлеткаў. Штогод міжведамаснымі саветамі па ўстанаўленні прычыннай сувязі захворванняў з вынікамі катастрофы на ЧАЭС разглядаецца каля 3 тыс. спраў. Паглыбленае мед. абследаванне кожны год праходзяць больш за 1 млн. чал. Намаганнямі органаў дзярж. кіравання, грамадскіх чарнобыльскіх арг-цый, вучоных і спецыялістаў шэраг праблем удалося вырашыць. Створана заканадаўчая і нарматыўна-прававая база практычна па ўсіх кірунках дзейнасці па пераадоленні вынікаў Ч.к. Да 1991 выдаткі, звязаныя з пераадоленнем наступстваў Ч.к., нёс урад СССР; пасля распаду СССР увесь цяжар фін. выдаткаў лёг на Беларусь. Паводле падлікаў сумарныя страты на Беларусі ад Ч.к. ў 1986—2015 складуць каля 235 млрд. дол. ЗША (у цэнах на 1.6.1992 — амаль 32 бюджэты рэспублікі за 1985). У бюджэце Беларусі расходы на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку. Прынята Дзярж. праграма па пераадоленні вынікаў катастрофы на ЧАЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010. Паводле рашэння ўрада Украіны Чарнобыльская АЭС афіцыйна закрыта 15.12.2000. Аднак вырашэнне чарнобыльскіх наступстваў для жыхароў Беларусі яшчэ доўгі-доўгі час будзе складанай і балючай праблемай.

Літ.:

Чарнобыль: Погляд праз дзесяцігоддзе: [Давед.]. Мн., 1996.

В.​З.​Протчанка.

т. 17, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ У 1944—90.

Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў ужо ў 1944 адбудавана 210 малых спарт. пляцовак, 9 футбольных палёў, 104 гімнастычныя гарадкі. За кароткі час адноўлены спарт. стадыёны ў Мінску, Гомелі, Пінску, Брэсце, Бабруйску. Фізкультурным арг-цыям Беларусі памагалі спарт. таварыствы РСФСР і інш. рэспублік. Маскоўскі і Ленінградскі ін-ты фіз. культуры прыслалі літаратуру, падручнікі, абсталяванне для Беларускага ін-та фіз. культуры; спартакаўцы Масквы перадалі бел. аднаклубнікам шмат спарт. інвентару.

У 1945 праведзена I Усебел. спартакіяда, прысвечаная гадавіне вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, якая ператварылася ў масавае спарт. свята і садзейнічала адраджэнню спарт. арг-цый. У папярэдніх спаборніцтвах спартакіяды ўдзельнічала больш за 80 тыс. чал., пяршынствы абласцей праходзілі па 8 відах спорту. У 1945 спарт. дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ва Усесаюзным парадзе фізкультурнікаў у Маскве. Да канца 1947 званне майстра спорту атрымалі 24 спартсмены (да вайны было 10 майстроў спорту); павялічылася колькасць спартсменаў-разраднікаў, значкістаў ГПА, фізкультурнікаў. Спартсмены Беларусі 86 разоў устанаўлівалі нац. рэкорды ў розных відах спорту. Бел. спарт. дэлегацыя паспяхова выступала ў 1947 на Усесаюзным фізкультурным парадзе ў Маскве; спартсмены паказалі гімнастычныя практыкаванні — т.зв. «клумбу».

Пастановай ЦК КП(б)Б «Аб становішчы і мерах паляпшэння масавай фізкультурнай і спартыўнай работы ў Беларускай ССР» (22.8.1950) была вызначана задача да канца 1951 давесці колькасць фізкультурнікаў у рэспубліцы да 1 млн. чалавек. Паводле пастановы ЦК КП(б)Б і Саўміна БССР ад 3.11.1950 створана добраахвотнае сельскае спарт. т-ва «Калгаснік», якое да канца 1950 налічвала 150 тыс. чалавек. Да канца 1951 у фізкультурным руху рэспублікі ўдзельнічала больш за 1 млн. чал. 1.6.1951 выйшаў першы нумар газеты «Физкультурник Белоруссии». У 1955 у калгасах меліся 344 стадыёны, 430 футбольных палёў, больш за 3 тыс. валейбольных пляцовак, 261 водная станцыя. У 1956 падрыхтавана больш за 70 тыс. спартсменаў-разраднікаў, у т. л. 1 тыс. спартсменаў 1-га спарт. разраду, 52 спартсмены выканалі нарматывы майстра спорту СССР. Ва Усебеларускай спартакіядзе ўдзельнічала больш за 2 тыс. спартсменаў. На ёй М.​Крываносаў устанавіў сусветны рэкорд у кіданні молата, а М.​Іткіна паўтарыла ўсесаюзны рэкорд у бегу на 200 м. 15 спартсменаў выканалі нарматывы майстра спорту СССР. 11 бел. спартсменаў удзельнічалі ў XVI Алімп. гульнях (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). У 1957 К.​Зварыкіна стала чэмпіёнкай свету ў камандным чэмпіянаце па шахматах, Я.​Новікаў — чэмпіёнам Еўропы па цяжкай атлетыцы, А.​Маркаўцоў — чэмпіёнам Еўропы па веславанні, М.​Іткіна і Л.​Ермалаева — чэмпіёнкамі Сусветных універсітэцкіх гульняў. У 1959 пры Рэсп. савеце Саюза спартыўных т-ваў і арг-цый створана 29 федэрацый. У 1956 пачало працаваць адзінае прафсаюзна-кааператыўнае сельскае спарт. т-ва «Ураджай» (у 1960 яно аб’ядноўвала больш за 3 тыс. калектываў і 460 тыс. фізкультурнікаў). Развіццю фіз. культуры і спорту на Беларусі садзейнічалі пастановы ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб задачах па далейшаму развіццю фізічнай культуры і спорту ў рэспубліцы» ад 24.12.1966, «Аб мерах па далейшаму паляпшэнню фізічнага выхавання навучэнцаў і развіцця спорту ў агульнаадукацыйных школах» ад 4.9.1970, «Аб мерапрыемствах па ўвядзенні новага ўсесаюзнага фізкультурнага комплексу «Гатоў да працы і абароны СССР (ГПА)» ад 29.3.1972.

За 1966—70 у Мінску пабудавана 80 спарт. залаў, 9 плавальных басейнаў, 5 стадыёнаў, 44 пляцоўкі для хакея, 15 тэнісных кортаў; існавала каля 1500 розных спарт. збудаванняў, на якіх займаліся амаль 250 тыс. чалавек.

На XIX Алімп. гульнях (1968, Мехіка) чэмпіёнкай стала віцебская гімнастка Л.​Петрык. У 1969 30 бел. спартсменаў сталі чэмпіёнамі СССР, Еўропы і свету, устаноўлена 7 сусветных, 2 еўрапейскія, 7 усесаюзных рэкордаў; 14 чалавек на чэмпіянатах свету і Еўропы, 63 на чэмпіянатах СССР заваявалі сярэбраныя і бронзавыя медалі, устаноўлены 224 вышэйшыя дасягненні Беларусі. 11 бел. спартсменаў сталі чэмпіёнамі свету, 14 — Еўропы, 29 — СССР. З 1970 на Беларусі штогод рыхтавалі больш за 300 майстроў спорту, 15—20 майстроў спорту міжнар. класа; з 1979 — больш за 100 майстроў спорту міжнар. класа, больш за 500 майстроў спорту. Э.​Матусевіч стаў чэмпіёнам Еўропы 1965 па канькабежным спорце, Р.​Ачкіна — чэмпіёнкай свету ў эстафеце (1966) і бронзавым прызёрам X Белай Алімпіяды (1968) па лыжным спорце, Ю.​Калмакоў — чэмпіёнам свету па біятлоне ў эстафеце (1974), М.​Правалоцкі — чэмпіёнам свету па біятлоне сярод юніёраў (1976).

У 1976—80 у Мінску пабудавана больш за 60 розных спартыўных аб’ектаў, у т. л. крыты каток і тэнісныя корты, лёгкаатлетычны манеж спартклуба БВА, яхт-клуб на Заслаўскім вадасховішчы, спарткомплексы «Дынама», БПІ, ін-та фізкультуры і інш.; а таксама спарткомплекс Раўбічы з 2 трамплінамі, 350-метровай слаламнай трасай, стадыён Бел. аўтамабільнага завода ў Жодзіне, Дом спорту ў Барысаве, басейн у Слуцку, лёгкаатлетычны манеж у Маладзечне, 18 спартзалаў у калгасах і саўгасах. У 1980 у Мінскай вобл. дзейнічалі 23 стадыёны, 544 спартзалаў, каля 8 тыс. гульнявых пляцовак. На спарт. базах рэспублікі да гульняў XX, XXI, XXII Алімпіяд рыхтаваліся зборныя каманды СССР па гімнастыцы, вольнай і класічнай барацьбе, дзюдо, водным пола, фехтаванні, скачках у ваду. У 1980 у Мінску праходзілі папярэднія і чвэрцьфінальныя матчы па футболе па праграме XXII Алімпійскіх гульняў.

Падрыхтоўка кадраў спецыялістаў ажыццяўлялася ў Бел. ін-це фіз. культуры. У 1980 на чатырох яго ф-тах вучылася каля 3 тыс. студэнтаў. Адкрыты ф-ты фіз. выхавання ў Брэсцкім пед. ін-це, Віцебскі і Гродзенскі тэхнікумы фіз. культуры, аддз. фізвыхавання ў Магілёўскім дашкольна-пед. вучылішчы. У 1978 на базе тэхнікума адкрыты ф-т фіз. выхавання ў Віцебскім, у 1980 — у Магілёўскім пед. ін-тах. У 1978 для ўдасканальвання вучобы кадраў К-т па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі стварыў каардынацыйны міжведамасны савет, які ажыццяўляў кантроль за павышэннем кваліфікацыі фізкультурных работнікаў.

І.​К.​Анісава.

т. 18, кн. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).

Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд. т, а грузаабарот 3564,6 млрд. т∙км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс. км), з іх 5637 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс. км і 1803 тыс. км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс. км, у т. л. 726 тыс. км з цвёрдым пакрыццём.

На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс. км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістралі міжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

В.​С.​Міленькі.

Развіццё аўтамабільнага транспарту на Беларусі
1 1940 1960 1980 1990 1994
Перавезена грузаў, млн. т 15 213,6 736,7 987,6 472,5
Грузаабарот, млн. т км 199 2939 16 806 22 361 12 488
Перавезена пасажыраў, млн. чал. 10,5 306,6 1583 2399 1794,4
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км 88 2045 14 382 19 787 12 012

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,

«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).

Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Жніўныя песні / Скл. А.​С.​Ліс, В.​І.​Ялтаў В.​І.​Ялатаў. Мн., 1974;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎ галаўнога мозга,

верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².

На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр. нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж. ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976.

Г.​Г.​Шанько.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,

на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл. Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш. Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-ра студз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.

А.​М.​Матузка.

На схілах Крымскіх гор.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА АСТРАВЫ́ (Cook Islands). У цэнтральнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; аўт. дзяржава ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Пл. 240,1 км². Нас. 19,8 тыс. чал. (1997); мясц. жыхары — пераважна палінезійцы а-воў Кука. Каля 27 тыс. мясц. жыхароў жыве ў Новай Зеландыі. Сярэдняя шчыльн. 82,5 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Раратонга (пл. 67 км²), там жа адм. ц. і порт Аваруа (каля 1,5 тыс. ж.). Афіц. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца мясц. мова. Большасць вернікаў — пратэстанты-кангрэгацыяністы (75%), ёсць католікі (10%) і інш. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (4 жн.). У склад К.а. уваходзяць 15 астравоў, адлегласць з Пн на Пд каля 1 тыс. км, з 3 на У каля 800 км. Падзяляюцца на 2 групы: Паўднёвую (8 астравоў, пл. 212,1 км², у асноўным вулканічнага паходжання, выш. да 652 м — г. Тэ-Манга на в-ве Раратонга), Паўночную (7 каралавых атолаў, пл. 28 км²). Клімат трапічны пасатны. На паўд. астравах цёплая зіма (чэрв.—жн., сярэдняя т-ра каля 22 °C) і гарачае лета (каля 26 °C), на Пн сезонныя адрозненні невялікія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 2000 мм. У ліст.—крас. сезон ураганаў. Рэчкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах, там жа на схілах гор лясы з пальмаў, фікусаў і інш. раслін. На атолах расліннасць бедная. Вырошчваюць какосавую пальму, тара, бананы, маніёк, жыхары паўд. астравоў — батат, фасолю, кукурузу, апельсіны, ананасы, памідоры. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства, здабыча штучна вырашчанага жэмчугу, перламутру, чарапахавых панцыраў. 2 швейныя ф-кі, піваварны з-д, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і рыбы. Найб. важная галіна эканомікі — замежны турызм. З абслугоўваннем турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі) звязана большасць працоўных. Дадатковы даход краіне прыносіць рэалізацыя мясц. паштовых марак. Транспарт пераважна марскі. Аэрадромы на а-вах Раратонга і Аітутакі, якія з’яўляюцца цэнтрамі турызму. Экспартуюць копру і трапічныя фрукты. Гандл. сувязі ў асноўным з Новай Зеландыяй. Дэфіцыт знешнегандл. балансу і бюджэту пакрываецца субсідыямі Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Заселены палінезійцамі ў 1-м тыс. н.э. У 1773 адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.​Кукам (адсюль назва). У 1821 тут замацаваліся еўрап. місіянеры хрысціянства. У 1888 абвешчаны брыг. пратэктаратам, у 1891 перададзены пад кантроль Новай Зеландыі, з 1915 яе калонія. У 1915 створаны Заканад. савет. У 1957 ён пераўтвораны ў Заканад. асамблею, пры якой існуе палата арыкі (правадыроў) з дарадчымі функцыямі. Паводле канстытуцыі 1965 жыхары К.а., застаючыся грамадзянамі Новай Зеландыі, маюць аўтаномію ва ўнутр. справах. Новая Зеландыя захавала кантроль за знешняй палітыкай і абаронай К.а.

Літ.:

Малаховский К.В. История островов Кука. М., 1978.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,

найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.​Дз.​Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр. дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.

У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.​Ф.​Грачэўскі, М.​М.​Рагачоў, М.​П.​Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).

Літ.:

Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;

Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.

В.​В.​Сяргеенкава.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё), пратэразойская акратэма (акрон),

верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд. г. назад і закончыўся 570 млн. г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.​Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.

Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд. г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.

На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл. Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.

Літ.:

Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)