ПАДЭСПА́НЬ,

бытавы танец рускага паходжання. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Аўтар яго харэаграфіі і музыкі А.​А.​Царман (1898) выкарыстаў у ім характэрна-сцэнічныя элементы ісп. танца. П. хутка пашырыўся ў Расіі, у сельскай мясцовасці набыў іншую, найб. простую харэагр. форму. На Беларусі вядомы з пач. 20 ст. Выконваецца парамі па крузе ў суправаджэнні інстр. музыкі і прыпевак. Заснаваны на спалучэнні некалькіх фігур — пераменнага кроку, паваротаў і вярчэння пад рукой.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́КАП ВЯЛІ́КІ, Прокап Голы (Prokop Veliký, Prokop Holý; каля 1389—30.5.1434),

чэшскі палкаводзец у гусіцкіх войнах. Да 1425 прапаведнік табарытаў, з 1426 іх гал. паліт. і ваен. кіраўнік. Узначальваў аб’яднанае гусіцкае войска, якое разбіла ням. курфюрстаў каля Усці-над-Лабай (1426), крыжакоў каля Тахава (1427) і Домажліцы (1431). Ініцыіраваў паходы гусітаў у Славакію, Майсен, Брандэнбург, Саксонію, Баварыю, Аўстрыю, Венгрыю і інш. У 1433 узначальваў чэш. пасольства на Базельскім саборы. Загінуў у бітве пад Ліпанамі.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС-ФО́РМА (ад ням. Pressform),

прыстасаванне для атрымання аб’ёмных загатовак (вырабаў) рознай канфігурацыі з розных матэрыялаў (металу, пластмас, гумы, керамічных і інш.) пад дзеяннем ціску, што ствараецца на ліцейных машынах ці прэсах. Мае адну ці некалькі афармляльных (фармавальных) поласцей, якія з’яўляюцца адваротным адбіткам вонкавай паверхні загатоўкі. Пры прасаванні полых вырабаў унутраныя поласці фармуюць пуансонамі (стрыжнямі).

Прэс-форма для гарачага прасавання пластмасы: 1 — штурхач; 2 — матэрыял. што прасуецца; 3 — матрыца; 4 — пуансон; 5 — гатовы выраб.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭ́НДЗАЛЬ,

асноўны інструмент у жывапісе, выкарыстоўваецца таксама ў графіцы і каліграфіі. Вырабляецца з абястлушчанага і загартаванага воласа або поўсці жывёл, часам сінтэт. валокнаў. Адрозніваюцца паводле матэрыялу — цвёрдыя (шчацінныя) і мяккія (каланковыя, вавёркавыя, барсуковыя, тхаровыя і інш.); формы — плоскія і круглыя, завостраныя і тупыя. У гравюры выкарыстоўваюцца шкляныя і драцяныя П. Пад словам «П.» разумеюць таксама характар або спосаб выканання жывапісных твораў (напр., сухі П. — работа цвёрдымі П., слаба насычанымі алейнымі фарбамі на незагрунтаваным палатне).

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ц,

пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жвачных жывёл. Размешчаны ў левай палавіне брушной поласці. Аб’ём Р. — да 80% ад аб’ёму страўніка. Сценкі складаюцца з 3 абалонак: серознай (вонкавай), мышачнай (сярэдняй) і слізістай (унутранай). Слізістая абалонка падзелена на кішэні, у якіх затрымліваецца харч. маса. У Р. расл. кармы перамешваюцца, расшчапляюцца пад уздзеяннем бактэрый і прасцейшых, усмоктваюцца лятучыя кіслоты. Пасля апрацоўкі ў Р. харч. маса зноў адрыгваецца ў ротавую поласць ці трапляе. ў сетку.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖАЕ ВО́ЗЕРА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Ашмянка, за 14 км на ПнЗ ад г. Смаргонь. Пл. 0,65 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 650 м, даўж. берагавой лініі 2,98 км. Схілы катлавіны выш. 12—15 м, пад хмызняком, на У разараныя. На Пн і Пд да возера прымыкае балота. Берагі на З і У зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае. Праз возера цячэ невялікая рэчка.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ХУА́Н (San Juan),

горад, адм. ц. Пуэрта-Рыка, на паўн. узбярэжжы в-ва Пуэрта-Рыка. Засн. ў 1508 пад назвай Капара. 439,6 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1 млн. ж. (1999). Гал. марскі порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукровая, тытунёвая), гарбарна-абутковая, тэкст., швейная, нафтаперапр., хімічная. Ун-ты. Музеі. Гіст. парк руін Капара (16 ст.). Арх. помнікі 16—17 ст. (умацаванні і будынкі).

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМІНО́ЎСКІ Майсей Ісакавіч (16.10.1900, в. Мормаль Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 5.11.1984),

генерал-маёр (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел., Забайкальскім франтах: нач. штаба дывізіі, арміі. Удзельнік баёў пад Масквой, Велікалуцкай, Віцебска-Аршанскай, Усх.-Прускай, Хінгана-Мукдэнскай аперацый. У 1952—61 выкладчык Ваен. акадэміі імя Фрунзе.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫ́ХАС ЭРЭ́РА (Torrijos Herrera) Амар (13.2.1929, г. Сант’яга, Панама — 1.8.1981),

ваенны і дзярж. дзеяч Панамы. Брыгадны ген. (1969). Служыў у Нац. гвардыі Панамы, з 1968 яе камандзір. У кастр. 1968 узначаліў ваен. пераварот і стаў фактычным кіраўніком Панамы. У 1972—79 кіраўнік панамскага ўрада і Вярх. лідэр панамскай рэвалюцыі. Дамогся ў 1977 ад адміністрацыі ЗША падпісання дагавора аб Панамскім канале, паводле якога канал паступова пераходзіў пад юрысдыкцыю Панамы. Загінуў у авіяц. катастрофе.

т. 15, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСГРЭ́СІЯ мора

(ад лац. transgressio пераход, перамяшчэнне),

наступанне мора на сушу ў выніку яе апускання пад уздзеяннем тэктанічных рухаў, радзей падняцця ўзроўню акіяна; працэс, процілеглы рэгрэсіі. Складаецца з шэрагу менш працяглых наступанняў і адступанняў мора. Суправаджаецца абразіяй і ўтварэннем перарываў, вуглавых нязгоднасцей у асадканамнажэнні. Разрэз адкладаў пры Т. характарызуецца зменай знізу ўверх мелкаводных фацый больш глыбакаводнымі. Неаднаразова адбываліся ў геал. гісторыі Зямлі, лакальныя Т. назіраюцца і ў сучасны перыяд (напр., у Нідэрландах).

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)