бел. кампазітар. У 1920-я г. пакінуў Беларусь. Тэорыі кампазіцыі вучыўся на Украіне. Пасля 2-й сусв.вайны ў эміграцыі, спачатку ў Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым пераехаў у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. грамадскіх арг-цый, з 1952 кіраваў хорам пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. Аўтар 60 муз. твораў, сярод іх оперы «Вешчы Алег» паводле А.Пушкіна, «На край святла» паводле М.Сяднёва, «Прывіды» паводле І.Тургенева, 5 сюіт для тэатра, 5 сімфоній, 8 царк. твораў, 2 санаты для раяля, канцэрт для трубы, каля 20 песень на словы М.Кавыля, Сяднёва, А.Змагара, П.Глагольскага, А.Валошкі, Н.Арсенневай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РТАЎ (Дзіга) (сапр.Каўфман Дзяніс Аркадзевіч; 2.1.1896, г. Беласток, Польшча — 12.2.1954),
савецкі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакумент. кіно. З 1918 працаваў у аддзеле кінахронікі Маск. кінакамітэта. Першыя яго фільмы зманціраваны з кінахронікі: «Гадавіна рэвалюцыі» (1919), «Бой пад Царыцынам» (1920), «Гісторыя грамадзянскай вайны» (1922) і інш. У кіначасопісе «Кіна-Праўда» (1922—25), фільмах «Кіна-Вока» (1924), «Шостая частка свету» (1926), «Чалавек з кінаапаратам» (1929), «Калыханка» (1937) імкнуўся да паэтычнага, вобразна-публіцыстычнага паказу жыцця. У Вял.Айч. вайну зняў фільмы «Кроў за кроў, смерць за смерць» (1941), «У гарах Ала-Тау» і «Клятва маладых» (1944). У 1944—45 выпускаў кіначасопіс «Навіны дня». Новыя прынцыпы кінадакументалізму тэарэтычна абгрунтаваў у арт. «Мы. Варыянт маніфеста», «Кінавока» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКШТЫНО́ВІЧ (Міхаіл Фаміч) (1892, в. Жомайдзь Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1950),
савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945). Скончыў Віленскае камерцыйнае вучылішча (1912), Ташкенцкую школу прапаршчыкаў (1916), курсы «Выстрал» (1924) і ўдасканалення вышэйшага камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1931). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—23 ваяваў на Усх. фронце, супраць басмачоў у Ферганскай вобл. У 1924—25 нач. Ташкенцкай ваен. школы, з 1931 нам. камандзіра, камандзір дывізіі, корпуса. У Вял.Айч. вайну на Калінінскім, 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах; часці і злучэнні пад яго камандаваннем вызначыліся ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай (1945) аперацыях. Пасля вайны ў Генштабе Узбр. Сіл СССР. Яго імем названа вуліца ў г. Валожын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУМАЖКО́Ў (Ціхан Піменавіч) (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач.Вял.Айч.вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г.Бяроза Брэсцкай вобл. Мае 5 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі каля 130 м²), каля 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У тэматычных залах матэрыялы пра мінулае Бярозаўшчыны, дакументы пра паўстанне 1863—64, падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, дзейнасць КПЗБ на тэр. раёна, падзеі Вял.Айч.вайны, аднаўленне і развіццё гаспадаркі раёна ў пасляваенны час і інш.; матэрыялы пра знакамітых землякоў: дзеяча рэв. руху А.А.Альшэўскага, ген.-лейт. С.І.Любарскага, гісторыкаў П.В.Горына (Каляду), В.Д.Дружчыца, паэтэсу Р.А.Баравікову і інш. Сярод экспанатаў манетны скарб 15 — пач. 17 ст., драўляная скульптура 17 ст., керамічны посуд 17—18 ст., узоры нац. адзення, калекцыя драўляных муз. інструментаў, узоры прадукцыі мясц. прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,
палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,
абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач.студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НЬЕЎ (Анатоль Андрэевіч) (н. 18.7.1925, г. Джамбул, Казахстан),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1957). Гал. рэдактар час. «Октябрь» (з 1973). У 1958 апубл. кніга гіст.-рэв. прозы «Верненскія апавяданні». У аповесці «Малы заслон» (1959; аб ваеннай аперацыі ў раёне Мазыр—Калінкавічы ў 1944) і рамане «Танкі ідуць ромбам» (1963; пра бітву на Курскай дузе, удзельнікам якой быў Ананьеў) раскрыта сіла духу сав. воінаў у Вял.Айч. вайну. Філас., маральныя і сац. пытанні сучаснага грамадства ўзнімае ў раманах «Мяжа» (1970), «Вёрсты кахання» (1972), «Гады без вайны» (кн. 1—4, 1975—85), «Скрыжалі і званы» (кн. 1, 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1812—14.
Выклікана гандл.-эканам. супярэчнасцямі паміж Англіяй і ЗША, а таксама захопніцкай палітыкай пэўных амер. колаў у адносінах да Канады. Зачэпкай да вайны паслужылі захопы і вобыскі англ. флотам амер. суднаў у адкрытым моры. У чэрв. 1812 ЗША аб’явілі вайну Англіі. Англічане перакінулі свае войскі ў Паўн. Амерыку. На моры Англія панесла значныя страты, але і спробы амерыканцаў уварвацца ў Канаду поспеху не мелі. Перамогі на азёрах Эры (вер. 1813) і Шамплейн (вер. 1814) забяспечылі ЗША кантроль над важнымі воднымі шляхамі. Англ. войскі блакіравалі ўзбярэжжа ЗША, у жн. 1814 захапілі Вашынгтон, аднак развіць наступленне не змаглі. Баявыя дзеянні амер. войскаў набылі характар барацьбы за захаванне незалежнасці краіны. У 1814 у г. Гент (Бельгія) падпісаны дагавор, які аднавіў даваен. становішча.
Дагавор 20.2.1928 заключаны ў Іерусаліме. Фармальна пакідаў пэўную ўладу ў Трансіарданіі (мандатнай тэр. Англіі) эмірам, але замацоўваў за Англіяй кантроль над знешняй палітыкай, фінансамі і ўзбр. сіламі. Дагавор 22.3.1946 аб дружбе і саюзе падпісаны ў Лондане на 25 гадоў. Фармальна адмяняў англ. мандат на Трансіарданію (аб’яўлялася незалежным каралеўствам), аднак захоўваў права трымаць войскі і будаваць ваен. базы на трансіарданскай тэрыторыі. Дагавор 15.3.1948 аб саюзе, падпісаны ў Амане тэрмінам на 20 гадоў, ставіў Іарданію ў залежнасць ад Англіі: для англ. войскаў выдзяляліся базы ў Амане і Мафраку; Англія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў любы пункт Іарданіі ў выпадку вайны. Дагавор прадугледжваў стварэнне пастаяннага англа-іарданскага Савета абароны. Ануляваны 14.3.1957 урадам Набулсі.