Існаваў у 11—18 ст. у г.Заслаўе Мінскай вобл. Размяшчаўся на беразе р. Свіслач. Меў форму прамавугольніка (пл. каля 1,5 га). Першапачатковыя ўмацаванні пабудаваны на рубяжы 11—12 ст.Найб. значныя перабудовы праводзіліся ў 2-й пал. 13, у 14, 16 і, магчыма, у пач. 17 ст. Зафіксаваны сляды аднаўленчых работ пасля нападаў на горад у 1127 і 1434. У выніку ўсіх перабудоў вышыня вала да канца 16 ст. дасягала 8—9,5 м. Па вуглах замка размяшчаліся 4 бастыёны, 5-ы, паўкруглай формы, захаваўся каля паўд. курціны. Ад горада замак аддзяляўся шырокім ровам. З канца 16 ст.тэр. вакол замка была заліта вадой штучнага возера, утворанага з дапамогай плацін на рэках Свіслач і Чарніца, і замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. З 16 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ўладальнікаў горада. У 1676 зах. палова замка перададзена Заслаўскаму кляштару дамініканцаў. У 18 ст. З.з. страціў сваё ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),
зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́КСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1958,
антыманархічны ваен. пераварот у Іраку 14.7.1958. Падрыхтавана членамі падп. арг-цый Фронт нац. адзінства (ФНА) і «Свабодныя афіцэры», незадаволенымі знешнепаліт. курсам урада Саіда Нуры (арыентацыя на Вялікабрытанію і ЗША, дзейнасць Ірака ў межах Арганізацыі цэнтральнага дагавора, або Багдадскага пакта). Адбылася напярэдадні інтэрвенцыі дзяржаў-удзельніц Багдадскага пакта і ЗША у Ліван, у якой павінны былі ўдзельнічаць і 2 брыгады іракскай арміі. 14 ліп. гэтыя брыгады (камандзіры — А.К.Хасем і А.С.Арэф) уступілі ў Багдад, захапілі стратэг. пункты сталіцы і акружылі каралеўскі палац. Былі забіты кароль Фейсал II, эмір Абдул Ілах і яшчэ больш за 20 чал. Па закліку ФНА да вайскоўцаў, што паўсталі, далучылася насельніцтва, якое ўдзельнічала ў ліквідацыі ачагоў супраціўлення, затрымцы прыхільнікаў манархічнага рэжыму (15 ліп. забіты Саід Нуры), перадачы органаў дзярж. кіравання пад кантроль грамадскіх арг-цый і ваенных. У выніку рэвалюцыі Ірак абвешчаны рэспублікай, сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Касемам (яго нам. і міністрам унутр. спраў стаў Арэф).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,
перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМА́НАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 2.3.1935, г. Аляксандраўск-Сахалінскі Сахалінскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Ленінградскі ваен.ін-т фізкультуры і спорту (1960), Бел. тэатр.маст. ін-т (1967, вучань А.Кішчанкі). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве і жывапісе. Асн. творы: дэкар.метал. сцены «Лясныя прыгажуні» і «Падводнае царства» для кінатэатра «Піянер» (1965), манум.-дэкар. рэльефы «Беларускае вяселле» і «Раніца» для рэстарана «Журавінка» (1968, усе ў Мінску), «Брэст — 41-ы год» для шпіталя ў пас. Бараўляны Мінскага р-на (1969); аформіў санаторый «Сосны» на воз. Нарач (1973—74), шэраг устаноў у г. Наваполацк Віцебскай вобл. і інш. У творчасці пераважаюць тэмы гісторыі рас. і сав. армій: 12 рэльефаў «Памром, але з крэпасці не пойдзем» (1985), манум.-жывапісная работа «Рассеяныя, але сувязі не страцілі» для Музея воінскай доблесці ў Маскве (1992). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа («Вясеннія ручаі», «Яблыні цвітуць», «Стары млын», «Вясна ранняя», «У дзень нараджэння», «Аксакаўшчына», «Рака Іслачка» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЫ́, Коцелы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Пелікан». Паходзілі з баяр. Першы вядомы прадстаўнік роду — Кацёл, які ў 1440—43 атрымаў ад вял.кн. Казіміра пацвярджэнне на маёнткі ў Крамянецкім пав. На Беларусі К. валодалі Беніцай, Маладзечнам, Хажовам, Палонкай і інш.Найб. вядомыя К.:
Самуэль Геранім (?—1686), пісар скарбовы (1646—68), войскі старадубскі (1652—66), маршалак ашмянскі (каля 1678), староста скірстымонскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Міхал Казімір (? — вер. 1722), сын Самуэля Гераніма, староста скірстымонскі з 1674, маркаўскі з 1683, падкаморы ашмянскі у 1683, кашталян віцебскі з 1685, трокскі з 1700, ваявода трокскі з 1703, падскарбі ВКЛ з 1710. Быў прыхільнікам аўтаноміі ВКЛ у рамках Рэчы Паспалітай. Тадэвуш (1736—99), сын Казіміра, староста маркаўскі (1764), ашмянскі (1772), ген.-маёр войск ВКЛ. Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша, гл.Коцел Ю. Міхал Казімір (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша, ваен. дзеяч. Шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1786). У час паўстання 1794 зямянскі ген.-маёр Ашмянскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РАНСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ФЕАДАСІ́ЙСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1941—42,
дэсантная аперацыя войск Закаўказскага, з 30.12.1941 Каўк. фронту (камандуючы ген.-лейт. Дз.Ц.Казлоў, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва аперацыяй), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) супраць ням.-фаш. і рум. войск у Вял.Айч. вайну. Праведзена 25.12.1941—2.1.1942 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам і стварэння ўмоў для поўнага вызвалення Крыма. Удзельнічалі 44-я і 51-я арміі (6 стралк. дывізій, 2 стралк. брыгады, 2 горнастралк. палкі — усяго каля 42 тыс.чал.), 500 самалётаў франтавой авіяцыі, больш за 250 караблёў і суднаў. 26 снеж. пачалася высадка дэсантаў на ўсх. узбярэжжы Керчанскага п-ва, 29 снеж. — у раёне г. Феадосія. 29 снеж. вызвалена Феадосія, 30 снеж. Керч, да 2.1.1942 — увесь Керчанскі п-ваў. К.-ф.а. адцягнула значную колькасць ням.-фаш. войск ад Севастопаля, але далейшага развіцця не атрымала.
Літ.:
Зубков А.И. Керченско-Феодосийская десантная операция. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ЛЬНАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
вылічальная машына, уключаная ў контур кіравання тэхн. аб’ектамі (працэсамі, машынамі, сістэмамі) у рэальным маштабе часу. Прымае і апрацоўвае інфармацыю, што паступае ў працэсе кіравання, і выдае кіравальную інфармацыю ў выглядзе тэксту, табліц, графікаў (на паперы ці на экране) або кіравальных уздзеянняў непасрэдна на выканаўчыя органы.
Бываюць універсальныя (агульнага прызначэння) і спецыялізаваныя. Асн. асаблівасць (у параўн. з інш.ЭВМ) — наяўнасць комплексу прылад сувязі з аб’ектам, які мае ўзмацняльнікі сігналаў, лічыльнікі, камутатары, пераўтваральнікі тыпу аналаг — код, код — аналаг і інш. Кіраванне з дапамогай К.в.м. грунтуецца на матэм. апісанні паводзін аб’екта (гл.Алгарытмізацыя працэсаў, Матэматычнае мадэляванне). К.в.м. выкарыстоўваюцца для аўтаматызацыі працэсаў кіравання аб’ектамі з неперарыўным і неперарыўна-дыскрэтным характарам вытв-сці на металургічных, хім., нафтаперапрацоўчых, цэментных і інш. прадпрыемствах, энергет. аб’ектах, у т. л. атамных электрастанцыях, для аўтаматызацыі паскораных выпрабаванняў узораў новай тэхнікі і навук.-тэхн. даследаванняў з дапамогай складаных эксперым. установак, кіравання аэракасм. аб’ектамі, транспартам, ваен. тэхнікай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНУНЯ́НЦ (Іван Людвігавіч) (4.6.1906, г. Шуша, Нагорны Карабах — 21.12.1990),
расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы фторарганікаў. Акад.АНСССР (1953; чл.-кар. 1946), ген.-маёр-інжынер (1949). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928), дзе і працаваў да 1932. З 1938 у Ін-це арган. хіміі, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АНСССР, адначасова з 1932 у Ваен. акадэміі хім. аховы. Навук. працы па хіміі фторарган. злучэнняў, біяхіміі фізіял. актыўных рэчываў. Сінтэзаваў процімалярыйныя сродкі — акрыхін і плазмахін (1933). Прапанаваў спосаб атрымання 5-фторурацылу (проціпухлінны прэпарат). Паказаў магчымасць полімерызацыі капралактаму і распрацаваў метад атрымання капрону (1944, разам з З.А.Раговіным). Адкрыў рэакцыю далучэння фторавадароду да этыленаксіду (1949). Распрацаваў прамысл. метады сінтэзу новых фторзмяшчальных манамераў і тэрмаўстойлівых палімераў, а таксама электрахім. метад увядзення атамаў фтору ў арган. малекулы. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948, 1950.