УНТЭРТО́Н (ад ням. Unterton літар. — ніжні гук),

сінусаідальная складальная перыядычнага вагання складанай формы, частата якой у цэлы лік разоў меншая за частату асноўнага тону. Узнікае ў нелінейных сістэмах.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕМА́ЛЬСКІ МА́ЙСТАР,

псеўданім нідэрландскага жывапісца 15 ст. Р.Кампена, якім ён падпісваў свае творы з-за ганенняў пасля таго, як адмовіўся выступаць у судзе супраць гараджаніна, абвінавачанага ў бунтарстве.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛІЯ (літ. Нярыс),

рака на тэр. Беларусі і Літвы, правы прыток р. Нёман. Даўж. 498 км, у Беларусі 264 км. Пл. вадазбору 25,1 тыс. км², на тэр. Беларусі 11 тыс. км². Пачынаецца з невял. балота за 1 км на ПнУ ад в. Вял. Поле Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., перасякае мяжу з Літвой за 2 км на ПнЗ ад в. Жарнэлі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., упадае ў Нёман на тэр. Літвы каля г. Каўнас. Асн. прытокі: Сэрвач, Нарач, Страча, Жэймяна, Швянтоі (справа), Дзвінаса, Ілія, Уша, Ашмянка (злева). У бас. Віліі больш за 1,5 тыс. азёр агульнай пл. 598 км². На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, частка вады якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў Свіслач. Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шыр. 1—3 км, бліжэй да вусця звужаецца да 200—400 м. Амаль на ўсім працягу назіраюцца тэрасы. Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шыр. 200—400 м, ніжэй перарывістая, шыр. 50—70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміж в. Стахі і в. Раздоры Вілейскага р-на шмат старыц. Рэчышча ў вярхоўі моцназвілістае, шыр. 1—2 м, каля вусця р. Уша 40—60 м (месцамі да 100 м), шмат астравоў, водмелей, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя ўчасткі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Сярэднегадавы расход вады пры выхадзе за межы Беларусі 80 м³/с, у вусці каля 186 м³/с. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак. і доўжыцца каля 50 сут. Рэжым вызначаецца інтэнсіўным веснавым разводдзем (каля 45% гадавога сцёку) і нізкім стаяннем вады ў летнюю межань. Пасля пабудовы Вілейскага вадасх. ўзроўневы і сцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхнім цячэнні ў пачатку снеж., у сярэднім і ніжнім — у канцы снеж.—пач. студз., крыгалом у 2-й палавіне сак. ад вусця да вярхоўя. Сярэдняя т-ра вады летам 18—20 °C, найб. ў ліп. (27,9 °C, 1956). Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра, каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, галавень, стронга ручаёвая, падуст, сом, мянтуз, вугор. На рацэ гарады Вілейка, Вільнюс і Каўнас (у вусці). На берагах у маляўнічых мясцінах створаны зоны адпачынку Вілейка, Плёсы; у вытоку Віліі помнік прыроды — Бярозаўскі дуб-велікан. Амаль усе прытокі Віліі каналізаваныя. Усяго ў бас. ракі больш за 40 каналаў агульнай даўж. каля 300 км.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),

навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.

Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.​Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.​Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.

В.​І.​Бернік.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],

абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.​М.​Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.

Літ.:

Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;

Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст. Мн., 1978;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАХА́НАЎСКІ РУХ,

масавы рух наватараў і перадавікоў вытв-сці ў СССР у сярэдзіне 1930-х — пач. 40-х г. за павышэнне прадукцыйнасці працы і лепшае выкарыстанне тэхнікі. Ўзнік у гады 2-й пяцігодкі ў вугальнай прам-сці Данбаса, названы ў гонар зачынальніка — забойшчыка шахты «Цэнтральная—Ірміна» ў г. Кадзіеўка (цяпер Стаханаў, Украіна) А.​Р.​Стаханава (1905—77), які 31 жн. 1935 здолеў за змену пры норме ў 7 т здабыць 102 т вугалю, а 19 вер. — 227 т. Пры падтрымцы парт. і камсамольскіх органаў С.р. ахапіў усе галіны нар. гаспадаркі і паўплываў на значны рост прадукцыйнасці працы, на паляпшэнне яе якасных паказчыкаў. Стаханаўскія метады працы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы ў гады Вял. Айч. вайны спрыялі перамозе сав. народа над фаш. Германіяй.

На Беларусі С.р. у ліку першых падтрымалі рабочыя-машынабудаўнікі Мінска, Гомеля, Віцебска (С.​Шабалтас, В.​Сямёнаў, П.​Карбановіч, А.​Хаткоўскі, К.​Галаўня, Н.​Лапін, А.​Бальшакоў, І.​Кучарэнка). Іх высокі прафесіяналізм, энтузіязм і адказнасць спрыялі перавыкананню норм выпрацоўкі ў некалькі разоў. У 1936 разгарнуўся рух за рост прадукцыйнасці працы, высокую культуру вытв-сці, замену існуючых норм выпрацоўкі больш высокімі, у 1939 — за шматстаночнае абслугоўванне і сумяшчэнне прафесій. Да пач. 1941 стаханаўцамі і ўдарнікамі ў БССР сталі 50% рабочых. У гады Вял. Айч. вайны на эвакуіраваных ва ўсх. раёны СССР бел. фабрыках і заводах, як і на інш. сав. прадпрыемствах, да раней засвоеных метадаў наватарскай працы дадаліся: хуткасная тэхналогія вытв-сці і буд-ва, рух за выкананне норм выпрацоўкі на 200 і нават 1000%, франтавыя брыгады. Вопыт і традыцыі С.р. дзейнічалі і ў пасляваен. дзесяцігоддзі, калі паступова былі заменены інш. формамі сацыяліст. спаборніцтва.

С.р. не пазбег кампанейскага характару і фармалізму. Калі напачатку ён развіваўся дзякуючы энтузіястам-наватарам, то ў далейшым яго фактычна ў абавязковым парадку навязвалі рабочым калектывам парт., камсамольскія і прафс. органы, што надавала руху ў значнай ступені фармальны характар. Адначасова С.р. паслужыў «абгрунтаваннем» павышэння норм выпрацоўкі. Недастатковая залежнасць матэрыяльнага становішча работніка і калектыву ад колькасці і якасці працы ва ўмовах адм.-каманднай эканомікі не стымулявала наватарскія пошукі для павышэння прадукцыйнасці працы.

Літ.:

Козлов В.А., Хлевнюк О.В. Стахановское движение: время и люди. М., 1984;

Очерки истории Беларуси, 1917—2000. Мн., 2000.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАУНА.

Паводле зоагеаграфічнага падзелу сучасная фауна Беларусі ўваходзіць у склад фауны Еўрапейска-Обскай падвобласці Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага царства. На тэр. Беларусі вылучаюць З шыротныя зоагеаграфічныя раёны: паўночны, або Азёрна-Дзвінскі; пераходны, або Нёманска-Бярэзінска-Сожскі; Палескі, які таксама падзяляюць на цэнтральны, заходні і ўсходні падраёны.

Паўночны раён ахоплівае Бел. Паазер’е, размешчанае ў паўн. частцы Віцебскай вобл. Паводле рэльефу, глебавых умоў і клімату ён рэзка адрозніваецца ад астатняй часткі Беларусі.

У пераходны раён, акрамя паўд. часткі Віцебскай вобл., уваходзяць Мінская, Магілёўская, усх. частка Гродзенскай і паўн. лясная частка Гомельскай вобл. Як і паўночны раён, ён цалкам знаходзіцца ў вобласці ялова-шыракалістых лясоў.

Палескі раён займае паўд.-зах. частку Гродзенскай, амаль усю Брэсцкую (акрамя Баранавіцкага р-на) і Гомельскую (акрамя паўн.-ўсх. часткі) вобласці. Ён размешчаны ў паласе еўрап. шыракалістых лясоў. Вегетацыйны перыяд значна даўжэйшы, чым у пераходным і паўн. раёнах.

Паводле паходжання фауна Беларусі мяшаная: уключае віды, што ўзніклі ў розны час і ў розных цэнтрах; сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Характарызуецца адсутнасцю эндэмікаў і перавагай відаў з еўрап. і еўрапейска-сібірскім тыпам арэалаў. Аб’ядноўвае 466 відаў пазваночных і больш за 30 тыс. відаў беспазваночных жывёл.

Млекакормячыя Беларусі належаць да 6 атрадаў, налічваюць 76 відаў. Парнакапытных 5 відаў, найбольш буйныя з іх зубр, лось, алень высакародны, дзік. Драпежных 15 відаў, найбольш буйныя з іх мядзведзь буры, воўк. Да драпежных належаць таксама барсук, выдра еўрапейская, гарнастай, куніцы каменная і лясная, ласка, ліс, норка еўрапейская, рысь еўрапейская, таксама акліматызаваныя ў 20 ст. норка амерыканская і янот-паласкун з Паўн. Амерыкі, усурыйскі янотападобны сабака. Зайцападобных 2 віды: зайцы бяляк і русак. Атрад грызуноў самы шматлікі — 26 відаў, з якіх самы буйны бабёр рачны, найбольш дробны мыш-малютка. Акрамя шматлікіх мышэй і палёвак, гэты атрад уключае 2 віды пацукоў, 4 віды сонь, вавёрку звычайную, рэліктаў стэпавых ландшафтаў — сусліка еўрапейскага і хамяка звычайнага, акліматызаваны паўн.-амерыканскі від — андатру. Атрад рукакрылых, або лятучых мышэй, аб’ядноўвае 17 відаў, большасць з якіх рэдкія. Найбольш старажытным лічыцца атрад насякомаедных, у якім 11 відаў: вожык белагруды, крот еўрапейскі, шэраг відаў землярыек — белазубак, буразубак і кутор.

Змены кліматычных і інш. умоў жыцця, уздзеянне чалавека, асабліва ў апошнія стагоддзі, прывялі да таго, што з пачатку 17 ст. на Беларусі знікла каля 10 відаў млекакормячых. Сярод іх 2 віды вымерлыя — тарпан лясны і тур. Перасталі трапляцца таксама алень паўночны, кот дзікі еўрапейскі, лань, пясец, расамаха, хахуля. Цалкам былі вынішчаны алень высакародны і зубр. Алень пазней быў рэінтрадукаваны, а папуляцыя зубра адноўлена з асобін, якія ўтрымліваліся ў няволі.

Фауна птушак Беларусі ўключае 309 відаў з 19 атрадаў. З іх 227 гняздуюцца, 41 від залятае выпадкова, 28 трапляюцца ў час міграцый, 9 зімуюць. У пач. 19 ст. перастаў трапляцца стрэпет, выпадковыя залёты саджы адзначаліся толькі ў канцы 19 ст., драфа знікла ў 1-й пал. 20 ст. Курапатка барадатая знікла праз некалькі гадоў пасля яе інтрадукцыі з Усх. Азіі ў 1960-х г. За апошнія 1,5—2 ст. з тэр. Беларусі зніклі каля 10 відаў птушак, а за апошнія 50 гадоў з’явіліся на гнездаванні 27 новых відаў, у т. л. раней зніклыя віды — баклан вялікі, гусь шэрая, лебедзь-шыпун, што сведчыць пра актыўныя працэсы фаунагенезу.

З амфібій на Беларусі жывуць 13 відаў: 2 — трытонаў і 11 відаў атрада бясхвостых — жабы, жарлянка, квакша, часночніца. Мяжу арэала, які праходзіць па тэр. Беларусі, маюць жарлянка чырванабрухая, квакша звычайная і рапуха чаротавая.

У фауне рэптылій 7 відаў: 1 від чарапах, 3 яшчарак і 3 змей. Чарапаха балотная жыве ў Беларусі на паўн. мяжы арэала.

У іхтыяфауне 61 від, з якіх 3 віды міног і 58 відаў рыб. Абарыгенная фауна прадстаўлена 15 сямействамі, 46 відамі; перасяленцы — 4 сямействы, 13 відаў заселены ў вадаёмы ў мэтах развядзення. На працягу 20 ст. зніклі мінога рачная і 9 відаў рыб: асятры атлантычны і рускі, бялуга, выразуб і інш. За гэты перыяд акліматызаваны, інтрадукаваны і з’явіліся ў выніку інвазій 11 відаў: амур белы, бычкі (ганец, кругляк, пясочнік), ратан-галавешка, сомікі амерыканскі і канальны, стронга радужная, таўсталобікі белы і стракаты, чабачок амурскі.

Сярод беспазваночных Беларусі асабліва высокай відавой разнастайнасцю вылучаюцца насякомыя, якія складаюць не менш за 70% усіх відаў жывёл. З найбольш вывучаных груп насякомых на тэр. Беларусі вядомы 3238 відаў цвердакрылых (жукі), каля 1600 — лускакрылых (матылі), каля 800 — перапончатакрылых (восы, наезнікі, пчолы), каля 100 — паўцвердакрылых (клапы), 90 — раўнакрылых (стракозы), каля 200 — двухкрылых (камары, мухі), 58 — прамакрылых (конікі) і шэраг больш дробных атрадаў і сямействаў. З крывасмокаў, акрамя двухкрылых і клапоў, добра вывучаны блохі (28 відаў), вошы (больш за 10), камары (37), макрацы (28), мошкі (38), сляпні (33). З інш. членістаногіх даволі поўна вывучаны кляшчы (каля 600) і павукі (больш за 400 відаў).

У групе глебавых беспазваночных добра вывучаны чэрві дажджавыя (13 відаў), кляшчы панцырныя (больш за 270). Недастаткова вывучаны нематоды (200 відаў), некаторыя іншыя групы.

З водных беспазваночных найбольш вывучаны калаўроткі (398 відаў), ніжэйшыя ракі (каля 10), галінаставусыя ракападобныя (каля 100), весланогія ракападобныя (каля 70), бакаплавы (8), мізіды (1), ракавінныя ракападобныя (54), дзесяціногія ракі (3), вадзяныя жукі (больш за 240), вяснянкі (больш за 20), аўсянікі (каля 50), ручайнікі (больш за 120), вадзяныя клапы (каля 40), п’яўкі (15), малюскі (больш за 60).

Сярод эндапаразітаў найбольшую эпідэмічную небяспеку маюць гельмінты жывёл і чалавека (больш за 600 відаў паразітычных чарвей). Гельмінтафауна дзікіх жывёл налічвае больш за 520 відаў.

Да рэсурсных відаў жывёл з пазваночных адносяць 19 відаў млекакормячых, 30 відаў птушак, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), а з беспазваночных 2 віды (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны). Найбольшую каштоўнасць у якасці біялагічнага рэсурсу маюць буйныя паляўнічыя млекакормячыя: капытныя — лось, дзік, казуля, алень, патэнцыяльна зубр; драпежныя — воўк і шэраг відаў пушных звяроў; 2 віды зайцоў, андатра, бабёр. Да паляўнічай арнітафауны адносяцца масавыя віды вадаплаўных птушак, глушэц, цецярук; з рыб — група прамысловых, якія жывуць у прыродных вадаёмах (29 відаў).

Выкапнёвая фауна прадстаўлена аманітамі, белемнітамі, двухстворкавымі малюскамі, фарамініферамі і інш. марскімі і наземнымі арганізмамі. Найбольш старажытныя выкапнёвыя выяўлены ў кембрыйскіх адкладах — сляды жыццядзейнасці чарвей, беззамковых брахіяподаў. Ва ўтварэннях ардовіку, сілуру і дэвону — рэшткі строматапараідэй, каралаў, астракодаў, малюскаў, імшанак, брахіяподаў, ігласкурых, канадонтаў. У адкладах дэвону найбольш характэрны рэшткі бяссківічных і рыб; у адкладах карбону, юры, мелу, эацэну — фарамініферы; у пермі і трыясе — астракоды. У антрапагенавых адкладах трапляюцца ракавіны астракодаў, рэшткі шкілетаў насякомых і млекакормячых, многія з якіх з’яўляюцца непасрэднымі продкамі сучасных прадстаўнікоў тэрыяфауны. Сярод выкапнёвых млекакормячых сустракаюцца віды, вымерлыя на Зямлі (алень велікарогі, коні выкапнёвы, Стэнана і хазарскі, мамант, мамант хазарскі, мядзведзь пячорны, насарогі валасаты і этрускі, сланы паўднёвы і трагантэрыевы і інш.), а таксама віды, якія калісьці жылі на тэр. Беларусі, а зараз з’яўляюцца насельнікамі інш. рэгіёнаў (алень паўночны, аўцабык, дзікабраз, лемінгі, пясец і інш.).

Літ.:

Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;

Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;

Рыбы. Мн., 1989;

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Земнаводныя. Паўзуны. Мн., 1996;

Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;

Каліноўскі П.Ф. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999;

Звери. Мн., 2003.

М.​Я.​Нікіфараў.

т. 18, кн. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНО́ГРАФ (ад актына... + ...граф),

прылада для бесперапыннага аўтаматычнага запісу інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі. Складаецца з прыёмніка (часцей тэрмаэл. актынометр), які варочаецца геліястатам за сонцам, і рэгістратара-гальванографа (самапісны высокаадчувальны гальванометр).

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІК,

устарэлая назва перакупшчыка, гандлёвага пасрэдніка. У ВКЛ садзейнічаў куплі і продажу тавараў на рынках і кірмашах за пэўную ўзнагароду (барыш). Пры неабходнасці сведчыў на судзе пра гандл. здзелкі.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЗЕЛ МАРСКІ́,

пазасістэмная адзінка скорасці руху суднаў. Адпавядае скорасці, пры якой судна праходзіць адлегласць у адну марскую мілю за гадзіну. 1 вузел марскі = 1,852 км/гадз = 0,5144 м/с.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)