РАДЫЁПЕРАХВА́Т,

выяўленне, прыём і рэгістрацыя выпраменьванняў па працуючых радыёстанцыях; адзін са спосабаў радыёразведкі. Робіцца з мэтай раскрыцця зместу перадач або месцазнаходжання групоўкі (аб’ектаў і інш.) праціўніка. Гл. таксама Пеленгацыя.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬЦА,

верхняя частка песціка кветкі, што ўспрымае пылок. Паверхня Р. пакрыта тонкім бялковым слоем (пелікулай), які пры ўзаемадзеянні з бялкамі пылковага зерня спрыяе прарастанню пылковай трубкі або перашкаджае яму.

т. 13, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́БУС (ад лац. rebus пры дапамозе рэчаў, прадметаў),

загадка, у якой словы або фразы, што разгадваюцца, выкладзены ў выглядзе камбінацый малюнкаў, літар; у пераносным значэнні — нешта загадкавае, мудрагелістае, незразумелае.

т. 13, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЦЭ́ПТ (ад лац. receptum прынятае, узятае),

пісьмовы зварот урача (на друкаваным бланку) у аптэку аб водпуску лек. сродкаў у пэўнай дазіроўцы (або прыгатаванні лек. формы з указаннем спосабу ўжывання).

т. 14, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНЕ́НЦКАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ, тэлекс,

электрычная сувязь паміж абанентамі шляхам непасрэднага двухбаковага абмену тэлегр. паведамленнямі. Ажыццяўляецца станцыямі абаненцкае тэлеграфаванне ручной або аўтам. сістэмы. На найб. адказных участках сувязі выкарыстоўваюць каналы частотнага тэлеграфавання.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬМА-МА́ТЭР (лац. alma mater літар. маці-карміцелька),

старадаўняя студэнцкая назва універсітэта (якае дае «духоўны пажытак»); ужываецца як ласкальнае або жартоўнае, нярэдка ў дачыненні да інш. скончаных асобай навуч. устаноў.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЛУ́Н,

бел. страва, прыгатаваная з кавалачкаў хлеба і вады. У гатаваную ваду (часам вар) крышылі цыбулю, хлеб, дадавалі соль, запраўлялі алеем або салам. Елі з бульбай. Страва вядома на Брэстчыне.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВА́НТ (ад франц. Levant або італьян. Levante Усход),

агульная назва краін усх. ч. ўзбярэжжа Міжземнага м. (Сірыя, Ліван, Ізраіль, Егіпет, Турцыя, Грэцыя, Кіпр), у больш вузкім сэнсе — Сірыі і Лівана.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЗІС (грэч. lysis растварэнне, распад),

разбурэнне і растварэнне клетак, у т. л. мікраарганізмаў, пад уплывам ферментаў, што знаходзяцца ў лізасомах (гл. Аўтоліз), або інш. агентаў, якія валодаюць растваральным (літычным) уздзеяннем.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)