КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎ галаўнога мозга,

верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².

На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр. нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж. ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976.

Г.​Г.​Шанько.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТАРАТУ́РА І МАСТА́ЦТВА»,

штотыднёвая бел. грамадска-паліт. і літ.-маст. газета. Выдаецца з 26.2.1932 у Мінску на бел. мове, выходзіла 1 раз, са студз. 1957—2 разы на тыдзень, з крас. 1970 штотыднёвік (на 16 старонках). Спачатку орган Федэрацыі аб’яднанняў сав. пісьменнікаў БССР (з чэрв. 1932 — Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР) і Галоўмастацтва БССР. У Вял. Айч. вайну не выходзіла. Адноўлена 10.4.1945. Рэдактары: Х.​Дунец (1932—35), І.​Гурскі (1935—41), А.​Куляшоў (1945—46), М.​Горцаў (1947—49), П.​Кавалёў (1949—50), В.​Вітка (1951—57), М.​Ткачоў (1957—59), Я.​Шарахоўскі (1959—61), Н.​Пашкевіч (1961—69), Л.​Прокша (1969—72), Х.​Жычка (1972—76), А.​Асіпенка (1976—80), А.​Жук (1980—86), А.​Вярцінскі (1986—90), М.​Гіль (1990—97), У.​Някляеў (1997—99), А.​Пісьмянкоў (з 1999). Мае аддзелы: публіцыстыкі, пісьмаў і грамадскай думкі, літ. жыцця, крытыкі і бібліяграфіі, паэзіі і прозы, музыкі, тэатра, кіно і тэлебачання, выяўл. мастацтва, аховы помнікаў, маст. афармлення. Асвятляе літ., культ. і грамадска-паліт. жыццё Беларусі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях развіцця л-ры, тэатр. і выяўл. мастацтва, музыкі і кіно, тэлебачання і радыё, архітэктуры, самадз. творчасці і інш. Друкуе маст. творы: урыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы, апавяданні, прапагандуе новыя творы сучасных аўтараў. Публікуе матэрыялы па гісторыі л-ры, тэатра, кіно, на старонках газеты ў розных аспектах асэнсоўваюцца падзеі нац. мінуўшчыны. У газеце ўпершыню апублікаваны многія творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, К.​Крапівы, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка, І.​Мележа, В.​Быкава, П.​Панчанкі, І.​Шамякіна, Я.​Брыля, А.​Макаёнка, І.​Чыгрынава, Н.​Гілевіча, Р.​Барадуліна, Б.​Сачанкі, І.​Пташнікава, Я.​Сіпакова і інш.

У даваенны час змяшчала ў асн. матэрыялы, якія тычыліся розных юбілеяў, услаўлялі сацыяліст. рэчаіснасць, выкрывалі «ворагаў народа». У ацэнцы паліт. жыцця выяўлялася тэндэнцыйнасць, у аналізе асобных твораў пераважаў вульгарна-сацыялагічны падыход. На першы план ставілася ідэйная скіраванасць твора, а не яго маст. каштоўнасць. Аб’ектыўнасць у ацэнцы падзей і твораў, паварот да надзённых праблем жыцця намеціўся ў сярэдзіне 1950-х г. Асвятляе праблемы стану і лёсу нац. мовы. Упершыню надрукавала матэрыялы пра Курапаты, пра рэпрэсіі ў 1930-я г., вярнула з небыцця імёны А.​Гаруна, Н.​Арсенневай, М.​Сяднёва, Ю.​Віцьбіча, У.​Глыбіннага і інш. Апошнім часам шмат увагі аддае гісторыі выяўл. мастацтва (М.​Шагал, У.​Стрэмінскі), музыкі (Н.​Орда, А.​Абрамовіч, Ф.​Міладоўскі, В.​Казлоўскі). Асэнсоўваецца жыццёвы і творчы шлях бел. нац. дзеячаў В.​Ластоўскага, Я.​Лёсіка, М.​Доўнар-Запольскага, І.​Дварчаніна, Сімяона Полацкага, А.​Бурбіса, П.​Бадуновай, Ф.​Аляхновіча і інш.

А.​А.​Марціновіч.

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ПЕ́СНЯ,

сольная ці харавая песня, створаная прафес. кампазітарам або аматарам для масавага распаўсюджання; адна з вядучых жанравых разнавіднасцей сав. прафес. і аматарскай (самадзейнай) песеннай творчасці. Характэрныя рысы: куплетная (страфічная) будова (пераважае чаргаванне сольнага запеву з хар. прыпевам), апора на быт. жанры (у прыватнасці, марш), муз. вобраз сканцэнтраваны ў мелодыі, якая абагульнена адлюстроўвае сэнс слоў і не патрабуе абавязковага муз. суправаджэння. Агульназначнасць зместу ў спалучэнні з прастатой паэт. і муз. мовы, выкарыстанне пеўчых галасоў у найб. зручных рэгістрах абумоўліваюць яе максімальную даступнасць для ўсеагульнага выканання і ўспрыняцця.

Папярэднікамі М.п. можна лічыць харалы, гусіцкія гімны, канты і інш. Да М.п. адносяцца баявыя гімны франц. рэвалюцыі 1789—94 («Марсельеза» і інш.), міжнар. і рус. песні 19 — пач. 20 ст. («Інтэрнацыянал», «Варшавянка»), песні перыяду грамадз. вайны («Па далінах і па ўзгор’ях), камсамольскія песні 1920-х г. («Маладая гвардыя», «Наш паравоз»), усенародна вядомыя песні І.​Дунаеўскага («Песня аб Радзіме», «Кахоўка», «Марш вясёлых рабят»), М.​Блантара («Кацюша»), А.​Аляксандрава («Свяшчэнная вайна»), У.​Захарава («Ой, туманы мае...»), А.​Новікава (.«Гімн дэмакратычнай моладзі свету»), В.​Салаўёва-Сядога («Падмаскоўныя вечары»), А.​Астроўскага («Хай заўжды будзе сонца»), А.​Пахмутавай («Песня аб трывожнай маладосці»), Д.​Тухманава («Дзень Перамогі») і інш. Да канца 1950-х г. паняцце «М.п.» вызначала ўсю песенную творчасць сав. кампазітараў. З 1960-х г. пашыраюцца жанравыя арыенціры песеннай творчасці, вял. ролю набываюць аўтарская песня і эстрадная. Паняцце «М.п.» паступова трансфармуецца ў агульнавядомы «шлягер», які не патрабуе масавага выканання. На мяжы 1980—90-х г. масавыя жанры, у т. л. і М.п., пачынаюць падпарадкоўвацца законам шоу-бізнесу, дзе папулярнасць залежыць не ад маст. якасцей ці ступені запамінальнасці песні, а ад рэкламы.

На Беларусі апора на традыц. рысы М.п. спалучаецца з пераўтварэннем у ёй нац. фалькл. элементаў. Сярод найб. папулярных М.п.: «Бывайце здаровы» І.​Любана, «Песня пра Нёман» Н.​Сакалоўскага, «Зорка Венера» С.​Рак-Міхайлоўскага, «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня» У.​Алоўнікава, «Мы ідзем па зямлі» І.​Лучанка і інш. У 1970—90-я г. рэпертуар М.п. фарміравалі пераважна вак.-інстр. ансамблі «Песняры» (бел. нар. песня «Касіў Ясь канюшыну», «Мой родны кут» Лучанка), «Верасы» («Завіруха» Э.​Ханка, «Карнавал» В.​Раінчыка), «Сябры» («Вы шуміце, бярозы» Ханка, «Гуляць дык гуляць» В.​Іванова). На адбор М.п. ўплываюць хіт-парады Бел. радыё, тэлефестываль «Песню бярыце з сабой». У апошні час паняцце «М.п.» ўсё больш звужаецца да папулярнасці сярод слухачоў пэўных узроставых катэгорый і маст. прыхільнасцей.

Літ.:

Нестьев И.В. Массовая песня // Очерки советского музыкального творчества. М.; Л., 1947. Т. 1;

Сохор А.Н. Русская советская песня. Л., 1959;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Р.​М.​Аладава, Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.​Д’Аламбер, А.​Сен-Сімон, А.Р.​Ж.​Цюрго, Д.​Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.​Літрэ, Ж.​Э.​Рэнан, І.​Тэн (Францыя), Дж.​Міль, Г.​Спенсер, К.​Пірсан (Вялікабрытанія), П.​Л.​Лаўроў, У.​В.​Лясевіч, М.​К.​Міхайлоўскі, М.​М.​Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.​Авенарыус, Э.​Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук. пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл. Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт. філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.​С.​Стэбінг, Дж.​Уісдам (Вялікабрытанія), К.​Г.​Гемпель, Г.​Шольц (Германія), Э.​Нагель, Ч.​Морыс, П.​У.​Брыджмен (ЗША), К.​Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш. філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.

Літ.:

Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;

Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;

Философия и методология науки. М., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,

гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц. г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б. СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г. найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.

В.​В.​Брыгадзіна, Н.​С.​Іванова.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал. т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ. «Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып. «Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел. фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял. Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.​Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.

Тв.:

Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;

Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;

Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.​Р.​Раманава). Мн., 1962.

Літ.:

Бандарчык В.К. Е.​Р.​Раманаў. Мн., 1961.

В.​К.​Бандарчык, Г.​А.​Каханоўскі.

Е.Р.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЗМ,

метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.

Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав. муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.​Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз. мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.​Араноўскага, Ю.​Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.​Булеза, С.​Губайдулінай, В.​Лютаслаўскага, А.​Месіяна, К.​Пендарэцкага, В.​Сільвестрава, А.​Шнітке і інш).

У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.​Манюшкі, канцэрты М.​Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.​Аладаў, В.​Залатароў, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.​Багатыроў, П.​Падкавыраў, Р.​Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.​Мдывані, Ф.​Пыталеў, Г.​Гарэлава, У.​Дамарацкі, У.​Дарохін, В.​Кузняцоў, А.​Хадоска і інш.).

Літ.:

Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;

Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;

Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;

Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;

Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.​В.​Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;

Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;

Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;

Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр. Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.

В.​П.​Савіцкая.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙШЭ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (Seychelles),

Рэспубліка Сейшэльскія Астравы (Republic of Seychelles), дзяржава ў зах. ч. Індыйскага ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар. Уваходзяць Сейшэльскія а-вы (пл. каля 250 км², найб. в-аў Маэ, пл. 154 км²), а-вы Альдабра (пл. 145 км²), Аміранцкія, Касмаледа, Фаркуар і інш. Усяго 90 астравоў, агульная іх пл. 455 км². Нас. 79,3 тыс. чал. (2000). Дзярж. мовы — англійская, французская, крэольская, або сеселва (сфарміравалася на базе франц. мовы і суахілі). Сталіца, найб. горад і порт — Вікторыя на в-ве Маэ. Адм. падзел — 23 дыстрыкты. Нац. свята — Нацыянальны Дзень (18 ліп.).

Дзяржаўны лад. С.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу (34 дэпутаты; 25 выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем, 9 назначаюцца прэзідэнтам).

Прырода. Уваходзяць 40 гарыстых (да 912 м на в-ве Маэ), складзеных з крышталічных парод, і 50 нізінных каралавых астравоў. Клімат субэкватарыяльны з вельмі вільготным летам і менш вільготнай зімой. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 да 28 °C. Выпадае 2000—4000 мм ападкаў за год. Ва ўнутр. частках астравоў захаваліся трапічныя лясы (11% пл. краіны) з пальмамі, панданусамі, дрэвападобнымі папарацямі. Вял. плошчы пад другаснымі хмызнякамі. Каля ​1/3 расл. відаў эндэмічныя. У жывёльным свеце вылучаюцца вялікія сухапутныя і марскія чарапахі (вагой да 250 кг). Адсутнічаюць мясц. млекакормячыя, няма насякомых, якія лётаюць. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай. Рэзерват а-воў Альдабра і нац. парк Вале-дэ-Маі на в-ве Праслен уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; марскі нац. парк Сент-Ан, на в-ве Кузен птушыны запаведнік і інш.

Насельніцтва. Асн. народ сейшэльцы, або крэолы С.А., — нашчадкі афрыканцаў, малагасійцаў, французаў, выхадцаў з краін Азіі, складаюць каля 90% насельніцтва. Жывуць таксама індзійцы, малагасійцы, кітайцы і англічане. Вернікі пераважна католікі (90%) і англікане (8%). Сярэднегадавы прырост 0,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 174,3 чал. на 1 км. Населены толькі 33 найб. астравы, на в-ве Маэ каля 65 тыс. чал., у т. л. у г. Вікторыя — каля 25 тыс. ж. (2000). Гар. насельніцтва 63%. У прам-сці занята 19% працаздольных, у абслуговых галінах — 57%, у кіраванні — 14%, у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве і лясной гаспадарцы — 10%.

Гісторыя С.А. былі вядомы араб. і інд. мараплаўцам. Адкрыты партугальцамі ў пач. 16 ст. У 1609 тут высадзіліся англ. маракі; у 1756 французы стварылі на С.А. першыя пасяленні. З 1794 — уладанне Вялікабрытаніі, з 1903 — асобная брыт. калонія. У 1970 створана Заканад. асамблея, а Сейшэлы атрымалі самакіраванне. 29.6.1976 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Сейшэльскіх Астравоў, яе прэзідэнтам стаў лідэр Дэмакр. партыі Дж.​Менчэм, прэм’ер-міністрам — кіраўнік Аб’яднанай партыі Сейшэлаў (АПС, з 1978 Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў, ПФНС) Ф.​А.​Рэнэ. У чэрв. 1977 АПС здзейсніла дзярж. пераварот, прэзідэнтам краіны стаў Рэнэ. У 1979 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла краіну «суверэннай сацыяліст. рэспублікай», а адзінай дазволенай партыяй — ПФНС. З пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця. Канстытуцыя 1993 замацавала шматпартыйнасць. На выбарах 1993 і 1998 перамог ПФНС, а Рэнэ двойчы абраны прэзідэнтам краіны. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў кастр. 2001. На С.А. дзейнічаюць паліт. партыі: Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў; Новая дэмакр. партыя. С.А. — чл. ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства.

Гаспадарка. С.А. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для яе эканомікі маюць рыбалоўства і замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 7000 дол. за год. 4% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 15% — у прам-сці, 81% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.А — краіна развітога міжнар. турызму (штогод астравы наведваюць каля 150 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—111 млн. дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 8 тыс. га зямлі, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 7 тыс. га, пад пашай каля 1 тыс. га. Экспартныя культуры вырошчваюць пераважна на плантацыях, ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі. Гал. культуры: какосавая пальма (збор копры каля 4 тыс. т штогод), карыца, ваніль, гваздзіка, чай. Культывуюць таксама маніёк, батат, бананы, хлебнае дрэва, тытунь, манга, ананасы, каву, цукр. трыснёг, агародніну. Плантацыі араматычных культур на а-вах Маэ, Праслен, Ла-Дыг. На Пн в-ва Маэ плантацыі чаю. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 2 тыс. галоў) і свіней (каля 3 тыс. галоў). Птушкагадоўля (540 тыс. курэй, 1997). Рыбалоўства (каля 10 тыс. т штогод, пераважна тунец) і промысел марскіх чарапах. Існуюць рыбалавецкія кааператывы. Збор гуана. Прам-сць заснавана на с.-г. сыравіне. Есць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў, вытв-сці вяровак з іх валакна, карычнага алею, апрацоўцы і расфасоўцы ванілі, чаю, рыбамаразільнікі і рамонтныя майстэрні. Вытв-сць мыла, піва, безалкагольных напіткаў, тытунёвых вырабаў. Буд-ва дробных суднаў і суднарамонт. У г. Вікторыя прадпрыемствы харчасмакавай, мэблевай, радыёэлектроннай, рыбаперапр. прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі 125 млн. кВт∙гадз (1998). Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, сувеніраў, вырабаў з валокнаў пальмаў і панцыраў чарапах. Транспарт марскі і аўтамабільны. На астравах 280 км аўтадарог, у т. л. 176 км з цвёрдым пакрыццём, 6,6 тыс. легкавых аўтамабіляў, 1,9 тыс. грузавых і аўтобусаў; 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт на в-ве Маэ. Асн. астравы звязаны рэйсамі невял. суднаў. У 1998 экспарт склаў 53 млн. дол., імпарт — 340 млн. дол. У экспарце пераважаюць копра (45% па кошце), карыца, ваніль і гваздзіка (каля 20%), рыба і рыбапрадукты (каля 20%), чай (каля 7%); у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — сейшэльская рупія.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сейшэльскіх Астравоў.
Да арт. Сейшэльскія Астравы. Узбярэжжа вострава Праслен.

т. 14, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.​Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.​Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.​Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.​Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.​Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.​Гюго («Эрнані», 1844), У.​Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.​Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.​Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.​Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.​Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст. муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв. муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян. нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».

Тв.:

26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);

«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;

вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);

струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;

песні, рамансы і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избр. письма. М., 1959.

Літ.:

Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;

Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;

Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;

Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.

Л.​А.​Сівалобчык.

Партрэт Дж.Вердзі. Мастак Ламбардзіні.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)