БО́ФАРТА ШКАЛА́,

служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.​Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл. табл.).

Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта Скорасць ветру, м/с Характарыстыка ветру
0 0—0,2 Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1 0,3—1,5 Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2 1,6—3,3 Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3 3,4—5,4 Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4 5,5—7,9 Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5 8—10,7 Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6 10,8—13,8 Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7 13,9—17,1 Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8 17,2—20,7 Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9 20,8—24,4 Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10 24,5—28,4 Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11 28,5—32,6 Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12 больш за 32,7 Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнЗ Гомельскай вобл. Утвораны 28.6.1939. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 21,3 тыс. чал. (1995); сярэдняя шчыльнасць 15 чал./км²; гарадскога 15,3%. Цэнтр — г.п. Акцябрскі, 77 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі, Чырвонаслабодскі.

Знаходзіцца ў паўн.-ўсх. ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць выш. 130—140 м над узр. м., найвыш. пункт 176,4 м. Карысныя выкапні: нафта (Азямлінскае і ч. Вішанскага радовішча), торф (больш за 50 радовішчаў), гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 195 дзён. Рэкі: Пціч з прытокамі Арэса і Нератоўка, Трэмля з прытокам Ветка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,5 км/км². Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Лясы (55% тэр.) хваёвыя і хваёва-шыракалістыя, трапляюцца драбналістыя і дубова-грабавыя. Агульная пл. балот 14 тыс. га. Акцябрскі фауністычны заказнік, заказнік-журавіннік Бабінец.

У эканоміцы раёна гал. роля належыць сельскай гаспадарцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 46,2 тыс. га (33% тэр.), з іх асушаных 29,1 тыс. га. Асн. галіна — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, кармавыя культуры; з тэхн. — лён-даўгунец. У раёне прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла, спірту), дрэваапр. (лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса), здабыўной (нафта і торф, сапрапелі) прам-сці; раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». На 1.1.1995 было 8 калгасаў і 6 саўгасаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. ветка Жлобін—Рабкор, аўтадарогі Глуск—Азарычы, Парычы—Капаткевічы. На 1995 у раёне 15 базавых і сярэднеагульнаадук. школ, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, 16 дашкольных, 20 клубных і 25 бібліятэчных устаноў, 3 бальнічныя ўстановы, зоны адпачынку (часткова) Арэса і Пціч. Музей нар. славы. Помнік архітэктуры 19 ст. — брама, помнік сядзібна-паркавага мастацтва — парк канца 19 ст. ў в. Харомцы. Помнік «Беларусь партызанская» ў в. Слабодка. Раённая газ. «Чырвоны Кастрычнік».

Г.​М.​Дзегцяроў.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУЖЭ́ННЕ,

аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.

Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.​Гобсам, Дж.​Локам, Ж.​Ж.​Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш. пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.

У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.​Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве з дзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.

Літ.:

Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;

Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;

Geyer R.F. Alionation theories. Oxford, 1980.

І.​А.​Рабкоў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ШКА (Orzeszkowa; дзявочае Паўлоўская) Эліза

(6.6.1841, б. маёнтак Мількаўшчына, Гродзенскі р-н — 18.5.1910),

польская пісьменніца. У фарміраванні яе светапогляду выключную ролю адыгралі паўстанне 1863—64 і сялянскі рух 1860—80-х г. на Беларусі. Была звязана з дзеячамі славянскай культуры: Ф.​Багушэвічам, І.​Франко, М.​Салтыковым-Шчадрыным і інш. Літ. дзейнасць пачала ў 1866 (апавяд. «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869—70, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманіст. пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зб. апавяд. «З розных сфер», т. 1—3, 1879—82). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай бел. вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888—91). У 1890-я г. ў яе творах вастрыня сац. праблематыкі саступае месца псіхал. заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зб. апавяд. «Меланхолікі», 1896). Апошні зб. навел «Gloria victis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863—64. Інсцэніраваныя творы Ажэшкі ставіліся Першай бел. трупай І.​Буйніцкага («Хам», «У зімовы вечар», 1910—12), Бел. муз.-драм. гуртком у Вільні («Хам», 1913), Першым т-вам бел. драмы і камедыі («Хам», «У зімовы вечар», 1917), трупай У.​Галубка («Рысь», 1923), Бел. дзярж. т-рам («У зімовы вечар», «Хам», 1920—21) і інш.; паводле аповесці «Хам» паст. аднайменны шматсерыйны тэлефільм (1990, рэж. Дз.​Зайцаў; кінаварыянт пад назвай «Франка»). На бел. мову перакладзены творы А. «Гэдалі» (1907), «У зімовы вечар» (1927). Асобным выданнем выйшла яе кн. «Выбранае» (1975, пер. Я.​Брыля і Я.​Бяганскай). У Гродне ў 1929 пастаўлены помнік Ажэшцы, яе імем названа адна з гал. вуліц.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—5. М., 1953—54.

Літ.:

Гапава В.І. Эліза Ажэшка: Жыццё і творчасць. Мн., 1969.

В.​І.​Гапава.

Э.Ажэшка.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРЫКА́НА-ПАНА́МСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1903, 1936, 1955, 1977 аб канале.

Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн. дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс. дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс. дол.

Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс. дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.

Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.​Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.​Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн. дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІ́ЛЬЯ, Ангуіла (Anguilla),

уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс. чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).

Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.

Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.​Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.​С.​Антонаў, б. нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.​А.​Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.​М.​Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),

назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.

Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,

сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.

І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл. Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл. Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

т. 4, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАЦЫ́Д (ад ген + ...цыд),

знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нац., этнічных, паліт. або рэліг. матывах, а таксама наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае знішчэнне гэтых груп, меры па папярэджанні дзетанараджэння ў іх асяроддзі; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую і нац. выключнасць, нянавісць і нецярпімасць, панаванне т.зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» і г.д. Паняцце генацыду — пагалоўнае вынішчэнне цэлых народаў — як катэгорыя міжнар. права ўвайшло ва ўжытак пасля 2-й сусв. вайны. У масавых маштабах гітлераўцы ўчынялі генацыд у час 2-й сусв. вайны ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць слав. (рускіх, украінцаў, беларусаў, чэхаў, палякаў) і яўр. Насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны гітлераўцамі ў канцэнтрацыйных лагерах, лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый і інш. Паводле генеральнага плана «Ост» фашысты прадугледжвалі знішчэнне на тэр. СССР і Польшчы 120—140 млн. чал. За гады акупацыі на тэр. СССР фашысты загубілі ў лагерах смерці 11 млн. чал. На акупіраванай тэр. Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, за 3 гады акупацыі загублена больш за 2 млн. 200 тыс. сав. грамадзян. Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе 1945—46 жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком да прыняцця міжнар.-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Ген. Асамблея ААН 11.12.1946 прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9.12.1948 ухваліла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнар. крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX сесіі Ген. Асамблеі ААН 21.12.1965 прынята міжнар. канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць, выкараняць усе формы і віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд. Генацыд супраць кампучыйскага народа быў учынены ў перыяд праўлення Пол Пота і Йенг Сары (1976—79; знішчана 3 млн. чал.). Гл. таксама Апартэід.

Літ.:

Нацистская политика геноцида и «выжженой земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;

Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. Мн., 1993.

т. 5, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)